Вы тут

Паляшук на Еўпатарыйскім курорце


“Дзецьмі вайны” былі як доктар медыцынскіх навук з Еўпаторыі Мікалай Дрынеўскі, так і тры ягоныя браты. У вайну ж іх сям’я выжывала на Палессі, у лясах­балотах паблізу вёскі Тонеж на Гомельшчыне.


Мікалай Дрынеўскі. 80-годдзе

Большую частку жыцця Мікалай Дрынеўскі пражыў у крымскім горадзе: займаўся навуковымі даследаваннямі ў галіне дзіцячай курорталогіі ды фізіятэрапіі. Кіраваў навукова-даследчым інстытутам, стаў прафесарам, доктарам навук.

Нашы чытачы, пэўна, памятаюць два тэксты. Першы — “Да бацькоў. Назаўсёды…” з падзагалоўкам “Доктар медыцынскіх навук Мікалай Дрынеўскі, патрыярх курорта Еўпаторыя, раптоўна памёр у Мінску 27 красавіка, прыехаўшы ў госці да беларускай радні” (ГР, 11.05.2018). Другі — “Паляцела дадому душа” (ГР, 31.05.2018): пра тое, што актывісты Беларускай аўтаноміі Еўпаторыі замовілі паніхіду па старэйшым сябры ў мясцовым саборы Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Тэксты даслала кіраўніца суполкі “Крым — Беларусь” Дзіна Шаўчэнка. Для яе, іншых актывістаў суполкі балюча было так раптоўна развітацца з сябрам, 80‑я ўгодкі сталі для якога апошнім святам на гэтым свеце. І ёсць здымак: юбіляр у Еўпаторыі, у дзень 80‑годдзя, з букетамі кветак. А праз некалькі дзён у яго спынілася сэрца.

Тады ж Дзіна Рыгораўна даслала нам нататкі земляка. Некаторыя падрабязнасці пра дзяцінства, вучобу, пераезд у Еўпаторыю й далейшую дзейнасць (тое вельмі падрабязна) занатаваў напярэдадні 80‑годдзя сам юбіляр. І нібыта расказвае пра яго іншы чалавек. Нататкі “Да 80‑годдзя прафесара, ганаровага грамадзяніна Еўпаторыі Дрынеўскага Мікалая Паўлавіча” пісаліся, пэўна, для часопіса, прысвечанага курорталогіі. Юбілей быў 25 красавіка 2018‑га, і на той час бесперапынны працоўны стаж палешука-беларуса быў 62 гады, з іх 52 — у Еўпаторыі. Сцісла пісаў ён пра родавыя карані: “Нарадзіўся, рос, гадаваўся Мікалай Паўлавіч у глыбіні маляўнічых месцаў беларускага Палесся: у вёсцы Тонеж Тураўскага (затым Лельчыцкага) раёна, Гомельскай вобласці. Тое было ў шматдзетнай сялянскай сям’і Евы Аляксандраўны й Паўла Фёдаравіча Дрынеўскіх. Выхоўваліся ў ёй чатыры свае даваенныя хлопчыкі Дзмітры (1936 год нараджэння), Мікалай (1938), Уладзімір (1940) і Міхаіл (люты 1941‑га), а таксама падлетак Васіль — сын старэйшай сястры мамы: Марыі. (А саму яе раскулачылі ды саслалі ў Котлас.) І бабуля, маці бацькі, таксама жыла ў гэтай сям’і”.

Зробім адступленне ад рукапісу, каб паглыбіцца ў атмасферу дзяцінства хлопчыка. Успамінамі пра маленства неяк дзяліўся з журналістам, пісьменнікам Зіновіем Прыгодзічам і Міхась, малодшы брат Мікалая (гл.: “Міхась Дрынеўскі: Несці народу яго ж спадчыну” — Звязда, 05.12.2013). Ён — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар, лаўрэат Дзяржпрэміі БССР, лаўрэат прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”, кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга й Францыска Скарыны.

У інтэрв’ю Міхась Паўлавіч расказваў, што Тонеж — гэта “самая глыбінка прыпяцкага Палесся. Хараство прыроды — неапісальнае! Нездарма ж паэт-песеннік Адам Русак, пабываўшы ў тамтэйшых мясцінах, назваў іх салаўіным берагам. Але ён жа напісаў і такое двухрадкоўе: “Ой, не едзь, мой мілы, ў Тонеж — не заедзеш, а ўтонеш…” Справа ў тым, што ў часы майго маленства ды й юнацтва таксама гэты салаўіны край быў не толькі глыбінным, але й глухім, далёкім ад даброт цывілізацыі. Я рос, не ведаючы ні радыё, ні тэлебачання. А кніжкі даводзілася чытаць часцей за ўсё пры лучыне. Але ж пры тым была важная перавага: людзі былі не пасіўнымі спажыўцамі культуры, а яе актыўнымі творцамі. З больш чым пяцісот тонежскіх двароў не было, бадай, ніводнага, дзе б хто-небудзь не ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Не ў тым сэнсе, што чалавек выступаў на сцэне, а ў тым, што ён нешта тварыў: па-майстэрску граў на гармоніку, віртуозна спраўляўся з бубнам, прыгожа танцаваў, выдатна спяваў. Асабліва ў нас любілі ды ўмелі спяваць. Ішлі на працу — спявалі, вярталіся — таксама. Пасля вечарам у розных канцах вёскі альбо дзе-небудзь за вёскаю, каля кастра, збіраліся гурты хлопцаў і дзяўчат і спявалі да самай раніцы. Цяпер дзіву даешся: як мы маглі, амаль не спаўшы, цэлы дзень затым працаваць. Вось што значыць сапраўднае, жывое, жыццядайнае мастацтва!”

Згадка пра песні — пасляваенны ўжо час. А ў рукапісе, які аглядаем, Мікалай Дрынеўскі ў агульных рысах апісаў трагедыю ваеннай пары ў Тонежы: “22 чэрвеня 1941 года мірная праца людзей была перапынена ўварваннем нямецкіх полчышчаў. Бацька пайшоў на фронт, а жыхары вёскі (старыя, жанчыны, дзеці) хаваліся ад акупантаў у лесе, уладкоўваючы жыллё: зрабілі буданы й зямлянкі, забралі з сабой свойскую жывёлу. У такіх умовах мама з дзецьмі й бліжэйшыя сем’і сваякоў чатыры гады ратаваліся па лясах. Як і сотні беларускіх вёсак, Тонеж (больш за 300 двароў) была цалкам спаленая карнікамі, не засталося ніводнага ацалелага плота. Жыхароў нібыта на сход фашысты зганялі ў царкву, дзе, укладваючы ў ярусы, расстрэльвалі, а пад раніцу падпалілі. Там жа згарэла й маці бацькі: бабуля Ганна Рыгораўна. Усяго тады загінула ў Тонежы 261 чалавек, сярод іх — 108 дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў”.

Бацька Мікалая, Павел Дрынеўскі, з баямі дайшоў да Берліна. Дадому ж вярнуўся толькі ў лістападзе 1945‑га: бо, расказваў, пакінулі яго на тэрыторыі Польшчы “да высвятлення абстаноўкі ў Японіі”. А жыццё прадаўжалася. І ў снежні 1946‑га ў сям’і Дрынеўскіх нарадзіўся пяты сын: Рыгор. І далей апавядальніку ну яўна не хочацца пісаць ад трэцяй асобы: “Мы, дзеці, выхоўваліся ва ўмовах сельскага жыцця й навучаннямі бацькоў. Кожны па ўзросце меў ад бацькі заданне на дзень, прывучаўся з маленства не толькі добра вучыцца, умець пасвіць кароў, цялят, збіраць грыбы, ягады, жалуды, але й валодаць цапкай (матыкай. — Рэд.), граблямі, касой, гэблем і сякерай. Ды яшчэ штодня былі ў нас і сезонныя ўстаноўкі: прыйшоўшы са школы — рабіць урокі. Калі ёсць час, можна было пайсці пагуляць, але гуляючы памятаць пра тры забароны: не паліць, не брыдкасловіць і не лазіць у чужы агарод!

Бацька быў мудрым і таленавітым па многіх сталярна-бандарных і тэхнічных прафесіях. Вярнуўшыся пасля вайны дадому, ён пераконваў нас, дзяцей, што “больш патрэбных людзям прафесій, чым медыкі й настаўнікі — няма”. Так ён і арыентаваў нас, сыноў, пры выбары спецыяльнасці, пераконваў, што “ў вучобе кожны з нас павінен дамагацца як мага лепшых поспехаў” ды “імкнуцца працаваць так, каб вас паважалі людзі”. Такім было нашае выхаванне й першапачатковы жыццёвы шлях”.

Еўпаторыя. Дзіна Шаўчэнка віншуе земляка з 80-годдзем

Яшчэ адступленне. З успамінаў Міхася Дрынеўскага вынікае, што бацька добра спяваў: “Асабліва да жаніцьбы, хлопцам. Сябра яго, Паша Вянгура, падводзіў, а ён басаваў. Пасля ўжо, як ажаніўся, з’явіліся сыны, вельмі любіў наладжваць музычныя вечары. З вайны бацька прывёз губны гармонік. Дык вось пад той гармонік мы й спявалі, танцавалі. Лепшаму танцору бацька даваў прэмію — дваццаць капеек, а часам нават і рубель”. Яшчэ з ягоных успамінаў: “Маці нарадзіла дзевяцярых. Але першыя чацвёра памерлі малымі. Ад дыфтэрыі ці, як у нас казалі, разачкі. Пасля з’явіліся, адзін за адным, пяцёра хлопцаў. Я нарадзіўся перад самай вайной, у лютым. І амаль яе не помню. Застаўся ў памяці адзін жахлівы эпізод, калі амаль трыста маіх аднавяскоўцаў немцы сагналі ў царкву і жыўцом спалілі. Наша сям’я ўцалела толькі таму, што мы жылі ў зямлянцы на выспе сярод балота. У той зямлянцы мы, чацвёра малалеткаў і маці, пракачаліся ўсю вайну. Бацька ваяваў на фронце. Мне ішоў пяты год, калі на вёсцы пачуў, што вайна скончылася. Я прыбег да сваіх і радасна абвясціў: “Мама, не будзем зараз снедаць. Будзем чакаць тату!” Але тата вярнуўся толькі ў лістападзе”.

Сыны, піша далей Мікалай Паўлавіч, апраўдалі бацькоўскія спадзяванні. Тры старэйшыя — Дзмітры, Мікалай і Уладзімір — сталі лекарамі. Да таго ж Мікалай і Уладзімір — дактарамі навук, прафесарамі. Міхаіл — прафесарам мастацтваў, больш за 30 гадоў кіруе вядомым Хорам імя Цітовіча. А Рыгор быў навукоўцам: “узначальваў лабараторыю, якая працавала на космас”.

Лёс жа Мікалая Паўлавіча цесна звязаны быў з Еўпаторыяй. Але перш ён у 1955‑м закончыў Букчанскую сярэднюю школу (за 12 км ад роднай вёскі!), потым — Мазырскае медвучылішча (1957) ды папрацаваў па накіраванні ў Салагубаўскім фельчарска-акушэрскім пункце аднаго з леспрамгасаўскіх пасёлкаў Беларусі. Адпрацаваў два гады загадчыкам, у 1959‑м паступіў у Гродзенскі медінстытут, правучыўся 3 гады й перавёўся ў Крымскі дзяржмедінстытут імя І. В. Сталіна, які закончыў у 1965 годзе з чырвоным дыпломам. Піша: “Матывам пераводу была добра знаёмая дзяўчына, якая працавала тады фельчарам у Тонежскай участковай бальніцы ды пераехала жыць у Крым, да роднай сястры. Наведаўшы яе ў 1960 годзе, Мікалай, якому вельмі спадабаўся Крым, вырашыў перавесціся на вучобу ў Крымскі інстытут”. У часе вучобы ён паглыбляў веды ў навуковым гуртку Мікалая Багданава пры кафедры прафесара Міхаіла Васілевіча Кахановіча (узначальваў кафедру ў 1953–76 гадах). Апошні — родам з Беларусі, быў навуковым кіраўніком курортаў Еўпаторыі, Сак і Феадосіі. Знаёмства добра паўплывала на жыццёвы шлях Мікалая Дрынеўскага. Зямляк дапамог яму размеркавацца на працу ў Еўпаторыю — у падлеткавае аддзяленне Санаторыя імя 40‑годдзя Кастрычніка, ён жа прапанаваў навуковую тэму ды ўважліва сачыў за ходам яе выканання — аж да абароны кандыдацкай дысертацыі (11 мая 1972 года ў Валгаградзе) на тэму “Санаторна-курортнае лячэнне падлеткаў з мінімальнай актыўнасцю рэўматызму”.

У тым санаторыі, які стаў базавым па праблеме ў сістэме здраўніц прафсаюзаў Украіны, і ўзыходзіў па кар’ернай лесвіцы працавіты паляшук: ад старэйшага спецыяліста па артрыталогіі да галоўнага ўрача, потым і дырэктара Еўпатарыйскага філіяла ЦНДІ курорталогіі ды фізіятэрапіі Мінздрава СССР (1978). Пералічваюцца ў тэксце спецыфічныя праблемы, якімі займаўся філіял, робіцца ўдакладненне: “Паспяхова вырашаліся праблемы й навуковых сувязяў філіяла з вядучымі клінікамі, вну большасці рэспублік СССР: Украіны, Расіі, Беларусі — ад Прыбалтыкі і да Урала, Новасібірска й Далёкага Усходу”. Гэта была “пара ўзлёту курорталагічнай навукі ў філіяле” — і шэраг старонак рукапісу прысвечаны доказу таго. А паколькі праца была важнай, скіраванай на паляпшэнне санаторна-курорнай дапамогі дзецям з нетуберкулёзнымі захворваннямі, то калегія Мінздрава СССР напрыканцы 1989 года прыняла рашэнне: рэарганізаваць філіял ва Усесаюзны НДІ дзіцячай курорталогіі ды фізіятэрапіі. Меркавалася стварэнне ўласнай клінічнай базы, і больш за 2 мільёны рублёў (вялікія па тым часе грошы) на тое выдзялялася. У 1990‑м пад клінічную базу інстытута перадалі пансіянат “Еўпатарыйскі”, было адкрыта фінансаванне на яе дабудову. Аднак Савецкі Саюз рухнуў, а з ім і многія планы па развіцці навукі.

Тонеж. Сям’я Дрынеўскіх. Бацька, маці і чатыры сыны.

Мікалай Дрынеўскі ў 1989‑м паспеў па выніках шматгадовых даследаванняў абараніць доктарскую “Гразелячэнне рэўматоіднага артрыту: узроставыя аспекты”. Ён быў навуковым кіраўніком многіх планавых навукова-даследчых тэм інстытута, пяці кандыдацкіх. Аўтар больш чым 400 навуковых артыкулаў, многіх метадычных рэкамендацый, нарматыўных распрацовак, шэрагу газетных публікацый — у перыяд перабудовы.

Яшчэ ў 2000‑м інстытут, перададзены ў 1991‑м у сістэму Мінздрава Украіны, трымаўся на плыву, і, як піша Мікалай Дрынеўскі, уплывовы іспанскі часопіс “Aktualіdad” адзначыў яго прызам “Прэстыж і якасць Еўропы 2000”, сярэбраным медалём “За дасягненні ў прафесіяналізме, распрацоўку новых лекавых методык і прэпаратаў”. Але грошы на стварэнне ўласнай клінічнай базы ў інстытута не з’явіліся, а ў сувязі з пенсійным узростам напрыканцы 2003 года Мікалай Паўлавіч быў вызвалены ад дырэктарскай пасады. І потым да апошніх сваіх дзён узначальваў аддзяленне прагназавання, планавання ды каардынацыі навуковых даследаванняў, быў членам курортнай камісіі пры курортным аддзеле гарсавета. Рашэннем Еўпатарыйскага гарсавета ад 25 мая 2016 года Мікалаю Дрынеўскаму было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Еўпаторыі”.

Разам з жонкай, Маяй Аляксееўнай, ён выхаваў пяцёра дзяцей: двух сыноў і трох пляменнікаў (ад сясцёр жонкі). Усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю. Крыху раней за Мікалая Паўлавіча сышла ў іншы свет яго жонка. І адзін з сыноў, вядомы як добры юрыст, пайшоў з жыцця годам раней за бацьку.

Сярод шэрагу ўзнагарод, якімі адзначана была працоўная дзейнасць земляка — і юбілейныя медалі да 50‑годдзя ды 60‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка фашысцкіх захопнікаў. Ён жа нават і ў 80 заставаўся “дзіцем вайны”. А гэта, як вядома, знак асаблівай трываласці, жыццялюбства, душэўнай чуллівасці. Больш за 20 гадоў уваходзіў Мікалай Дрынеўскі ў беларускую суполку Еўпаторыі, там памятаць старэйшага сябра як роднага, душэўнага чалавека.

Іван ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.