Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


mail.ru

Не судзі...

І не судзімы будзеш

Да сваіх пяцідзесяці з добрым хвастом Іван Фаміч жыў досыць удала. Пасля арміі ўладкаваўся на завод, ажаніўся з малодшай сястрой свайго былога аднакласніка. І сталі яны жыць-пажываць ды дабра нажываць: спярша — траіх дзяцей, потым прасторную кватэру ў заводскім доме, усю патрэбную мэблю...

І дачу яго жонка вельмі ж хацела, каб не карміць дзяцей магазіннай хіміяй, каб хоць на выхадныя з імі за горад уцякаць, каб свой кветнік, садок...

Воўк, як вядома, сабакі не баіцца, але звягі не любіць: давялося Фамічу запрэгчыся ў будоўлю, сваімі рукамі злажыць досыць прыгожы цагляны дамок, паставіць цяпліцы, пасадзіць з дзясятак пладовых дрэў.

Факт, што з часам на цвіценне кветак ды збор ураджаю да іх суседзі сталі прыходзіць, каб палюбавацца на тое, што вырасла, ды павохкаць ад зайздрасці.

...Гэта да таго, што і Фаміча, і жонку яго, і нават дзяцей і ў доме, і на лецішчы ведалі як людзей працавітых, старанных, гатовых прыйсці на дапамогу — прычым любому.

А зрэшты — не: аднаго чалавека Фаміч цярпець не мог. Гэта быў Ігарок, таленавіты слесар, які мог любую дэталь зрабіць (да матацыкла, да машыны), а ўжо нажы ў яго былі такія прыгожыя, што асобныя гаспадыні шкадавалі карыстацца, адна адной паказвалі, расказвалі, што грошай за сваю работу Ігарок не бярэ, а вось ад гарэлкі ніколі не адмаўляецца.

І таму Фаміча, які жыў за тонкай панэльнай сценкай, даўно ўжо «дасталі» і п'янкі-гулянкі, і амаль пастаянныя «заплывы ў шырыню». «Паглядзі на сябе, — казаў ён часам Ігарку. — Ты ж не чалавек амаль! Гэта ж трэба так апусціцца, прапіць і жонку, і здароўе...» — «Майстэрства засталося», — з форсам перапыняў яго сусед. — «А толку?... Кватэра пустая, халадзільнік пусты, ні людскай адзежы ў цябе, ні абутку. Бамжы выглядаюць лепей...»

Пра гэта Фаміч нагадваў Ігарку разоў колькі на месяц. Ён ніколі не думаў, што вось гэта можа выглядаць... ён сам.

У той дзень (сям'я на дачы была) да Фаміча завітаў даўнейшы армейскі сябар з пляшкай дарагога каньяку (гаспадар сваю таксама дастаў)... Гадоў з дзесяць мужчыны не сустракаліся, не сядзелі за сталом — мелі што ўспомніць, чым падзяліцца, што абмеркаваць.

І не сказаць, каб позна сядзелі ці п'яныя былі. Фаміч — на сваіх дваіх, пры яснай памяці — праводзіў сябра на таксі, прыйшоў дамоў, лёг, але да раніцы недаспаў — душыла страшэнная смага. Паспрабаваў прагнаць яе вадой — марна: шурпаты язык абдзіраў у роце сухія шчокі.

Расолу ў хаце не было, гараж далёка, чаю зусім не хацелася. І тады ён успомніў, што яшчэ «ўчора», у маладосці, яму здаралася выбіваць клін клінам...

Карацей, бліжэй да васьмі з чырвоным і апухлым пасля ўчарашняга тварам, у старым трыко і хатніх тапках на босую нагу ён пашыбаваў у найбліжэйшую краму.

Самы першы купіў гарэлкі, праз пяць хвілін вярнуўся да сваіх дзвярэй — з пляшкай, але... без ключоў.

Запасныя былі ў жонкі (гэта значыць, на дачы) і тут, у горадзе, у замужняй дачкі. Ёй як быццам можна было б пазваніць — яна прывезла б...

Аднак мабільны таксама застаўся ў кватэры. Ды і на нейчыя вочы ў гэткім стане Фамічу трапляць не хацелася...

Пасля горкага роздуму пазваніў у кватэру суседа. Ігарок сустрэў яго з насцярогай, але, убачыўшы пляшку, адразу падабрэў: яны дружна ўзялі па першай, пасля чаго Фаміч ужо смела расказаў пра сваю непрыемнасць.

Сусед з ходу ўсё зразумеў: выцягнуў з шафы пакунак з процьмай нейкіх жалезак, потым хвілін з дзесяць «паваражыў» каля замкнутых дзвярэй...

Па другой яны пілі ўжо на кухні ў Фаміча, і гаспадар — шчаслівы — нават прабачэння ў Ігара прасіў за тое, што некалі бэсціў.

Бо яно ж сусед ёсць сусед. І ён — нават такі, як Ігар, — бывае болей патрэбны, чым далейшы родзіч.

Л. Хмыль, г. Бабруйск.


Не «адзежа» здобіць чалавека, але...

Мода — не вам казаць — бывае не толькі на вопратку, абутак, мэблю, смартфоны, але і на... імёны. Расказвалі, адна маладзіца з дачушкай на дзіцячую пляцоўку выйшла, з іншымі матулямі разгаварылася — даведалася, што ў пясочніцы гуляюць маленькія Ізабела, Віялета, Афрадыта і Аэліта. Ёй за сваю Марусю аж няёмка стала...

Гэта — пра імёны для дзяўчынак. З хлопчыкамі, вядома ж, не прасцей. Не ведаю, якія звесткі могуць даць аддзелы загсаў, але мне здаецца, што ў апошні час ну вельмі папулярныя сталі імёны Радзівон, Яраслаў, Багдан.

З гэтай нагоды адна гісторыя.

...За час працы ў школе мне даводзілася сутыкацца з самымі рознымі імёнамі вучняў, з рознымі прозвішчамі. Некаторыя былі прыгожыя, мілагучныя, некаторыя, можа, і не вельмі. Але ж недарэмна кажуць, што не «адзежа» здобіць чалавека, а чалавек адзежу.

Дык вось. У пачатку таго навучальнага года мне зноў дастаўся пяты клас (з адзінаццатым у маі развіталіся)... Адказны момант — знаёмства з вучнямі: ад таго, якім яно будзе, у многім залежаць далейшыя адносіны...

Ведаю: дзеці не вельмі любяць, калі іх называюць па прозвішчах — лепш па імёнах, але ж запомніць усе і адразу досыць складана.

Папярэдне праглядаю спіс і вачам не веру: у маім класе з 22 вучняў... палова Уладзіславаў, чатыры Кацярыны, тры Данілы і тры Дар'і. Значыць, з запамінаннем імён ніякіх праблем?

І на прозвішчы тады звярнула ўвагу: Рыбак, Мянтус, Галавач...

Аднак гэта — палова гісторыі. Як заўсёды, дайшла чарга да дзённікаў. На дошцы пішу расклад урокаў і факультатыўных заняткаў, імёны-прозвішчы настаўнікаў: матэматыка — Бурак, англійская мова — Капуста, беларуская мова і літаратура — Салата...

Карацей — з вучняў у нас атрымаўся вадаём з рыбкамі, а з настаўнікаў цэлы агарод!

Цяжка было не рассмяяцца.

А бацькам, выбіраючы імёны для сваіх нашчадкаў, не грэх бы і задумвацца, ці трэба гнацца за модай.

І. Салата, г. Гродна.


Піць можна ўсім...

Але, вядома ж, не ўсё

...Ёсць меркаванне, што плёткі плесці ды языкамі малоць любяць жанчыны. Мужчынам, маўляў, гэта не ўласціва.

Казаць так можа хіба той, хто Гену не ведае, бо яму ў справе распаўсюджвання чутак проста роўных няма! Жанчыны-пляткаркі — нават самыя заўзятыя — з ім і побач не стаялі: яны, калі дзе што-якое, часам не чулі яшчэ, а Генік ужо ўсё ведае і ўсім расказвае з уласнай мастацкай апрацоўкай, ды яшчэ і начальству даносіць. А потым, што самае крыўднае, разам з іншымі абураецца: маўляў, хто ж гэта здаў-залажыў, якая «жанчына лёгкіх паводзін»?

Мужыкі, якія з Генам працуюць, гэтыя фокусы даўно ўжо ведаюць і ўвагі на іх амаль не звяртаюць, бо што з яго возьмеш? Хіба... грошай, бо скінуцца ды выпіць Генік, як той піянер, заўжды гатовы.

Дык вось, значыць. Неяк стрэслі яны змесціва кішэняў, купілі віна, трохі выпілі (астатняе на потым пакінулі і, вядома ж, прыхавалі: навошта, каб на вачах было?), пайшлі працаваць — усе. Але ж Генік з нейкай патрэбы праз паўгадзіны вярнуўся, у бытоўку забег. А там, на самым відавоку, бачыць, пляшка стаіць — тая самая, што куплялі, з тым самым
ружовым віном. І недапітая... А наколькі — Генік падумаў — ніхто ж не заўважыць? Значыць, грэх не прылажыцца?

Схапіў тую пляшку аберуч, спехам каўтануў і толькі потым адчуў, што ў бутэльцы зусім не віно, а разведзены... бензін (нехта, відаць, пілу запраўляў)... Генік куляй з бытоўкі, давай плявацца ды рот паласкаць, давай пальцы на язык масціць, каб вярнуць неяк тое, што глынуў... А яно ж — аніяк, яно іншым шляхам на выхад просіцца.

Гена тады ў сарцір — і раз, і два, і тры... (Можа, такая рэакцыя на прадукт была, а можа, з перапуду?) Карацей, працаваць яму няма калі. Мужчыны пытаюцца, што зрабілася, а ён толькі рукой махне і пабег...

Дні са тры так лётаў, пакуль трохі ачухаўся. Але і пасля гэтага не курыў — баяўся, каб не бабахнула, бо ці мала што там унутры засталося? Іскра праскочыць і капцы — узарвешся, як той шахід...

Пацешылася брыгада: мужчыны сумысля пры ім курылі, нават тады, калі не хацелася, наперабой казалі: «Генік, на, пакаштуй маіх».

А Гену, беднаму, і хочацца, як той казаў, і не даскочыцца. Жонка думала, кіне курыць... Аж не: адважыўся неяк — засмаліў. Мужыкі на ўсякі выпадак расступіліся, а ўжо ж нарагаталіся... І Генік з імі. Палічыў заадно, што за тыя дні грошай сэканоміў на пяць пачкаў цыгарэт ці на пляшку віна. Давялося «праставіцца», улагодзіць брыгаду: мужчыны пасля гэтага перасталі даставаць. А Генік — хоць трохі пляткарыць... Не да гэтага неяк было.

С. Кузняцоў, Быхаўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.