Вы тут

Служба — дні і ночы. Пра асаблівасці работы Дэпартаменту аховы МУС


Дэпартамент аховы нездарма лiчыцца адной з самых мабiльных службаў у сiстэме Мiнiстэрства ўнутраных спраў. Гэтая рэпутацыя створана дзякуючы нарадам груп затрымання. Iх альфа i амега — аператыўнае рэагаванне на любыя падзеi, якiя пагражаюць жыццю i здароўю людзей або iх маёмасцi.


Але з выгляду супрацоўнiкi Дэпартамента нiчым не адрознiваюцца ад iншых супрацоўнiкаў органаў унутраных спраў. Сакрэт iх поспеху — у пастаянных трэнiроўках i рабоце над сабой.

Пра асаблiвасцi службы расказаў начальнiк Кастрычнiцкага (горада Мiнска) аддзела Дэпартамента аховы МУС Беларусi палкоўнiк мiлiцыi Аляксандр Цiхановiч.

Рабочая змена ў групы затрымання доўжыцца 12 гадзiн. Байцы загадзя прыбываюць у падраздзяленне, атрымлiваюць зброю, экiпiруюцца i праходзяць iнструктаж. Пасля гэтага яны выязджаюць на маршруты патрулявання.

— Нашы супрацоўнiкi на высокiм узроўнi падрыхтаваны не толькi фiзiчна, але i псiхалагiчна. Гэта дазваляе iм дзейнiчаць у самых розных абставiнах, у тым лiку i нестандартных, — адзначае Аляксандр Цiхановiч.

У пачатку снежня спрацавала кнопка трывожнай сiгналiзацыi ў адным з гандлёвых цэнтраў Мiнска. Туды экстранна выехаў нарад групы затрымання. Прычына выкліку аказалася даволi трывiяльная: адзiн з пакупнiкоў доўга выбiраў сабе куртку, а калi ўсё ж вызначыўся, то паспрабаваў выйсцi проста ў ёй за межы магазiна, не заплацiўшы за пакупку. Спрацавала антыкрадзежная сiстэма. Работнiкi крамы спынiлi пакупнiка i тут жа звярнулiся ў мiлiцыю. Зладзюжка, у сваю чаргу, вырашыў разыграць сцэнку: ён лёг на падлогу i сам сабе выклiкаў хуткую дапамогу. Медыкам, якiя прыехалi на выклiк, ён растлумачыў, што праглынуў завостраныя манеты. Пад пiльным наглядам супрацоўнiкаў Дэпартамента аховы яго павезлi на рэнтген, якi паказаў, што ў страўнiку сапраўды знаходзяцца металiчныя прадметы. Але навошта iх было глытаць, чалавек так i не адказаў.

Вiдэападручнiк i iнтэрактыўны цiр

Кожны мiлiцыянер групы затрымання атрымлiвае новыя веды ўвесь час, пакуль служыць. Яму трэба пастаянна быць гатовым да таго, што ў любы момант можа пачацца супрацьстаянне з узброеным злачынцам.

— На базе нашага аддзела створаны сапраўдны вучэбны палiгон, — расказвае Аляксандр Цiхановiч. — Ён складаецца з некалькiх навучальных месцаў. Там змадэляваны кватэра, офiс, банкамат. Усе гэтыя пункты абсталяваны сродкамi ахоўнай сiгналiзацыi. Гэта дазваляе пастаянна адпрацоўваць тактыку дзеянняў нарадаў групы затрымання, калi паступае сiгнал трывогi. Дзейнiчае ў нас i iнтэрактыўны цiр — там нашы супрацоўнiкi вучацца правiлам i прыёмам стральбы з пiсталета Макарава i аўтамата Калашнiкава. У навучальным класе мы паказваем вучэбныя фiльмы. Яны прысвечаны, з аднаго боку, прыкладам узорнага нясення службы, а з другога — дазваляюць лепш аналiзаваць дапушчаныя памылкi i пралiкi. Створана i выдатная спартыўная база. Тры залы выдзелены для заняткаў на трэнажорах, барацьбы i гульнявых вiдаў спорту — мiнi-футбола, валейбола, баскетбола.

Двайное злачынства дапамаглi раскрыць сабакi

Кiналагiчныя разлiкi — неад'емная частка аддзела Дэпартамента аховы. У асноўным службу нясуць нямецкiя аўчаркi, алё ёсць i бельгiйскiя, у прыватнасцi малiнуа. Час работы сабакi наўпрост звязаны з графiкам мiлiцыянера-кiнолага. Супрацоўнiк мусiць абавязкова выгуляць i накармiць жывёлу. Маршрут патрулявання пры гэтым распрацаваны такiм чынам, каб была магчымасць раз на паўтары гадзiны даць пабегаць чатырохлапаму памочнiку.

На тэрыторыi Кастрычнiцкага аддзела Дэпартамента аховы МУС размешчаны гадавальнiк службовых сабак Мiнскага гарадскога ўпраўлення дэпартамента. Яны выкарыстоўваюцца для работы па ўсiм горадзе. Iх мiсiя — не толькi ўзмацнiць нарады падчас патрулявання ў складзе груп затрымання: яны таксама дапамагаюць ахоўваць грамадскi парадак. Тут абсталявана спецыяльная паласа перашкод для дрэсiроўкi, i штотыдзень не менш за чатыры гадзiны кiнолагi працуюць над тым, каб кожны рух, кожны навык сабакi падчас затрымання злачынцы быў адточаны да аўтаматызму.

Просiм расказаць некалькi прыкладаў, калi службовы сабака дапамог абясшкодзiць зламыснiка.

— У лютым гэтага года ад дзяжурнага Заводскага РУУС Мiнска нарадам паступiла паведамленне пра тое, што хтосьцi разбiў у краме шыбу i ўцёк. Да магазiна неадкладна выехала група затрымання Заводскага аддзела Дэпартамента аховы, — згадвае Аляксандр Цiхановiч. — На месцы падзей вiдавочца расказаў мiлiцыянерам, што лiтаральна за дзесяць хвiлiн да таго з акна крамы выскачыў мужчына i пабег у лес. Байцы тут жа адправiлiся прачэсваць масiў у раёне Партызанскага праспекта. Прыблiзна праз трыста метраў яны заўважылi чалавека з сумкамi, якi вiдавочна ўцякаў. Прагучала патрабаванне спынiцца. Мужчына папярэджанне праiгнараваў. У вынiку яго за лiчаныя секунды дагнала аўчарка. Пасля высветлiлася, што ў сумках знаходзiлiся тры бензапiлы на агульную суму больш за 2,5 тысячы рублёў. А наш герой аказаўся раней судзiмы.

У канцы лiстапада ў Першамайскае РУУС Мiнска звярнулiся супрацоўнiкi адной з шаурменных. Яны паведамiлi пра тое, што хтосьцi ўзламаў акно ў рабочым памяшканнi. Адтуль знiклi электрачайнiк, грыль-печ i... уся выручка. Памяшканне было абсталявана сiстэмай вiдэаназiрання. Запiсы з камер сышчыкi вывучылi вельмi хутка, склаўшы партрэт меркаванага злачынцы. На месца разбiральнiцтва тым часам прыбыў кiналагiчны разлiк. Службовы сабака Аза тут жа ўзяў след i пацягнуў за сабой гаспадара. Больш за паўтара кiламетра нямецкая аўчарка iшла па следзе. Нарэшце, павярнуўшы ў чарговы двор, каля пад'езда аднаго са шматпавярховiкаў мiлiцыянеры ўбачылi маладога чалавека, што па прыкметах быў вельмi падобны да злодзея, якога шукалi. Сабака пачаў падаваць голас. 26-гадовы жыхар Мiнскага раёна адпiрацца не стаў. Ён прызнаў тое, што меў дачыненне да крадзяжу, i выдаў усе скрадзеныя рэчы, якiя захоўвалiся ў кватэры знаёмага.

Праўда, гэтая справа мела вельмi нечаканы працяг. У той жа дзень увечары ў Першамайскае РУУС паступiла яшчэ адно паведамленне аб незаконным пранiкненнi ў памяшканне. Гэтым разам гаворка iшла ўжо аб прыватным доме. Гаспадары, якiя звярнулiся ў мiлiцыю, расказалi, што нехта прабраўся да iх праз акно, але нiчога не скраў. На месца здарэння выехаў кiналагiчны разлiк Дэпартамента аховы. Аўчарка на мянушку Ларнака тут жа ўзяла след. Яна доўга круцiлася па раёне, але ў рэшце рэшт прыйшла... да той самай шаурменнай, пра якую ўжо апавядалася вышэй. I далей маршрут Ларнакi цалкам супаў з тым, якi некалькiмi гадзiнамi раней мiлiцыянеры ўжо прайшлi. Зладзюжка запiрацца не стаў i прызнаўся, што да таго, як залезцi ў шаурменную, вырашыў папытаць шчасця ў тым самым прыватным доме. Але нiчога каштоўнага, па яго словах, ён там не знайшоў i таму для ўзбагачэння выбраў ужо iншы аб'ект.

Увогуле сабака для мiлiцыянеракiнолага — гэта перш за ўсё баявы сябар. Яшчэ шчанюкамi жывёлы штатна замацоўваюцца за кiнолагамi. Яны могуць жыць або дома ў сваiх гаспадароў, або ў гадавальнiку. На жаль, працоўны век сабакi нядоўгi — «пенсiя» для iх настае ва ўзросце васьм–дзесяцi гадоў. У 80 % выпадкаў чатырохлапых напарнiкаў забiраюць сабе дадому кiнолагi, з якiмi яны неслi службу. Калi ж такой магчымасцi няма — сабаку перавядуць на вартавую службу на ахоўных аб'ектах.

Служба — днi i ночы

Летась нарады груп затрымання аддзела выбывалi па сiгналах больш за 10 тысяч разоў. Колькасць выездаў па краiне i ўвогуле перасягнула праз паўмiльёна. Але цi заўжды гэта выключна спрацоўваюць сiгналiзацыi?

— Насамрэч, не, хоць яны i складаюць пераважную большасць выпадкаў, — кажа Аляксандр Цiхановiч. — Але тым не менш затрымана больш за 1800 злачынцаў, якiя не толькi квапiлiся на ахоўныя аб'екты, але i пагражалi жыццю i здароўю мiрных людзей. Прычым толькi за першы квартал гэтага года нашы байцы абясшкодзiлi 240 зламыснiкаў. Часцей за ўсё нагодай для баявога выезду становяцца дробныя крадзяжы, рабаваннi, хулiганствы, разбоi. Але ёсць i iншыя прычыны — напрыклад, адключэнне электраэнергii, пажар i нават памылковыя дзеяннi гаспадара памяшкання. Гэта значыць, ён увайшоў у кватэру, а з сiгналiзацыi зняць яе забыўся. Цi, напрыклад, яго хатнi гадаванец так падрос, што патрабуецца пераналадка сiстэмы, каб яна спрацоўвала на больш габарытны аб'ект.

Нярэдка нашы супрацоўнiкi выязджаюць у месцы, дзе бывае шмат людзей. Гэта перш за ўсё крамы i гандлёвыя цэнтры, дзе перыядычна ўзнiкаюць канфлiктныя сiтуацыi i здзяйсняюцца дробныя крадзяжы. Шмат спрэчак i часам нават боек адбываецца ў забаўляльных установах, калi iх наведвальнiкi добра разгарачаны алкаголем.

Быць на крок наперадзе

Доўгiя гады сiгналiзацыя працавала наступным чынам: пасля адкрыцця кватэры ў яе гаспадара было прыкладна каля хвiлiны, каб патэлефанаваць у Дэпартамент аховы i назваць кодавае слова. Час на месцы не стаiць, i ў канцы 1990-х былi распрацаваны больш надзейныя тэхнiчныя сродкi. Мадэрнiзацыя iх працягваецца i цяпер.

— Напрыклад, у нас паспяхова рэалiзаваны праект па ўкараненнi аўтаматызаванага рабочага месца, — працягвае суразмоўца. — Сiстэма дазваляе групам затрымання ў рэжыме рэальнага часу кантраляваць сiтуацыю на ахоўных аб'ектах. З яе дапамогай вызначаецца самы кароткi маршрут да месца выклiку. Супрацоўнiкi, атрымаўшы сiгнал трывогi, ужо ў дарозе могуць скарыстацца звесткамi пра ўсе патрэбныя характарыстыкi аб'екта, вывучыць яго планiроўку. Такая сiстэма эксплуатуецца цяпер усiмi групамi затрымання аддзела. Пастаянна абнаўляецца i аўтапарк. У нас няма аўтамабіляў, выпушчаных раней за 2013 год.

Адным словам, нашу маёмасць ёсць каму берагчы.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота дадзена Дэпартаментам аховы МУС

Загаловак у газеце: Калi адлiк iдзе на секунды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Уступленне ў дарослае жыццё — як выхад у космас

Псiхолаг тлумачыць, чаму паўза пасля заканчэння школы — не трагедыя.

Эканоміка

Як вылечыць эканомiку ад каранакрызiсу?

Як вылечыць эканомiку ад каранакрызiсу?

Нягледзячы на тое што сучасны свет перажываў досыць шмат эканамiчных крызiсаў, той, што разгортваецца ў 2020 годзе, — унiкальны. 

Грамадства

Маладая актрыса Iрына Якавец: Нецiкавых роляў не iснуе

Маладая актрыса Iрына Якавец: Нецiкавых роляў не iснуе

Першым спектаклем, у якiм я ўзяла ўдзел, быў «Вясёлы Роджэр».

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт.