Вы тут

Рэгістрацыя на ЦТ – праз электронную заяву і электронную чаргу


2 мая ў краіне распачнецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне. Але ў сувязі з напружанай эпідэміялагічнай сітуацыяй парадак рэгістрацыі сёлета змяніўся.


Заявы абітурыенты будуць адпраўляць па электроннай пошце. Форма заявы для ўдзелу ў ЦТ (на рускай і беларускай мовах) размешчана на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ).

Заява павінна быць запоўнена ў электронным выглядзе ў адпаведнасці з патрабаваннямі інструкцыі (яна размешчана на сайце РІКВ) і даслана з асабістага электроннага адрасу абітурыента ў перыяд з 2 мая па 1 чэрвеня (да 18.00) на адрас электроннай пошты аднаго з пунктаў рэгістрацыі абітурыентаў для ўдзелу ў ЦТ. Адрасы электроннай пошты пунктаў рэгістрацыі, куды неабходна адправіць заяву, таксама размешчаны на сайце РІКВ.

Пункт рэгістрацыі ў тэрмін не пазней за адзін працоўны дзень з моманту атрымання заявы ад абітурыента адправіць на адрас яго электроннай пошты асабісты рахунак для ўнясення платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ (акрамя льготнай катэгорыі грамадзян).

Абітурыент, выкарыстоўваючы асабісты рахунак, павінен да наведвання пункта рэгістрацыі ўнесці не пазней за 1 чэрвеня плату за прыём і афармленне дакументаў праз сістэму «Разлік» (АРІП). Гэта сума складае 0,1 базавай велічыні за адзін вучэбны прадмет (2,7 рублі).

У мэтах недапушчэння масавага збору людзей пункты рэгістрацыі арганізуюць папярэдні запіс (фарміруюць электронную чаргу), што дасць магчымасць вызначыць дату і час наведвання абітурыентамі пунктаў рэгістрацыі.

Пасля ўнясення платы за прыём і афармленне дакументаў абітурыент павінен у прапанаваны яму пунктам рэгістрацыі час асабіста забраць пропускі, маючы пры сабе дакумент, які сведчыць яго асобу (пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца), або даведку, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента.

Абітурыенты, з якіх не спаганяецца плата за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ, таксама запаўняюць анкету і адпраўляюць яе на адрас электроннай пошты пункта рэгістрацыі. А пасля ў вызначаны ім час асабіста наведваюць пункт рэгістрацыі, маючы пры сабе дакумент, які сведчыць асобу, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць іх права на льготу.

Працэс рэгістрацыі для ўдзелу ў ЦТ лічыцца завершаным толькі пасля атрымання абітурыентам пропускаў.

Абітурыентам дазваляецца зарэгістравацца не больш як на чатыры дысцыпліны. Такім чынам, у іх ёсць магчымасць ракіроўкі пры паступленні на роднасныя спецыяльнасці.

Пры жаданні можна памяняць прадметы для здачы на ​​ЦТ. Калі заява адпраўлена, а рэгістрацыя яшчэ ідзе, то пра сваё рашэнне абітурыент павінен паведаміць, калі прыйдзе ў пункт рэгістрацыі. Калі пропускі ўжо на руках, то давядзецца зноў забраніраваць дату і час наведвання пункта рэгістрацыі, у якім яны былі аформленыя, і асабіста перарэгістравацца.

Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца яшчэ на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ. Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява. 

У кожным пункце рэгістрацыі арганізавана работа гарачай лініі для інфармацыйнай падтрымкі абітурыентаў па ўсіх пытаннях рэгістрацыі і праходжання ЦТ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».