Вы тут

Памяць і Вечнасць


Міжнародная акцыя памяці “На славу агульнай Перамогі!”, якая праводзіцца ў плыні святкавання 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, праходзіць у абласных гарадах Беларусі


Капсулы з зямлёй будуць змешчаны ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Фота БЕЛТА

Калі ў праваслаўных храмах у часе набажэнстваў спяваюць “Вечная памяць” — гэтыя высокія словы набываюць асаблівы сэнс. Бо ў далонях Вечнасці кожны з нас толькі да пары да часу калыхаецца ў звычных нам каардынатах. А потым? Што было ДА таго, як пачалося нашае зямное жыццё, і што будзе ПАСЛЯ — вялікая таямніца. І толькі жывыя ніціны Памяці паядноўваюць нас з тымі, хто быў да нас. Выжываючы, прадаўжаючы эстафету Жыцця на Зямлі, мудрыя людзі тысячагоддзямі выпрацоўвалі “стратэгію і тактыку” таго, як чалавечым родам, цэлым народам развівацца, пераадольваць перашкоды на шляху. І Памяць — адна з тых вечных каштоўнасцяў, без якой няма будучыні як у асобнага чалавека, так і ў рода, народа, краіны.

Страта памяці — гэта цяжкая хвароба. Паспрабуйце ўявіць толькі на хвілінку, што вы нічога не памятаеце. Ні з таго, што самі пражылі, ні з таго, што даведаліся, чаму навучыліся ад іншых. Страчваючы гэтае велізарнае, хоць і нябачнае энергетычнае поле, мы пераўтвараемся ў нішто.

Памяць пра вайну, пра тое, як цяжка пераадольвалі яе ў тым ліку нашы родныя людзі — гэта моцны імунітэт ад многіх хваробаў сучаснай цывілізацыі. А што такое імунітэт, мяркую, добра ўсім зразумела сёння, калі 75‑годдзе Перамогі мы святкуем са слязамі на вачах не толькі з-за падзей даўніх. Вайна з каранавірусам — бо як жа інакш назваць тое, што адбываецца ў свеце: сотні тысяч ахвяр! — паварочвае свядомасць нават самых зацятых “дафеністаў” да ўсведамлення жорсткай рэальнасці: без імунітэту ў гэтым свеце выжыць надзвычай цяжка. Хіба што ва ўмовах поўнай ізаляцыі. Зрэшты, гэтаксама й без Памяці нам не выжыць. Магчыма, будзе яшчэ доўжыцца нейкі час так званае боўтанне бяспамятнага біяарганізма паміж небам і зямлёй — але ці ж гэта паўнакроўнае, чалавечае жыццё? Колькі самагубстваў, суіцыдаў, злачынстваў у свеце з‑за таго, што бацькі ў сілу розных прычын не прывілі сваім дзецям АСНОВЫ жыццёвай стратэгіі, альбо страцілі яны галоўныя веды на жыццёвай дарозе. У “аптэчку самавыжывання” чалавека, на мой погляд, у любой краіне павінны абавязкова ўваходзіць павага да старэйшых, шанаванне ўсёй іерархічнай сістэмы роду, сям’і, грамадства, у якім жывеш, памяць, працавітасць, сумленнасць… Зрэшты, што пералічваць! Хто выжывае — ісціны ведае падсвядома. Хто ж іх страчвае… Што ж, будзем і пра такіх памятаць: каб не паўтараць памылак.

Памяць пра вайну ў Беларусі — адухоўленая, свядомая. Гэта вялікая праца. І свяшчэнная місія. Бо толькі перадаўшы нашчадкам эстафету Памяці мы хоць якую надзею маем на тое, што не марна ў гэты свет прыходзілі. Паяднанне свецкай, народнай памяці з рэлігійным ушанаваннем продкаў, якія спрыялі абароне, выжыванню, умацаванню Бацькаўшчыны ўпершыню ў беларускай гісторыі адбываецца дзякуючы Міжнароднай акцыі памяці “На славу агульнай Перамогі!”. Нашы чытачы ведаюць з ранейшых публікацый: яна праводзіцца ў плыні святкавання 75‑годдзя Вялікай Перамогі. Праходзіла па ўсёй Беларусі, падключаюцца й замежныя тэрыторыі. А ў красавіку праходзяць ужо абласныя этапы акцыі. Праўда, каранавірус уносіць карэктывы, і яны не маюць такой масавасці, як планавалася. Аднак галоўнае: справа рухаецца.

Прыходзяць весткі: абласны этап акцыі прайшоў на Міншчыне — у будынку Абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна. У кожным раёне з памятных месцаў, воінскіх пахаванняў загінулых у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі абаронцаў, з пахаванняў мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі вайны, сабраны сімвалічныя жменькі зямлі. Капсулы дастаўлены ў Мінск. З часам іх перанясуць у крыпту Храма-помніка ў гонар Усіх Святых. Плануецца, што ўрачыстая цырымонія закладкі капсул пройдзе ў дзень 75‑годдзя Вялікай Перамогі. Прымаючы капсулы з зямлёй ад ваеннага камісара Мінскай вобласці Ігара Тарабеша, настаяльнік мінскага Усіхсвяцкага храма Фёдар Поўны адзначыў вобразна, што крыпта ў храме — гэта “штаб рэальна несмяротнага войска. Сёння мы прымаем капсулы са свяшчэннай зямлёй з раёнаў Мінскай вобласці, і гэты неўміручы полк папаўняецца новымі імёнамі”.

Акцыя днямі ўрачыста прайшла і ў Брэсцкай крэпасці-героі. Усяго, паведамляецца, па Брэсцкай вобласці налічваецца 929 месцаў воінскай славы ды месцаў гібелі мірнага насельніцтва. З усіх узята зямля, змешчана ў спецыяльныя капсулы, якія часова зберагаюцца на тэрыторыі крэпасці: у Свята-Мікалаеўскім гарнізонным саборы. У часе акцыі да іх дадаліся й капсулы з зямлёй з 24‑х воінскіх пахаванняў Брэста.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».