Вы тут

Як каранавірус становіцца полем для злачынстваў


Абвешчаная пандэмiя COVID-19 змянiла за паўтара месяца безлiч сацыяльных працэсаў у свеце. Аказала яна ўплыў i на праявы крымiналу. У сакавiку 2020 года Еўрапол выпусцiў спецыяльны даклад на тэму таго, як злачынцы эксплуатуюць сiтуацыю з COVID-19. Сярод фактараў уплыву — высокi попыт на пэўныя тавары, знiжэнне мабiльнасцi людзей, большае выкарыстанне лiчбавых тэхналогiй i iнтэрнэту, павелiчэнне трывогi. Як жа гэта працуе ў Беларусi?


Бiзнес — нiчога асабiстага

Нядаўна ўрад Беларусi прыняў рашэнне аб тым, што медыцынскiя маскi i iншыя сродкi iндывiдуальнай абароны, зробленыя на любым суб'екце гаспадарання незалежна ад яго формы ўласнасцi, могуць адгружацца выключна ў адрас двух прадпрыемстваў — «Фармацыя» i «Белмедтэхнiка». Менавiта iм даручана насыцiць рынак Беларусi гэтымi рэчамi. Але нават у такiх умовах знайшлiся дзялкi, якiя захацелi зарабiць звышдаходы на такiх неабходных сёння сродках iндывiдуальнай абароны. Прадпрыемства пажадала прадаць маскi камерцыйным структурам па трывiяльнай прычыне — яны больш плацяць. Калi дзяржаўная ўстанова гатова заплацiць за адну штуку 10 капеек, то прайс камерсантаў — рубель за маску. Натуральна, што цана, якую плацiў за яе канчатковы пакупнiк, была яшчэ вышэйшая.

21 красавiка ў Мiнску супрацоўнiкамi мiлiцыi быў затрыманы ўраджэнец Мексiкi. Нелегальным мiгрантам госць з амерыканскага кантынента ў Беларусi не быў — у яго ёсць дазвол на пражыванне ў нашай краiне. Цiкавiла аператыўнiкаў iншае. Замежнiка спынiлi якраз у той момант, калi ён на мiкрааўтобусе вёз маскi, вырабленыя на адным з мiнскiх прадпрыемстваў. Ды i партыя была, мякка кажучы, унушальная — 164 тысячы адзiнак. Падчас разбору высветлiлася, што гэтае ж прадпрыемства раней ужо рэалiзавала яму 408 тысяч масак.

Супрацоўнiкi аддзела па барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi высветлiлi, што за два няпоўныя месяцы прадпрыемства прадало прыватным структурам амаль тры мiльёны масак. Лiчба касмiчная. Асаблiва калi ўлiчыць, што толькi 10 % ад гэтай колькасцi было адгружана ў адрас «Фармацыi» i «Белмедтэхнiкi».

Яшчэ адзiн хiтры вытворца знайшоўся ва Уздзе. Ён паведамiў адпаведным структурам пра тое, што маскi рабiць не можа. Прычына — абсталяванне няспраўнае, ды i з набыццём сыравiны вялiкiя праблемы. Але, як зазначылi ў Мiнiстэрстве ўнутраных спраў, вытворчасць у цэхах лiтаральна буяла. Кожныя суткi прадпрыемства адгружала звыш 30 тысяч масак. Сумарна «налева» пайшло каля 450 тысяч вырабаў. Падчас вобыску аператыўнiкi знайшлi таксама 56 тысяч паўфабрыкатаў — масак, якiя былi збольшага гатовы, — проста да iх не прымацавалi завушыны i не было ўпакоўкi. Цана гатовага тавару няспынна расла, свой працэнт бралi i камерцыйныя структуры. А ў вынiку ўвесь «банкет» аплачваў канчатковы пакупнiк.

Яшчэ адзiн замежнiк спрабаваў нелегальна прадаць праз iнтэрнэт 260 абарончых рэспiратараў. Некалькi месяцаў таму ён набыў iх у адным са сталiчных гандлёвых цэнтраў. На момант рэалiзацыi цана аднаго такога рэспiратара падскочыла ў некалькi разоў, да 12 рублёў. Натуральна, прадавалася ўсё гэта праз iнтэрнэт без якiх-небудзь дакументаў — што i стала падставай да прыцягнення 43-гадовага мужчыны да адказнасцi за незаконную прадпрымальнiцкую дзейнасць.

У поле зроку аператыўнiкаў трапiла i 33-гадовая жыхарка Вiцебска, якая вырашыла зарабiць на перапродажы праз iнтэрнэт медыцынскiх пальчатак. Яна набыла iх на адной з гандлёвых пляцовак, дзе пасля i прадавала. Агульны кошт канфiскаваных тавараў пацягнуў больш чым на 400 рублёў.

Цяпер па выяўленых фактах праводзiцца праверка, вырашаецца пытанне аб тым, каб прыцягнуць парушальнiкаў да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за незаконную прадпрымальнiцкую дзейнасць.

— Агулам у Беларусi выяўлена ўжо каля двух дзясяткаў фактаў незаконнай рэалiзацыi сродкаў iндывiдуальнай абароны, — паведамiла афiцыйны прадстаўнiк МУС Вольга Чамаданава. — Складзена столькi ж адмiнiстрацыйных пратаколаў за незаконную прадпрымальнiцкую дзейнасць i парушэнне правiл гандлю i аказання паслуг насельнiцтву. Аператыўнiкi канфiскавалi з незаконнага абарачэння даволi вялiкую колькасць сродкаў iндывiдуальнай абароны — больш за 250 тысяч медыцынскiх масак, 6 тысяч пар пальчатак i 80 лiтраў дэзынфiцыруючага сродку. Агульны кошт тавараў перавысiў 180 тысяч рублёў.

Запалохаць i пакiнуць без грошай

Натуральная чалавечая рэакцыя на небяспеку, якую ўяўляе сабой каранавiрус, — страх. Стапрацэнтнай абароны ад гэтага нябачнага ворага пакуль не iснуе. Затое актывiзавалiся махляры, якiя карыстаюцца сiтуацыяй i мяркуюць на ёй узбагацiцца.

— Такiя зламыснiкi — дасведчаныя псiхолагi, якiя ўпэўнена выкарыстоўваюць прыёмы пераканання, — заўважае Вольга Чамаданава. — Дзякуючы гэтаму яны вельмi лёгка ўваходзяць у кантакт з ахвярай i выклiкаюць да сябе прыязнае стаўленне. Робяць яны стаўку i на асаблiвасцi ўзросту, з-за якiх пажылыя людзi не заўжды могуць дэталёва запомнiць iх знешнасць i пасля апiсаць яе.

Галоўная задача такога чалавека — трапiць у вашу кватэру i чым-небудзь там пажывiцца. А для гэтага ён можа прыкiнуцца кiм заўгодна. Напрыклад, як адрознiць сапраўднага медыцынскага работнiка ад фальшывага? Цэлы злачынны «спектакль» быў разыграны ў Баранавiчах. Дзве жанчыны прыйшлi дадому да мясцовай жыхаркi, каб прапанаваць запiс на бясплатную вакцынацыю. Падабенства з медыкамi дадавалi маскi, якiя жанчыны надзелi на свае твары. Падчас афармлення «заяўкi» адна з iлжэмедыкаў непрыкметна адлучылася, як пасля высветлiлася — у суседнi пакой. Калi ж вiзiцёркi сышлi, то старая выявiла, што знiкла буйная сума грошай.

— Таму нi ў якiм разе не адчыняйце дзверы незнаёмцам, — раiць Вольга Чамаданава. — Будзьце пiльныя i вельмi асцярожныя, калi гутарку з вамi заводзiць незнаёмы чалавек. Зносiны з iм у межах уласнага жылля трэба выключыць. Па магчымасцi патэлефануйце родным або суседзям. Калi гэтага зрабiць не атрымлiваецца, то трэба папрасiць вiзiцёра прыйсцi пазней. I пазначце на вiдным месцы спiс тэлефонных нумароў камунальных, сацыяльных i аварыйных службаў, а таксама рэгiстратуры палiклiнiкi i свайго ўчастковага iнспектара. Яны вам спатрэбяцца для праверкi наведвальнiка — цi сапраўды ён той, кiм прадстаўляецца.

Пад прыцэлам злачынцаў не толькi наяўныя грошы, але i тыя, што ляжаць на банкаўскiм рахунку, а таксама персанальныя звесткi.

— Нам вядома пра выпадак iмiтацыi афiцыйнай рассылкi СМС-паведамленняў на мабiльныя тэлефоны, — адзначыла афiцыйны прадстаўнiк ГУУС Мiнгарвыканкама Наталля Ганусевiч. — У ёй паведамлялася пра аднабаковае рашэнне банка пералiчыць працэнты па дэпазiце ў Фонд барацьбы з каранавiрусам згодна з пастановай Савета Мiнiстраў. Але ўся соль у тым, што такой пастановы не iснуе ў прыродзе. Да гэтага паведамлення была прымацавана спасылка. Калi на яе нацiснуць, то там запытваюцца асабiстыя звесткi. Як толькi вы iх паведамляеце — тым самым даеце махляру ключ да ўсiх сродкаў, якiя на гэтай картцы ляжаць.

Толькi гэтым спосабам ашуканцы не абмяжоўваюцца. Напрыклад, у свеце сёння распаўсюджана рассылка лiстоў нiбыта ад iмя Сусветнай арганiзацыi аховы здароўя. Мэта адпраўшчыкаў iдэнтычная — пры дапамозе сацыяльнай iнжынерыi выцягнуць з вас усе неабходныя паролi i iншыя персанальныя звесткi. Пры гэтым яны могуць маскiравацца цалкам, на першы погляд, дабрачыннымi матывамi — напрыклад, зборам ахвяраванняў на барацьбу з вiрусам. Таму мiлiцыянеры раяць такiя паведамленнi проста iгнараваць, а тым больш не пераходзiць нi на якiя спасылкi i не паведамляць паролi, звесткi з карткi i яе CVV-код.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Каранавiрус як поле для злачынстваў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.