Вы тут

Мустафа Азджан: Мы з сям’ёй жывём у краіне, якая перасягнула нашыя чаканні


Гутарка наша з Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Турэцкай Рэспублікі спадаром Мустафой Азджанам праходзіла нефармальна, па-сяброўску. Мы адхіляліся ад «магістральных тэмаў», гаварылі пра жыццё, пра дзяцей, захапленні, кухню, асаблівасці турэцкага і беларускага менталітэту. Пілі духмяны чай па-турэцку, з традыцыйных шкляначак, да якога прыахвоціліся на адпачынку ў Турцыі. Нам цікава было даведацца: што за чалавек у Беларусь прыехаў. А спадару Амбасадару, пэўна ж, таксама было важна і цікава зразумець: хто перад ім?


«Вельмі цікавая ў нас атрымліваецца з вамі гутарка: я ніколькі не стаміўся за гэты час!», — ён сказаў нам гэта неяк па-свойску, задаволена ўсміхаючыся, напрыканцы двухгадзіннай размовы. Вядома ж, прыемна пачуць такія словы. Бо і нам было цікава з ім гутарыць, услухоўвацца ў музыку турэцкай мовы. А як радаваўся спадар Амбасадар, калі даведаўся, што летам пабывалі мы ў Алюдэнізе, на паўднёвым захадзе краіны, непадалёк ад горада-курорта Фетхіе. Заўважыў: «Сотні цікавых, дзівосных месцаў ёсць у Турцыі, вы з іх выбралі адно з самых правільных. Годнае месца, дзе захоўваецца высокая культура, у тым ліку і побытавая». Прызнаўся, што таксама любіць той рэгіён, дзе жывуць яго сябры.

Размаўляючы са спадаром Амбасадарам, заўважалі мы яго непадробны інтарэс да краіны, куды ён атрымаў прызначэнне: хочацца ведаць госцю пра Беларусь як мага больш.

— Віншуем, спадар Амбасадар, з прыбыццём у нашу краіну! Мы вельмі спадзяемся, што вам тут спадабаецца, і потым не захочацца адсюль з’язджаць.

— Я нават упэўнены, што так і будзе. Абсалютна ўпэўнены!

— Мы ведаем, што да прызначэння вы працавалі ў апараце МЗС Турцыі, раней — дыпламатам у Азербайджане, Германіі ды Ірландыі, пастаянным прадстаўніком Турцыі ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Што, на ваш погляд, спадар Амбасадар, самае важнае ў дыпламатыі вашага ўзроўню?

— У сваім класічным разуменні дыпламатыя, як мяркуецца, гэта выбудоўванне і развіццё адносін паміж дзяржавамі, паміж народамі гэтых дзяржаваў, а таксама ўладжванне магчымых рознагалоссяў, канфліктаў мірным спосабам. У той жа час у дыпламатыі ёсць і прадстаўніцкая функцыя. На мой погляд, дыпламатыя ёсць мастацтва, якое змяшчае ў сабе і шэраг поглядаў, пазіцый палітычнага, юрыдычнага, гуманітарнага кшталту. Мяркуецца, што дыпламаты маюць пэўны багаж ведаў і досведу ў кожнай з гэтых сфер. Дыпламатыя зноў жа, падобна мастацтву, дае свой плён, мае вынікі: добрыя ці не такія, як чакалася. І калі ўжо мы гаворым пра класічную дыпламатыю, як пра выбудоўванне стасункаў паміж дзяржавамі, то нам не варта забываць, што ў цэнтры ўвагі, у фокусе ўвагі дыпламатыі ўсё ж знаходзіцца чалавек. І я хачу сказаць, што для мяне гэта якраз так. Бо ўсе нашы ініцыятывы, дамоўленасці або немагчымасць дамовіцца, усе нашы поспехі ці няўдачы на гэтай ніве вядуць да таго, што карысць альбо шкоду ад такой дзейнасці адчуе на сабе звычайны чалавек. Таму Турцыя як дзяржава ўзяла за аснову такі падыход, такое бачанне, як гуманістычная дыпламатыя. І калі даваць канкрэтны прыклад такога падыходу, гуманістычнай дыпламатыі, то прывяду найбольш яркі. Цягам многіх гадоў Турцыя прымае каля 4 мільёнаў перамешчаных асоб на сваёй тэрыторыі. А гэта ж вялікі груз, які Турэцкая Рэспубліка ўзяла на сябе! Выдаткі ў сувязі са знаходжаннем у краіне такой колькасці перамешчаных асоб штогод перавышаюць 40 мільярдаў долараў ЗША, прычым Турэцкая Рэспубліка іх знаходзіць за кошт уласных рэсурсаў. Якой-небудзь значнай дапамогі звонку ў гэтым пытанні нам не аказваецца. І галоўным прынцыпам турэцкай дыпламатыі, якая не зменьваецца ўвесь гэты час, з’яўляецца вядомае выслоўе «Мір у краіне — мір ва ўсім свеце». З тае пары, як гэтую фразу прамовіў у якасці асноватворнага прынцыпу для сябе і для створанай ім рэспублікі вялікі лідар і стваральнік Турэцкай Рэспублікі Мустафа Кемаль Атацюрк, нашым прыярытэтам пры ўладжванні ўсіх канфліктаў, рознагалоссяў заўсёды з’яўляецца менавіта гэты, мірны прынцып. Мы заўсёды стараемся вырашыць супярэчнасці за сталом перамоваў. І да таго часу, пакуль знешнія выклікі, якія тычацца нашай нацыянальнай бяспекі, не паставяць нас у бязвыхаднае становішча, мы аддаем перавагу таму, каб не апеляваць да грубай сілы.

Спадар Мустафа Азджан разам з старшынёй камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрыем Мудрагелавым. Фота mogilevnews.by

— Скажыце, спадар Амбасадар, што для вас пры кантактах з людзьмі з’яўляецца галоўным ва ўспрыманні чалавека: інтуіцыя альбо логіка?

— І тое, і другое. Безумоўна, я імкнуся лагічна зразумець і спасцігнуць, што кажа мне суразмоўца. Але і да пачуццяў, вядома, звяртаюся. Бо ёсць жа і такое паняцце: мова цела. Невербальныя зносіны. І для нас, і для роднасных туркам народаў, якія актыўна мову цела выкарыстоўваюць, гэта важны сродак устанаўлення кантакту і зносін. Дарэчы, я заўважыў па прыбыцці ў Беларусь, што і тут людзі актыўна карыстаюцца такой мовай. Тое мяне парадавала, дазволіла хутка адаптавацца. Ні ў адной краіне раней, акрамя, мабыць, Азербайджана, дзе культура, у тым ліку і моўная, у гэтым сэнсе, падобная да турэцкай, так хутка мне адаптавацца не ўдавалася. А тут усё прайшло за кароткі час. Я ў вас працую з 15 студзеня.

— Напэўна ж, некаторыя планы ў сувязі з каранавірусам прыходзіцца карэктаваць?

— На жаль, апошні месяц прайшоў на фоне гэтых падзей з каранавірусам, што не дае ў поўнай меры сфакусавацца на развіцці адносін. Скажам, прыйшлося перанесці візіты некаторых дэлегацый з Турцыі. Адмяніць або перанесці шэраг запланаваных тут мерапрыемстваў. Нягледзячы на досыць дынамічны старт у справах, прыйшлося трошкі запаволіцца. Затое назіраю, як Беларусь вядзе сваю барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй. Хачу выказаць сваё адабрэнне дзеянням, якія тут прадпрымаюцца. Усё робіцца зладжана, ніякім чынам людзі не паддаюцца паніцы, не перабольшваюцца падзеі. Разам з тым прымаюцца ўсе неабходныя меры. Тым Беларусь вельмі выгадна адрозніваецца ад шэрага іншых краін. І ўсе важныя, значныя меры ўладамі прынятыя, што таксама адзначае, даючы ім высокую ацэнку, Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

— Раскажыце, калі ласка, пра той час, дзе вы былі ў поўнай бяспецы, былі акружаны клопатам сваіх бацькоў. Пра сваю сям’ю.

Раён Стамбула Фаціх, дзе прайшло дзяцінства спадара Амбасадара

— Дзякуй за такое пытанне! Яно падахвочвае мяне пагрузіцца ў шчаслівае мінулае, успомніць сваё дзяцінства. Я нарадзіўся ў Стамбуле і да 10 гадоў жыў у тым раёне, назва якога паходзіць ад імя аднаго з кіраўнікоў Асманскай імперыі: вялікага падзішаха Фаціха Султана Мехмета. Гэта раён Фаціх. Маё дзяцінства прайшло сярод спадчыны Візантыйскай імперыі: паблізу Ая Сафіі — Сабора Святой Сафіі, а таксама непадалёк ад шэдэўра эпохі Асманскай імперыі — цудоўнага музея Топканы. Мне вельмі пашанцавала і з месцам нараджэння, і з бацькамі! Мой бацька займаўся гандлем. Яго праца, офіс у районе Бешыкташ былі на ўзбярэжжы Басфора, у еўрапейскай частцы Стамбула. Магчыма, вы чулі, што ёсць у нас і футбольны клуб з такой назвай: Бешыкташ. І я вельмі адданы прыхільнік гэтай каманды.

— Так, мы той раён Стамбула трохі ведаем па мастацкіх фільмах турэцкага кінематографа, але ўбачыць ужывую горад пакуль не давялося. Сябры мінулым летам вярнуліся адтуль адданымі прыхільнікамі Стамбула…

— О, гэта горад-гісторыя! І я там рос. Маршруты маіх шпацыраў пралягалі побач з палацамі, мячэцямі, якія захоўваюць у сабе памяць пра вялікія падзеі. Яшчэ хачу заўважыць, што пасля сваёй жонкі, сваёй сям’і больш за ўсё я люблю рыбную лоўлю. Прычым гэтае маё хобі ўзыходзіць да тых самых рыбакоў, якія на ўзбярэжжы Басфора ловяць рыбу. Такія карціны я шматкроць сузіраў у дзяцінстве.

— На спінінг ловіце? З набярэжнай?

— Так, на спінінг. І з набярэжнай, і з лодкі — усе магчымыя спосабы выпрабаваў.

— У Беларусі для рыбалкі вельмі шмат магчымасцяў!

— Знаю! (Гэтае слова прамаўляе весела па-руску, усе смяёмся.) Калі ехаў у Беларусь, то збіраўся пабываць на зімовай рыбалцы: палавіць рыбу з лёду, праз лунку. Але сёлета з лёдам тут не склалася (смяецца). У наступным годзе, спадзяюся, зіма ў Беларусі мае надзеі апраўдае.

— Наш сын і нявестка — таксама рыбакі, дзеці іх раслі з вудамі-спінінгамі ў руках. А яшчэ Багдан — таленавіты рамеснік і мастак у адной асобе. Робіць унікальныя прызы да спаборніцтваў па рыбнай лоўлі — якраз на спінінг. Так што рыхтуйцеся! Басфорскі досвед вам спатрэбіцца, і плюс трошкі рыбацкай удачы… А наша любоў да Турцыі ўмацаваная і роднаснымі сувязямі: у Мінску падрастаюць прыгожыя дзеці — Ясэмін і Дамір, нашы пляменнікі, у якіх тата — з‑пад Аданы.

— Як добра! Спадзяюся, дзеці ўжо бывалі ў Турцыі?

Спадар Амбасадар: «Вось тут, у Магілёве, я пабываў на форуме “Магілёў–Амасья”». Фота Івана Ждановіча

— Вядома! Прывезлі адтуль масу найлепшых уражанняў! Прычым пабывалі ў глыбінцы, у турэцкай вёсцы — там жывуць іх бабуля і дзядуля, іншыя родзічы.

— Уражанні ў дзяцінстве самыя яркія. Мне помніцца, напрыклад, што мае браты балелі за футбольны клуб «Фенербахчэ» — гэта ў районе Кадыкёй, азіяцкі бок Стамбула: з другога боку Басфора. А я — за «Бешыкташ». І з‑за такіх розных футбольных пераваг мы часта ў дзяцінстве сварыліся.

— А колькі ў вас братоў?

— Усіх нас трое. І мама наша не працавала — гадавала сыноў. З гадамі я зразумеў, што гэта ж вельмі сур’ёзная і адказная праца! Уявіце сабе: мы з братамі так любілі футбол, што часам ладзілі матчы прама ў зале. У гасцінай! Колькі ў выніку прыйшлося шкла замяніць, рамак розных… Па гэты час у доме ўспамінаюць тыя свавольствы, цяпер ужо з гумарам. Але паколькі я быў старэйшым, то наш бацька, каб трошкі разгрузіць маці, зняць напружанне ў «тройцы», у часе вакацый браў мяне з сабой на працу. Вось чаму з ранніх гадоў я набыў і досвед у гандлі, і, што важна, у кіраўніцкай дзейнасці. З бацькам працавалі ж іншыя супрацоўнікі. А яны, кліенты, былі з розных слаёў грамадства. Мне ўжо тады даводзілася вучыцца дыялогу: пра нешта дамаўляцца, выбудоўваць стасункі. Па гэты час бачу вялікія плюсы ад досведу, атрыманага ў дзяцінстве: не ўсяму ж навучышся за школьнай партай. І я па гэты час маю прыхільнасць да тае даўняе звычкі. Для мяне гэта — стыль жыцця: мець гарманічныя зносіны з людзьмі. Гэта падобна на тое, як я не падзяляю іх на малых і дарослых, калі выходжу на вуліцу.

— Вашы бацька ды маці — абодва з Стамбула родам?

— Мая сям’я стварылася на стыку дзвюх розных культур. Мама паходзіць з сям’і, якая ў свой час пры распадзе Асманскай імперыі пераехала з Крыма ў Стамбул. І чатыры пакаленні гэтай сям’і жывуць у Стамбуле. А бацька — з Анатоліі родам, з сярэдняй яе часткі: з горада Нігдэ. Яго, дарэчы, адрознівае багатая культурная спадчына. Так што я ўбіраў у сям’і культуру і традыцыі як Стамбула, так і Анатоліі. І гэта выявілася ва ўсім: у кухні, музыцы, у тым, як складваюцца стасункі ў сям’і ды з навакольнымі ў сацыяльных зносінах, стыле жыцця. Я нейкія долі таго вялізнага досведу продкаў у нейкай прапорцыі засвоіў, прыняў для сябе як аснову.

— Якая любімая страва была ў вас ў бацькоўскай сям’і?

— Вельмі складанае пытанне! Асабліва калі гаворка заходзіць пра турэцкую кухню. Бо ў ёй столькі ўсяго смачнага! Пачну з таго, што рыбныя і мясныя стравы для мяне заўсёды любімыя. Цяпер якую б я ні назваў — сотні астатніх страваў, калі б маглі гаварыць, спыталі б: а чаму не я? (Смяемся). Рыба цюрбо з камбалападобных, мясная страва гювеч, многія віды кёфтэ… А жонка мая Эльвіра родам з Азербайджана, і шэраг страваў з азербайджанскай кухні таксама прыйшлі ў дом, у сям’ю. І ёсць сярод іх тройка, якім я аддаю перавагу. Гэта розныя стравы з баклажанаў. Ёсць, напрыклад, карны-ярык: баклажан з фаршам. Потым да яго падаецца плоў і джаджык — напой на аснове айрана з дробна нарэзаным гурком. І калі гэта ўсё, у камплекце з трох страваў, падаецца, то я не ў сілах выстаяць. Люблю сухую фасолю, сухія тэфтэлі, гювеч. Вельмі падабаецца дёнэр-кебаб. О, калі я далей буду пералічваць, вы не ў сілах будзеце мяне спыніць (смяецца). Таму сам спынюся. А тым больш, што справа набліжаецца да абеду (смяемся).

— Людзі, якія з такім захапленнем гавораць пра ежу, — сапраўдныя жыццялюбы. Падобна да таго, вы такі… Любіце жыццё…

— Дзякуй. Жыццё — гэта падарунак! Я з вамі падзялюся адным сакрэтам, калі ўжо мы з вамі зайшлі на такую цікавую тэрыторыю. Я ж не толькі есці — яшчэ і гатаваць люблю.

— Кажуць, у турэцкіх мужчын тое атрымліваецца вельмі добра…

— Бывае, калі дазваляе час, імкнуся ні кухара, ні жонку маю на кухню не падпускаць. Толькі б знайшоўся час, каб прыгатаваць для дарагіх людзей, для блізкіх смачную ежу. Гэты працэс мяне заўсёды вельмі супакойвае. Улагоджвае, можна сказаць.

— А для каго, акрамя жонкі, гатуеце?

— У мяне яшчэ два сыны: Кемаль і Эмір, 14 і 9 гадоў.

— Дзе вучацца?

— Каб яны хутчэй адаптаваліся, пазнаёміліся з мясцовай культурай, мы не сталі аддаваць іх у школу для замежнікаў. Яны ходзяць у адну з мінскіх школ, дзе адукацыя вядзецца на рускай мове. А разам з рускай выкладаецца беларуская і англійская.

— Прыемна чуць! Гэта можа быць добрым прыкладам для тых грамадзян Беларусі, якім цяжка даецца беларуская мова. А вы, напэўна, ужо ведаеце: Беларусь — краіна шматнацыянальная. У тым ліку і нашчадкі крымскіх татараў тут жывуць — больш за 600 гадоў, з часоў вялікага князя Вітаўта. Асабліва шмат іх асела тут пасля таго, як у 1506 годзе была пад Клецкам вялікая бітва з крымскімі татарамі, тысячы крымскіх воінаў былі ўзятыя ў палон. З часам яны тут рассяліліся, адаптаваліся. Прыўнеслі сюды сваю культуру — і ў той жа час увабралі ў сябе мясцовую. Так у вашай жонкі, мабыць, савецкае выхаванне было? Мову беларускую добра ведае?

У еўрапейскай частцы Стамбула — Бешыкташы Мустафа Азджан у офісе бацькі асвойваў першыя ўрокі гандлю

— Так і ёсць. Руская — яе родная мова. Крыху пазней я пра гэта і хацеў сказаць. Але, акрамя таго: так склаліся жыццёвыя абставіны, што мая будучая жонка ў 1984–85 гадах хадзіла ў дзіцячы садок у Беларусі, у Калінкавічах (апошняе слова выразна прамаўляе па-руску).

— Мабыць, сам лёс вёў сюды вас абодвух! А як вы сталі дыпламатам? Што паўплывала на выбар?

— З вярнуся зноў да дзяцінства. Я тады вельмі любіў глядзець замежныя фільмы, мне вельмі падабалася бачыць у іх розныя краіны. А ў той час мой дзядзька — а ён быў партнёрам бацькі па бізнесе — паехаў у працяглую камандзіроўку па краінах Еўропы. І пасля паездкі шмат чаго цікавага расказаў мне пра тое, што ўбачыў і перажыў. У сярэдняй школе, асабліва ў старэйшых класах, мае сябры бачылі ўва мне задаткі дыпламата. Калі мы рыхтаваліся да выпуску, сябры ў выпускным альбоме на памяць мне напісалі: «Жадаем поспехаў нашаму аднакласніку Мустафе Азджану, які збіраецца стаць дыпламатам». З моманту заканчэння пачатковай школы я быў гатовы выбраць гэтую прафесію, выбіраю яе і цяпер. Хацеў прадстаўляць сваю краіну за мяжой, а таксама знаёміцца з іншымі краінамі, іх культурамі, людзьмі. Вядома, свет таго часу адрозніваецца ад сучаснага. Каб пазнаваць іншыя краіны, сёння ўжо не абавязкова станавіцца дыпламатам. А ў той час яшчэ не было мабільных тэлефонаў, мала было і тэлевізараў. У нас, напрыклад, быў чорна-белы, наладжаны на адзіны канал. Яшчэ наперадзе былі таксама інтэрнэт, сацыяльныя сеткі.

Былі яшчэ і глыбінныя прычыны для выбару дыпламатычнага шляху. Я на самой справе быў дзіцем-ідэалістам, і па гэты дзень ідэалістам застаюся. Вельмі хацеў далейшага развіцця сяброўскіх, мірных адносінаў паміж краінамі, народамі. Верыў, што змагу ў прыдатнай абстаноўцы дамагчыся, дасягнуць маіх ідэалаў. Аднак з часам пераканаўся: пагоня за ідэалам — вельмі складаны занятак. І ўсё ж для мяне вельмі важна не здавацца, праяўляць належнае цярпенне на шляху да мэты. Працаваць усё ж такі для дасягнення ідэалаў. Імкнуся рабіць так па гэты дзень. І гэта для мяне з’яўляецца па-ранейшаму вельмі важным.

— Ці лёгка ў Турцыі стаць кар’ерным дыпламатам?

— Вельмі складана! І зусім няпроста паступіць на працу ў міністэрства — трэба гадамі, цярпліва і з высокай самааддачай для таго працаваць. Я адчуваю сябе шчаслівым! Мне ўдалося дасягнуць мэты, якую пасля заканчэння пачатковай школы перад сабой паставіў. Вядома ж, дапамагаў і досвед, які я набыў дзякуючы датычнасці да бізнесу бацькі: я з ім працаваў да 24 гадоў. А потым паступіў на дзяржаўную службу: у Міністэрства гандлю. Займаўся гандлёвай дыпламатыяй пяць гадоў. Мне і ў тым пашанцавала. Бо якраз эканамічная і гандлёвая дыпламатыя як структурныя часткі вялікай дыпламатыі вельмі важныя сёння. А я вялікае значэнне надаваў якраз эканамічнай, гандлёвай дыпламатыі. Для мяне тое заўсёды было прыярытэтам. З часам з Мінгандлю я сышоў: паступіў на службу ў Міністэрства замежных справаў. І мая праца на дзяржслужбе налічвае ўжо 27 гадоў.

— Як атрымалася, што вас прызначылі Амбасадарам у Беларусь?

— Летась мяне праінфармавалі, што я змагу паехаць на працу ў замежную камандзіроўку на пасадзе Амбасадара. У мяне была магчымасць выбіраць з амаль 20 краін: на канец 2019‑га вызвалялася столькі пасад амбасадараў! І калі я ўбачыў спіс, то падумаў: вось бы трапіць у Беларусь! У Маскве я быў па службовай неабходнасці — прыватным чынам ездзіў, у Азербайджане працаваў. Постсавецкія краіны — той рэгіён свету, да якога я адчуваю цікавасць. У тым ліку і дзякуючы жонцы мне было вядома, што Беларусь — цудоўная краіна, а беларускі народ вельмі шчыры, адкрыты. Мы таксама ведаем пра багатую гісторыю Беларусі, пра подзвіг беларускага народа ў часе Другой сусветнай вайны. І пра тое, што адну траціну насельніцтва ў гады вайны Беларусь страціла. У гады стварэння Турэцкай Рэспублікі ў нас таксама была Нацыянальна-вызваленчая вайна, яна таксама прынесла шмат гора, чалавечых ахвяраў. Наш народ, як і беларускі, праявіў гераізм, мужнасць і вялікую самааддачу. І з гэтага пункту гледжання мы бачым шмат агульнага паміж нашымі народамі. Да таго ж Беларусь сёння — гэта чыстая, бяспечная і развітая краіна. Асабіста маім прыярытэтам нумар адзін, і маёй сям’і таксама, у тым спісе была Беларусь. У адпаведнасці з традыцыяй, што ёсць у нашым Міністэрстве, паважаны спадар Міністр Меўлют Чавушаглу сам патэлефанаваў мне, абвясціў краіну, у якой трэба будзе працаваць: Беларусь. Чым мяне вельмі парадаваў.

— Гэта лёс!

— Так, без сумневу! Мы ўсе хацелі — так яно і стала. Гэта вельмі добры паварот лёсу. Дзякуем за тое Алаху. Прайшло крыху больш за 2 месяцы з дня майго прыбыцця ў Беларусь — і цяпер я разумею, што недастаткова парадаваўся, калі спадар Міністр мне патэлефанаваў (смяёмся). На самой справе мы з сям’ёй жывём у краіне, якая перасягнула нашы чаканні. Усё цудоўна! Вось нават шукаю, што б такое пакрытыкаваць, і не знаходжу.

— Якая ў вас базавая вышэйшая адукацыя?

Хобі спадара Амбасадара — рыбалка — «узыходзіць да тых самых рыбакоў, якія на ўзбярэжжы Басфора ловяць рыбу»

— У 1990‑м я закончыў Стамбульскі ўніверсітэт, факультэт эканомікі, аддзяленне міжнародных адносінаў. Затым таксама ў Стамбуле вучыўся ва Універсітэце Мармара — у Інстытуце еўрапейскай супольнасці, наведваў заняткі паслядыпломнай адукацыі. Дарэчы, да таго, як пачалася мая прафесійная дзейнасць, бацька мяне адпраўляў на два гады ў Лондан: каб я вывучыў мову. Вось такая ў мяне была падрыхтоўка да прафесіі.

— На якія пытанні ў супрацоўніцтве з Беларуссю вас арыентавалі ў Міністэрстве, калі прызначалі на пасаду?

— Як вы ведаеце, палітычныя адносіны паміж нашымі краінамі на добрым узроўні. Але мы, варта прызнаць, некалькі запазніліся з паглыбленнем супрацы адзін з адным. І вельмі важны, паваротны пункт у нашых стасунках — гэта візіт паважанага спадара Прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі Рэджэпа Тайіпа Эрдагана ў Беларусь у 2016 годзе. А ў 2019‑м у Турцыі з афіцыйным візітам пабываў паважаны спадар Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. За перыяд часу паміж гэтымі візітамі шмат чаго ўдалося дасягнуць. Нешта папоўніць, што раней зрабіць не ўдавалася. У прыватнасці, можна лічыць, што дагаворна-прававая база, неабходная для далейшага развіцця нашых адносін, цалкам гатовая. Таваразварот паміж краінамі штогод павялічваецца. Абедзве краіны рэалізавалі важныя інвестпраекты на тэрыторыі адна адной — пра тое скажу пазней. Аднак мы можам і больш цікавыя праекты рэалізоўваць. Гатовыя да таго. Перад прыездам у Беларусь я правёў сустрэчы з кіраўніцтвам ключавых ведамстваў на тэрыторыі Турцыі, якія адказныя за эканоміку, культуру, мастацтва і турызм. І на сустрэчах з усімі кіраўнікамі я ўбачыў сур’ёзныя намеры і волю для далейшага развіцця адносінаў з Беларуссю па гэтых напрамках. І аналагічную зацікаўленасць і волю да развіцця ўбачыў я ў ходзе тых кантактаў і сустрэч, якія ўжо тут правёў. Нашы лідары зрабілі ўсё, што было ў іх сілах — цяпер неабходна ўключацца ў работу нам. Закасваць рукавы дыпламатам і кіраўнікам. Хачу дадаць: у нас выдатныя адносіны, скаардынаваная праца як з дзеючым Амбасадарам Беларусі ў Турцыі — паважаным Віктарам Рыбаком, так і з ранейшым Амбасадарам, цяпер паважаным парламентарыем Андрэем Савіных. Ёсць сяброўства, паразуменне і каардынацыя ў працы.

— У якіх сферах эканомікі, на ваш погляд, узаемна выгадна для абедзвюх краін развіваць, паглыбляць супрацоўніцтва?

— Эканомікі нашых краін маюць ўзаемадапаўняльны характар. І адна для адной у іх ёсць шэраг цікавых магчымасцяў. Міністэрства гандлю Турцыі цяпер праводзіць шырокую працу для таго, каб забяспечыць далейшае развіццё эканамічных сувязяў з Беларуссю. Мы ў хуткім часе чакаем вынікаў той даследчай працы, якую Міністэрства праводзіць. А задача стаіць: выйсці на новыя ўзроўні ўзаемадзеяння. Вельмі важна, каб не толькі дзяржсектар, але і прыватны бізнес быў далучаны ў гэтую працу. Адна з такіх арганізацый, уцягненая ў гандлёва-эканамічную супрацу паміж краінамі з боку прыватнага сектара — гэта савет па знешнеэканамічных сувязях. Гэтая структура вядомая як ДЕІК. Кіраўнік звяна ў ёй, якое адказвае за развіццё адносін Турцыі з Беларуссю, — праяўны бізнесмен, старшыня праўлення лагістычнай кампаніі Йылмаз Сайджан. З моманту майго прызначэння на пасаду Амбасадара ён рэгулярна са мной на сувязі. Мы ўжо праводзім сумесную працу.

— Калі не сакрэт, у чым канкрэтна яна заключаецца?

— Мы працуем над тым, каб вывучыць: як прадстаўнікі прыватнага сектара, прадпрыемствы дзвюх краін змогуць эфектыўна займацца інвестыцыйнай дзейнасцю на тэрыторыях адзін аднаго. У Беларусі я ўжо правёў некалькі сустрэч, наведаў мерапрыемствы, пабываў на некаторых прадпрыемствах. Гэтыя кантакты мяне нават здзівілі ў добрым сэнсе. Напрыклад, я наведаў Парк высокіх тэхналогій, Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», адзін з турэцка-беларускіх форумаў для бізнесу ў Магілёве. На мой погляд, стварыўшы ПВТ, Беларусь мае сваю Крамянёвую даліну. Турэцкія фірмы павінны, безумоўна, ведаць пра магчымасці, якія фірмамі ПВТ прапануюцца. Развіццё гандлёва-эканамічных стасункаў — адзін з галоўных нашых прыярытэтаў. І мы зацікаўленыя ў тым, каб развіваць не толькі гандаль, але і ўзаемныя сумесныя інвестыцыі: як больш стабільную форму такіх стасункаў. Мы нацэлены развіваць такую супрацу, якая будзе грунтавацца на прынцыпах узаемнай выгады (win-win). Паколькі верым, што такая менавіта праца прыносіць доўгатэрміновы вынік. Супрацоўніцтва, у якім толькі адзін бок з’яўляецца бенефіцыярам, не мае будучыні. Мы зацікаўлены і ў тым, каб разам працаваць для выхада на рынкі трэціх краін. Турцыя мае 250 замежных прадстаўніцтваў, яна па гэтаму паказчыку — пятая ў свеце. Ледзь не ў кожнай краіне ёсць нашы прадстаўніцтвы! У якасці прыкладу магу прывесці такі. У горадзе Кырыккале, непадалёк ад Анкары, рэалізаваны сумесны інвестыцыйны праект Турцыі, Беларусі, Азербайджана: створана вытворчасць трактароў «Беларусь». Прычым гэтая вытворчасць арыентавана на экспарт і мае перспектыву выхаду на рынкі трэціх краін. Гэта выдатны прыклад супрацоўніцтва, і мы хацелі б павялічыць колькасць падобных праектаў. Я бачу цэлы шэраг каштоўных магчымасцяў для супрацы з Беларуссю ў такіх сферах як ІТ, нафтахімія, абаронная прамысловасць. І сельская гаспадарка — таксама вельмі важная сфера: у вас найвышэйшай якасці прадукцыя. Назапашаны вялікі багаж ведаў, тэхналогій, кампетэнцый арганізацыйнага кшталту. Нам шмат чаму трэба будзе яшчэ ў вас павучыцца.

— Турцыя, вядома ж, для многіх беларусаў цікавая як «краіна чатырох мораў», паколькі марскіх курортаў у нас няма. Што мяркуеце вы зрабіць, каб для нашых грамадзян адпачынак у Турцыі быў яшчэ больш прывабным?

— Безумоўна, і культура, і турызм таксама — прыярытэтныя для нас напрамкі для супрацы. Асабліва вялікае значэнне я надаю турызму. Бо дзякуючы гэтай сферы і туркі, і беларусы ўзаемадзейнічаюць непасрэдна, пры тым лепш пазнаюць адзін аднаго…

— І нават ствараюць сем’і …

(усміхаецца) Так, ёсць і змешаныя турэцка-беларускія шлюбы. Нам вельмі прыемна, што ў беларусаў столькі рознабаковай цікавасці да Турцыі! Пры тым наша ўзаемадзеянне ў сферы турызму можа быць і больш эфектыўным. Я ўжо бачу, што сітуацыя можа быць палепшана ў тым ліку і дзякуючы патанненню авіязносін непасрэдна паміж Беларуссю і Турцыяй. Пакуль што шмат пералётаў пры праездзе з Беларусі ажыццяўляецца праз аэрапорты суседніх дзяржаў, яны больш прывабныя па цане. І шмат скаргаў паступіла ўжо за час майго знаходжання тут на высокі кошт авіябілетаў. Скардзіліся і беларусы, і туркі. Прыводзяць прыклады, што праз Кіеў, Варшаву, Вільнюс атрымліваецца ляцець у Турцыю ці з Турцыі танней. Так што пытанне квіткоў — важнае ва ўязным турызме ў Беларусь з Турцыі. Пералёт доўжыцца 2–2,5 гадзіны, і многія грамадзяне Турцыі маглі б сабе спланаваць цікавае, спачатку азнаямленчае падарожжа проста на выхадныя. А нехта потым абавязкова вернецца і на большы час. У Турцыі ёсць цікавасць да Беларусі, але яе павінна быць больш. Бо такая прыгожая краіна, у якой ёсць парадак і чысціня, і якая бяспечная ды такая непаўторная, мае ўнікальныя рысы — не можа не цікавіць замежных турыстаў. Будзе ўзрастаць цікавасць да яе і ў Турцыі. Як Амбасадар я зраблю ўсё, што ў маіх сілах: паспрабую адпрацаваць гэтае пытанне з прафесіяналамі з турсферы, з іншымі зацікаўленымі асобамі, каб кошты на авіябілеты знізіліся. Так, Турцыя мае выдатныя ўзбярэжжы — Міжземнаморскае, Эгейскае, а таксама Мармуровае ды Чорнае моры з вядомымі курортамі. Але Турцыя — гэта ж і краіна з багатай гісторыяй, вялікай колькасцю іншых прывабных для турыстаў месцаў. Я сам здолеў пабачыць пакуль, невялікую частку яе славутасцяў. І хоць Беларусь тэрытарыяльна меншая за Турцыю, але прапануе турыстам шмат усяго цікавага паглядзець, атрымаць свежыя эмоцыі, уражанні. Каб лепш у тым арыентавацца, я планую з часам наведваць розныя месцы Беларусі, уключаючы самыя дробныя вёсачкі. Думаю, і маёй сям’і гэта будзе вельмі цікава.

— Спадзяемся, вы ўсе атрымаеце ад такіх падарожжаў моцныя ўражанні.

— Усё, што належыць зрабіць, пакуль што стрымліваецца распаўсюджваннем каранавіруса. З‑за таго давядзецца трохі пачакаць. Але я паставіў сабе задачу: у сферы турызму акрэсленыя тут прыярытэты рэалізаваць. Як вядома, у Турцыі больш за 80 мільёнаў жыхароў. Беларусь для нас — гэта сяброўская краіна, і важна даць турэцкім турыстам магчымасць з ёй бліжэй пазнаёміцца.

Ёсць яшчэ адзін важны кірунак супрацы: медыцынскі турызм. У Турцыі за апошні час адбылося істотнае развіццё гэтай індустрыі. Людзі з еўрапейскіх дзяржаў, з Амерыкі прыязджаюць, каб атрымаць неабходнае лячэнне, і можа, зрабіць аперацыю, а заадно адпачыць. У той жа час туркам, якія хацелі б палепшыць сваё здароўе, будзе карысна і нават неабходна прыехаць у Беларусь. Паколькі гэта «лёгкія Еўропы», тут шмат рэк і азёр з чыстай вадой, чыстым паветрам. Людзі тут могуць, змяніўшы звыклую для іх абстаноўку, напоўніцца энергіяй, абнавіцца. Вашу краіну проста трэба лепш прадставіць у Турцыі, глыбей пазнаёміць з ёй маіх суайчыннікаў.

— Мы ведаем, што турэцкія кампаніі рэканструявалі некаторыя гатэлі ў Мінску, у тым ліку Crowne Plaza Minsk 5* каля Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама», пяцізоркавы Прэзідэнт-Гатэль. Як лічыце: магчымыя турэцкія інвестыцыі ў далейшае развіццё турсферы ў Беларусі? Або для вашых інвестараў больш прывабныя іншыя сферы?

— Час пакажа. А пакуль, я ведаю дакладна, турэцкія прадпрыемствы зацікаўлены ў інвестыцыях у такія сферы, як энергетыка, будаўніцтва аўтадарог, ачышчальных збудаванняў. Гэта значыць: у рэалізацыю інфраструктурных праектаў. Турэцкія будаўнікі-падрадчыкі добра вядомыя ў свеце, яны — на другім месцы пасля кітайскіх. Са справаздач Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі ды развіцця бачна: турэцкія кампаніі на міжнародных рынках і аб’ектах пастаянна пацвярджаюць сваю кампетэнцыю. Як вы ведаеце, турэцкі бізнес інвеставаў сродкі ў аднаго з мабільных аператараў Беларусі: кампанію сотавай сувязі Life:). У Беларусі працуе адна з фармацэўтычных кампаній Nobel. Ёсць дзве фірмы, якія наведаў я ў часе паездкі ў Магілёў, іх можна ўжо назваць турэцка-беларускімі. Яны створаны дзякуючы турэцкім інвестыцыям і шмат гадоў тут працуюць. Гэта фірма «БелЭмса» па вытворчасці падгузнікаў і сродкаў асабістай гігіены (пад маркай Senso Baby) ды вытворчасць кампаніі «Сечиль Каучук», на якой вырабляюць розныя ўшчыльняльнікі, пракладкі з гумы. Там жа я наведаў прадпрыемства «Магілёўхімвалакно» і ўпэўнены: з калегамі ў Турцыі, якія занятыя вытворчасцю аналагічнай прадукцыі, у яго можа скласціся выдатная супраца. Не сумняваюся, што, падарожнічаючы па Беларусі, наведваючы яе гарады, я ўбачу іншыя аб’екты, якім будзе выгаднай супраца з турэцкімі партнёрамі. Я ўжо казаў пра зборачную вытворчасць у горадзе Кырыккале, як паспяховы інвестпраект беларусаў у Турцыі. Яшчэ дапоўню, што ў горадзе Сіноп, на Чарнаморскім узбярэжжы, быў рэалізаваны сумесны інвестпраект па выпуску дзіцячых цацак «Палессе». І колькасць паспяховых сумесных праектаў будзе расці. А, як гаварыў у свой час мой бацька, дзе развіваецца гандаль — там непазбежныя і нейкія рознагалоссі. У нас таксама ёсць некаторыя цяжкасці, звязаныя з дзейнасцю гэтых фірмаў і кампаній. Але я перакананы, што менавіта ў дыялогу і дзякуючы канструктыўнаму падыходу, жаданню зразумець адзін аднаго мы ўсе тыя пытанні зможам вырашыць.

— Спадзяемся, паспяховая праца ўжо існуючых прадпрыемстваў будзе спрыяць з’яўленню і новых сумесных праектаў…

— Несумненна, гэта так. Інвестары ва ўсім свеце дастаткова асцярожныя, нават баязлівыя. І, бачачы гісторыі поспеху ў Беларусі — як з кампаніяй Лайф, так і з іншымі, — турэцкія інвестары будуць смялей выходзіць на беларускі рынак са сваімі праектамі.

— Як вы ставіцеся да серыялаў? У Беларусі, дарэчы, да турэцкіх ставяцца паважліва. Сярод іх ёсць і высокамастацкія. Мы чулі ад знаёмых не раз, што такім чынам, калі не маеш магчымасці пазнаёміцца з культурай Турцыі ўжывую, можна больш даведацца пра гісторыю, асаблівасці менталітэту вашага народа з гістарычных фільмаў. Такіх, напрыклад, як маштабны фільм кінастудыі «Tekden Film» «Уваскрослы Эртугрул», які апавядае пра далёкую гісторыю Турцыі. Як вы ведаеце, Эртугрул быў бацькам заснавальніка Асманскай імперыі, Асмана Першага.

— Смела і адкрыта вам прызнаюся: вы закранулі такую тэму, у якой я і мая сям’я слабейшыя за ўсё. Я люблю адкрытасць і шчырасць у гутарцы, а таму скажу: мы не тая сям’я, што любіць бавіць час перад тэлевізарам. І ўсё ж стараемся адсочваць выхад нейкіх тэлефільмаў, тэлесерыялаў. Безумоўна, фільмы карысныя, яны граюць сваю важную ролю, бо, сапраўды, знаёмяць з турэцкай культурай, гісторыяй, ладам жыцця, ментальнасцю народа. Турэцкія серыялы спрыяюць умацаванню адносін паміж людзьмі. Два гады таму мне па працы давялося быць у краінах Лацінскай Амерыкі. Я наведаў Бразілію, Балівію, Парагвай, Аргенціну. І вельмі здзівіла мяне, што людзі ў тых краінах, аказваецца, добра знаёмыя з навінкамі турэцкай тэле- і кінаіндустрыі. Шпацыруючы па Сан-Паула, сталіцы Бразіліі, я раптам усвядоміў сябе ў асяроддзі афішаў, якія інфармавалі пра новы турэцкі кінасерыял! І я тады задумаўся: ці праўда, што я ў Бразіліі? А можа ў Анкары? (Смяёмся). Пасля той паездкі я стаў больш уважліва адсочваць, што ж адбываецца ў нашай кінаіндустрыі.

— Якія крокі вамі зроблены па развіцці супрацоўніцтва ў сферы культуры?

— Адны з першых маіх кантактаў у Беларусі былі якраз па частцы развіцця супрацы ў сферы культуры, мастацтва. У нас ёсць планы, праекты на будучыню, звязаныя з прадстаўленнем дакументальных турэцкіх фільмаў у Беларусі. Мы пачалі прапрацоўку пытання: кантактуем з зацікаўленымі ведамствамі. Я перакананы, што неабходна знаёміць турэцкіх гледачоў з беларускімі кінапрацамі. Асабліва з фільмамі, якія здымаліся ў Беларусі пра Беларусь, у тым ліку датычна падзей Другой сусветнай вайны. Частку з тых фільмаў я паспеў паглядзець, хачу пабачыць іншыя. Іх таксама трэба паказваць у Турцыі.

— Ці ўваходзіць у планы Амбасады наладжванне «літаратурных мастоў» паміж Турцыяй і Беларуссю, кантактаў з беларускімі выдаўцамі, перакладчыкамі?

— Асабіста я надаю вялікае значэнне літаратуры. Вельмі люблю кнігі, чытанне. І хоць у наш час на першы план выходзяць сацыяльныя сеткі, я ўсё ж хачу верыць, што кніга сваю важнасць, значэнне захавае, не страціць. Неўзабаве пасля майго прыбыцця ў Беларусь тут праходзіла чарговая Мінская міжнародная выстава-кірмаш. Мы ў ёй прынялі ўдзел. А ў будучыні хочам разгарнуцца шырэй, палепшыць змест сваёй работы ў гэтым кірунку. Вось чаму адной з першых маіх сустрэч стала знаёмства і зносіны з Міністрам інфармацыі, паважаным Алесем Карлюкевічам. На мой погляд, народы абедзвюх краін пакуль недастаткова праінфармаваныя пра літаратуру адзін аднаго. Мала перакладных кніг было апублікавана. У 2021‑м мы маем намер паўдзельнічаць у выставе-кірмашы як з больш буйным стэндам, так і з удзелам запрошаных паэтаў, празаікаў з Турцыі. А ў 2022‑м хацелі б паўдзельнічаць у выставе ў якасці ганаровага госця. Для таго пачалі адпаведную працу. Безумоўна, у гэтай сферы дзейнасці вельмі важная роля выдавецтваў, перакладчыкаў, пісьменнікаў, для якіх дзверы маёй Амбасады адчыненыя. Мы адкрытыя да дыялогу, каб рэалізоўваць сумесныя праекты.

— Ці вялікая ў Беларусі турэцкая дыяспара? Ці ёсць у Амбасады з яе прадстаўнікамі сумесныя культурна-адукацыйныя праекты?

— Раней я працаваў у консульстве ў нямецкім горадзе Гамбургу. Там колькасць турэцкіх грамадзян у краіне — 120 тысяч. Тут па нашых запісах — каля 625 чалавек. Але туркаў становіцца ўсё больш, і асабліва таму спрыяюць змешаныя шлюбы, а таксама дзеці, якія нараджаюцца ў такіх сем’ях. Так што жыццё падштурхоўвае нас, каб мы развівалі ўзаемадзеянне ў сферы культуры, адукацыі. У Мінску ёсць дзіцячая дашкольная ўстанова — яслі-сад, на базе адной з груп там вядзецца навучанне на турэцкай мове. Але мы бачым, што адной групы недастаткова. Трэба адкрываць яшчэ. І патрэбен клас у пачатковай школе, дзе навучанне будзе весціся на турэцкай і рускай мовах.

— Што кажуць вашы тутэйшыя суайчыннікі пра жыццё ў Беларусі?

— Дыяспара тут нешматлікая. Людзі нашы добра інтэграваліся ў беларускае грамадства, паважаюць і любяць яго — і ў адказ карыстаюцца любоўю і павагай. І мне як Амбасадару пашанцавала ў тым сэнсе, што няма нейкіх цяжкасцяў, пытанняў, звязаных з жыццём дыяспары, якія патрабавалі б майго ўмяшання. А калі ўспомніць усе цяжкасці, пытанні, якія мне ў іншых краінах даводзілася вырашаць — гэта заняло б нямала часу. Тут дыяспара ўдзельнічае ў культурнай дзейнасці. Не так даўно на базе Мінскага лінгвістычнага дзяржуніверсітэта праходзіла памятнае мерапрыемства, прысвечанае важным падзеям у Турэцкай Рэспубліцы. І дыяспара таксама актыўна ўдзельнічала. Запланаваны шэраг іншых праектаў, мэта якіх — знаёміць беларусаў з нашай краінай. Карыстаючыся выпадкам, я загадзя і вас на гэтыя імпрэзы запрашаю. Буду рады вас там бачыць.

— Дзякуем вам, шаноўны спадар Амбасадар, за цікавую гутарку!

Іван і Валянціна Ждановічы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.