Вы тут

Няхай абдыме ўсіх Любоў!


12 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень касманаўтыкі. А скафандры цяпер мы бачым амаль штодзень: у тэлерэпартажах, дзе ўрачы працуюць у адкрытым каранавірусным мікракосмасе.


Алег Арцем’еў

Я тэлефанавала ў Віцебск, каб павіншаваць з гэтым днём бацькоў Алега Арцем’ева, касманаўта з беларускімі родавымі каранямі. Герман Аляксеевіч і Вольга Мікалаеўна летась ветліва сустракалі мяне ў сябе ў гасцях. Шмат расказвалі пра космас і пра сына-касманаўта, Героя Расіі (“З Друі шлях на Байканур”, ГР, 12.04.2019). На гэты раз Герман Аляксеевіч па тэлефоне падзяліўся радасцю: сын Алег нядаўна стаў дэпутатам Маскоўскай гарадской думы, і цяпер людзі да яго ўжо звяртаюцца па дапамогу са сваімі праблемамі. Вольга Мікалаеўна патлумачыла, што гэта хоць і новая для касманаўта справа, але ў ягонай звычцы: ён заўсёды адгукаецца на чужыя просьбы, умее дапамагаць іншым.

Касманаўт Алег Арцем’еў працуе ў адкрытым космасе

Самога ж Алега Арцем’ева, нашага “зорнага” супляменніка, можна было пабачыць 12 красавіка ў прамым эфіры на Інстаграм-канале Раскосмаса. Ён адказваў на пытанні шматлікай аўдыторыі з розных месцаў свету: інтэрнэт дае такую магчымасць. Відэазапіс падзеі касманаўт размясціў у сваім блогу http://artemjew.ru. Там жа можна знайсці таксама відэа прамога эфіру з Алегам Арцем’евым у Маскоўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя М. Э. Баўмана: менавіта гэтую ВНУ ён закончыў сам па спецыяльнасці “Тэхніка й фізіка нізкіх тэмператур”. Сустрэча са студэнтамі ўніверсітэта была запісана 16 красавіка 2020 года. У ходзе яе Алег Арцем’еў прызнаўся, што марыў пасля ўніверсітэта не проста патрапіць у космас, але менавіта ў адкрыты космас. Ён найбольш цікавы й рызыкоўны, таму ўсе касманаўты туды імкнуцца. Па словах Алега Германавіча, тыя, хто шмат лятаў, але не быў у адкрытым космасе, вельмі пра тое шкадуюць. Нагадаем, што сам Алег Арцем’еў у часе двух палётаў (у 2014 і 2018 гады) тры разы выходзіў у адкрыты космас. Агульная працягласць яго работ там склала 20 гадзін 20 мінут.

Велікодны стол на Міжнароднай касмічнай станцы

Алег Арцем’еў прызнаўся: пабачыць Зямлю з космасу вельмі захапляльна. Пасля таго з’яўляецца адчуванне, што злятаў туды нездарма. На пытанне, як палёты ўплываюць на далейшае светаўспрыманне, адказаў вядомым выслоўем, што ў космас ляцяць грамадзяне розных краін, а вяртаюцца адтуль толькі жыхары адной планеты Зямля. Таму на сваёй планеце варта жыць мірна і цаніць яе.

Касманаўты Алег Арцем’еў і Антон Шкаплераў. Вялікдзень на арбіце, 2018 год.

На думку Алега Германавіча, космас — гэта будучыня Зямлі. Можа здарыцца такое, што людзям захочацца ці прыйдзецца пакінуць планету. Вось і сённяшняя сітуацыя з каранавірусам наводзіць некаторых на такія думкі. Таму важна вынаходзіць новыя магчымасці існавання за межамі Зямлі. На думку касманаўта, варта было б прыдумаць новыя прыборы, напрыклад, такія, якія б падтрымлівалі “штучную гравітацыю” або стваралі “ўласнае магнітнае поле”, якое б абараняла ад радыяцыйных выпраменьванняў. Паколькі выступаў касманаўт перад моладдзю, схільнай да вынаходніцтваў, то можна спадзявацца, што словы яго трапілі на добрую глебу.

Ганна Лагун

Ад рэдакцыі. 19 красавіка на сваім сайце Алег Арцем’еў павіншаваў сяброў са светлым Велікодным святам. Згадаў: “Два гады таму (8 красавіка 2018) мы з Антонам Шкаплеравым (таксама с беларускімі родавымі каранямі! — Рэд.) адзначалі гэтае свята на Міжнароднай касмічнай станцыі. Для мяне гэта быў другі касмічны палёт, а для Антона — трэці. Тады мы правялі сеанс відэасувязі са сваімі сем’ямі ды сябрамі, елі традыцыйную Велікодную ежу: дамашнія кулічы й фарбаваныя яйкі, адпраўленыя пасылкай з Зямлі. З нашымі блізкімі ў той дзень былі ігумен Іoў (Талац), настаяльнік Патрыяршага падворка храма Праабражэння Гасподняга ў Зорным гарадку ды пеўчыя Троіца-Сергіевай Лаўры, якія выканалі ўрачысты Велікодны хваласпеў. Сёння, ва ўмовах самаізаляцыі, не ва ўсіх ёсць магчымасць адзначыць гэты Вялікае свята са сваёй сям’ёй. Але не варта адчайвацца: вы можаце сабе ўявіць, што знаходзіцеся ў касмічнай камандзіроўцы ды правесці гэты дзень з роднымі ў рэжыме анлайн, як мы два гады таму.

Яшчэ раз віншую вас са святам святаў! Жадаю вам міру, дабра, шчасця й здароўя! І хай Сусветная Любоў возьме ў свае абдымкі вас і ўсіх родных!”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».