Вы тут

Лукашэнка: Упэўнены, што парад у гонар 75-годдзя Перамогі ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей


Прэзідэнт правёў гутарку па відэасувязі з малдаўскім калегам Ігарам Дадонам.


Размова распачалася з віншавання з надыходзячым святам — 75-годдзем Перамогі. Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць малдаўскаму народу самыя цёплыя пажаданні ад беларусаў.

«Мы ў той вайне былі разам, — сказаў ён. — Мы, дзякуючы вам шмат у чым, не згубілі гэты вялікі набытак у апошіня гады, наадварот, наблізілі нашы краіны — і ў эканоміцы, і ў палітыцы ў нас няма ніякіх праблем. Мы гэта вельмі высока цэнім».

Ігар Дадон адказаў, што для Малдовы, як і для ўсіх краін, 9 мая сёлета — вялікая дата.

«На жаль, мы ў Малдове не будзем праводзіць масавыя мерапрыемствы. Ведаю, што вы прынялі рашэнне праводзіць парад», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ні парад 9 мая, ні цырымонія закладання капсулы з зямлёй з усіх гарадоў-герояў і дзяржаў, у тым ліку Малдовы, дзе змагаліся савецкія салдаты, у крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых 8 мая, на яго думку, не маглі быць адмененыя.

«Пасля вывучэння ўсёй інфармацыі я прыйшоў да такога выніку, што мы не можам адмяніць ніводнае з гэтых мерапрыемстваў, — сказаў ён. — Але, вядома, мы, з улікам абстаноўкі, вельмі строга падыходзім да правядзення гэтых мерапрыемстваў. Арганізоўваем вельмі акуратна».

Па словах Прэзідэнта Беларусі, на парад «нікога не цягнуць і не заганяюць».

«Упэўнены, што і без настойлівых запрашэнняў, як звычайна бывае, людзей шмат будзе ў Мінску. Учора, калі праехаў па Мінску, мне падалося, што ўвесь Мінск быў на вуліцах, у парках. Вы ведаеце, Мінск — вельмі ўтульны горад у тым плане, што не перабудаваны, няма такога каб дом каля дома, шмат водных рэсурсаў, паркаў, веладарожак, спартыўных аб’ектаў і пляцовак. І вось там нашы людзі, мінчане, з дзецьмі, бавілі час», — расказаў ён.

Пры гэтым улады, па словах беларускага лідара, прасілі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны не настойваць на ўдзеле ў парадзе.

«Мы ўсіх іх павіншуем, мы ажыццявілі выплаты ўсім ветэранам, перадалі юбілейныя медалі, якія былі цэнтралізавана падрыхтаваныя ў Піцеры, і сваю медаль надрукавалі, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта Беларусі, краіна надае вельмі сур’ёзную ўвагу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія засталіся. Таму, па меркаванні Лукашэнкі, «яны даруюць, што ўпершыню за 20 з лішнім гадоў не задаволіцца просьба прывезці іх на парад».

Іншая сітуацыя з ветэранамі Узброеных Сіл.

«Гэта таксама баявыя людзі, якія адслужылі ў арміі. Тут мы, вядома, стрымаць іх не зможам, і падумаем пра тое, як размясціць на трыбунах тых, хто катэгарычна адмовіўся заставацца дома ля тэлевізара, — дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што мерапрыемства «пад кантролем, строга арганізавана».

Галоўны аргумент на карысць правядзення парада Перамогі, на думку Аляксандра Лукашэнкі, — беспрэцэдэнтныя страты Беларусі ў Другой сусветнай вайне.

«Ну няма такой рэспублікі, якую б у выніку вайны ўвогуле са свету згладзілі. Не было ніводнага „жывога“ памяшкання, дома, усё было разбурана, — сказаў ён. — Вы ведаеце гэты крылаты выраз: руіны стралялі... Кожны кавалак зямлі паліты крывёю. І гэта не патэтыка. Гэта сапраўды так».

У Беларусі адноўлены тысячы помнікаў той вайны, пабудаваныя і будуюцца новыя мемарыяльныя комплексы.

«У нас няма падстаў адмяніць сёння парад Перамогі, — завявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Але я ўпэўнены, мы годна яго правядзём і цалкам упэўнены, што гэта ніяк не паўплывае на здароўе нашых людзей».

Тым хто сумняваецца, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць гэта пазней.

«Цыплят по восені лічаць, — нагадаў ён прымаўку. — У мяне зараз толькі лянівы не кідае камень з нагоды таго, як мы лечым людзей, як сябе паводзім у гэтай складанай абстаноўцы. Але я заўсёды кажу: кожны паступае суадносна з тым, як складваецца сітуацыя, як мы бачым, што будзе потым, пасля гэтай пандэміі. Мы з вамі людзі небагатыя — нашы народы не багатыя. Нам трэба ўвесь час думаць пра тое, што будзе потым, пасля таго, як гэта скончыцца. Гэтага ж вечна не будзе».

Ігар Дадон сказаў, што ў Малдове 9 мая адбудуцца ўсе запланаваныя мерапрыемствы (ускладанне кветак, віншаванне і ўзнагароджванне ветэранаў, адкрыццё адрамантаванага мемарыяла ў Кішынёве) за выключэннем шэсця Бессмяротнага палку. Парад у гэтай краіне не планаваўся, ён не праводзіўся і ў папярэднія гады. У жніўні ў Малдове плануюцца маштабныя мерапрыемствы ў гонар вызвалення тэрыторыі краіны ад фашысцкіх захопнікаў.

«І яшчэ раз будзем адзначаць Дзень Перамогі 23–24 жніўня», — паведаміў Прэзідэнт Малдовы.

«Мы шмат для Малдовы можам зрабіць»

У размове прэзідэнты спыніліся на двухбаковых адносінах паміж краінамі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што паміж Беларуссю і Малдовай удаецца захаваць гадавы тавараабарот у памеры больш за 225 мільёнаў долараў.

«Гэта вельмі высокі для Беларусі і Малдовы ўзровень, — ацаніў Аляксандр Лукашэнка. — Вось нам трэба ўжо сёння думаць пра тое, як пасля адмены ўсіх абмежаванняў мы адразу ж працягнем наша гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і палітычнае».

Падчас размовы беларускі лідар запрасіў малдаўскага калегу наведаць Мінск у любы зручны час.

«Вы ведаеце, што мы заўсёды побач. Мы заўсёды гатовы падтрымліваць ваш народ. Мы многае для Малдовы можам зрабіць. Як толькі ў вас будуць знятыя абмежаванні, ведайце, што мы гатовы ехаць да вас, лятаць, гандляваць, мець зносіны. Будзем рады бачыць і прадстаўнікоў Малдовы ў нас у Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Абяцаю поўную бяспеку»

Прэзідэнт Беларусі абмеркаваў з суразмоўцам запланаваны на другую палову мая саміт ЕАЭС, на які запрошаны Ігар Дадон як прадстаўнік краіны-назіральніка.

«Я сёння размаўляў са спадаром Такаевым — Прэзідэнтам Казахстана. Яны зараз кансультуюцца з Прэзідэнтам Расіі. Я і вам магу сказаць, і яму сказаў — я ваш слуга: як вы скажаце, так і будзе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я арганізоўваю мерапрыемства. Я гатоў 19 чысла мая прыняць усіх вас. Абяцаю поўную бяспеку. Упэўнены, што вы, з задавальненнем пабываўшы тут, з добрым настроем пакінеце Мінск. Калі, вядома, гэта дазволіць вам абстаноўка. Ведаю, што вы заўсёды прыляціце да нас. Прэзідэнт Казахстана таксама гатовы прыляцець. Паглядзім, якая будзе рэакцыя Прэзідэнта Расіі, бо мы бачым, што ў іх сітуацыя не вельмі добрая, але з 12 чысла, я ўпэўнены, яны таксама будуць аслабляць каранцін».

Прэзідэнт Беларусі дадаў, што яму не надта падабаецца фармат відэаканферэнцыі, бо ён лічыць, што сур’ёзныя пытанні трэба абмяркоўваць сам-насам.

«Не трэба армію чыноўнікаў за сабой цягнуць. Няхай будуць адна-дзве камеры нашых асабістых аператараў, фатографаў, якія змогуць адлюстраваць гэту падзею, — прапанаваў ён. — Мяркую, што перашкод для правядзення вочна гэтага пасяджэння на самым высокім узроўні сёння няма. Але ўсё залежыць будзе ад вас, ад маіх гасцей. Калі гэта немагчыма, мы можам у рэшце рэшт перанесці гэта мерапрыемства на некалькі дзён, пакуль сітуацыя не будзе дакладнай і спакойнай».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не выключыў і фармат відэаканферэнцыі.

Ігар Дадон пацвердзіў, што з задавальненнем прыме ўдзел у вочнай сустрэчы.

«Маем свае метады і свой шлях пераадолення гэтага няшчасця»

Суразмоўцы спыніліся і на тэме барацьбы з пандэміяй COVID-19. Ігар Дадон заўважыў, што ніхто лепш за Прэзідэнта Беларусі не ведае сітуацыю ў яго краіне.

«Таму тыя разумнікі, якія даюць парады, няхай лепш глядзяць у сябе — што адбываецца. Упэўнены, што і вы справіцеся з пандэміяй, і мы таксама», — сказаў ён.

Прэзідэнт Малдовы дадаў, што абмежаванні, якія ўведзеныя ў яго краіне, наносяць вельмі моцны ўдар па эканоміцы і соцыуму, і хутчэй за ўсё яны не будуць працягнутыя пасля 15 мая.

«Мы з таго шэрагу дзяржаў, якія змагаюцца з эпідэміяй, некалькі выбіваемся, — заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка. — Вы вельмі правільна сказалі: нам лепш відаць, як паступаць у Беларусі. Не хачу стамляць вас лічбамі, скажу толькі адно (беларусам гэта кажу праз дзень): дай Бог, каб мы прайшлі гэту эпідэмію на тым узроўні і так, як сёння складваецца ў нас сітуацыя!»

Ён зноў звярнуў увагу, што з усёй колькасці хворых на пнеўманію, толькі 30 працэнтаў — хворых на каранавірус, і толькі 10 працэнтаў апаратаў ШВЛ задзейнічана з тых, што ёсць у наяўнасці. 

«Таму ў нас няма такой неабходнасці на дадзеным этапе напружвацца, — лічыць беларускі лідар. — Мы, як і належыць, змагаемся з гэтай заразай, маючы на ўвазе, што пасля рападу Савецкага Саюза не закрылі ніводную інфекцыйную бальніцу. Мы ўзмацнілі эпідэміялагічную службу і сістэму барацьбы з вірусамі. Мы прайшлі і птушыны, і свіны грып, і атыпічную пнеўманію. Навучаем і рыхтуем спецыялістаў па такіх пнеўманіях. Гэта дало нам магчымасць пазбегнуць пакуль дрэннага сцэнарыя».

Пры ўсёй адкрытасці краіны эпідэміялагічная абстаноўка ў ёй досыць нармальная, лічыць Прэзідэнт Беларусі.

«На ўчорашні дзень у нас было каля 97–99 чалавек, якія загінулі зусім не ад COVID-19. Людзі больш за ўсё гінуць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, анкалагічных хвароб і ад цукровага дыябету, з павышанай вагой — людзі з атлусценнем 3 ступені. Каранавірус б’е па гэтых людзях перш за ўсё, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Чыста ад каранавіруса я не памятаю ніводнага выпадку, каб у нас загінуў чалавек. Малайцы ўрачы. Вось ім трэба аддаць належнае».

Спецыялісты, якія лечаць людзей, выкарыстоўваюць розныя метады, дадаў Прэзідэнт Беларусі.

«У нас ёсць добры вопыт лячэння. Калі вас гэта будзе цікавіць, калі ў вас ёсць добрыя спецыялісты, калі ласка, дасылайце, мы ім ўсё пакажам, раскажам. Мы ўвесь вопыт вывучылі за гэтыя месяцы, пачынаючы з Кітайскай Народнай Рэспублікі і заканчваючы Злучанымі Штатамі Амерыкі. І маем свае метады і свой шлях пераадолення гэтага няшчасця».

Аляксандр Лукашэнка дадаў: «Мы не настолькі дурныя, каб станавіцца ў позу і дэманстраваць сваю крутасць. На здароўі людзей гэтага ніколі не зробіш. Вы мяне добра ведаеце: я на гэта ніколі б не пайшоў. Проста мы арганізаваліся, уся краіна, для таго, каб перамагчы гэта няшчасце. У асноўным гэта — паніка, інфадэмія, як яе называюць журналісты, гэта проста псіхапатыя. Вы ж бачыце, што робяць сродкі масавай інфармацыі».

У 2009 годзе падчас чарговага «экзатычнага» грыпу сітуацыя была значна больш складаная, нагадаў беларускі лідар, «і ніхто не крычаў».

Прэзідэнт зноў прывёў статыстыку па смяротнасці, якая сведчыць: ад хвароб, якія ніяк не звязаныя з новым вірусам, людзі гінуць непараўнальна часцей.

«Калі Беларусь пачалі папракаць тым, што мы — адкрытая краіна і ў нас не такая страшная сітуацыя, нас пачалі падазраваць і крытыкаваць у рознага кшталту тэлеграм-каналах за гэта, я запрасіў Сусветную арганізацыю аховы здароўя. Прыязджайце і глядзіце. Выснова адна: мы не хлусілі, нічога не хавалі. І я некаторым, хто нас падкрытыкоўвае, вы гэта бачыце, кажу: а слабо вам узяць і запрасіць Сусветную арганізацыю аховы здароўя, спецыялістаў, каб яны паглядзелі — хто колькі хлусіць?»

Беларусь навучылася змагацца з новым выклікам, падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

«Як я ужо казаў, армія 1941 года і армія 1945 года — гэта дзве розныя арміі, калі праецыраваць гэта на тую страшную вайну. Таму пераадолеем мы ўсё гэта», — не сумняецца кіраўнік дзяржавы.


У найбліжэйшы час з датай прэзідэнцкіх выбараў вызначымся

Сёлетні год і для Беларусі, і для Малдовы — электаральны, у абедзвюх краінах пройдуць прэзідэнцкія выбары.

«У нас няма падстаў і магчымасцей па Канстытуцыі пераносіць іх у Беларусі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму мы правядзём гэтыя выбары. У найбліжэйшы час з датай вызначымся. Але гэта будзе дакладна летам, бо далей за канец жніўня мы не можам праводзіць па Канстытуцыі. Апошні тэрмін — канец жніўня».

Вольга Мядзведзева

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

​Што павiнны зрабiць на прадпрыемствах, каб папярэдзiць распаўсюджванне COVID-19

Мiнiстэрства аховы здароўя распрацавала рэкамендацыi па прафiлактыцы каранавiруснай iнфекцыi ў арганiзацыях.

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй.