Вы тут

Прэзідэнт: Мы адкрытыя для фінансавання, накіраванага на сацыяльныя мэты


Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях паступлення і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі.


Кіраўніку дзяржавы прадстаўлена новая рэдакцыя адпаведнага Дэкрэта. Папярэдні дакумент быў прыняты ў 2015 годзе.

«У мэтах зніжэння нагрузкі на бюджэт па маім даручэнні ў 2018 годзе ўрад сумесна з Упраўленнем справамі зацвердзіў комплекс мер па прыцягненні дапамогі, — паведаміў Прэзідэнт. — Яго рэалізацыя ўжо дала вынік — намеціўся пэўны рост такіх фінансавых паступленняў з-за мяжы. Толькі за апошнія тры гады іх агульны аб’ём склаў каля 240 мільёнаў долараў ЗША».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў актывізацыю заходніх партнёраў Беларусі — розных фондаў і асацыяцый па фінансаванні гуманітарных праектаў.

«Маю пазіцыю вы ведаеце, — сказаў ён. — Ні капейкі не павінна быць выдаткавана на дэструктыўную дзейнасць унутры краіны. Выкарыстанне бязвыплатнай дапамогі з-за мяжы павінна быць пад самым жорсткім кантролем!»

Прэзідэнт нагадаў, што такі парадак атрымання і размеркавання гуманітарнай дапамогі з’явіўся пасля таго, як дзяржаўныя органы зафіксавалі фінансаванне з-за мяжы палітычных працэсаў у Беларусі.

«Я палічыў, што гэта няправільна, калі палітычную дзейнасць фінансуюць з-за мяжы спонсары па лініі гуманітарнай дапамогі, і ўстанавіў пэўны парадак, сумленны і адкрыты, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Калі гэта — гуманітарная дапамога і яна ідзе на пэўныя мэты, напрыклад на ахову здароўя, фізкультуру, спорт, здароўе людзей, чарнобыльскія праекты — усё да капейкі павінна паступіць мэтавай аўдыторыі».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь адкрытая для фінансавання, накіраванага на сацыяльныя мэты.

«Мы гатовы даць рознага роду падатковыя ільготы і прэферэнцыі на аб’ёмы гуманітарнай дапамогі. Але сродкі павінны даходзіць да канкрэтнага атрымальніка, а ні ў якім разе не «растварацца» па дарозе», — падкрэсліў беларускі лідар.

На дадзены момант траціна паступленняў прамой сацыяльнай скіраванасці не мае — частка сродкаў ідзе на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый, аплату іх агульнагаспадарчых выдаткаў.

«Мы такую дзейнасць ільгатаваць перасталі некалькі гадоў таму. І я думаю, што нам ні ў якім разе тут не трэба нічога мяняць», — адзначыў Прэзідэнт і расказаў, што даручыў выпрацаваць прапановы па ўдасканаленні парадку дзеянняў з бязвыплатнымі фінансавымі патокамі.

Праца над магчымымі карэкціроўкамі вялася калектывам на чале з кіраўніком справамі Прэзідэнта, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта і старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Задачы ў гэтым кірунку былі пастаўленыя таксама пры прызначэнні дырэктара Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Ігара Кудрэвіча, якое адбылося ў канцы студзеня бягучага года.

Вынікам працы стаў новы праект Дэкрэта.

«Асобныя яго нормы істотна мяняюць механізмы рэгістрацыі дапамогі, якія дзейнічаюць. Таму ўнесеныя прапановы патрабуюць усебаковай ацэнкі і абмеркавання», — сказаў лідар краіны.

Ён пералічыў і пытанні, на якія хацеў пачуць адказы падчас нарады. Першае з іх — наколькі аптымальным з’яўляецца прапанаваны механізм прыняцця рашэнняў аб рэгістрацыі дапамогі, вызваленні яе ад падаткаабкладання і ўзгадненні мэтаў выкарыстання, ці не ўтрымлівае гэты парадак залішняга бюракратызму?

Аляксандр Лукашэнка задаў пытанне, чым абгрунтоўваецца памер платы, якая ўводзіцца за рэгістрацыю дапамогі.

«Гэта значыць, калі дапамога паступае, мы ўводзім нейкую невялікую долю працэнта за рэгістрацыю, афармленне гэтай дапамогі і падрыхтоўку дакументаў аб ільгатаванні. Мы ж вызваляем ад падаткаў», — дадаў ён, пацікавіўшыся, што плануецца памяняць у рабоце Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці.

Трэцяе пытанне, якое абмеркавалі на нарадзе, — як удзельнічаюць нашы мясцовыя органы ў працы з замежнай дапамогай, ці праводзяць ацэнку эфектыўнасці яе выкарыстання, як іх дзейнасць прапісана ў праекце Дэкрэта.

«Мясцовыя органы ўлады абавязкова трэба падключыць да гэтага пытання. І, мабыць, не перагружаючы губернатараў, з гэтым справяцца і старшыні гарвыканкамаў на месцах і кіраўнікі адміністрацый у гарадах буйных абласных і Мінску», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Безумоўна, на парадку нарады была і праблема выніковасці кантролю з боку дзяржавы за паступленнем і выкарыстаннем дапамогі.

«Ці не патрабуецца нам увесці нейкія дадатковыя меры для папярэджання яе нямэтавага выкарыстання? А вось меры павінны быць жорсткія, калі ты атрымаў гуманітарную дапамогу з замежжа, натуральна, і тыя, хто прадастаўляе гэтую гуманітарную дапамогу — яны жадаюць, каб гэтая дапамога дайшла да адрасата, — заявіў беларускі лідар. — Я ведаю, што некаторыя, у тым ліку з вас, хвалююцца, што калі мы ўвядзём нейкую сотую долю працэнта за рэгістрацыю гуманітарнай дапамогі, ці вельмі жорстка будзем яе кантраляваць, значыць, можа паменшыцца плынь гуманітарнай дапамогі. Тады і не патрэбная нам такая гуманітарная дапамога. Усё павінна быць сумленна, прынцыпова і прыстойна».

Прэзідэнт нагадаў, што такую дапамогу аказваюць, у асноўным, заходнія краіны, якія дэкларуюць, што ўсё павінна быць шчыра і даходзіць да адрасата.

Ігар Кудрэвіч, дырэктар Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, адзначыў, што ў праекце Дэкрэта аб замежнай гуманітарнай дапомозе знайшлі адлюстраванне ўсе даручэнні кіраўніка дзяржавы па змяненні парадка рэгістрацыі такой дапамогі, яе вызвалення ад падаткаў, збораў, пошлін. Ён нагадаў, што за тры гады ў краіну паступілі грошы і тавары на суму 238 мільёнаў долараў. За бягучы перыяд 2020 года — 19,8 мільёна долараў.


Новая рэдакцыя Дэкрэта пашырае паняцце замежнай бязвыплатнай дапамогі

«Да гэтай нарады праект Дэкрэта прайшоў узгадненне з усімі зацікаўленымі. У цэлым падыходы ўжо былі вывераныя, але на абмеркаванні ў кіраўніка дзяржавы было падкрэслена, што неабходна вельмі ўзважана падыходзіць да такой далікатнай тэмы, — сказаў пасля нарады журналістам Ігар Кудрэвіч. — Беларусь мае патрэбу ў паступленні і выкарыстанні міжнароднай дапамогі, таму ўсе падыходы павінны быць абгрунтаваныя і не выклікаць ніякіх сумненняў».

Кіраўнік Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці паведаміў, што Прэзідэнт падтрымаў усе падыходы, якія выкладзеныя ў праекце дакумента.

Новая рэдакцыя пашырае паняцце замежнай бязвыплатнай дапамогі. Калі раней пад такой разумеліся грошы і тавары, якія паступілі ад замежных арганізацый атрымальнікам у Беларусі, то цяпер прапануецца замацаваць на ўзроўні нарматыўнага акту тое, што гэта ў тым ліку будуць і паслугі, работы або тавары, якія набытыя за грошы замежнай бязвыплатнай дапамогі, патлумачыў Ігар Кудрэвіч.

Адпаведна, змяняюцца падыходы да падаткаабкладання такой дапамогі.

«Улічваюцца інтарэсы і фізічных асоб, магчымасць іх звароту за вызваленнем ад падаткаабкладання, — дадаў дырэктар Дэпартамента. — З улікам пашырэння паняцця замежнай бязвыплатнай дапамогі ад падаткаў могуць быць вызваленыя і другасныя атрымальнікі такой дапамогі».

Вялікая ўвага падчас абмеркавання праекта была нададзеная такому паняццю, як «плата за рэгістрацыю». Па словах кіраўніка Дэпартамента, прынята прынцыповае рашэнне датычна таго, што яе будуць браць толькі з той часткі дапамогі, якая не ідзе на сацыяльныя патрэбы.

«Гэта так званыя агульнагаспадарчыя расходы, якія не вызваляюцца ад падаткаў, мытных збораў і пошлін, — патлумачыў ён. — Плата за рэгістрацыю дапамогі пойдзе на забеспячэнне работы падраздзяленняў Дэпартамента, якія непасрэдна займаюцца зборам дакументаў, кансультаваннем атрымальнікаў дапамогі, падрыхтоўкай прапаноў, атрыманнем заключэнняў кампетэнтных органаў. Размова пра тэхнічную дапамогу».

Такая плата будзе ў невялікім аб’ёме, таму не павінна выклікаць негатыўных меркаванняў у атрымальнікаў дапамогі, лічыць Ігар Кудрэвіч.

Яшчэ адзін важны раздзел, які змяняецца, датычыцца кантролю за выкарыстаннем замежнай бязвыплатнай дапамогі. У новым Дэкрэце будуць пашыраныя правы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў: яны будуць выдаваць заключэнні аб мэтазгоднасці рэалізацыі праектаў і вызваленні ад падаткаабкаладанняў, і, адпаведна, удзельнічаць у кантролі за мэтавым выкарыстаннем дапамогі.

«Роля банкаўскіх устаноў (як і ў мінулым Дэкрэце, так і цяпер) у кантролі за паступленнем і выкарыстаннем дапамогі заключаецца ў пералічэнні сродкаў толькі на мэты, якія прадугледжаны планам мэтавага выкарыстання дапамогі», — дадаў Ігар Кудрэвіч.

Дэкрэт у новай рэдакцыі выкладзены максімальна зразумелай мовай, запэўніў ён.

Палажэнне аб парадку рэгістрацыі і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі будзе распрацавана цягам трох месяцаў і зацверджана сумеснай Пастановай Савета Міністраў і Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі.

Выключана валакіта і бюракратызм пры прыняцці рашэнняў аб рэгістрацыі і выкарыстанні бязвыплатнай дапамогі, падкрэсліў дырэктар Дэпартамента.

Будзе прадугледжана работа па прынцыпу «аднаго акна». Заключэнне будзе збіраць Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці. Максімальна спрошчаны парадак рэгістрацыі дапамогі для атрымальнікаў.

З улікам абмеркавання на нарадзе ў Прэзідэнта цягам двух-трох дзён дакумент будзе дапрацаваны і прадстаўлены кіраўніку дзяржавы на подпіс.

Марыя ДАДАЛКА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.