Вы тут

Прагляд любімых фільмаў — адзін з бяспройгрышных варыянтаў, каб бавіць час з карысцю


Пакуль нас настойліва заклікаюць заставацца па магчымасці дома, прагляд любімых фільмаў — адзін з бяспройгрышных варыянтаў, каб бавіць час з карысцю. Калі акцэнтаваць увагу на стужках айчыннай вытворчасці, то ў гэтыя выхадныя беларускія тэлеканалы прапануюць кіно на розныя густы: ваенна-прыгодніцкі баявік «Снайпер: зброя помсты», музычную казку «Прыгоды Бураціна», народную камедыю «Белыя росы» і яе працяг «Белыя росы. Вяртанне».


Ваенная драма «Снайпер: зброя помсты», знятая ў 2009 годзе рэжысёрам Аляксандрам Яфрэмавым, мае інтэрнацыянальны склад акцёраў, сярод якіх Дзмітрый Пяўцоў, Марыя Міронава, Ганна Хітрык, Іван Мацкевіч і іншыя (пільны глядач заўважыць у кадры нават самога рэжысёра). Гісторыя ў карціне пачынаецца з падзей у Сталінградзе ў 1942 годзе. Група савецкіх снайпераў на чале з лейтэнантам Яшыным сутыкаецца з праціўнікам — нямецкім капітанам Карлам Кляйнстам. У гэтым баі гіне дзяўчына з групы савецкіх снайпераў Алеся, а сам Яшын атрымлівае цяжкае раненне... Наступным разам мы сустракаем галоўнага героя пасля заканчэння вайны — на пасадзе каменданта ў невялікім нямецкім мястэчку. Яго памочнік знаходзіць у будынку старой мануфактуры падазроныя чарцяжы, якія, як потым высвятляецца, маюць дачыненне да вядомай нямецкай ракеты «Фау». Разабрацца ў іх трэба вучонаму-ракетчыку з Масквы і яго асістэнтцы. Аднак у хуткім часе высвятляецца, што ў сакрэтнай лабараторыі працуе група Кляйнста. Так Яшыну выпадае магчымасць адпомсціць за сваё загінулае каханне. Чым скончыцца сустрэча зацятых ворагаў, глядзіце ў вячэрнім кінасеансе на «Беларусь 3» 1 мая ў 21.05.

Таксама сацыякультурны канал пакажа ў выхадныя фільм-казку «Прыгоды Бураціна» — дарэчы, савецкія гледачы ўпершыню ўбачылі яе ажно 45 гадоў таму. Мастацкі фільм Леаніда Нячаева, зняты паводле казкі Аляксея Талстога «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна», весела і вонкава лёгка расказвае пра прыгоды драўлянага хлопчыка, які з дапамогай сяброў перамагае зло і змяняецца да лепшага сам. Не прапусціце магчымасць вярнуцца ў дзяцінства 2 мая ў 11.25 на «Беларусь 3».

«Сталічнае тэлебачанне» ў першы дзень мая прапануе гледачам класіку — камедыю «Белыя росы» (1983) рэжысёра Ігара Дабралюбава. Такія фільмы для сучасных гледачоў — нібы падарожжа ў часе, падчас якога можна пранікнуцца атмасферай жыцця вёскі і яе насельнікаў. Карціна, дарэчы, стала ў свой час самай касавай па грашовых зборах (пабіць гэты рэкорд удалося толькі праз шэсць гадоў фільму «Мяне завуць Арлекіна»), а часопіс «Савецкі экран» назваў яе найлепшай камедыяй года. У 2014 годзе выйшаў у пракат працяг фільма — «Белыя росы. Вяртанне» рэжысёра Аляксандры Бутар. Новае вырашэнне дылемы «горад vs вёска» таксама можна будзе ўбачыць на СТБ 1 мая ў 21.00, а паглядзець паўтор кожнай стужкі — у суботу і нядзелю.

Алена ДРАПКО

Фота www.kіno-teatr.ru

Загаловак у газеце: Кіно для сваіх

Выбар рэдакцыі

Культура

Што паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі

Што паглядзець у Нацыянальным мастацкім музеі

Вiдавочна, што пакуль былi зачыненыя музеi, гледачы засумавалi па «жывой» сустрэчы з карцiнамi.

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.