Вы тут

Кантэкстазалежнасць


Успрыманне рэчаіснасці залежыць ад таго, хто, дзе і калі на яе глядзіць. Трэба думаць пра культурны, сацыяльны кантэкст таго месца, дзе адбываецца дзея. Думаць пра кантэкст той асобы, якая глядзіць на прапанаванае, у дадзеным выпадку спектакль. І думаць пра кантэкст той асобы, якая прамаўляе, — аўтара і героя.


У «Крыніцы святла» Андрэя Іванова з нашым лакальным кантэкстам звязана зашмат. У 2019-м на фестывалі «WriteBox. Сезон куратарства» менавіта Аляксандр Марчанка быў куратарам п’есы, чытку якой рэжысіравала Антаніна Аляшкевіч. І для свайго новага спектакля Аляксандр Марчанка абраў менавіта гэты тэкст Андрэя Іванова. Работы драматурга з’яўляюцца на айчынных пляцоўках з беларускім кантэкстам як нешта сугучнае менавіта гэтаму месцу і гэтаму часу. З яго тэкстамі працаваў і Юрый Дзівакоў («Крестовыйпоходдетей»), і да гэтага сам Аляксандр Марчанка («З вучылішча»), што было рэалізавана ў прасторы ОК16.

І калі казаць пра кантэкст месца больш вузка, то кожная асобна ўзятая пляцоўка  — тэатральная і не толькі — мае пэўны імідж. Калі вы купляеце квіткі нават яшчэ не на пэўны спектакль, а ў пэўнае месца, то ўжо прыблізна можаце ўявіць, што ўбачыце, — здольны выказаць здагадку аб рэжысёрскіх падыходах і аб тэматыка-ідэйных пластах спектакля.

Калі рэжысёры працуюць у ОК16, то гэта, хутчэй за ўсё, работы, якія могуць быць успрыняты гледачом як вострасацыяльныя хаця б ужо праз тое, што пастаўлены для гэтай прасторы. Выбар пляцоўкі часам з’яўляецца спосабам падкрэсліць рэжысёрскую інтэрпрэтацыю або надаць дадатковыя сэнсы сваёй працы. Нават калі ў спектаклі нейкія сэнсы паслаблены, то дакручваць і выводзіць іх на першы план можа менавіта кантэкст прасторы, дзе ствараецца спектакль.

Гісторыя «Крыніц святла» пададзена ад імя чатырох герояў, якія існуюць у адзін час у адным месцы — каля гандлёвага цэнтра. Яны расказваюць гісторыю, якая разгортваецца ў гэтай лакацыі, дзе гандлёвы цэнтр становіцца не настолькі значным. «Гандлёвы цэнтр» — метафара любога месца, дзе магчымыя тыя ж сітуацыі і тыя ж пачуцці. Рэжысёр адмовіўся ад канкрэтнай візуалізацыі лакацыі, пакінуўшы толькі апісанне месца — адчуванне прахаднога пункту, які для чатырох людзей з розных прычын аказаўся непрахадным.

Адкрывае і закрывае гісторыю маналог хлопчыка-беспрытульніка Бармаглота (Ігар Шугаеў), які жыве ў сваім выдуманым свеце, што, магчыма, робіць яго жыццё на вуліцы больш выносным. Безгаловы Кароль (Андрэй Новік) — чалавек пасля траўмы, з-за якой ён атрымаў інваліднасць. Ён прыходзіць кожны дзень да гэтага гандлёвага цэнтра, каля якога яго збіла машына, — і глядзіць, глядзіць, глядзіць, вядзе ўнутраны дыялог з сабой і людзьмі навокал, якія не разумеюць яго, ды і ён сам не здольны разумець іх. Каралева Марыя (Ганна Семяняка) — жанчына, якая аказвае сексуальныя паслугі. Яна стаіць на небяспечнай кропцы, таму што закахалася, і даглядае маленькага хлопчыка-беспрытульніка. Чырвоны Кароль (Максім Шышко) — ахоўнік гандлёвага цэнтра, які закаханы ў свайго напарніка і становіцца аб’ектам кахання Каралевы Марыі.

Героі спектакля — маргінальныя асобы, якіх выкрэслівае і выцясняе грамадства, на чым акцэнтуецца ўвага з дапамогай візуальнага вобраза спектакля — праз выкарыстанне відэа, якое задае гэтую лінію ў самым пачатку спектакля. Мы атрымліваем «слоўнікавыя артыкулы» да апісання кожнага героя, дзе ў вызначэнне выносіцца тая прыкмета, па якой асоба дыскрымінуецца ў грамадстве. Менавіта гэта задае асноўную лінію, па якой чытаецца спектакль. «Крыніцы святла» — гісторыі людзей, якім адмаўляюць у пачуццях, разуменні, праве быць бачнымі. І менавіта дзякуючы маналогам можна пачаць іх разумець, суперажываць і — які жах! — ідэнтыфікаваць з сабой.

Вобраз «прахаднога месца» з імклівага натоўпу ствараецца з дапамогай vogue, які выконвае група Верушкі Банчынчэ. Танец заснаваны на рухах, якія імітуюць паставы і міміку мадэляў з часопіса Vogue. Але наўрад ці vogue, які падобны на мадэльнае дэфіле людзей на вуліцы, быў абраны толькі для таго, каб стварыць безаблічны натоўп, які бясконца фланіруе перад гандлёвым цэнтрам. Чатыры цэнтральныя гісторыі пра інтымнае, зусім асабістае, падсвятляюцца гулам з абыякавасці, непрымання і жорсткасці, калі танцорам аддаюцца рэплікі, якія дэманструюць стаўленне да галоўных герояў. Але становіцца цікава, калі пакапацца далей у магчымых сэнсах выкарыстання харэаграфіі ў спектаклі.

На гэтай пляцоўцы часта ідзе работа з contemporary art, што дае падставу для разважання, як можна глядзець на візуальны вобраз спектакля. Але ў той  жа час, калі contemporary art мае на ўвазе, што глядач часцей за ўсё не павінен расслабляцца перад эстэтычнай выявай, а  счытваць за ёй мэсэдж і вырашаць сэнсавую галаваломку, спектаклі тут эстэтычна «інстаграмныя», што можна назваць кампрамісам паміж contemporary art і стварэннем «глядацкага спектакля», дзе самому можна вырашыць, ці патрэбна капацца ў дадатковых сэнсах.

Эстэтычным складнікам у спектаклі становіцца vogue: можна атрымліваць асалоду ад чароунай пластыкі, а можна пашукаць сэнс выкарыстання менавіта гэтага танцавальнага стылю, адарваўшыся ад выявы подыума перад «гандлёвым цэнтрам».

 Аляксандр Марчанка робіць інтымнажорсткія спектаклі, выбудоўвае іх не з паўтонаў і асацыяцый, а дае прамы мэсэдж. Па ім могуць быць рассыпаны невялікія галаваломкі, што падкрэсліваюць асноўнае паведамленне і дадаюць паўтоны іншых тэм. І яго «Крыніцы святла» ціха кажуць: памятайце пра тое, што перад вамі перш за ўсё чалавек, які адчувае, а потым ужо ўсё астатняе.

 Святлана КУРГАНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».