Вы тут

Колькі ты вінен банку? Цяпер кліент можа раз на месяц даведацца пра гэта абсалютна бясплатна


У нашай краіне з першых дзён мая пачалі дзейнічаць новыя дакументы, якія мяняюць асобныя падыходы да крэдытавання насельніцтва. Адпаведныя рашэнні прынятыя пастановамі праўлення Нацбанка ад 31 сакавіка № 99 і № 100. Як растлумачыла на анлайн-відэабрыфінгу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення рэгулявання банкаўскіх аперацый Нацыянальнага банка Вольга Ілюкевіч, змены «ў цэлым будуць спрыяць павышэнню якасці крэдытавання, а таксама зніжэнню рызык пагаршэння фінансавага стану фізічных асоб і аптымізацыі іх плацяжоў па абавязацельствах».


Калі ты падумаў, што ўжо расплаціўся, — а дарэмна...

У адпаведнасці з абноўленай інструкцыяй нашага фінансавага рэгулятара, любы камерцыйны банк абавязаны прынамсі адзін раз у месяц даваць крэдытаатрымальніку па запыце без спагнання ўзнагароджання інфармацыю аб запазычанасці па крэдытным дагаворы. Інфармацыя павінна ўключаць, у прыватнасці, звесткі аб запазычанасці па крэдыце (асноўны доўг), аб суме працэнтаў за карыстанне ім, а таксама аб іншых абавязацельствах, такіх як няўстойка (штраф, пеня).

Таксама крэдытаатрымальнік мае права патрабаваць ад банка пісьмовае пацвярджэнне поўнага выканання абавязацельстваў па крэдытным дагаворы. «Гэтая норма дазволіць паменшыць колькасць выпадкаў, калі інфармаванасць грамадзян аб наяўнасці абавязацельстваў па дагаворы прыводзіць да ўзнікнення пратэрмінаванай запазычанасці», — тлумачыць Вольга Ілюкевіч. Даволі часта бываюць такія выпадкі, калі чалавек шчыра лічыць, што ўжо цалкам разлічыўся з банкам за атрыманы крэдыт, пасля чаго перастае плаціць па рахунках. Пра такія гісторыі мы ўжо нядаўна пісалі.

А тым часам па недаплачаным крэдыце суміруецца непагашаны доўг, працэнты і штраф у выглядзе няўстойкі і пені. Невялікая сума часткі доўгу пачынае расці як снежны ком. Таму кліенту лепш мець на руках менавіта пісьмовую гарантыю таго, што цяпер ён сапраўды нікому нічога не вінен.

Няпамятлівы кліент атрымлівае «чорную метку» на тры месяцы

Як вядома, пры неналежным выкананні крэдытаатрымальнікам яго абавязацельстваў банк мае права патрабаваць датэрміновага вяртання крэдыту, загадзя папярэдзіўшы яго аб гэтым. Згодна з новымі дакументамі, цяпер банк не можа запатрабаваць вярнуць усе грошы неадкладна. У крэдытным дагаворы абавязкова павінна быць замацавана права кліента вярнуць крэдыт на працягу трох месяцаў з дня атрымання адпаведнага паведамлення ад банка.

Што менавіта лічыцца неналежным выкананнем абавязацельстваў, прапісваецца ў крэдытным дагаворы з банкам. Крытэрый — гэта канкрэтны дагавор. У ім вызначаюцца абавязацельствы перад банкам, якія трэба выконваць. Калі гэтага не адбываецца, банк мае права выставіць датэрміновае спагнанне. Пры гэтым прадстаўнік Нацбанка звярнула ўвагу на тое, што за нязначныя парушэнні дагавора самім банкам нявыгадна патрабаваць датэрміновага вяртання крэдыту, таму ў  банкаўскай практыцы такая мера ўжываецца, калі ёсць істотныя парушэнні крэдытнага дагавора. У першую чаргу гэта невыкананне ў тэрмін абавязацельстваў па крэдыце, непагашэнне крэдыту, нявыплата працэнтаў. Часам гэта датычыцца непрадастаўлення закладу, калі фізічная асоба абавязана даць па крэдытным дагаворы заклад у выглядзе забеспячэння.

Вольга Ілюкевіч удакладніла, што практыка датэрміновага вяртання крэдыту па патрабаванні банка існавала і раней. Норма, якая ўводзіцца з 1 мая, накіравана ў першую чаргу на тое, каб даць кліенту час на вырашэнне пытанняў з банкам, магчыма шляхам рэструктурызацыі запазычанасці, рэфінансавання крэдыту, або на пошук іншых крыніц яго пагашэння.

Патрэбныя і даведкі, але не заўсёды

Практыка патрабавання даведкі аб даходах для атрымання некаторых крэдытаў захаваецца. Як правіла, калі гэта крэдыт на нерухомасць, на аўтамабіль і іншыя пазыкі на досыць вялікія сумы, то захоўваецца форма пацвярджэння даходаў у выглядзе даведкі.

Разам з тым, па словах прадстаўніка Нацбанка, дзякуючы развіццю тэхналогій многія банкі сыходзяць ад даведак аб зарплаце і пацвярджаюць даходы кліентаў па іншых каналах. З 1 мая ўносяцца змены ў парадак выдачы і вяртання крэдытаў. У тым ліку ўстаноўлены патрабаванні да вызначэння сярэднямесячнага даходу фізічнай асобы. Банк можа выкарыстоўваць альбо заяўны прынцып падачы інфармацыі аб даходах кліента, альбо інфармацыю, пацверджаную дакументальна.

Пры выкарыстанні заяўнага прынцыпу ў залежнасці ад віду даходу ў разлік уключаецца найменшая з наступных велічынь: велічыня даходу, указаная грамадзянінам; намінальная налічаная зарплата работнікаў па абласцях і Мінску ў залежнасці ад месца жыхарства (знаходжання) фізічнай асобы; намінальная налічаная зарплата работнікаў па відах эканамічнай дзейнасці ў залежнасці ад віду дзейнасці работніка; сярэдні памер пенсій; устаноўленая банкам велічыня даходу, якая не перавышае вышэйпералічаныя.

Падыходы ў дачыненні да інфармацыі аб даходах (пералік і парадак падачы пацвярджальных дакументаў, пералік даходаў, падыходы да іх ацэнкі з улікам асаблівасцяў розных відаў даходаў і крэдытаў, парадак праверкі інфармацыі) устанаўліваюцца ў лакальных прававых актах банка. Як растлумачыла Вольга Ілюкевіч, раней банкі сутыкаліся з тым, што заяўлены кліентам узровень даходу не заўсёды супадаў з сапраўдным. Гэта прыводзіла да таго, што ў выніку крэдытная нагрузка для яго была празмерная.

Ёсць і растэрміноўка

Разлік пазыковай нагрузкі таксама будзе ажыццяўляцца з улікам віду крэдыту ў адпаведнасці з зацверджанай пастановай № 100 класіфікацыяй. Пры гэтым уводзіцца новае паняцце — крэдытаванне фізічных асоб на ўмовах растэрміноўкі. Гэты від крэдытавання магчымы пры адначасовым выкананні наступных патрабаванняў:

  • ёсць пагадненне паміж банкам і арганізацыяй гандлю і сэрвісу;
  • крэдыт выдаецца кліенту пад працэнтную стаўку, істотна ніжэйшую чым працэнтная стаўка па крэдытах, якія даюцца банкам пры адсутнасці названых пагадненняў.

Падыходы да разліку паказчыкаў пазыковай нагрузкі і забяспечанасці крэдыту пры выдачы крэдыту на фінансаванне нерухомасці не змяніліся. Паказчык пазыковай нагрузкі не павінен перавышаць 40 %, забяспечанасці — 90 %.

У тэму

«Хапун» на крэдыты ўжо скончыўся?

Вольга Ілюкевіч заўважыла, што ў сакавіку назіраўся ўсплёск росту спажывецкага крэдытавання, і фізічным асобам было выдадзена спажывецкіх крэдытаў на суму каля 1,2 мільярда рублёў. Гэта досыць вялікая сума, прыблізна на 37 % большая, чым у лютым, што звязана ў першую чаргу з дэвальвацыйнымі чаканнямі. Але ўжо ў красавіку назіраецца істотнае зніжэнне попыту на крэдыты. Справа ў тым, што ў красавіку банкі абмежавалі прапановы па некаторых крэдытах, частка крэдытных прадуктаў прыпынена. «З боку крэдытаатрымальнікаў таксама зніжаецца актыўнасць, цяпер грамадзяне падыходзяць да атрымання крэдытаў ужо больш рацыянальна і абдумана», — дадала прадстаўнік Нацбанка.

Што датычыцца ўзмацнення жорсткасці патрабаванняў пры выдачы крэдытаў, то Вольга Ілюкевіч звярнула ўвагу на тое, што кожны банк самастойна вызначае сваімі лакальнымі актамі парадак ацэнкі крэдытаздольнасці кліента — які ўзровень даходаў у яго павінен быць. Гранічны паказчык пазыковай нагрузкі выдачы крэдыту — 40 %, але банкі могуць устанавіць і меншы памер. У цэлым, па яе ацэнцы, цяпер банкі трохі зніжаюць сваю актыўнасць у дачыненні да крэдытавання, асабліва доўгатэрміновага.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: om-saratov.ru

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.