Вы тут

Шрага Царфін. Самы беларускі з усіх парыжскіх мастакоў


Некалькі месяцаў, з канца мінулага года, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі працавала выстава «Шрага Царфін. Вядучы да святла». У экспазіцыі, якая распавядала пра творчасць мастака Парыжскай школы, ураджэнца беларускага мястэчка Смілавічы, былі прадстаўлены дзясяткі найцікавейшых карцін.


Вытокі — у беларускім мястэчку Смілавічы

Адразу трэба сказаць, што гэта першая ў Беларусі персанальная выстава Файбіша-Шрагі Царфіна. І прымеркавана яна была да 120‑годдзя мастака (1899–1975). Экспазіцыя знаёміла гледача з працамі Царфіна, якія належаць групе кампаній А‑100, а таксама прадстаўляла карціны аўтара з прыватных калекцый, распавядала пра яго мастацкія і духоўныя пошукі.

Так, сухія біяграфічныя радкі кажуць аб наступным. Файбіш-Шрага Царфін нарадзіўся 7 студзеня 1899 года ў Смілавічах, непадалёк ад Мінска. Пачаў маляваць яшчэ ў раннім дзяцінстве. У 1900‑х быў знаёмы з Хаімам Суціным, таксама выхадцам з мястэчка Смілавічы — праз трыццаць гадоў яны зноў сустрэнуцца ўжо ў Парыжы. У 1913 годзе Царфін, ідучы па слядах Суціна, паступіў у Віленскую малявальную школу, але праз год з’язджае ў Палестыну. Там ён вучыцца ў Школе мастацтваў Бецалель, працуе ў кібуце. У 1918–1920 гадах служыў у брытанскай арміі, змагаўся за вызваленне Палестыны з улады Аттаманскай імперыі.

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Царфін вяртаецца ў Бецалель, удзельнічае ў шэрагу выстаў. Жадаючы працягнуць адукацыю, ён едзе ў Берлін, а праз год перабіраецца ў Парыж. Там займаецца самаадукацыяй, пачынае супрацоўнічаць з выдавецтвамі і дамамі мод, выстаўляецца. У 1929 годзе Царфін ажэніцца, праз два гады разам з жонкай яны атрымаюць французкае грамадзянства.

У 30‑х гадах Царфін актыўна працуе як мастак па тэкстылі. Крытыкі называюць яго «віртуозам эскізаў для тканін». У гады Другой сусветнай вайны амаль усе працы Файбіша-Шрагі мінулых гадоў бясследна зніклі, толькі эскізы для тканін цудам захаваліся ў шэрагу прыватных архіваў. На выставе ў Мінску было прадстаўлена некалькі такіх эскізаў.

Падчас Другой сусветнай вайны Царфін спачатку служыць у французкай арміі, затым дэмабілізуецца і ўдзельнічае ў руху Супраціўлення. Нават у той складаны час адбыліся тры яго персанальныя выставы — адна ў Грэноблі і дзве ў Ліёне. Менавіта тады Царфін распрацоўвае тэхніку, якая стала потым яго «фірмовым стылем»: яму ўдаецца змяшаць гуаш і алейныя фарбы.

У 1945 годзе Царфіны вяртаюцца ў Парыж. Але неўзабаве — праз два гады — пераязджаюць у Роні-су-Буа, маленькі гарадок блізу французкай сталіцы. Жыццё ў пасляваеннай Францыі, разбуранай і разрабаванай нацыстамі, было вельмі складаным, але менавіта ў той час Царфін вырашае браць прыклад са свайго старэйшага сябра Хаіма Суціна і цалкам прысвячае сябе жывапісу. Яго творчасць усё больш носіць адбітак напружанага ўнутранага жыцця мастака, асабліва пасля таго, як ён даведваецца пра гібель бацькоў у смілавіцкім гета. І толькі ў 1960‑х гадах мастаку ўдаецца пераадолець унутраны душэўны крызіс. Яго працы паступова пачынаюць ззяць выдатным блакітным колерам, напаўняюцца спакоем.

Адной з вядучых тэм у творчасці Шрагі Царфіна з’яўляюцца пейзажы Францыі, якая стала яму другой радзімай. Мастак быў выдатным каларыстам, ён выкарыстаў своеасаблівую індывідуальную палітру, выпрацаваў пазнавальную тэхніку, увесь час знаходзячыся ў пошуку новых выразных сродкаў. Яго творы знаходзяцца ў многіх музеях Францыі, калекцыях баронаў Ротшыльдаў і сям’і Чарлі Чапліна.

Знаёмыя і блізкія Царфіна адзначалі яго містыцызм, імкненне да інтэлектуальных зносін. Мастак шмат чытаў, стараўся падарожнічаць, знаёмячыся з новымі краямі і людзьмі.

Шрага Царфін памёр у 1975 годзе пасля працяглай хваробы і пахаваны на могілках Роні-су-Буа.

Выстава як спазнанне таленту

Усяго на выставе «Шрага Царфін. Вядучы да святла» ў Мінску было прадстаўлена 52 работы мастака, створаныя ў розныя гады, якія адлюстроўваюць самыя разнастайныя грані яго таленту. Самая вялікая колькасць карцін, збор твораў з калекцыі групы кампаній А‑100, набыта ў спадчыннікаў мастака два гады таму, але ўпершыню прадстаўлялася беларускай публіцы.

Як распавёў куратар выставы Юрый Абдурахманаў, дачка мастака не хацела прадаваць працы бацькі, але ўсё ж беларускія бізнесмены пераканалі яе, што творчасць Царфіна павінна быць прадстаўлена на гістарычнай радзіме. Цікава таксама, што ідэя «вярнуць» мастака ў Беларусь належала Паўлу Латушку, цяперашняму генеральнаму дырэктару Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, у гады, калі ён быў Амбасадарам Беларусі ў Францыі.

Дарэчы, на адкрыцці выставы ў Мінску прысутнічалі не толькі мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі бізнес-супольнасці і калекцыянеры, але і сваякі мастака: пляменнікі з дзецьмі, унук і праўнучка. Яны спецыяльна прыехалі на вернісаж з Францыі, Расіі, Ізраіля.

— Наша сям’я вельмі ўдзячная беларусам за тое, што яны так ставяцца да творчасці майго дзеда. Мы гэтым вельмі ганарымся, — сказаў унук мастака Іў Дзюлак. — Для нашай сям’і важна, што менавіта на радзіме дзеда ўпершыню сустрэліся прадстаўнікі розных галін Царфіных — з Расіі, Ізраіля і Францыі. Для нас гэта вялікае шчасце. Гэта мой трэці прыезд у Беларусь. Смілавічы сталі для мяне родным месцам. Гэтым разам прыехаў з дачкой. Мае расійскія сваякі таксама прывезлі сваіх дзяцей, каб пазнаёміць з гістарычнай радзімай.

— У Файбіша-Шрагі было тры браты і дзве сястры, але ўсе яны з’ехалі са Смілавічаў па розных прычынах. Наша сям’я раскідана па свеце. Мы вельмі ўдзячныя Беларусі, Нацыянальнаму мастацкаму музею, які сабраў нас усіх разам, — адзначыла ўнучатая пляменніца мастака Эла Царфін.

Творчасць Шрагі Царфіна, яго біяграфію да гэтага часу працягваюць даследаваць мастацтвазнаўцы. У сваіх карцінах ён імкнуўся перадаць хвалюючыя яго духоўныя і філасофскія праблемы. Хоць у асноўным пісаў французкія пейзажы. Карціны, якія былі прадстаўлены на цяперашняй мінскай выставе, без перабольшання, зачароўвалі. Пейзажы, выкананыя ў сіне-зялёных танах, нібы зацягвалі, запрашаючы гледачоў прагуляцца па палях і гарах Францыі, прайсціся пад скляпеннямі храмаў, палюбавацца морам. Некаторыя працы адлюстроўвалі сельскае жыццё, былі нацюрморты. Цікавасць прадстаўлялі і эскізы тканін, бо нездарма мастак у 1930‑х гадах стаў адным з самых паспяховых дызайнераў у тэкстыльнай прамысловасці. Маюцца звесткі, што шэраг эскізаў ён выканаў для пачынаючай сваю кар’еру Како Шанэль.

На выставе былі прадстаўлены і асабістыя рэчы майстра: працоўны нататнік, палітра і скрыня для фарбаў, сямейныя фотаздымкі, дакументы, успаміны аб Хаіме Суціне. Так, з гэтым мастаком ён быў добра знаёмы, яны раслі ў адным мястэчку і ў Парыжы падтрымлівалі сяброўскія адносіны.

— Выстава вельмі разнастайная. Царфін — чароўны, абаяльны, таямнічы мастак. Яго творчасць па-рознаму інтэрпрэтуюць. Мне падабаюцца выказванні французкіх даследчыкаў, якія гавораць пра тое, што яго карціны прызначаныя для гарманізацыі душы. Сапраўды, яны аказваюць моцнае эмацыйнае ўздзеянне. Мастак прыцягвае ўвагу, ім цікавяцца. Мы вельмі рады, што персанальная выстава Царфіна прайшла ў нашым музеі, — адзначыла вядучая навуковая супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Надзея Усава.

На выставе былі арганізаваны аўтарскія экскурсіі, лекцыі ад мастацтвазнаўцаў, якія дапамагалі лепш пазнаёміцца з творчасцю аднаго з выдатных мастакоў Парыжскай школы. Штодня дэманстраваўся фільм Зоі Катовіч пра Шрагу Царфіна. У рамках выставачнага праекта быў выпушчаны і першы каталог мастака на рускай мове.

— Творчасць Царфіна заўсёды выклікала павышаную цікавасць беларускай публікі на ўсіх выставах, прысвечаных Парыжскай школе. Яго часцяком загадкавыя карціны адлюстроўваюць доўгі і складаны шлях духоўных пошукаў, які мастак прайшоў сам і па якім ён вядзе свайго гледача, — сказаў галоўны куратар праекта Юрый Абдурахманаў.

— Шрага Царфін як фігура мультыкультурная і мультынацыянальная з’яўляецца выдатным увасабленнем адкрытасці свету, якой мы хочам спрыяць тут і цяпер, абапіраючыся на нацыянальную культурную спадчыну, — дадаў старшыня Наглядальнага савета «А‑100» Аляксандр Цэнцер. — Нарадзіўшыся ў Беларусі і пражыўшы большую частку жыцця за яе межамі, Царфін стаў грамадзянінам свету, таму яго творчасць — гэта ўвасабленне культурных сувязяў, якія ўсталяваліся паміж беларускім і замежным мастацтвам. Спадзяемся, што набыццё намі работ Царфіна і экспанаванне іх у Беларусі стане новым этапам развіцця гэтых кантактаў».

…Сёння згадку пра беларускае мястэчка Смілавічы можна знайсці ў любой больш-менш прыстойнай энцыклапедыі — там нарадзіўся знакаміты Хаім Суцін. Некалькі гадоў таму, дзякуючы энтузіязму музейных работнікаў і падтрымцы ЮНЭСКА, у Смілавічах была адкрыта невялікая экспазіцыя, прысвечаная знакамітаму на ўвесь свет мастаку.

А вось іншы ўраджэнец Смілавіч і сябра Суціна — Файбіш-Шрага Царфін, які таксама з’яўляўся прадстаўніком мастацкай плыні, вядомай пад назвай «Парыжская школа», не стаў такім жа знакамітым. І пра яго ў Беларусі да апошняга часу практычна ніхто не ведаў. На шчасце, дзякуючы праекту «Белгазпрамбанка» па стварэнні калекцыі мастакоў Парыжскай школы — ураджэнцаў Беларусі, у краіну вяртаюцца палотны Шагала, Суціна, Кікоіна. І Царфіна!

Біяграфія з адценнямі розных колераў

Шрага Царфін нарадзіўся ў заможнай яўрэйскай сям’і. Яго бацька валодаў гарбарнай майстэрняй і быў даволі адукаваным чалавекам, які чытаў Тургенева і Талстога. Усё жыццё Царфін з любоўю ўспамінаў пра дзіцячыя гады, праведзеныя ў Смілавічах. Па сведках сяброў і блізкіх, ён мог гадзінамі распавядаць пра мястэчка ў атачэнні лясоў, пра Волму, у водах якой хлапчуком ён купаўся летам, а зімой катаўся на каньках па замерзлай рацэ. Аднойчы хлопчык праваліўся ў палонку і моцна стукнуўся галавой аб яе край. На шчасце, яго выратавалі. Распавядаючы пра тое праз шмат гадоў, мастак не без гонару дэманстраваў вялікі шрам на патыліцы.

Яшчэ ў раннім дзяцінстве Шрага захоплена малюе, пакрываючы старонкі канторскіх кніг бацькі сваімі малюнкамі. Нягледзячы на розніцу ў сацыяльным становішчы, бацькі Суціна і Царфіна былі прыяцелямі. Магчыма, дзякуючы гэтаму. Суцін, які ўжо вучыўся ў Віленскім мастацкім вучылішчы, дазваляў маленькаму Шрагу назіраць за сваёй працай. Захоплены хлопчык пачынае маляваць з яшчэ большым энтузіязмам. Ёсць звесткі пра тое, што ўжо тады яму было дазволена намаляваць фігурку анёла для ўпрыгожвання Летняга тэатра ў Смілавічах. Нібыта менавіта пасля гэтага бацька Царфіна змірыўся і сказаў яму: «Добра, пастарайся стаць мастаком, як малады Суцін».

У 1913 годзе Шрага Царфін паступае ў Віленскае мастацкае вучылішча. Далейшае жыццё Царфіна нагадвае авантурны раман. У 1914 годзе ён з’язджае ў Палестыну, якая з’яўлялася ў той час часткай Аттаманскай імперыі. Амаль два гады юны Шрага жыве і працуе ў кібуцы: у полі, на асушэнні балот, галадаючы і пакутуючы то ад спёкі, то ад холаду. Затым ён паступае ў Ерусалімскую школу мастацтваў «Бецалель». У 1918 годзе Палестына пераходзіць пад брытанскі пратэктарат. Царфіна прызываюць у брытанскую армію. Пазней мастак з гумарам успамінаў, што гэта дазволіла яму не памерці з голаду, бо папярэднія два гады ён харчаваўся ледзь не адным інжырам.

У верасні 1920 года Царфін дэмабілізуецца. Датуль ён не пераставаў маляваць. Амаль адразу ж пасля вяртання з войска ўдзельнічае ў выставе, арганізаванай новымі ўладамі Ерусаліма: крытыка адзначае яго палотны. У Ерусаліме ў маладога мастака шмат сяброў, некаторыя з іх сталі пасля буйнымі палітычнымі дзеячамі Ізраіля або вядомымі мастакамі. Калі ў 1923 годзе Царфін вырашае з’ехаць у Германію, каб браць урокі жывапісу ў знакамітага Макса Лібермана, яны ўгаворваюць Шрагу застацца. Аднак ён усё ж ад’язджае ў Еўропу — спачатку ў Берлін, дзе, у прыватнасці, удзельнічае ў выставе «Berlіner Sezessіon», а затым у Парыж. У сталіцы сусветнага мастацтва ён збліжаецца з мастакамі, многія з якіх былі выхадцамі з Расійскай імперыі. Па словах Царфіна, у той час ён разумее, што яму яшчэ шмат чаму трэба вучыцца. Шрага знішчае большасць сваіх ранніх работ і без стомы наведвае музеі, галерэі і выставы. На Манмартры ён сустракаецца з Суціным. Хаім проста апантаны жывапісам, але гібее ў такой галечы, што Царфін вырашае працаваць дзе заўгодна і кім заўгодна, абы пазбегнуць падобнай долі. Дарогі двух землякоў зноў разыходзяцца.

Тым не менш, увесь гэты час Царфін не забывае пра жывапіс. Ён імкнецца ўдзельнічаць у выставах Салона Незалежных. Суцін, якога Царфін адшукаў у Парыжы ў 1930‑х гадах па просьбе яго сям’і («У нас няма ніякіх звестак аб Хаіме», — пісалі бацькі Суціна Царфіну), усяляк заахвочвае Царфіна займацца жывапісам і дае яму каштоўныя парады. Па ўспамінах Ліліян, дачкі Царфіна, Суцін даволі часта бываў у іх дома.

У 1939 годзе пачалася Другая сусветная вайна. Царфіна прызываюць на ваенную службу. Баючыся нацысцкіх рэпрэсій, яго жонка і маленькая дачка пешшу сыходзяць на поўдзень Францыі. Зрэшты, даволі хутка рэжым Вішы падпісвае з Гітлерам пагадненне аб перамір’і і падзеле Францыі на дзве зоны. Французкая армія распускаецца.

Дэмабілізаванаму Царфіну ўдаецца адшукаць сваю сям’ю. Усе разам яны хаваюцца спачатку ў горадзе Брыве, а затым у Ліёне. Уладальнік дома на вуліцы Рэй у 14‑м квартале Парыжа, дзе Царфіны жылі да вайны, скарыстаўся выпадкам, каб прыбраць да рук іх кватэру. Увесь сямейны архіў, уся маёмасць і карціны Царфіна, створаныя да 1940 года, бясследна знікаюць. Па ацэнцы самога мастака, у кватэры захоўвалася каля трохсот яго прац — карцін, акварэляў, эскізаў. Акрамя таго, у Царфіна была невялікая калекцыя работ сяброў-мастакоў, магчыма, і Суціна.

Ганенне на яўрэяў вымушае Царфіных перабрацца ў наваколле Грэнобля. Зрэшты, нават у той час Царфіну ўдаецца выстаўляцца: у лістападзе 1941 года ў галерэі Нотр-Дам у Грэноблі, у сакавіку 1942 года ў «Прытулку мастакоў» у Ліёне і ў ліпені таго ж года — у Ліёнскай галерэі «Фальклор». У той час ён шмат эксперыментуе з гуашшу, часта змешваючы яе з алейнымі фарбамі. Жывапіс яго становіцца больш упэўненым і ў той жа час — больш трывожным, больш экспрэсіўным.

Маленькая кватэрка Царфіных у Грэноблі з’яўляецца адной з явак Супраціўлення, і, калі небяспека трапіць у рукі гестапа ўзмацняецца, Царфіны перабіраюцца ў невялікую альпійскую вёсачку, дзе хутка абзаводзяцца сябрамі сярод мясцовых сялян. Мастак працягвае напружана працаваць. У 1945 годзе Царфін прадстаўляе публіцы персанальную выставу работ, створаных падчас вайны. Затым муж і жонка забіраюць дачку з манастыра і вяртаюцца ў Парыж.

Зрэшты, пазбавіўшыся жылля і ўсёй сваёй маёмасці, яны з цяжкасцю зводзяць канцы з канцамі. На шчасце, сваякі з Амерыкі дапамагаюць грашыма, а сябры-мастакі дзеляцца з Царфіным фарбамі і палотнамі. У спустошанай вайной Францыі амаль няма працы, але мастак не адчайваецца — і піша, піша, піша… Пры гэтым амаль перастае выстаўляцца. Крытыка і публіка паступова забываюць пра яго. Дачка Ліліян распавядае, што Царфін вельмі неахвотна расставаўся са сваімі працамі, прадаючы іх толькі вельмі вузкаму колу калекцыянераў. Часам, калі не было на што купіць нават хлеба, яго жонка ўпотай выносіла адну-дзве карціны на продаж. Лёс многіх з іх сёння невядомы.

Карціны, якія кранаюць сваёй музыкай

У 1950‑х гадах мастак часта бывае ў Нармандыі, у прыватнасці, у мястэчку Онфлеры, якому прысвечаны некалькі яго карцін, мноства малюнкаў і эскізаў. У той жа час Царфін стварае цэлы шэраг работ, якія прысвечаны цэрквам і саборам Парыжа, яго ваколіцам. Крытыкі асабліва адзначаюць тыя працы, лічачы, што ў іх «Царфін знайшоў дагэтуль невядомыя колеры і адценні. Мастак падняўся да самых вяршыняў мастацтва».

Менавіта ў той час Царфін збліжаецца з шэрагам мастакоў Парыжскай школы — з Абердамам, Анчарам, Прэсманам, Гарфінкелем, аднаўляе знаёмства з землякамі Кікоіным і Крэменем.

Цікавасць да жывапісу Царфіна з другой паловы 1950‑х пастаянна расце. У лістападзе 1954 года Генеральная дырэкцыя прыгожых мастацтваў і літаратуры Францыі купляе для дзяржаўных музеяў адзін з пейзажаў Царфіна. Вядомы філосаф і мастацтвазнаўца Эцьен Сурьё, які выкладае ў той час у Сарбоне, прысвячае Царфіну адну са сваіх універсітэцкіх лекцый і піша некалькі артыкулаў, называючы яго творчасць «адным з вышэйшых дасягненняў сучаснага мастацтва». А мастацкі крытык Эманюэль Рэ так пісаў пра мастака: «Царфін нагадвае мне вялікага рускага паэта Ф. Цютчава, для якога знешні свет з’яўляўся толькі мімалётным і недаўгавечным бачаннем, ненадоўга ўзнікаючым з хаосу і тут жа ў ім знікаючым…».

У 1958 годзе каля трыццаці работ Царфіна былі прадстаўлены публіцы на выставе ў «Доме інтэлектуалаў» у Парыжы. Шэраг вядомых французкіх калекцыянераў купляюць іх. Сёння найбольш буйны збор жывапісу і гуашаў Царфіна знаходзіцца ў калекцыі Поля Рампено — каля 90 работ! Рампено адзначаў нейкую асаблівую музычнасць твораў Шрагі Царфіна: «У жывапісе Царфіна адчуваецца тая ж грандыёзнасць, якая трасе нас, калі мы слухаем Баха».

У 2012 годзе ў Беларусі пабываў унук Царфіна — Іў Дзюлак. Паводле яго слоў, ён быў шчаслівы ўбачыць радзіму дзеда і асабліва — Смілавічы. На адкрыцці выставы «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» ў Нацыянальным мастацкім музеі Іў Дзюлак перадаў ад сваёй сям’і дар музею — два палотны Шрагі Царфіна, якія сёння можна ўбачыць у калекцыі музея.

Партрэт на фоне вайны

Паліто, капялюш, ледзь улоўная ўсмешка ў кутках вуснаў… На фотаздымках Царфін — выліты француз, ні за што не прызнаць у ім выхадца з мястэчка Смілавічы пад Мінскам. А між тым улюбёнец парыжскай публікі да канца сваіх дзён успамінаў бацькаву хату, рэчку Волму і басаногае дзяцінства пад працяглыя народныя песні на беларускай мове.

Царфін быў адным з тых творцаў, якія ніколі не выракаліся ад спраў зямных дзеля высокага мастацтва. Да прыкладу, ён прымудрыўся двойчы пабываць у войску: у маладосці служыў у брытанскім, а ў 1939‑м — у французкім. Дзіўна, але творчасці гэта не перашкодзіла: мастак пісаў заўсёды і ўсюды. Пазней альбом малюнкаў, зробленых ім у пачатку Другой сусветнай вайны, быў набыты французкім урадам.

Не кінуў палатно і фарбы Шрага і калі хаваўся падчас нацысцкай акупацыі, а яго кватэра стала адной з явак французкага Супраціўлення. Альбо такі факт: персанальныя выставы Царфіна з поспехам прайшлі ў 1941, 1942 і 1944 гадах у розных гарадах Францыі. Менавіта ў ваенныя гады крытыкі разглядзелі ў ім сур’ёзнага мастака.

У жывапісца з’яўляецца свой адметны стыль. Прэса захоплена пісала: «… Пейзажы, кветкі і чалавечыя фігуры, змененыя лірычным парывам, які як бы адбірае іх з прыроды, перамяшчаючы ў свет выдумкі, часцяком суровы і разлютаваны. У гэтым свеце контуры прадметаў ператвараюцца ў вар’яцкія арабескі, а фарбы становяцца знакамі нейкай матэрыі, якая ўзнікла ў выніку тонкай і майстэрскай алхіміі».

Гуаш алеем не сапсуеш

Карціны Царфін пісаў хутка. Яркія зачаравальныя палотны ствараліся літаральна за адну раніцу. Але гэтаму папярэднічала доўгая падрыхтоўчая праца. Спачатку мастак фатаграфаваў месцы, якія яго натхнялі. Затым рабіў шмат невялікіх накідаў. І толькі пасля гэтага браўся за «чыставік». Уставаў вельмі рана, націраў паркет да бляску, затым наліваў гарбату і тварыў. Дарэчы, не заўсёды пэндзлем — часцяком маляваў пальцамі.

Унікальная асаблівасць пісьма Царфіна — у змешванні фарбаў. Яго асабістым адкрыццём стала спалучэнне алею і гуашы. Фарбы на палотнах за кошт гэтага набывалі асаблівую глыбіню і нават свячэнне, якое так часта адзначалі крытыкі.

— У падарожжах ён заходзіў ва ўсе цэрквы. Усе рэлігіі для яго былі добрыя. Храмы дарылі яму гармонію і радасць, асабліва калі там быў арган. Бацька вельмі любіў музыку Баха. Бо яму патрэбен быў акампанемент, каб маляваць, — дзялілася ўспамінамі дачка жывапісца Ліліян.

Да Пікаса — па-суседску

Суцін доўгія гады будзе арыенцірам Царфіна. Услед за сябрам Шрага паедзе ў Вільню, а потым і ў Парыж. Аднак іх творчыя шляхі складуцца зусім па-рознаму. Хаім застанецца непрызнаным геніем без гроша ў кішэні, а яго зямляк здабывае славу і грошы як аўтар эскізаў для тканін. У 1930‑х лепшыя модныя дамы Парыжа цярпліва чакалі сваёй чаргі, каб папрацаваць з ім.

— Нельга сказаць, што ў тыя гады Царфін растрачваў свой талент марна. Тое, чым ён займаўся, паўплывала на яго жывапіс у далейшым, — упэўненая Надзін Няшавер, эксперт па Парыжскай школе 1905–1939 гадоў. — Калі глядзіш на яго карціны, ствараецца ўражанне, быццам малюнак накладзены адбіткам. Колеры на іх ззяюць.

Здавалася, мастак дасягнуў мяжы мараў: любімыя жонка і дачка, добры заробак, выдатная кватэра ў Парку-дэ-Монсуры ў моднай па тых часах 14‑й акрузе Парыжа. У суседзях — Пікаса, Далі і Хэмінгуэй. Але шумныя вечарынкі, дзе збіраўся ўвесь творчы квет французкай сталіцы, былі чужыя сціпламу Царфіну. Толькі сябар дзяцінства Хаім Суцін ведаў, што для поўнага шчасця не хапала аднаго — жывапісу. Калі ў 1936‑м яны ў чарговы раз сустрэліся, зямляк нагадаў пра сапраўднае прызначэнне мастака і параіў пачаць з нуля. Шрага ўспрыняў словы старэйшага таварыша літаральна: узяў ды і знішчыў усе свае працы.

Загадкавы Царфін раскрыўся ў фільме

Гаворка, вядома ж, пра фільм «Блукаючая зорка са Смілавічаў» Зоі Катовіч і Юрыя Абдурахманава.

Калі фільмы пра Шагала — гэта часцей за ўсё экранізацыя ўжо вядомых фактаў, то пра Царфіна — даследаванне ў форме кінадакументалістыкі. Фільм глядзіцца на адным дыханні і прадстаўляе ўнікальныя факты, сабраныя аўтарамі падчас двухгадовай здымачнай экспедыцыі па Францыі, Венгрыі, Літве, Ізраілі, Беларусі.

Яго варта было ўбачыць хаця б дзеля таго, каб пазнаёміцца з творчасцю Царфіна, пра якога нават усюдыісны інтэрнэт мае вельмі сціплае прадстаўленне. Справа ў тым, што большасць карцін мастака захоўваюцца ў прыватных калекцыях. У Венгрыі жыве сябар Царфіна, які калекцыянуе яго працы, але зняць іх на камеру было няпроста. Стваральнікі фільма з ім дамовіліся пры ўмове, што здымкі будуць праходзіць пры пэўным асвятленні і да карцін не будуць дакранацца. Так што выявы зімовых пейзажаў, букетаў, людскіх фігур, якія трапілі ў фільм, — сапраўды сабраныя па ўсёй Еўропе макулінкі золата. Іх больш нідзе не ўбачыш.

А паглядзець ёсць на што. Яшчэ пры жыцці пра Царфіна пісалі, што ён «знайшоў невядомыя да гэтага часу фарбы і адценні», «стаў сапраўднай з’явай у свеце мастацтва». Яго краявідамі швейцарскі доктар лекаваў неўроз і дэпрэсіўныя засмучэнні. А калекцыянеры кажуць, што ёсць у працах Царфіна музычнасць, якая ставіць яго ў адзін шэраг з Бахам. Мабыць, гэта не толькі талент, але і выпакутаваная творчасць, якая толькі адно і здольна суцяшаць. Яшчэ падлеткам ён вылецеў з бацькоўскага гнязда і праз гады пасяліўся ў Парыжы. Прайшоў дзве вайны. Бацькі загінулі ў смілавіцкім гета. А сам ён працягваў маляваць, нават хаваючыся ад нацыстаў.

Ёсць у фільме ўнікальныя кадры сямейнай хронікі. Запіс голасу Шрагі, які чытае вершы і спявае калыханку на рускай і беларускай мовах. У Смілавічах ён так больш і не пабываў, хоць любіў сваё мястэчка і часта пра яго распавядаў. Царфін напісаў і ўспаміны пра Суціна. Паводле яго мемуараў даследчыкі з розных краін, якія прыязджалі на «Суцінскія чытанні» ў 2015 годзе, змаглі знайсці дакладнае месца, дзе стаяў дом мастака. Так што, Царфін — значная фігура, і дзіўна, што яго імя толькі цяпер пачынае гучаць.

Такі ён, самы беларускі з парыжскіх мастакоў. Час усё расстаўляе па сваіх месцах. Месца Царфіна — у Беларусі.

Творчасць Царфіна суправаджалі таямніцы. У 1930-я гады ён сам знішчыў свае раннія працы. Каля трохсот палотнаў згублена падчас вайны. Нарэшце ў 1964 годзе сем карцін і дванаццаць гуашаў, якія выстаўляліся ў Оксфардзе, зніклі сярод белага дня і да гэтага часу не знойдзеныя.

Веніамін Міхееў

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.