Вы тут

Асаблiвасцi жыцця ў пушчы: Гляджу ў акно, а там казiная морда!


Мы прыехалi тады да Марыi Андрэеўны Панько акурат перад Вялiкаднем. Прыехалi ў самую глыбiню Белавежскай пушчы, куды i трапiць можна, толькi калi атрымаеш дазвол. У Глыбокiм Вугле засталося некалькi хат, гаспадары якiх падцягваюцца сюды на лета. Тыповыя дачнiкi. Нават шкада, што яны прапускаюць прыгожую красавiцкую пару, той самы рай на зямлi, за якi турысты звычайна плацяць вялiкiя грошы. Тут, у пушчы, — асаблiвая цiшыня, больш правiльна сказаць, птушыны рознагалосы хор на фоне цiшынi i лёгкага ветру ў кронах высокiх дрэў. Нiбы няма астатняга свету з яго тлумам, пандэмiяй ды iншымi наваламi.


Чым страшная вайна?

Тут прайшло ўсё жыццё маёй гераiнi, i да апошняга часу яна тут нават зiмавала — адна. А цяпер стала зусiм слабенькая, жыве ў сына Мiкалая, чакае, калi сын з нявесткай пойдуць у адпачынак i прыедуць сюды разам, дзе ёй родныя сцены i роднае паветра, несумненна, прыбаўляюць здароўя.

Марыя Андрэеўна нарадзiлася ў суседняй вёсцы. Ёй было сем гадоў, як пачалася Вялiкая Айчынная. Дарослыя ўсё бедавалi, гаварылi пра вайну, а яна не разумела, што ў той вайне такога страшнага: жылi як i раней. Да часу... Адзiн з першых успамiнаў яе дзяцiнства — як бабуля накладвае ў торбу хлеба, сала, цыбулi i пасылае яе ў ельнiк аднесцi ежу збеглым палонным. Уздоўж гранiцы на пачатку вайны было нямала лагераў, з аднаго ўцяклi тады некалькi салдат. Хавалiся ў лесе. А немцы ўжо стаялi абапал, яны рыхтавалi праграму ачысткi пушчы ад людзей. Вось бабуля i выпраўляла малую ў спадзяваннi, што на дзiця нiхто не зверне ўвагi. Манечка i насiла тыя хатулькі. Яна назаўсёды запомнiла, якiя галодныя i змучаныя былi тыя салдаты, як шчыра дзякавалi дзяўчынцы. Так малая i бегала з харчамi ў схованку, пакуль не вывезлi iх самiх.

Яе сям'я падзялiла лёс большасцi насельнiкаў пушчы. Як вядома, Белавежская пушча была падораная Герынгу. Апошнi планаваў зрабiць тут элiтныя паляўнiчыя ўгоддзi Рэйха. Усiх жыхароў лясных вёсак было загадана выселiць, а iх жытло спалiць, каб выключыць любую магчымую падтрымку партызан мясцовым насельнiцтвам. Марыя Андрэеўна памятае, як выязджалi са сваёй вёскi. У iх сям'i было чацвёра дзяцей, бабуля. Сем чалавек селі на падводу, i не засталося месца, каб пакласцi хоць нейкiя рэчы. Тады бацька выпрасiў у старасты яшчэ аднаго каня з возам, да воза прывязалi карову, забралi курэй, гусей.

Асаблiвы кавалак хлеба

Вывезлi iх у нейкую вёску пад Жабiнкай. Як яна разумела, працавалi бацькi ў пана. Тыя гады ёй запомнiлiся пастаянным жаданнем паесцi. У таго пана цi гаспадара ўдосталь давалi толькi бульбы. Яшчэ бацькi па картках атрымлiвалi ячменны хлеб. Вось на гэтых харчах i перабiвалася вялiкая сям'я, а дзiцячы арганiзм патрабуе добрага харчавання.

Марыя Андрэеўна помнiць, як яны, малыя, часта бегалi на чыгуначную станцыю — там часам перападала якая цукерка цi кавалак цукру. Там жа праязджалi салдаты. Вось аднойчы мадзьяры пачаставалi дзяцей падсмажаным на масле белым хлебам. «Гэта было так смачна, што за ўсё жыццё я не змагла з чым-небудзь параўнаць тую асалоду, — кажа жанчына. — Хоць, вядома, так здалося ад голаду — што ж там асаблiвага магло быць у белым хлебе?»

Пасля вайны яны вярнулiся дадому, на папялiшча. Хата спаленая, есцi няма чаго. «З суседскiмi дзецьмi хадзiлi па хатах на Вялiкдзень, было шчасце, калi ў кошыкi клалi яйкi. Нагаравалiся. Шмат чаго ўжо забылася. Жылi, мусiць, як усе». Але паступова адбудавалi хату, завялi гаспадарку. У 1954 годзе вышла замуж i пераехала ў Глыбокi Вугал. Працавалi ў калгасе, на работу даводзiлася хадзiць далекавата — у лесе ж калгасаў не было. Выгадавалi з мужам чацвярых дзяцей. Дзецi выраслi, раз'ехалiся. Найблiжэй, у Каменюках, жыве сын Мiкалай. Пра нявестку пажылая жанчына кажа, што тая яе добра даглядае.

Такое ўражанне, што чым больш цяжкасцяў i выпрабаванняў яна праходзiла, тым больш спагады i дабрынi, асаблiвай лагоднасцi назапашвала ў сабе. Марыя Андрэеўна гаворыць, што цяпер жыць добра. Пенсiю плацяць своечасова. Нават да яе адной увесь час прыязджала аўтакрама. Гандлёвае абслугоўванне лясных вёсак ажыццяўляе не спажыўкааперацыя, а Нацыянальны парк. Жыццё ў запаведнiку накладвае свой адбiтак. Як ужо гаварылася, прыехаць сюды можна, толькi папярэдне атрымаўшы дазвол. Прыярытэт маюць паштовая машына i транспарт экстранных службаў.

Лясныя госцi

У пушчы ўсе жывуць асаблiва. Насельнiкi векавога лесу адно аднаму надта не замiнаюць i нiчога не баяцца. Жанчына прывыкла за столькi гадоў, што на падворак могуць забегчы розныя звяры. Казулi i аленi наогул бясстрашныя, часам пераскокваюць цераз плот ды пасвяцца ля акна. А бывала i так: сядзiць яна з кубкам чаю, а ў акно зазiрае казiная морда. Тады гаспадыня грукае чым-небудзь па аконнай раме, i пужлiвыя козачкi разбягаюцца ў розныя бакi. Дзiкi бессаромна рыюць каля самога плота, i што ты з iмi зробiш? Хоць бульбы ды буракоў тут даўным-даўно нiхто не садзiў, яны па сваёй свiнячай звычцы наробяць каля агароджы ямаў, толькi засыпай. Аднойчы да яе нават зубр завiтаў. Давялося ўсялякiмi падручнымi сродкамi ствараць шум, каб рагаты няпрошаны госць сышоў. Марыя Пунько столькi гадоў пражыла ў пушчы, звычкi звяр'я ведае — адразу зразумела, што не зусiм звычайны зубр яе наведаў. Найчасцей яны падыходзяць пад хату, калi ўдаецца ўнюхаць стажок сена на падворку. Нiчога iншага здаровага зубра цiкавiць не павiнна. Хутчэй за ўсё, гэты быў хворы, яго прагналi са статку. Тым больш што непадалёк тады пасвiўся статак. I хоць падобныя яны на вялiкiх кароў, лепей усё ж быць ад iх далей, — разважае бабулька. — Хоць гэта, вядома, не ваўкi.

Сустрэчу з ваўкамi яна таксама згадала. Даўно ўжо, яшчэ калi быў жывы яе гаспадар, да iх неяк заявiлася ваўчыца з вывадкам ваўчанят. Казалi, што тая прызвычаiлася хадзiць на ферму, а чаму ваўчыная сям'я завярнула сюды i трапiла да iх, яны не зразумелi. Спужалi iх тады факелам, i яны пабеглi ў лес — больш не прыходзiлi. Суседства з дзiкiмi насельнiкамi лесу Марыю нiколi не палохала. Наадварот, згадвае розныя выпадкi амаль са смехам: «Яны ж не кожны дзень сюды прыходзяць».

Валадарка-вясна

Цяпер яна жыве ў сына з нявесткай «на ўсiм гатовым». А некалькi гадоў таму спраўлялася з хатняй гаспадаркай самастойна. Дзецi зрабiлi яе хату максiмальна зручнай для пражывання, градкi разбiлi каля дому мiнiяцюрныя, нiбы цацачныя, абы гаспадынi весялей зрабiць. А на падворку была гаспадарка — тры курачкi i певень. Зранку бабуля Маня выпускала курэй, прыглядвала за iмi. Вельмi ганарылася сваiм пеўнем, якi аднойчы бiўся з каршуном i паспяхова вытрымаў абарону, пакуль гаспадыня з кiем не прытэпала i не стала крычаць. Тады драпежнiк пакiнуў двор. Для курэй, праўда, адгарадзiлi вальеру з сеткай, але ж яна часам адпускала iх пагуляць па двары — вось каршун i падпiльнаваў.

Летам Глыбокi Вугал ажывае, тут з'яўляюцца людзi, можна пачуць дзiцячы смех. А зiмой яна больш бывала адна, нярэдка чула стрэлы. Побач — паляўнiчыя ўгоддзi Нацыянальнага парку, так што спецыфiчных турыстаў-паляўнiчых даводзiлася бачыць. Яны разам з егерам цi леснiком, бывала, заходзiлi вады папiць... Раней Вялiкдзень быў для яе асаблiвым днём, бо ў гэты час збiралiся дзецi i ўнукi. Стол накрывалi ў альтанцы, на мангале побач гатавалi шашлыкi. Гэтым разам свята яна сустрэла ў сям'i сына. Усё мяняецца. Нязменныя толькi вясна, якая завалодала Глыбокiм Вуглом, ды старадаўнi крыж, што стаiць недалёка ад хаты бабулi Марыi.

Святлана ЯСКЕВIЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?