Вы тут

Андрэй Кароль: Мастацкі тэкст — больш прамы шлях да чытача


Зусім нядаўна ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшаў раман з назвай «Румянец анемона». Увага ў ім засяроджана на гістарычных абставінах фарміравання дыялогу паміж усходняй і заходняй культурамі ў эпоху элінізму. Аўтар Андрэй Кароль — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар педагагічных навук — распавёў пра адрозненні ў працы з мастацкім і навуковым тэкстам, шчыльную сувязь паміж здабыткамі эпохі элінізму і сённяшнімі інавацыямі ў педагогіцы, а таксама пра ролю вывучэння літаратуры ў фарміраванні асобы.


Фота Кастуся Дробава

Гэта ваша першая мастацкая кніга. Што стала імпульсам для яе напісання і выдання?

— Хутчэй за ўсё, тут спрацавалі разам некалькі фактараў: і мае навуковыя даследаванні, якія закранаюць даволі цікавы перыяд сусветнай гісторыі — эпоху элінізму, і пэўная аматарская цікаўнасць, бо я з дзяцінства захапляюся гісторыяй.

— Чаму вы засяродзілі ўвагу менавіта на гэтым гістарычным перыядзе?

— Сістэма эўрыстычнага навучання на аснове дыялогу, распрацаваная мной, заснавана на пэўных метадалагічных, філасофскіх, псіхалагічных каранях. З пункту гледжання філасофіі і гісторыі такімі каранямі і з’яўляюцца стасункі, дыялог паміж дзвюма выбітнымі цывілізацыямі культурнага тыпу — заходняй і ўсходняй. Дзе, як не ў эпосе элінізму, калі, па словах Плутарха, перамяшаліся народы ўсходу і  захаду, шукаць гэты найбагацейшы факталагічны матэрыял?.. Пасля распаду імперыі Аляксандра Македонскага ўтварылася некалькі буйных дзяржаў на тэрыторыі Блізкага і Сярэдняга Усходу — дзяржава пталемеяў у Егіпце, дзяржава селяўкідаў на тэрыторыі сучасных Сірыі, Ірана, Палесціны і шэрагу іншых краін. Такія дзяржавы і ўяўлялі сабой цэнтр заходне-ўсходняга дыялогу, бо грэка-македонская культура прынесла на землі, дзе існавала ўласная сістэма вераванняў і традыцый, шмат свайго. Дагэтуль няма адказу на пытанне, што тады адбылося: элінізацыя ўсходу або арыенталізацыя захаду.

З пункту гледжання педагагічнай навукі, у гэтым перыядзе важна зразумець, да чаго прывёў сінтэз палярных культур. Калі браць праекцыю на плоскасць адукацыі, то гэта актыўнасць, дзейнасць вучня, рацыянальныя спосабы спасціжэння свету і  ў  той жа час абсалютна ўсходні тып: ірацыянальнасць, псіхафізіялагічнасць, культы маўчання і гэтак далей.

Адна з маіх прац, якая выйшла ў пачатку 2000-х гадоў, прысвечана дыялогу ўсходняга і заходняга культурнага тыпаў у мадэрнізацыі адукацыі — абагульненне самых розных бакоў жыцця людзей старажытнай эпохі праз тое, як гэта можа быць карысным у стварэнні сістэмы навучання. Давялося даследаваць шмат манаграфій на гэтую тэму. Падалася цікавай ідэя пераасэнсаваць пэўныя выключна гістарычныя падрабязнасці, мала знаёмыя і звычайнаму гісторыку, які не займаецца гэтым перыядам. Змяшэнне народаў Усхода і Захаду — значна большае, чым проста гістарычны перыяд, гэта эпоха, якая абсалютна змяніла свет, той дыялог логікі і вобраза, дзвюх сістэм мыслення, якія, па словах Вернэра Гейзенберга, заўсёды прыводзяць да чагосьці новага. Тады адбылося фарміраванне хрысціянства.

Я намагаўся максімальна падрабязна перадаць гістарычны кантэкст — праз разнастайны побыт. Калі паглыбіўся ў кантэкст, стала вельмі цікава раскрыць псіхалогію дзеючых асоб. Вельмі шмат імёнаў там прыдуманыя, але ёсць і тыя, што сустракаюцца ў гістарычных дакументах. Гісторыя разам з філасофіяй і пэўнай псіхалогіяй працавалі на навуковыя мэты.

— Чаму для адлюстравання гэтай эпохі выбралі менавіта фармат мастацкага твора?

— Я не прафесійны даследчык гісторыі, але захацелася гэта ўсё раскрыць, расфарбаваць і даследаваць праз псіхалогію. Было вельмі цікава паказаць усю гістарычную палітру, не толькі знешнюю, але і ўнутраную, людзей, якія тады жылі.

— Лягчэй было пісаць мастацкі твор, чым навуковыя працы?

— Навука патрабуе строгай дэтэрмінаванасці, усё павінна быць лагічна абгрунтавана. Так сама арганізавана славесна-лагічнае мысленне, гэтым характарызуецца тэорыя атамізму, якая ляжыць у аснове асэнсавання заходняга культурнага тыпу — калі з літар мы складаем словы, са слоў — сказы. Зусім іншы стыль мыслення, пісьма ва ўсходнім успрыманні: рэлятывізм, хвалевая прырода свядомасці, у  якой няма чорнага і белага, бо гэта ўзаемазвязаныя рэчы.

Калі паглыбляешся ў стварэнне мастацкага тэксту, гэта вялікая ломка, бо пераходзіш у зусім іншую палярнасць, пераступаючы праз своеасаблівую бездань, бясконцасць. У роўнай ступені складана пасля вярнуцца, перастроіцца. Але, калі шукаеш нейкага адпачынку, гэта карысна. Хаця і вельмі складана. У мяне змяніўся стыль навуковых артыкулаў пасля таго, як пачаў практыкаваць такія рэчы.

Раман «Румянец анемона» пісаў, калі яшчэ не быў нават кандыдатам навук. Пачаў у 1999 годзе, скончыў у 2003-м. Пасля ўзяў пэўную паўзу і не вяртаўся да гэтага. Успрымаў літаратурную творчасць як хобі, не больш, і ніколі не прэтэндаваў на званне прафесійнага пісьменніка, але разумею, што мастацкая форма данясення любога матэрыялу  — іншы шлях дайсці. Навуковыя тэксты ўтрымліваюць шмат цікавых звестак, але яны існуюць найперш у спецыфічнай, абмежаванай сферы і не дойдуць, хутчэй за ўсё, да звычайнага чалавека. Мастацкі тэкст — больш прамы шлях да чытача. У маім выпадку ён дазваляе праз зразумелую форму рэалізоўваць змест, які мае навуковую спецыфіку. Таму ў канцы 2019 года з’явіліся «Эўрыстычныя казкі: навучанне праз адкрыццё» — вельмі цікавы праект, у якім далёкая ад навукі форма казак раскрывае глыбокія педагагічныя рэчы, канкрэтныя стрыжневыя моманты дыдактыкі праз жыццё персанажаў, якія будуць цікавыя не толькі маленькім чытачам, але і іх бацькам. Ідэя праекта — стварыць такі ланцужок матэрыялаў, пачынаючы ад аўдыторыі самых маленькіх і да самых дарослых, які б утрымліваў пэўныя рэчы, што застаюцца непарушнымі на працягу ўжо тысячагоддзяў і ў той жа час увасоблены ў канкрэтныя інавацыйныя тэхналагічныя сістэмы навучання.

— А якім вы бачыце чытача «Румянца анемона»?

— Вопыт і практыка падказваюць, што не ўсё, што прызначана для дзяцей, будзе запатрабавана толькі дзіцячай аўдыторыяй. Таксама і гэтая кніга. Яна найперш прызначана чалавеку, які хоча падумаць, у чымсьці разабрацца. Фінансавыя, ваенныя, гістарычныя тэмы і працэсы, звязаныя з эпохай элінізму, актуальныя і сёння, таму кожны можа знайсці штосьці цікавае для сябе. Але кніга больш арыентавана на дарослую аўдыторыю, паколькі там закранаюцца даволі сур’ёзныя псіхалагічныя праблемы.

— Што вам бліжэй з мастацкай літаратуры, ці ёсць любімыя кнігі або аўтары?

— Вядома ж, ёсць. Калі казаць пра паэзію, то гэта японская лірыка — «Творы ста паэтаў». Сто шэдэўраў былі аб’яднаны ў 1235 годзе ў адну структуру вядомым паэтам Фудзівара-но Тэйка. Іх можна перачытваць і кожны раз знаходзіць нешта новае, прычым не толькі паэтычныя рэчы, але і псіхалагічныя, гістарычныя, педагагічныя. Другое — Барыс Пастарнак, яго позняя творчасць — «Сестра моя — жизнь», вершы Юрыя Жывага. Проза — шэраг кітайскіх класічных аўтараў. Астатняе — больш пад настрой. Часта даводзіцца сутыкацца, з аднаго боку, з навуковым творам, але, з іншага боку, калі яно напісана ў лёгкай і прыгожай форме, то гэта ўжо і чытацца можа не як навуковы твор. Чытаю з задавальненнем усё, што тычыцца сённяшняй філасофскай прозы, псіхалогіі. Часам пад настрой магу звярнуцца і да вядомых яшчэ з дзяцінства пісьменнікаў, напрыклад Джэймса Фенімора Купера.

— Ці адчувалі вы чый-небудзь уплыў на ўласны мастацкі стыль?

— Хутчэй не. Мне вельмі падабаецца стыль Альбэра Камю, але гэта зусім іншая гісторыя. Я таму і не лічу сябе пісьменнікам, бо не магу сказаць, што вучыўся гэтаму.

— Як вы ацэньваеце ролю вывучэння літаратуры ў навучанні сучасных спецыялістаў?

— Усё мае два бакі. Сёння можна нівеляваць добрыя і правільныя рэчы, загорнутыя ў бліскучую абалонку, калі дзейнічаць неразумна з пункту гледжання тэхналогіі рэалізацыі мэт. У адукацыі можна мець выдатныя прадметы, тэмы і назвы параграфаў, але яны не будуць працаваць так, як і спробы растлумачыць дзіцяці, што ёсць добра і што — кепска. Важна, як гэта рабіць: проста знешне ўздзейнічаць на яго, намагаючыся штосьці змяніць у дзіцячым унутраным свеце або стварыць умовы, у якіх ён сам дойдзе да пэўных высноў. Тут мы сутыкаемся з выразнымі адрозненнямі паміж ведамі і інфармацыяй. Інфармацыя — агульная, яна навокал. Веды — тое, што здабывае сам чалавек, калі ён напаўняе аб’екты свету сваім сэнсам праз дзейнасць. Дзейнасць павінна быць абавязкова. Усё астатняе  — засваенне інфармацыі, пераўтварэнне — спрыяе інфармаванасці, але не веданню. Калі з такім жа падыходам звяртацца да вывучэння літаратуры, то ёсць два шляхі — проста адукоўваць (хаця гэты падыход спараджае галоўнае пытанне «А навошта гэта патрэбна?») або накіраваць навучэнца на тое, каб ён праз сваю дзейнасць — напісанне эсэ, даследаванні — дайшоў да многіх рэчаў. Тады літаратура не стаіць адасоблена, а аказваецца арганічна ўплеценай у працэс, хаця ўсё адно галоўная роля адводзіцца менавіта актыўнасці і матываванасці самога вучня.

Гутарыла Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.