Вы тут

Кніга, якая заўжды з табою...


Мініяцюрная кніжка — помнік гісторыі і культуры народа, своеасаблівае выданне, якое патрабуе тонкай работы мастака, друкара, дызайнера, візітоўка паліграфічнага майстэрства краіны, лічыць калекцыянер твораў сучаснага беларускага мастацтва, бібліяфіл Яўген Ксяневіч.


Фрагмент экспазіцыі. Ручка-пяро (пачатак ХХ стагоддзя) з фондаў Дзяржаўнага музея Янкі Купалы. Калаж Кастуся Дробава

Яго вялікая бібліятэка налічвае ў тым ліку больш чым тысячу мініяцюрных выданняў, частка якіх прадстаўлена на выстаўцы «Клумак з кніжкамі пад пахай» у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

— Кніга — як вуліца, як архітэктура. Перагортваеш старонкі — і як быццам едзеш па цудоўным горадзе, убіраючы ў сябе эмоцыі і пачуцці, якія штораз наноў ажываюць, — разважаў калекцыянер на адкрыцці часовай экспазіцыі.

Назва выстаўкі, якой паслужыў радок з верша Янкі Купалы «У вучылішчы», невыпадковая. Ідэя калекцыяніраваць маленькія кніжачкі ўзнікла з практычнай неабходнасці. Яўген Ксяневіч перадусім кампазітар, піша музыку на вершы, стварае песні. Гэты занятак патрабуе пастаяннага судакранання з паэзіяй — яна заўжды павінна быць пад рукой, яе трэба чытаць і перачытваць, жыць ёю. А маленькія кніжачкі вельмі зручныя: паклаў у кішэню, каб у любы зручны момант выцягнуць і разгарнуць, паглыбіцца ў чытанне. Першымі такімі выданнямі і сталі вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Адбылося гэта яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Яўген Ксяневіч пачаў наведваць выстаўкі калекцыянераў і музеі мініяцюрнай кнігі не толькі СССР, але і  за межамі краіны, набываць і абменьваць выданні, большасць з якіх былі рэдкімі, бо выходзілі невялікімі накладамі.

Цяпер калекцыя Яўгена Ксяневіча самая аб’ёмная на Беларусі з прыватных. Збор экспануецца ў айчынных гарадах з 1998 года. Выстаўка, зладжаная ў сценах музея, ужо сёмая. У гэтыя ж дні частка з калекцыі міні-кніг экспануецца і ў Буда-Кашалёве ў галерэі імя Яўсея Маісеенкі.

Яўген Ксяневіч прадстаўляе сваю калекцыю.

На асобнай вітрыне прадстаўлены мініяцюрныя выданні твораў Янкі Купалы, у тым ліку і з фондаў музея. Ёсць сярод іх самыя маленькія з мініяцюрных. Увогуле, кнігі ў  экспазіцыі самыя разнастайныя: і класіка, айчынная і замежная, і геаграфічныя атласы, і  кнігі з серыі «У брацкай сям’і народаў», кнігі Бібліі, казкі, прыказкі і прымаўкі, бібліяграфічныя выданні. Ёсць перакладныя творы, а ёсць і на мовах арыгіналаў (калі дакладна, на 58  мовах свету, у тым ліку кніжачкі на мовах малых народнасцей Каўказа і  Поўначы). Адна з рэдкіх кніг  — паэзія заснавальніка марксізму Карла Маркса, пераствораная па-беларуску Васілём Сёмухам. Найстарэйшая кніжка з калекцыі Яўгена Ксяневіча датуецца ХІХ стагоддзем.

Калі згадаць гісторыю міні-кнігі, то адным з першых яе выдаўцоў лічыцца Альд Пій Мануцый, у чыёй друкарні ў  Венецыі мініяцюрныя кнігі пачалі выходзіць у  1505 годзе. А на тэрыторыі Беларусі першыя міні-кнігі пабачылі свет у Мінску ў 1833 годзе. Традыцыя захавалася і сёння: многія выдавецтвы друкуюць мініяцюрныя кнігі. Найстарэйшая кніжка з калекцыі Яўгена Ксяневіча датуецца XIX стагоддзем. Гэта брусельскае прыжыццёвае выданне Вальтэра Скота, якое пабачыла свет 193 гады таму.

Паэзія Карла Маркса ў перакладзе Васіля Сёмухі. 1989 г

Выдатна дапаўняюць свет кніг, ствараюць атмасферу высокага мастацтва жывапісныя палотны з музейнага збору, прадстаўленыя на выстаўцы. Так, на адным з іх — выявы Янкі Купалы і Уладзіславы Францаўны. За кубкам гарбаты яны чытаюць газету «Літаратура і мастацтва».

Можна азнаёміцца і з новай кнігай Яўгена Ксяневіча — гэта нотна-песеннае выданне «Краіна мая, песня мая...» на словы беларускіх паэтаў. Для наведвальнікаў падрыхтаваны своеасаблівы падарунак — падборка песень Яўгена Ксяневіча, надрукаваная на асобных лістах. Любую ўпадабаную песню можна ўзяць з сабою.

Яна БУДОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.