Вы тут

Баланс мужчынскага і жаночага


Выстаўку авангардыстаў Іны Дзянішчык і Генадзя Бурчыка прадставілі ў Брэсце


Авангардызм, або авангард, — не адзіны мастацкі стыль, як некаторым уяўляецца, а сукупнасць мноства мастацкіх кірункаў, што з’явіліся на мяжы XIX—XX стагоддзяў. Гэты тэрмін аб’яднаў усе тыя дзёрзкія і наватарскія плыні, якія шакіравалі публіку і адмаўлялі класічную традыцыю. Прадстаўнікі авангардызму сталі тым атрадам, які ішоў паперадзе асноўнай масы дзеячаў культуры, адкрываючы новыя шляхі творчага самавыяўлення.

Апошнім часам у Беларусі з’яўляецца ўсё больш авангардыстаў, якіх не заўсёды разумеюць і прымаюць. Тым не менш іх творчасць ведаюць. Тыдзень таму ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адкрылася новая экспазіцыя жывапісу «ІдэнБург XXV. 50х50» дваіх брэсцкіх мастакоў-авангардыстаў Іны Дзянішчык і Генадзя Бурчыка, у назве якой зашыфраваны асноўныя вехі сумеснага шляху творчага тандэму.

Выстаўка для сямейнага саюза сімвалічная і доўгачаканая. Свае імёны і важныя даты мастакі зашыфравалі ў назве, але папярэдзілі: экспазіцыя прысвечана не толькі круглым датам у іх жыцці.

 — Разам мы выстаўляемся ўпершыню,  — расказала мастачка Іна Дзянішчык. — Вырашылі такім чынам абазначыць сярэбранае вяселле і нашы асабістыя юбілеі. Але ў назву выстаўкі мы вынеслі «50 на 50» у больш шырокім сэнсе: мастацтва заўсёды на нейкай грані. Наша выстаўка — саюз жывапісу і графікі, баланс мужчынскага і жаночага, розных аўтарскіх тэхнік, каляровых гам, настрояў.

На выстаўцы прадстаўлена каля 60 работ, напісаных у апошнія гады. У  іх — уражанні, эмоцыі, уласны погляд на навакольны свет і падзеі. Яркія прадстаўнікі віцебскай школы не капіруюць убачанае, а трансфармуюць яго з дапамогай ліній і колеру ў абстрактныя, асацыятыўныя палотны.

Іну Дзянішчык прыцягвае гарадскі пейзаж, эклектычная архітэктура старога Брэста. Мастачка таксама цікавіцца старажытнымі славянскімі сімваламі-абярэгамі, арнаментамі, якія яна адлюстроўвае алеем на палатне ў выглядзе фармальных кампазіцый. Работы Генадзя Бурчыка ў  асноўным выкананы акрылавымі фарбамі на паперы, а таксама ў змешанай аўтарскай тэхніцы.

— Мне здаецца, што матывацыя ў нас з  Генадзем адна. Проста кожны мастак, як і глядач, бачыць і перадае ўсё па-свойму, — тлумачыць Іна Дзянішчык. — Які б сюжэт ні ляжаў у аснове, мы заўсёды спрабуем прыўнесці ў работы пазітыў: праз колер, форму, настрой. Дарэчы, настрой можа быць абсалютна розны: як вясёлы, так і меланхалічны.

Па карцінах Іны Дзянішчык можна вывучаць геаграфію падарожжаў-пленэраў і краін, дзе палотны Іны Мікалаеўны выстаўляліся ў галерэях або на арт-форумах: гэта Санкт-Пецярбург у Расіі і Гафса ў Тунісе, Славакія і Арменія, беларускія Гродна, Мінск і Брэст. У апошнім мастачка пастаянна жыве з 1974 года.

Яркія і адначасова ўраўнаважаныя каляровыя спалучэнні прыемныя воку і прыцягваюць гледача, зацікаўленага сюжэтам. Вы можаце пераглянуцца з велікавокім канём ці сімпатычным сабакам, атрымаць асалоду ад водару цюльпанаў ці кавуна, пазнаёміцца з беларускімі нацыянальнымі абярэгамі або пагуляць па гарачых берберскіх вуліцах Туніса, успомніць пра нацыянальныя святы або даведацца, што сніцца таполям.

Аўтары не імкнуцца да фатаграфічнасці, а эмацыянальна перажываюць і  трансфармуюць уражанні з дапамогай ліній і колеру. Іх абстрактныя, асацыятыўныя творы — запрашэнне да разважання і сузірання. Менавіта таму некаторыя карціны Генадзя Бурчыка, якія ўвайшлі ў экспазіцыю, не маюць назвы.

— Я прапаную гледачу паўдзельнічаць, пафантазіраваць, эмацыянальна адгукнуцца, — адзначае Генадзь Бурчык.  — Калі атрымліваецца злавіць агульную хвалю — значыць, дастукаўся хоць да аднаго сэрца. Я не эгаіст, не люблю пісаць толькі для свайго задавальнення — больш захапляюся, калі ведаю, што мой твор стаў для кагосьці родным, блізкім.

Дарэчы, выставачную прастору мастакі падзялілі пароўну: акрыл і папера, алей і палатно гарманічна суседнічаюць ў экспазіцыі. Эстэты, думаю, адзначаць таксама вінтажную падачу некаторых работ: сучаснае мастацтва паўстала перад гледачом у класічным аздабленні старых падрамнікаў і рам.

Як патлумачыла Іна Дзянішчык, выстаўка не мае агульнай тэмы. «Музыка Рахманінава», «Літва», «Туніс», «Рух», «Абярэг», «Хутка вясна» — абстрактныя кампазіцыі мастакоў, напоўненыя колерам і формай, якія паказваюць гарадскія пейзажы і старажытныя сімвалы славянскай міфалогіі, перадаюць уражанні ад падарожжаў і спробы асэнсаваць сябе і  свет. Ёсць сярод работ і карціны, выкананыя ў  больш рэалістычнай манеры. Напрыклад, яркім акцэнтам выстаўкі сталі карціны «Прынц» і «Прынцэса» — своеасаблівыя жартоўныя аўтапартрэты творцаў.

Сумесная выстаўка Іны Дзянішчык і  Генадзя Бурчыка будзе працаваць у Брэсце да 12 красавіка ўключна.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».