Вы тут

Калі да ўвагі браць Ката


Гастрольны спектакль беларускіх артыстаў “Тры плюс Кот” глядзелі ў Латвіі ды Літве


У сувязі з пандэміяй каранавірусу большасць тэатраў свету прыпыніла працу альбо транслююць іх анлайн. Мы ж, у Ліепаі, з удзячнасцю згадваем, як у лютым у Ліепаі, Вентспілсе, Даўгаўпілсе, Клайпедзе і Йонішкісе пабывалі акцёры тэатральнага праекта “ТриТформаТ” Мінскага тэатра-студыі кінаакцёра пад кіраўніцтвам Веры Паляковай. Паказвалі камедыю па п’есе Яўгена Шастакова “Тры плюс Кот”. Дарэчы, хоць яна й першая ў аўтара, ды выклікала вялікі рэзананс: з моманту публікацыі сцэнара жаданне паставіць спектакль выказалі дзясяткі тэатраў. А першымі тое зрабілі ўдзельнікі праекта “ТриТформаТ”, паказаўшы летась прэм’еру ў Мінску. Потым, расказвала Вера Палякова, былі гастролі ў Сербіі, Грузіі. Планаваліся іншыя, аднак, мяркую, свае карэктывы ўнёс каранавірус.

Спектакль, у якім у цэнтры ўвагі тэма разводу, — іранічны па форме, цёплы па змесце: шчасце нашае залежыць толькі ад нас саміх. (Пагадзіцеся, вельмі актуальны пасыл у пару, калі каранавірус прымушае кожнага з нас нешта ў сваім жыцці пераасэнсаваць. — Рэд.) Вера Палякова, разважаючы над тым, што колькасць разводаў з кожным годам расце, і гэта сусветная праблема, выказала меркаванне: “Думаю, прычына ў тым, што людзі сталі больш свабодна ставіцца да адносін, і, калі нешта ў іншым не падабаецца, тут жа разводзяцца. Не ўсім хочацца напружвацца, каб знайсці паразуменне, агульныя падыходы. Наш спектакль — аб тым, пра што варта задумацца. А паколькі людзі прыходзяць на спектакль, каб адпачыць, то мы робім гэта ў лёгкай гульнявой форме”.

Па словах актрысы, пастаноўка “Тры плюс Кот” праходзіць на ўра, але публіка ўсюды розная: “На неверагодным уздыме спектакль успрынялі ў Тбілісі. Мяркую, таму, што грузіны — вельмі адкрытыя людзі, яны любяць, калі з імі гавораць на простай мове, якую мы й выкарыстоўваем у спектаклі”. Веры Паляковай, яе калегам спадабалася цёплая, адкрытая публіка, якая імгненна адгукаецца на ўсё, што адбываецца на сцэне, у Ліепаі: “Адчуваецца, што гледачы — такія ж, як і мы, сапраўдныя беларусы”.

Гастролі ўдзельнікаў праекта “ТриТформаТ” па Латвіі ды Літве сёлета, як і ў 2018 годзе (тады паказвалі музычную камедыю па аднайменнай п’есе Эфраіма Кішона “Шлюбны дагавор”), арганізавалі прадстаўнікі амбасадаў Беларусі ў гэтых краінах.

Тэатральны праект “ТриТформаТ” амаль сем гадоў таму стварылі рэжысёр Таццяна Траяновіч ды акцёры Тэатра-студыі кінаакцёра Вера Палякова і Алеся Пухавая. Акцёры давалі спектаклі ў розных краінах: Францыя, Украіна, Чэхія, Фінляндыя, Італія, Польшча, Азербайджан. Спектаклі праекта штомесяц праходзяць і ў Малой зале Палаца Рэспублікі ў Мінску.

Анжэла Фаміна, г. Ліепая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».