Вы тут

Не браць непатрэбныя крэдыты i прадукты скрынямi. Што яшчэ не раяць эксперты падчас крызiсаў?


Вось ужо сапраўды, калi чалавек адчувае фiнансавыя праблемы па асабiстых прычынах, дапамагчы яму складана. Аднак цяпер самы час пагаварыць не пра шкодныя фiнансавыя звычкi асобных людзей, а пра аб'ектыўны знешнi крызiс, калi лiхаманiць эканомiку цэлых дзяржаў i праблемы ўзнiкаюць у паспяховых работнiкаў. Меры фiнансавай гiгiены пры знешнiх узрушэннях ёсць, i яны правераны вопытам многiх мiнулых крызiсаў. Што ж рабiць у гэты час рызыкоўна, бессэнсоўна цi нават шкодна?


expansion.mx

На праяданне? Не трэба

Падчас гэтай пандэмii спецыялiсты прадказваюць значнае падзенне рэальных даходаў людзей. Таму крэдыты лепш не браць. I рух валютных курсаў тут не асаблiва важны. Якая б нi была iнфляцыя, банкi не будуць працаваць сабе ва ўрон — яны яшчэ вышэй падымуць працэнтныя стаўкi альбо скароцяць тэрмiны вяртання. Выключэнне — некаторыя крэдыты з дзяржпадтрымкай, але праесцi iх наўрад цi ўдасца — расходаванне гэтых сродкаў кантралюецца, а нямэтавае iх выкарыстанне караецца.

Лепш зыходзiць з таго, што за першым крызiсным месяцам могуць прыйсцi iншыя, не менш крызiсныя, што даходы сапраўды ўпадуць, i каб аддаць сённяшнi крэдыт, якi быў зусiм неабавязковы, давядзецца жыць надгаладзь або прадаваць лiквiдныя рэчы.

Асаблiва небяспечнымi становяцца зручныя ў iншы час авердрафтныя карткi, таму што стаўкi па iх звычайна вышэйшыя, чым па класiчных крэдытах, а тэрмiны вяртання значна карацейшыя.

У мясцовай валюце лепш збiраць невялiкiя сумы

Парада дзейсная для большасцi былых савецкiх дзяржаў. Ёсць краiны, дзе валютны курс устойлiвы, як народныя звычаi, i не мяняецца нават пры голадзе. Але большасць краiн вырашае эканамiчныя праблемы друкаваннем новых грошай, што прыводзiць да росту цэн i значнай iнфляцыi. Збiраць наяўныя банкноты i манеты — значыць проста назiраць, як яны патроху знiкаюць з «закрытай скарбонкi». Прыблiзна тое ж здараецца з грашыма на большасцi дэбетных картак, дзе працэнты па iх звычайна не пакрываюць нават iнфляцыю дакрызiснага перыяду.

Ёсць унiверсальная парада ад фiнансiста Мiхаiла Грачова — захоўваць сродкi ў залежнасцi ад мэты зберажэння ў розных валютах. Ёсць блiзкi гарызонт захоўвання, сярэднi i далёкi.

Блiзкi — калi вы на працягу некалькiх месяцаў плануеце сабраць пэўную суму на куплю, напрыклад, халадзiльнiка. У гэтым выпадку грошы раяць трымаць выключна ў беларускiх рублях.

  • Калi ў вас гарызонт планавання складае 1—3 гады i вы плануеце куплю аўтамабiля або нерухомасцi, то грошы лепш захоўваць у замежнай валюце. Тут кошык зручна падзялiць напалову: на еўра i долары. Банкаўская прыбытковасць у гэтых валютах i там, i там аднолькавая.
  • Калi гарызонт вашага планавання зусiм далёкi — 10—15 гадоў па прынцыпе «пакiнуць унукам» або «сыну на вяселле», — то лепш укладваць грошы ў нерухомасць або ў лiквiдныя каштоўныя паперы.

Дарэчы, захоўваць наяўнасць дома (на дачы, у машыне цi яшчэ дзе-небудзь), хоць бы i ў цвёрдай замежнай валюце, у крызiс можа быць больш небяспечна з прычыны росту лiку крадзяжоў i рабаванняў.

Не купляйце валюту на пiку курсу

Цяпер курсы валют больш схiльныя да ваганняў. Гэта ў цяжкiя 90-я гады рубель толькi падаў, а наступная зарплата магла быць у паўтара раза большай за ранейшую i выдавалася новымi купюрамi. Цяпер рублi маюць пэўную каштоўнасць i пасля панiк на рынках (кароткачасовых i не вельмi, звязаных з нафтай цi золатам) часам зноў даражэюць.

Першапачатковыя курсы рубля да долара i еўра, праўда, не вяртаюцца, але адкат на пэўную суму цалкам магчымы i перыядычна назiраецца. I гэтыя некалькi працэнтаў на буйной суме «крадуць» або «дораць» зарплату за некалькi дзён цi тыдняў.

I яшчэ: не варта купляць лiшнюю валюту. У моманты абвалу рубля, «на iстэрыцы», можна ўкласцi ў долары ўсё да апошняй капейкi. Але потым акажацца, што няма грошай купiць хлеба, аплацiць камунальныя паслугi або леташнi крэдыт. I будзе вельмi крыўдна здаваць валюту назад ужо па меншым курсе. Цяпер гэта менш прыкметна, але ў мiнулыя гады пры вялiкiх ваганнях валют на рынку рознiца памiж цаной пакупкi i продажу замежных грошай станавiлася большай, чым у спакойныя часы.

Не варта тэрмiнова купляць каштоўнасцi i бытавую тэхнiку

Рознiца памiж цаной продажу i зваротнага выкупу залатых, сярэбраных i плацiнавых злiткаў значна большая, чым рознiца памiж курсамi куплi, продажу валюты. Часам злiтак выкупляюць за палову прадажнай цаны.

Наступны важны момант — кошт каштоўных металаў у айчынных банках залежыць ад сусветных цэн. У крызiс золата звычайна даражэе, але бываюць i выключэннi. Каштоўнасцi наогул не антыкрызiсны iнструмент — у найлепшым выпадку яны могуць стаць прыемным бонусам на старасць або для перадачы ў спадчыну.

Звычка прыкупiць адразу некалькi дарагiх рэчаў засталася ў нас з часоў татальнага дэфiцыту. Тады сапраўды можна было купiць па старой рублёвай цане халадзiльнiкi i жаночыя боты, потым прадаць iх па аб'явах i нiчога не страцiць. Цяпер гэтага няма. Людзi прывыклi да гарантыi i сэрвiсу, i халадзiльнiк з гаража за пачатковы кошт нiхто не купiць. Хоць кажуць, што прадпрымальныя бабулi яшчэ захоўваюць у кладоўках вiдэамагнiтафоны, купленыя ў канцы 90-х, каб падарыць унукам на вяселле...

Купляць жыллё толькi з халоднай галавой

Цана кватэр, гаражоў i дач часцей за ўсё фiксуецца ў доларах. Купляецца нерухомасць толькi ў рублях, але лiчыцца яна выключна ў «зялёных». Шанц нешта выгадна купiць за рублi перад самым абвалам курса, вядома, ёсць. Але калi крызiс ужо iдзе, у людзей менш упэўненасцi, каб укладваць у бiзнес, таму попыт i цэны на нерухомасць прасядаюць. Пра гэта сведчаць усе папярэднiя крызiсы: назiраецца падзенне кошту квадратнага метра ў валюце як для жылой нерухомасцi, так i для камерцыйнай.

Таму нiякага сэнсу ў паспешлiвай куплi эксперты не бачаць: лепш дачакацца цэнавага дна. Да таго ж кватэры, дамы i нават гаражы — гэта дадатковыя бягучыя выдаткi: камунальныя паслугi, падаткi, рамонт i iншае. У крызiс — яно табе трэба?

Лiшнiя бываюць не толькi тавары, але i харчы

Цяпер мы жывём у iншым свеце, дзе машына — гэта не ўкладанне капiталу, а просты сродак перамяшчэння i ў некаторых выпадках — зараблянне грошай. Але аўто заўсёды i прычына абавязковых выдаткаў, такiх як абслугоўванне, тэхагляд i афармленне. Купiць i праз некалькi гадоў прадаць аўтамабiль практычна па той жа цане атрымлiвалася толькi ў савецкi час. Сёння ўсе машыны, за выключэннем некаторых калекцыйных узораў, толькi таннеюць, i часта хутчэй за iнфляцыю.

Вялiкiя запасы — справа такая ж спрэчная, як запланаванае атлусценне на выпадак голаду. Усё назапасiць на ўсе выпадкi жыцця не атрымаецца, але рухацца ў фiзiчным i фiнансавым плане будзе складаней. Мой сусед па паверсе прыкупiў аж 20 кiлаграмаў свiнiны. Усё мяса ў маразiльнiк не ўлезла, давялося рабiць тушонку. Але гэтыя кансервы атрымалiся не для працяглага захоўвання. Усе выхадныя толькi iх i еў. Нават на вулiцу не хадзiў — не было часу.

Дарэчы, калi ўжо рыхтавацца да крызiсу, грэчка — адна з самых дарагiх круп. Аўсянка значна таннейшая, ячныя крупы — тым больш. Тэрмiн захоўвання ў iх паўтара года, а рознага роду каш хуткага прыгатавання — паўгода i менш.

Лепш без грошай, але людзьмi звацца

Што ж тады рабiць у час, калi насоўваецца крызiс? Калi б на гэтае пытанне былi адназначна талковыя адказы, то замест крызiсаў здаралiся б спакойныя структурныя перабудовы. З мiнулага вопыту эксперты могуць толькi парэкамендаваць прыслухацца да некалькiх заяў.

  • Першае: дбайней планаваць свае выдаткi. Тое, што абавязкова спатрэбiцца, лепш купляць адразу i па самай выгаднай цане. Тое, што не асаблiва трэба, не купляць нават танна. Наогул не звяртайце ўвагу на розныя гандлёвыя акцыi i знiжкавыя днi, калi тавар не ў вашым спiсе.
  • Другое: трэба ўважлiва падыходзiць да буйных купляў. Магчымыя цiкавыя варыянты, але галоўнае, каб хапiла грошай на бягучыя выдаткi.
  • Трэцяе: у любым выпадку заставацца чалавечным. Калi для выратавання бiзнесу або асабiстага даходу вам давядзецца рызыкаваць iншымi людзьмi, то крызiс мiне, а статус «не зусiм чыстага на руку» застанецца да канца жыцця. Але мы не такiя, праўда?

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».