Вы тут

Электра выглядае прывабна


Тэме экалогіі ды беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя апошнім часам у Беларусі надаецца шмат увагі. Для вырашэння гэтых надзённых пытанняў у краіне прадпрымаюцца рэальныя крокі.


Фота grodnonews.by

У шэрагу такіх мераў падпісаны Прэзідэнтам указ «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў». Не будзе перабольшваннем сказаць, што прыняцце гэтага дакумента — важная ўмова не толькі для змены асяроддзя развіцця аўтатранспарту, але і для стварэння зусім новай рэальнасці, звязанай з фарміраваннем новай будучыні для Беларусі. У прыватнасці, ён прадугледжвае меры, якія закліканы стымуляваць попыт на электрамабілі, стварэнне ў краіне адпаведнай зараднай і сэрвіснай інфраструктуры.

У адпаведнасці з указам Прэзідэнта, уладальнікі электрамабіляў вызваляюцца ад выплаты пошліны за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Фізічным асобам не прыйдзецца выплачваць падатак на дадатковую вартасць пры ўвозе ў Беларусь электрамабіляў для асабістага карыстання. Акрамя таго, уладальнікі электратранспарту вызваляюцца да 1 студзеня 2026 года ад платы за паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах на камунальных аўтамабільных паркоўках.

У сваю чаргу вытворцы электрамабіляў і электразарадных станцый, а таксама арганізацыі, якія іх эксплуатуюць, атрымалі права ўжываць павышаны інвестыцыйны вылік у парадку, вызначаным Падатковым кодэксам. Вызваленыя таксама ад падатку на дадатковую вартасць зарадныя станцыі ў выпадку іх выкарыстання ў Беларусі. Акрамя таго, вытворчаму аб’яднанню «Беларуснафта» без правядзення аўкцыёну будуць прадастаўлены ў арэнду зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўвання электразарадных комплексаў. Пры гэтым выдаткі на будаўніцтва зарадных станцый могуць бязвыплатна перадавацца на баланс юрыдычнай асобы, на ўліку якой знаходзяцца гэтыя аб’екты, і ўключацца заказчыкам (забудоўшчыкам) у склад пазарэалізацыйных выдаткаў. Пры атрыманні згоды землекарыстальніка зямельныя ўчасткі для ўстаноўкі зарадных станцый будуць прадастаўляцца без іх вымання з зямель агульнага карыстання.

Транспарт, безальтэрнатыўны на бліжэйшую будучыню

Час зарадкі электрамабіля ў сярэднім каля шасці гадзін. Фота БЕЛТА

Відавочна, што прадугледжаныя меры з’яўляюцца перадавымі. Яны кажуць пра тое, што ў краіне ўлічваюць трэнды, якія будуць актуальныя праз 10–15 гадоў. Спецыялісты адзначаюць, што электрычны транспарт з’яўляецца безальтэрнатыўным на бліжэйшую будучыню. Ва ўмовах развіцця сучасных тэхналогій ён не толькі эканамічны і экалагічны, але і стварае ўмовы для фарміравання прынцыпова новай інфраструктуры: сеткі новых заправак, сістэмы перадачы электраэнергіі. З уводам у эксплуатацыю БелАЭС для Беларусі актуальным пытаннем становіцца рэалізацыя атрыманай электраэнергіі. І адным з ключавых кірункаў з’яўляецца ў тым ліку развіццё электратранспарту — як асабістага, грамадскага, так і грузавога. Нездарма разам з развіццём легкавога і грамадскага электратранспарту ў тых жа ЗША, напрыклад, вядуцца распрацоўкі ды ўжо ёсць першыя ўзоры грузавога электратранспарту. Гэты напрамак там бачыцца найбольш перспектыўным, бо бізнес заўсёды рэагуе на сабекошт перавозак. А выкарыстанне электратранспарту будзе спрыяць мінімізацыі ўнутраных выдаткаў, таму менавіта бізнес будзе падтрымліваць ягонае ўкараненне. Дарэчы, не лішнім будзе нагадаць, што і першы ў гісторыі чалавецтва аўтамабіль быў менавіта электрычным.

Для сучаснай Беларусі з улікам будучага запуску АЭС і сітуацыі з энергарэсурсамі новы ўказ — вельмі дальнабачнае рашэнне, якое адпавядае агульнай стратэгіі развіцця. І здольнае яшчэ больш палепшыць імідж краіны на міжнароднай арэне. Дастаткова прыгадаць Парыжскае кліматычнае пагадненне аб скарачэнні выкідаў парніковых газаў, якое мы падпісалі ў 2015 годзе. Фарміраванне ў цэнтры Еўропы экалагічна чыстай краіны — гэта фарміраванне цалкам новай ідэалогіі жыцця. Так што прыняты ўказ — прадуктыўнае рашэнне, якое станоўча адаб’ецца і на дабрабыце людзей, на іх здароўі. Будучыня за электрамабілямі — гэта сумненняў не выклікае. Гэта выдатная платформа для перспектыўнага развіцця Беларусі.

Выбар вызначае мэтазгоднасць

У студзені на выставе, прысвечанай Дню навукі, быў прадстаўлены айчынны электрамабіль, распрацаваны спецыялістамі Аб’яднанага інстытута машынабудавання, Фота БЕЛТА

Так, тэма развіцця электратранспарту ў краіне атрымлівае ў апошні час прыкметны імпульс.

— Гэта не проста даніна модзе ці імкненне не адстаць ад перадавых краін, хоць і гэта так. Гэта надзённая неабходнасць ўжо сёння, — падкрэсліў на адной з нядаўніх нарад з кіраўніцтвам Савета Міністраў Прэзідэнт Беларусі. — Краіны, такія як мы, экспартна арыентаваныя, якія не маюць пад зямлёй велізарных запасаў, даўно зарыентаваліся на электратранспарт. А нам і сам Бог загадаў. Мы заўтра-паслязаўтра ўводзім два блокі атамнай электрастанцыі. Дык чаму не робім сёння, з запасам у часе, ухіл да электратранспарту, да большага спажывання электраэнергіі? Гэта ж замена вуглевадародаў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асабіста тэставаў падобныя навінкі:

— Не для таго, каб паказаць сябе ў аўтамабілі або паказаць новы аўтамабіль. Не, я падштурхоўваў вас і ўсё грамадства да таго, што на гэта трэба арыентавацца.

Прэзідэнт таксама нагадаў аб даручэнні Нацыянальнай акадэміі навук па стварэнні айчыннага электрамабіля. Што тычыцца пытанняў стымулявання выкарыстання электратранспарту, то, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, тут важна наступнае:

— Задача, якая выцякае з будаўніцтва атамнай электрастанцыі, — зрабіць так, каб электрычная энергія для аўтамабіляў была танней кошту бензіну і дызельнага паліва. Тады людзі будуць з задавальненнем купляць аўтамабілі на электрычнай цязе.

А неўзабаве ў краіне прадпрыемства «БелДжы» прадэманстравала кітайскія электрамабілі: усяго чатыры. Да іх стварэння беларуская «дачка» кітайскага аўтагіганта не мае дачынення. Прынамсі, пакуль. Навінкі — для тэставання і вывучэння попыту, растлумачыў дырэктар аўтазавода Генадзь Свідзерскі:

— У нас заяўка пратэставаць электрамабіль тэхнічна і камерцыйна, каб потым прыняць рашэнне аб далейшых этапах развіцця гэтага кірунку ў нас на заводзе. Трэба правесці ўсебаковыя эксплуатацыйныя выпрабаванні: ці задавальняе спажыўца такая машына, канкурэнтаздольная яна на рынку ці не.

Новыя электрамабілі спажываюць у сярэднім 13,5 кВт/г на 100 км шляху. Запасу ходу хапае на 500 кіламетраў. У іх ёсць сістэма адаптыўнага круіз-кантролю, сістэмы рэагавання на пешахода і веласіпедыста, інтэлектуальная сістэма аўтаматычнай паркоўкі. Што тычыцца магчымага кошту ў краіне на гэтыя электрамабілі, то, на думку Генадзя Свідзерскага, пра канкрэтную лічбу пакуль казаць рана:

— Трэба бачыць сабекошт машыны і рынкавае асяроддзе. Акрамя таго, пры ўвозе электрамабіля ў Беларусь прыйшлося выплаціць мытную пошліну, падатак на дадатковую вартасць, утылізацыйны збор — усё гэта вядзе да падаражэння аўто. Таму для масавага выкарыстання трэба ствараць больш камфортныя ўмовы для электрамабіляў, і адпаведныя праекты дакументаў рыхтуюцца.

Адзін з прэзентаваных электрамабіляў будзе тэставацца на заводзе ў Барысаве, яшчэ тры паступяць у дылерскія цэнтры. Разам з тым не выключана, што іх зборка таксама будзе ажыццяўляцца ў краіне. Але для гэтага трэба, каб сышліся разам некалькі фактараў.

— З пункту гледжання стратэгіі, калі будзе масавы попыт — дзесьці каля 10.000 аўтамабіляў у год, мэтазгодна весці падрыхтоўку вытворчасці. Нават 5.000 электрамабіляў, напэўна, хапіла б, каб мы прынялі станоўчае рашэнне.

Яшчэ адзін важны фактар — экспартныя рынкі. «БелДжы» пастаўляе аўто на рынкі Беларусі і Расіі, вядуцца перамовы з Казахстанам, Узбекістанам, іншымі краінамі. Электрамабілі таксама запатрабаваны на еўрапейскім рынку. А пакуль што прадпрыемства чакае паўнавартаснага аднаўлення паставак камплектуючых з Кітая для выпуску сваіх аўтамабіляў. Некаторыя змены ў працу ўнесла сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса. На самім жа заводзе ў Барысаве сітуацыя нармальная. З паўтары тысяч працуючых толькі 20 — спецыялісты з Кітая. Яны былі ў адпачынку з астатнімі супрацоўнікамі ў снежні і падчас пачатку эпідэміі каранавіруса ў КНР краіну не наведвалі.

Час уплывае на прыняцце рашэння

У сакавіку ў Беларусі прайшла прэзентацыя электрамабіля «Джылі». Фота БЕЛТА

Так, у апошнія гады краіна актыўна асвойвае такія тэхнічныя навінкі, як электра- і беспілотныя аўтамабілі. Напрыклад, кіраўнік айчыннага Міністэрства замежных справаў Уладзімір Макей заяўляў, што Беларусь вядзе перамовы з кампаніямі з Германіі ды ЗША аб пераносе вытворчасці электракараў менавіта да нас. «Мы звязаліся з амерыканскай кампаніяй, працуем з нямецкімі кампаніямі адносна магчымасці арганізацыі вытворчасці тут — у нашых свабодных эканамічных зонах або ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку», — адзначаў Уладзімір Макей.

Да трэнду падключыліся і беларускія СМІ, якія ў апошні год пачалі актыўна публікаваць агляды электрамабіляў як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. І, вядома ж, гэтая тэма знаходзіцца на асабістым кантролі Аляксандра Лукашэнкі — менавіта па яго даручэнні Нацыянальная акадэмія навук распрацоўвала Дзяржаўную праграму развіцця электратранспарту.

Чаму электракары такія папулярныя

Паспрабуем адказаць на пытанне, чаму тэмай электрамабіляў займаюцца на ўрадавым узроўні. Самая лагічная прычына — у хуткім уводзе ў эксплуатацыю БелАЭС. Лішак электраэнергіі трэба будзе куды-небудзь падзець, таму і паднятае пытанне выпуску айчынных электракараў, а таксама стымулявання попыту на іх сярод беларусаў.

Варта адзначыць асноўныя плюсы электрамабіляў:

Экалагічнасць. Такія машыны не выкарыстоўваюць паліва на аснове нафтапрадуктаў, а таму няма выкіду ў атмасферу таксічных выхлапаў.

Бяспека. У параўнанні з класічнымі аўтамабілямі прыкметна зніжана пажара- і выбуханебяспека.

Эканамічнасць. Бензін і дызельнае паліва каштуюць даражэй электрычнасці, а таму эканомія для аўтаўладальніка відавочная.

— Нізкі ўзровень шуму з‑за меншай колькасці рухомых частак.

Перспектывы электрамабіляў у Беларусі

Адразу варта сказаць — перспектывы вельмі і вельмі нядрэнныя. Па аптымістычных прагнозах, да 2025 года колькасць электракараў у краіне дасягне 32 тысяч, па песімістычных — 10 тысяч. Але нават для другога варыянту прадугледжана выдзяленне амаль 70 млн долараў ЗША ў якасці субсідый на набыццё гэтых машын.

Такая вялікая колькасць электракараў запатрабуе і шырокай сеткі зарадных станцый, з якімі пакуль назіраецца выразная напружанасць. Месцаў, дзе можна зарадзіць электрамабіль, мала нават у Мінску, не кажучы ўжо пра трасы і абласныя гарады. У асноўным устаноўкай такіх станцый займаецца «Беларуснафта». Як гаварылася раней, планы ў кампаніі дастаткова амбіцыйныя. Дарэчы, прыемная навіна для ўладальнікаў такіх машын — пакуль што ўсе станцыі працуюць у тэставым рэжыме і падзарадзіцца можна цалкам бясплатна.

Аб сур’ёзным настроі Урада кажа яшчэ і тое, што ў Беларусі спрабуюць наладзіць вытворчасць уласных машын з электрычным маторам. Але калі беларускі электракар паступіць у продаж — пакуль дакладна не зразумела.

У рэчышчы сусветнага трэнду

Карта размяшчэння зарадных станцый для электрамабіляў у Мінску паводле сайту e-cars.by

Першы электрамабіль быў створаны раней, чым вынайшлі рухавікі ўнутранага згарання. Ён быў сканструяваны ў 1841 годзе і меў выгляд каляскі. Цікава, што, па дадзеных Міжнароднага энергетычнага агенцтва, лік электракараў у свеце перавысіў узровень 1912 года толькі ў лістападзе 2011 года. Аднак за больш чым паўтара стагоддзя электрамабілі паспелі стаць сапраўды дасканалым і надзейным відам транспарту. Сучасныя электракары валодаюць шэрагам відавочных пераваг. Ключавая для гарадскога асяроддзя — экалагічнасць. Вытворчасць і абслугоўванне электракараў спажываюць істотна менш прыродных рэсурсаў нават з улікам работы электрастанцый. Сюды ж можна аднесці і другую перавагу: электрычны транспарт у разы больш эфектыўны. Напрыклад, электракар пераўтворыць у механічную энергію каля 60% электрычнай, тады як машына на бензіне выкарыстоўвае паліва з эфектыўнасцю 17–20%. Гэта адна з прычын, чаму кошт энергіі на пераадоленне адной і той жа адлегласці будзе меншым у выпадку выкарыстання электрамабіля.

Калі казаць пра выгаду, варта памятаць, што ў электрамабілі не патрабуецца пераключэнне перадач. Для кіравання такім транспартам дастаткова толькі руля і двух педалёў. У краінах з развітой электратранспартнай галіной абслугоўванне электракараў значна танней, чым машын з рухавіком унутранняга згарання, ды і сэрвісныя цэнтры наведваюцца ў сярэднім у 3–4 разы радзей. А ў выпадку аварыі ў такім аўтамабілі нічога не зможа падарвацца або загарэцца. Апошнім па значнасці плюсам варта пазначыць ціхую працу рухавіка, што стварае дадатковы камфорт пры руху.

Але не абышлося і без адмоўных момантаў. Мабыць, у гэтым выпадку найбольш значным мінусам з’яўляецца далёкасць паездкі на адным зарадзе. У сучасных электрамабілях гэтая праблема часткова вырашана. Напрыклад, Tesla Model S праязджае без падзарадкі 270 міль (494 км), тады як для большасці іншых мадэляў максімальная дыстанцыя не перавышае 300 км. Акрамя таго, суперхуткія зарадкі Tesla зарадзяць акумулятар электракара на 80% за паўгадзіны. Аднак зарадныя прылады ўстаноўлены далёка не ўсюды. Калі ў ЗША цалкам можна ездзіць паміж штатамі, не баючыся застацца без зарада, то ў нас з гэтым могуць узнікнуць праблемы.

Яшчэ некалькі гадоў таму на Усебеларускім сходзе Аляксандр Лукашэнка казаў пра планы пераходу да электратранспарт: «Паглядзіце на Амерыку, дзе чэргі стаяць за электрамабілямі». Паводле слоў Прэзідэнта, у нашай краіне запасаў нафты і газу не вельмі шмат, таму неабходна арыентавацца на электрычнасць, якой будзе дастаткова, калі запусцяць АЭС. Дарэчы, тады ж абмяркоўваліся планы па стварэнні ўласнай вытворчасці электрамабіляў на базе завода «БелДжы».

Між тым, Нацыянальная праграма развіцця зараднай інфраструктуры і электрамабільнага транспарту прадугледжвае хуткае развіццё ў Беларусі сеткі зарадных станцый. Зараз стала зразумела, хто гэтым будзе займацца. Дзяржаўным аператарам па стварэнні і развіцці зараднай сеткі для электрамабіляў выступіць «Беларуснафта», абвяшчае ўказ.

Стымуляванне продажу і развіцця электратранспартнай галіны спрацоўвае ў досведзе іншых краін, таму добра ілюструе, што можа чакаць нас у далейшым. Напрыклад, у Вялікабрытаніі, каб павялічыць колькасць «зялёных» аўто, урад дае брытанцам грант на куплю электрамабіля ў памеры 35% ад кошту машыны і вызваляе ад падатку на ўласнасць. У Францыі пакупнікам такіх аўто ўрад кампенсуе 10 тысяч еўра. Гэтыя краіны ўжо заявілі аб пераходзе на электракары да 2040 года. Да таго часу там будзе ўведзена забарона на аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання. У Нідэрландах абяцаюць пераход на электракары да 2025 года. Замест урада людзей стымулююць купляць электрамабілі мясцовыя ўлады. Пакупніка электракара вызваляюць ад падатку на рэгістрацыю і падатку на ўласнасць. Германія і зусім прапануе ЕС узаконіць забарону на «старыя аўто» на ўзроўні Саюза з 2030 года. Пакуль краіна ўвяла стымулы для куплі электракараў: вызваленне на 10 гадоў ад падатку на ўласнасць, грант на куплю «зялёнай» машыны ў памеры 4.000 еўра і нізкія працэнты па крэдыце. Лідарам тут па праве з’яўляецца Нарвегія. Кожны трэці аўтамабіль у краіне — электрычны. Экалагічныя аўто не абкладаюцца ПДВ у 25% і падаткам на аўтамабіль, а ўласнік электрамабіля плаціць паніжаны дарожны збор. У 2025 годзе Нарвегія максімальна павысіць абмежаванне выкідаў вуглякіслага газу аўтамабілямі да 0%. Таксама аб пераходзе на электракары заявілі Індыя і Кітай. Імкненне перайсці на электрамабілі ў Індыі тлумачаць высокім узроўнем забруджвання паветра. Па дадзеных Greenpeace, у краіне з‑за выкідаў штогод паміраюць 2,3 млн чалавек. Індыя плануе забараніць продаж новых аўто на бензіне і дызелі да 2030 года. Урад мае намер субсідаваць куплю электракараў два-тры гады, пакуль машыны не стануць даступнымі.

Электракары стануць танней звычайных аўтамабіляў ужо праз дзесяць гадоў, прагназуе Bloomberg New Energy Fіnance. Цяпер батарэя складае прыкладна палову кошту электракара. Да 2030 года кошт акумулятара ўпадзе прыкладна на 70%. Праз восем гадоў кошты на «зялёныя» аўто будуць на ўзроўні машын на бензіне і дызелі. У 2030‑м электракары будуць на 10–20% танней і працягнуць зніжацца ў цане. А да 2040 года больш за палову аўтамабіляў на рынку новых аўто будуць электрычнымі, падлічылі аналітыкі Bloomberg NEF.

Канкрэтыка:

◆ «Беларуснафта» плануе адкрыць 180 хуткіх электразарадных станцый у 2020 годзе.

◆ Сёння ў Беларусі 251 хуткая электразарадная станцыя (ЭЗС).

На кожны электракар у краіне прыпадае 1,4 ЭЗС.

Васіль Харытонаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.