Вы тут

Новая сіла старой веры


Стараверы ў 1650‑я гады збягалі з Маскоўскай дзяржавы ў Ветку, на тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, дзе без пераследу маглі спавядаць веру бацькоў. Сёння Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава — прыцягальнае месца для аматараў даўніны з розных краін.

Часта едуць у Ветку, што кіламетраў за 20 ад Гомеля (на паўночны ўсход, у бок Расіі) тыя, хто спачатку патрапіў у філіял Веткаўскага музея ў абласным цэнтры. Часовыя экспазіцыі філіяла натхняюць гасцей наведацца і ў райцэнтр: бліжэй пазнаёміцца з культурай веткаўскіх стараабрадцаў (старавераў).

А музей у Ветцы — адметны: там прадстаўлена мастацкая культура й творчасць прадстаўнікоў некалькіх народных традыцый. Бо гэта ж найцікавейшы рэгіён на паўднёвым усходзе Беларусі, дзе побач жывуць стараабрадніцтва Веткі ды праваслаўе беларускай вёскі. Нават і ў назве самой — “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава” — адлюстравана тая дваістасць.


Пётр Цалка. Фота ctv.by

Цэнтр стараабрадніцтва

“У нас музей апавядае пра Веткаўскіх стараабрадцаў, а гэта ўнікальная з’ява, — расказаў пры сустрэчы дырэктар музея Пётр Цалка. — Беларускія й рускія даследчыкі схільныя лічыць іх ці то рускімі стараадбрадцамі (бо з Расіі перасяліліся), ці то беларускімі (бо доўгі час жылі на беларускіх землях). Мы ж расказваем гісторыю пра людзей, якія, апынуўшыся ў іншым культурным асяроддзі, не толькі захавалі сваю “рускасць”, але й “развіліся” ў асобную мастацкую культуру. Навукоўцы прызналі такія феномены, як Веткаўская іканапісная школа, Веткаўскі стыль у афармленні рукапіснай кнігі, Веткаўская чаканка, Веткаўскае шыццё жэмчугам і бісерам, кніжная культура Веткі, Веткаўская пазалачоная разьба ківотаў”.

Як аказаліся на Беларусі стараабрадцы? У часы расколу рускай праваслаўнай царквы (1650‑я гады) у Маскоўскай дзяржаве праводзілася рэформа патрыярха Нікана, уносіліся змены ў богаслужбовыя кнігі маскоўскага друку й некаторыя абрады — каб наблізіць іх да тагачасных грэчаскіх. Былі ў рэформаў і праціўнікі, ды такія, што ніяк не хацелі адступаць ад “старой веры”. Яны і ўцякалі ад пераследу, пераважна ў лясы на поўнач Расіі. А некаторыя пераходзілі Веткаўска-Старадубскае памежжа (ну якая тады была мяжа…) — і аказваліся ўжо ў Вялікім Княстве Літоўскім. А на яго тэрыторыі, заўважым, ідэі верацярпімасці замацаваны былі ў Статуце ВКЛ: гэта ж як Канстытуцыя на той час. Стараверам у Ветцы, якая была на тэрыторыі ВКЛ, па той прычыне анічога не пагражала за іх веру. У ваколіцах месца як грыбы пасля дажджу, вырасталі паселішчы перасяленцаў, якія называлі слабодамі. Іх жыхары часова вызваляліся ад мясцовых павіннасцяў ды лічыліся “свабоднымі”. Быў час, калі ў Ветцы, яе ваколіцах жыло каля 40 тысяч рускіх перасяленцаў. Паступова горад ператварыўся ў духоўны цэнтр стараабрадніцтва. Ёсць трагічныя старонкі ў ягонай гісторыі, прычым не ўлады ВКЛ таму віной: два разы царскія, маскоўскія войскі спальвалі Ветку, а людзей цэлымі сем’ямі вярталі ў Масковію. І ўсё ж яна выстаяла.

Дзве веры ўжыліся разам

Рускія стараверы, а гэта былі пераважна адукаваныя й заможныя купцы, доўгі час жылі побач з беларускімі сялянамі, якія цяжка працавалі пад прыгнётам землеўладальнікаў. Часта з‑за сваёй неадукаванасці яны й не ведалі ўсіх канонаў праваслаўнай царквы, шмат што рабілі ў адпаведнасці з традыцыямі папярэднікаў, спавядалі дахрысціянскую веру сваіх продкаў. На Гомельшчыне дасюль захаваліся традыцыі старажытных абрадаў, якія ўзыходзяць да язычніцкіх часоў. Унікальны, скажам, абрад “Ваджэнне й пахаванне Стралы”. Прычым страла ў ім успрымаецца-разумеецца не толькі як элемент старажытнай зброі, дадатак да лука, але найперш як страла-маланка, як сімвал славянскага бога-грамоўніка Перуна, падаўца ўрадлівага навальнічнага дажджу. Напрыканцы вясны сяляне спраўляюць абрад: Стралу хаваюць. Яе сімвалы па гэты час закопваюць у полі. Кажуць: для таго, “каб гром не пабіў будучы ўраджай”. У некаторых вёсках “хавалі” не саму “Стралу”, а “Вясну” ў выглядзе лялькі.

Вось так яшчэ з ХVІІ стагоддзя ў рэгіёне, блізкім тэрытарыяльна да Маскоўскай дзяржавы, пачалі жыць побач, суіснаваць традыцыі прывезенага стараабрадства — і мясцовага праваслаўя, з моцным уплывам язычніцкіх яшчэ вераванняў. І вось жа які цуд адбыўся дзякуючы, пэўна, мясцовай верацярпімасці: рускія стараабрадцы й беларускія сяляне не толькі ўжыліся разам, але й перанялі адзін у аднаго лепшыя звычкі, культурныя традыцыі. Цяпер, дарэчы, на Веткаўшчыне любяць паўтараць прымаўку: “Наша Ветка, как конфетка, вся на фокусах стоит”.

Веткаўскія стараверы, паўтаруся, у сваёй большасці належалі да заможнага купецтва, таму й ведалі толк “у прыгожых рэчах”. Скажам, калі ў іх сем’ях вышывалі, то выключна золатам, срэбрам, шоўкам, жэмчугам ды бісерам. Іконы й богаслужбовыя кнігі стараабрадцы ўпрыгожвалі чаканнымі акладамі, бажніцы (палічкі альбо ківоты з іконамі) — пазалачонай разьбой. Да таго ж майстрам з асяродку старавераў было ўласцівае і пэўнае, як любяць гаварыць на Веткаўшчыне, “свавольства” ў жывапісе, нават у напісанні абразоў. Пётр Цалка ўдакладняе: “Абрад царкоўнай службы яны не хацелі мяняць: ён быў запісаны ў богаслужбовых кнігах і выконваўся слова ў слова. Канон! А вось у іканапіс стараабрадцы з лёгкасцю прыўносілі новую стылістыку, пры гэтым захоўваючы старажытныя каноны іканапісу, у тым ліку й тэхналогію. Веткаўскі іканапіс настолькі незвычайны, што замежныя госці, узяўшы ў рукі абраз, намаляваны веткаўскімі стараабрадцамі, адразу не могуць зразумець: гэта мастацкая карціна ці ікона”.

Прыгажосць — вялікая сіла

Паняцце прыгажосці ў страабрадніцкіх сем’ях перадавалася й прывівалася з пакалення ў пакаленне. Першым “прыгожыя рэчы”, зробленыя рукамі старавераў, пачаў збіраць Фёдар Шкляраў, карэнны веткаўчанін. Музей у Ветцы заснаваны быў менавіта дзякуючы ініцыятыве Фёдара Рыгоравіча. Першыя экземпляры ікон, рукапісных і старадрукаваных кніг, прадметаў побыту й ткацтва былі здабыты энтузіястам у экспедыцыях, зладжаных на ўласныя сродкі. З часам яго калекцыя мясцовай даўніны зацікавіла многіх. І ў канцы 70‑х было прынята рашэнне: стварыць у Ветцы дзяржаўны музей. З майстэрні Шклярава каштоўныя прадметы “перакачавалі” ў яго фонды, а сам калекцыянер стаў яго першым дырэктарам. Сталая экспазіцыя музея адкрылася ў 1987 годзе.

Першапачаткова задумваўся музей адной калекцыі: рэчаў, якія перадаў Шкляраў, хапіла б для існавання музея ў нязменным выглядзе на многія гады. Дэманстраваліся рукапісныя й старадрукаваныя кнігі, чаканныя аклады, вышыўка бісерам… Але паслядоўнікі Фёдара Рыгоравіча разумелі, што трэба шукаць далей. І прадоўжылі наведвацца ў веткаўскія вёскі. Ім ужо цяжэй было знайсці нашчадкаў першых старавераў, якія маглі б падзяліцца з музеем каштоўнасцямі. Але цуды здараюцца й сёння. Скажам, нядаўна Веткаўскаму музею былі падараваны 4 чаканеныя аклады з Веткаўска-Старадубскага памежжа. А летась супрацоўнікі музея змаглі набыць у прыватных калекцыянераў за дзяржаўныя грошы каля 10 прадметаў іканапісу й рукапісных кніг. І ўжо толькі калекцыя абразоў музея сёння — гэта каля 800 адзінак, а кніжная спадчына — больш за 200 адзінак. У музеі захоўваецца нямала прорысаў для ікон, зробленых мастакамі-стараверамі. А экспедыцыі прадаўжаюцца й сёння. Праўда, калі раней навукоўцы шукалі артэфакты толькі ў Веткаўскім раёне, то цяпер ездзяць па ўсім свеце. Наведваюцца ў музеі, даследчыя інстытуты Расіі, Украіны, Польшчы Эстоніі ды іншых краін. І знаходзяць там “сляды” рукапісных кніг ды ікон, створаных веткаўскімі стараабрадцамі. Дамаўляюцца, каб тыя былі выстаўлены ў Ветцы. Заадно прэзентуюць Веткаўскі музей за мяжой, расказваюць пра даследаванні стараабрадніцтва, удзельнічаюць у прэс-канферэнцыях.

Цяперашні дырэктар музея Пётр Цалка высока цэніць намаганні свайго папярэдніка. Асоба Фёдара Шклярава зацікавіла яго з навуковага пункту гледжання. Ён выступаў і на І Рэспубліканскім краязнаўчым форуме, які нядаўна праходзіў у Мінску, — з дакладам “Фёдар Шкляраў: ад прыватнай калекцыі да дзяржаўнага музея”.

Традыцыя мясцовая,  прадаўняя

Майго субяседніка прывяла ў Веткаўскі музей любоў да традыцыйнай культуры. Пётр Цалка яшчэ студэнтам філфака Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны наведваўся на музейныя лекцыі па традыцыйнай беларускай культуры. Шмат ездзіў па беларускіх вёсках: збіраў фальклор. Гэта вельмі захапіла хлопца, і ён пачаў працаваць у філіяле музея ў Гомелі: спачатку майстрам па ткацтве, а пасля й навуковым супрацоўнікам. І вось з 2019 года ён — дырэктар музея ў Ветцы.

Для яго застаецца важным, што філіял музея ў Гомелі вядзе актыўнае жыццё. Там ладзяцца этна-вечарыны, моладзь танцуе традыцыйныя побытавыя танцы, спявае традыцыйныя песні, спраўляе традыцыйныя вяселлі, узнаўляе беларускія абрады. Напрыклад, у верасні 2019‑га рэканструявалі беларускі народны абрад Жаніцьба Коміна. Раней на Гомельшчыне яго праводзілі напрыканцы лета і сімвалізаваў ён пачатак восені й халадоў. Менавіта ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі калісьці стартавалі папулярныя курсы “Мова нанова”. А неглюбскія ручнікі ды наогул беларускае ткацтва там, у філіяле атрымалі новае жыццё. Нагадаем, што Неглюбка — унікальная вёска ў Веткаўскім раёне, якая славіцца традыцыямі ткацтва. На ручніках мясцовых ткачых шмат старадаўняй сімволікі, арнаментаў. Іх выстаўлялі ў Нью-Ёрку, Манрэалі, Токіа, Парыжы, Брусэлі… Для Пятра Цалкі заўсёды было цікава паглыбляцца ў мясцовую традыцыю ткацтва. І ён вельмі рады, што сёння ў філіяле пачалі ўзнаўляцца яго розныя тэхнікі. Іх спасцігаюць ахвочыя. А неяк артысты з мясцовага гурта “Ягорава гара” прыходзілі ткаць традыцыйныя строі.

Экспазіцыя ікон

“Гэта робіцца ўсё для таго, каб нам нясумна было жыць, — напаўжартам гаворыць Пётр Цалка. — І ў тым нас выручае філіял музея ў Гомелі”. Які, на мой погляд, лагічна было б назваць: “Гомельская галінка Веткі”. У музеі ў Ветцы экспазіцыя стацыянарная: могуць мяняцца час ад ад часу асобныя артэфакты. На часовых экспазіцыях у філіяле дэманструюцца не менш каштоўныя рэчы, якія чакалі свайго “выхаду ў свет” у фондах музея. Але, тлумачыць Пётр, экспазіцыя пра стараабрадніцтва звычайна не выстаўляецца ў адной зале з экспазіцыяй пра язычніцкія звычаі. Няма такога, каб побач стаялі, напрыклад, веткаўская рукапісная кніга й тканы ручнік. Гэта можа быць толькі ў тым выпадку, калі вырабы традыцыйных беларускіх майстроў ці асобныя сімвалы беларускага арнаменту паўплывалі на вонкавы выгляд твораў стараабраднікаў. А такое часта здаралася ў гісторыі Веткі.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».