04 снежня, пятніца

Вы тут

Як Кітаю ўдалося ўтаймаваць каранавірус?


У Кітаі пяцідзённыя вакацыі з нагоды Першамая. Жыхары Паднябеснай з асцярожнасцю, але ўсё ж такі выправіліся ў падарожжы па краіне. Падчас доўгачаканых свят больш за чатыры тысячы турыстычных зон па ўсёй КНР даступныя для наведванняў. Пра гэта інфармагенцтву Хіnhuа паведамілі ў адным з вядучых кітайскіх анлайн-турагенцтваў Trір.соm Grоuр. Кітайцы актыўна замаўляюць білеты ў цікавыя мясціны (іх, паверце, у Паднябеснай нямала), значна выраслі продажы пакетаў турпаслуг, якія ўключаюць у сябе пражыванне ў гасцініцах і наведванне славутасцяў. Ужо і не верыцца, што яшчэ тры месяцы таму сітуацыя ў краіне была зусім іншая. Як Паднябеснай удалося ўтаймаваць СОVІD-19?


«Прыйду да ракі і закрычу»

Кітайскі горад Ухань, адкуль пачалася эпідэмія каранавіруса, з 23 студзеня быў на строгім каранціне. Насамрэч, улічыўшы экстрэмальную сітуацыю (як заўважаюць спецыялісты, краіна фактычна выпрабавала свае магчымасці ва ўмовах біялагічнай атакі), кітайскія ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтныя меры, якія спачатку былі ахарактарызаваны СААЗ як «дзіўныя». Амаль тры месяцы ўся 60-мільённая Хубэй — адна з цэнтральных правінцый КНР — знаходзілася ў поўнай ізаляцыі. Цягнікі і авіярэйсы былі адменены, а на дарогах з'явіліся кантрольна-прапускныя пункты. Розныя абмежаванні былі ўведзеныя і ў іншых частках Кітая.

Група навукоўцаў з Кітая, ЗША і Вялікабрытаніі прыйшла да высновы, што жорсткі каранцін, уведзены ва Ухані ў самым пачатку пандэміі, дазволіў прадухіліць да 700 тысяч выпадкаў заражэння і значна затармазіць распаўсюджванне інфекцыі. Даследаванне было апублікавана ў часопісе Sсіеnсе. Па словах навукоўцаў, каранцін ва Ухані дазволіў іншым гарадам КНР выйграць каштоўны час для падрыхтоўкі ўласных абмежавальных мер.

8 красавіка 11-мільённы мегаполіс зноў вярнуў сваім жыхарам і гасцям, якія міжволі заселі тут, свабоду перамяшчэнняў. Цяпер тут працуе грамадскі транспарт, адкрыты аэрапорты, а месцічы нарэшце атрымліваюць асалоду ад фірменнай уханьскай локшыны на свежым паветры. Вяртаюцца ў ранейшае давіруснае жыццё і іншыя кітайскія гарады.

— Увечары 30 сакавіка нам сказалі, што жыхарам нашага кампаўнда (жылога комплекса. — «Зв.») будзе дазволена выйсці на дзве гадзіны па пакупкі. Я была так усхвалявана, што расплакалася. Апошні раз пакідала свой дом 16 лютага, і з тых часоў прайшло ўжо 43 дні. Хтосьці аднойчы спытаў мяне: «Што ты будзеш рабіць у першую чаргу пасля заканчэння блакавання?» Я сказала: «Прыйду да ракі і закрычу», — напісала 31 сакавіка 29-гадовая жыхарка Уханя Го Цзын, якая стала інтэрнэт-славутасцю пасля таго, як пачала весці анлайн «Дзённік Уханьскага каранціна».

Як заўважыў кіраўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Адханом Гебрэесус, паспяховы вопыт Уханя ў барацьбе з каранавірусам дазваляе спадзявацца на перамогу над пандэміяй ва ўсім свеце.

Робаты ў дапамогу

Падчас эпідэміі ЦК КПК і Дзяржсавет аператыўна стварылі Цэнтральную кіруючую групу па барацьбе з каранавірусам. Яе ўзначаліў старшыня Дзяржсавета Лі Кэцян. Аднак найбольш важныя рашэнні прымаў асабіста старшыня КНР Сі Цзіньпін. Паніку ў самай вялікай па колькасці насельніцтва краіне свету ўдалося стрымаць дзякуючы выразна агучанай уладай стратэгіі, «зялёнаму калідору» для імпарту неабходных медыцынскіх тавараў. Дарэчы, вытворчасць многіх з іх кітайцы ў сціслыя тэрміны арганізавалі ўнутры краіны. Акрамя гэтага, яны прымудрыліся з рэкорднай хуткасцю ўзвесці некалькі велізарных медыцынскіх комплексаў на тысячы месцаў і арганізаваць работу навуковага сектара для вывучэння віруса.

Пандэмія каранавіруса яскрава прадэманстравала эфектыўнасць крызісных мадэляў дзяржаўнага кіравання. Эксперты заўважаюць, што ў Кітаі перайшлі да мабілізацыйнай эканомікі. Дзяржава кантралявала як крамы, так і анлайн-дастаўку прадуктаў, што дазволіла не дапусціць павышэння цэн. Эфектыўна спрацавала сістэма анлайн-сэрвісаў. Кітай прыкметна пашырыў дзяржаўныя інтэрнэт-платформы.

Акрамя поўнага перакрыцця эпіцэнтра хваробы, каранціну і паўсюднай праверкі тэмпературы грамадзян, важную ролю ў вайне з вірусам адыграў хай-тэк. Як адзначыла Хіnhuа, тэхналогіі штучнага інтэлекту, прапанаваныя кітайскімі навукоўцамі, у поўнай меры адыгралі ролю дадатковых медыцынскіх рэсурсаў. «Код здароўя» можа візуальна адлюстроўваць траекторыю перамяшчэння карыстальніка і яго кантакты з людзьмі, што робіць гэтае ноу-хау добрым памочнікам, які дазваляе пазбегнуць рызыкі заражэння. Акрамя таго, інфрачырвонае цеплавізійнае вымярэнне тэмпературы цела, аналіз вялікіх даных і іншыя тэхналогіі паказваюць свае здольнасці ў розных кірунках і дапамагаюць навуцы ажыццяўляць прафілактыку і кантроль за насельніцтвам. Воблачныя тэхналогіі актыўна выкарыстоўваліся вытворчымі кампаніямі, а таксама навучальнымі ўстановамі.

Робаты-афіцыянты ў рэстаранах і гатэлях, беспілотныя машыны на вуліцах, робаты-кур'еры службы дастаўкі на вынас, а таксама паветраныя лагістычныя беспілотныя лятальныя апараты сталі ў Паднябеснай незаменнымі памочнікамі ў складаны час. Гэтую тэму актыўна абмяркоўвалі СМІ і сацсеткі. Напрыклад, амерыканскі тэлеканал СNBС пахваліў кітайскіх робатаў за тое, што яны праявілі свае «звышздольнасці» падчас эпідэміі.

Тры лініі абароны

У канцы сакавіка старшыня КНР Сі Цзіньпін правёў пасяджэнне Палітбюро ЦК КПК па рэагаванні на СОVІD-19 і пытаннях эканомікі. Цяпер перад Кітаем стаяць дзве асноўныя задачы: прадухіленне завозных выпадкаў каранавіруса і ўзнікнення другой хвалі эпідэміі ў Кітаі, а таксама аднаўленне эканомікі краіны. Гэтыя праблемы ўзаемазвязаны, бо актыўны ўздым пагражае паўторам эпідэміі, таму робяцца жорсткія прэвентыўныя захады, каб пазбегнуць такога развіцця падзей.

Кітай стварыў тры «лініі абароны» для прадухілення «імпарту» новых выпадкаў каранавіруснай пнеўманіі з-за мяжы, паведаміў эпідэміёлаг У Цзунью з Кітайскага цэнтра па прафілактыцы і кантролі за захворваннямі. На перадавой лініі знаходзяцца мытнікі, якія выявілі нямала хворых пасажыраў шляхам вымярэння тэмпературы цела, а таксама з дапамогай праверкі гісторыі іх перамяшчэнняў.

Другая лінія абароны заключаецца ў двухтыднёвым карантыне, які павінны адбыць усё, хто прыбывае ў Кітай з-за мяжы. На трэцяй лініі абароны знаходзяцца вопытныя медработнікі. Штодня па ўсёй краіне праводзіцца каля мільёна бясплатных тэсціраванняў на каранавірус.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, эканоміка Паднябеснай скарацілася ў першым квартале на 6,8 працэнта. Аб'ём ВУП правінцыі Хубэй абваліўся на 40 %. Зразумела, немалую частку ўдару прыняў на сябе Ухань — адзін з вядучых аўтамабільных цэнтраў Кітая і буйны хаб у галіне высокіх тэхналогій, які займаў у давірусныя часы дзявятае месца ў рэйтынгу самых высокаэфектыўных гарадоў краіны.

— Поўная блакіроўка дзелавой актыўнасці ў лютым і частковае блакіраванне ў сакавіку прывялі да таго, што ВУП Уханя скараціўся на 70 і 50 працэнтаў адпаведна. Страты за два месяцы (у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года) ацэньваюцца дзесьці ў 800 мільярдаў юаняў, або крыху менш за 120 мільярдаў долараў, — ацаніў маштаб бедства прафесар эканомікі ўханьскага ўніверсітэта навукі і тэхнікі Хуачжун Чэнь Бо для сайта іz.ru.

Вярнуцца да ранейшага паказчыка ВУП, па яго словах, сталіца правінцыі Хубэй зможа ўжо налета — за кошт абяцанага стымулявання мясцовай эканомікі цэнтральным урадам. На самастойнае ж аднаўленне эканамічнага росту пайшло б мінімум два гады, што, дарэчы, пацвярджае прыклад Гуанчжоў, які быў эпіцэнтрам успышкі атыповай пнеўманіі ў 2003-м.

«Матрыца» аднаўляецца

Кітайская эканоміка пачынае хутка аднаўляцца. У Паднябеснай нават спадзяюцца на новыя магчымасці, якія адкрыў крызіс. Для пераадолення наступстваў і аднаўлення ўлады распачалі маштабныя меры. Народны банк Кітая знізіў рэзервовыя патрабаванні да банкаў, што вызваліць 550 мільярдаў юаняў (больш за 77 мільярдаў долараў) на падтрымку эканомікі.

Вельмі сур'ёзна паніжаны падаткі, перш за ўсё на малы і сярэдні бізнес. Банкі абавязаны прыпыніць спагнанне выплат па крэдытах. Вызваленыя ад падатку на дабаўленую вартасць кампаніі, якія працуюць у інтэрнэце. Грашыма стымулюецца стварэнне новых анлайн-платформаў. З фонду сацыяльнага страхавання прадпрыемствам кампенсуюць выплаты па заробках у перыяд прастою.

Пераканаўшыся ў тым, што дзяржава не кінула іх у перыяд крызісу, кітайцы з энтузіязмам вяртаюцца на работу. У грамадстве пануюць пазітыўныя настроі ад паспяховага пераадолення пандэміі. Гэта важкі дадатковы стымул для развіцця эканомікі, чаканняў і планаў інвестараў. Велізарныя перавагі абяцаюць Кітаю (найбуйнейшаму ў свеце імпарцёру вуглевадародаў) танныя нафта і газ. Гэтая акалічнасць дае Паднябеснай дадатковыя магчымасці для набыцця актываў па ўсім свеце.

Урад Кітая заяўляе, што, паколькі на першы квартал прыпадае невялікая доля гадавога ВУП (у лютым — пачатку сакавіка традыцыйна падае актыўнасць у сувязі з тым, што маштабна адзначаецца свята Вясны), страты будуць хутка кампенсаваны за кошт назапашанага попыту і інтэнсіўнага аднаўлення вытворчасці. Зноў пачынаюць працаваць буйныя прыватныя прадпрыемствы. Напрыклад, кампанія Tеslа ўжо ў канцы лютага адкрыла завод у Шанхаі і аб'явіла аб планах па пашырэнні вытворчых магутнасцяў.

Дадатковы стымул для развіцця атрымаў інтэрнэт-гандаль, бо жыхары Паднябеснай у перыяд каранавіруснай эпідэміі пераважна заказвалі тавары праз сусветнае павуцінне. Урад Кітая робіць актыўныя захады з мэтай аднавіць вытворчасць на мясцовых заводах. Былі прыняты меры па аказанні дапамогі галінам, якія найбольш моцна пацярпелі ад абмежаванняў падчас барацьбы з каранавірусам. Асаблівы ўхіл робіцца на сектар 5G у спадзяванні, што сеткі новага пакалення стануць каталізатарам росту.

Індыкатарамі ўздыму кітайскай эканомікі служаць фінансавыя рынкі. Павышаюцца індэксы Шанхайскай біржы (Shаnghаі Соmроsіtе), а таксама Шэньчжэньскай (Shеnzhеn Соmроsіtе) і ганконгскай (Hаng Sеng). Растуць у цане акцыі найбуйнейшых кітайскіх кампаній. Напрыклад, у плюсе Сhіnа Реtrоlеum & Сhеmісаl, СNООС (Кітайская нацыянальная шэльфавая нафтавая карпарацыя). Выраслі каціроўкі акцый Gееlу Аutоmоbіlе Hоldіngs, Сhіnа Lіfе Іnsurаnсе. Кітайская «матрыца» аднаўляецца, і гэта дае надзею ўсёй сусветнай эканоміцы.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Код здароўя Паднябеснай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.

Грамадства

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Мы вырашылі распытаць спецыяліста.  

Грамадства

Што хвалюе педагогаў?

Што хвалюе педагогаў?

​Якія крытэрыі робяць датэрміновую прафесійную пенсію — недасягальнай...