Вы тут

Дарогамі Славы. Памяць сэрца


Падчас парада на Дзень Перамогі пранясуць рэспубліканскае палотнішча «Беларусь памятае». На ім будуць напісаныя імёны Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, якія маюць дачыненне да Беларусі. Будуць там імёны і Пятра Касенчука, Пятра Касцюковіча і Ільі Купрыенкі. На жаль, гэтых поўных кавалераў — нашых славутых землякоў — мне не давялося ўбачыць асабіста. Іх твары я знайшоў на старых фатаграфіях, якія беражліва захоўвалі ўдовы. Мне помніцца кожная сустрэча з гэтымі жанчынамі: і першая, якая адбылася амаль трыццаць гадоў таму, і, тым больш, апошняя, якая адбылася ў канцы сёлетняга сакавіка. Тое, што павінны былі расказаць пра сябе франтавікі, за іх гаварылі іх спадарожніцы.


Удаву Пятра Касенчука Алену Іосіфаўну я сустрэў у Магілёве. У 1988 годзе ёй было амаль восемдзесят гадоў. Яна была з тых пакутных жанчын, якія не дачакаліся з вайны сваіх салдат, больш за тое, усё жыццё захоўвалі «пахаванкі». Бабуля Алена згадвала, як перад пераможным маем з Чавускага ваенкамата прынеслі ліст-трохкутнік, з якога даведалася, што «верны воінскай прысязе, Пётр Касянчук праявіў геройства і мужнасць, быў паранены. Памёр 20 студзеня 1945 года, пахаваны ў Польшчы...».

— Я выйшла замуж за Пятра ў шаснаццаць гадоў, — згадвала ўдава. — Ён быў са шматдзетнай сям'і. Ваяваў на фінскай вайне. Калі пайшоў біцца з немцамі, у нас было двое дзетак. Старэйшая дачка Тамара пісала тату лісты на фронт. Аднойчы Пятро даслаў нам сваё фота — с дзвюма зоркамі на грудзях. Такім мы яго і запомнілі.

Пра тую адзіную сустрэчу з роднымі поўнага кавалера Пятра Касенчука захаваўся памятны для мяне здымак, на якім Алена Іосіфаўна з дачкой Тамарай і ўнукамі Сяргеем і Таццянай каля свайго дома.

Увесну 1989 года я збіраўся ў вёску Несцерава Мсціслаўскага раёна на незвычайную «сустрэчу» з былым франтавіком Ільёй Купрыенкам. Незвычайнасць была ў тым, што мяне запрасілі ў дом ветэрана на гадавіну — год таму поўны кавалер пакінуў гэты свет. У мяне была магчымаць пабыць у сямейным коле, за адным сталом — жалобным, пачуць сардэчныя ўспаміны пра роднага чалавека — мужа, бацьку, дзеда. Не раздумваючы, я выправіўся ў глыбінку Магілёўшчыны. І вось адна з фатаграфій, зробленая на вясновым падворку. У гэты час сям'я, па традыцыі, збіралася наведваць вясковыя могілкі. Сямейны здымак быў бы не такі шчымлівы, калі б яго не «ўпрыгожыў» партрэт яшчэ нядаўняга гаспадара.

— Мы сустрэліся з Ільёй у сорак пятым і пражылі з ім у згодзе і каханні амаль сорак пяць гадоў, — расказвала тады ўдава Ганна Якаўлеўна Купрыенка. — Ён быў вясёлы чалавек, працавіты, і такімі выхоўваў сваіх чацвярых дзяцей і адзінаццаць унукаў.

Ганна Касцюковіч сёння жыве на ўскраіне Оршы. У свае дзевяноста чатыры жанчына валодае выключнай памяццю, мае бадзёры голас, жыве з цікаўнасцю. Да драбніц памятае вайну, любіць прыгадаць пра сваю маладосць, каханне і, вядома, свайго мужа. А муж у Ганны Іванаўны быў чалавек вядомы — адзіны на ўвесь горад поўны кавалер ордэна Славы.

— Мой Пётр быў сціплы, не выстаўляў свае ўзнагароды напаказ, не любіў згадваць акопныя будні вайны, — кажа ўдава. — Шкада, што мы пражылі з ім толькі трыццаць гадоў.

Ганну Іванаўну даглядае ўнучка Таццяна. І ўнучка, і яе бабуля часта прыгадваюць, чаму ордэн Чырвонай зоркі, якім Пётр Касцюковіч быў узнагароджаны, быў з адколатай эмаллю. Метка ўзнагароды — асаблівая, яна красамоўна сведчыць, што часта ордэны і медалі выратоўвалі салдат ад немінучай пагібелі — смяротных куль.

Анатоль КЛЯШЧУК


«Звязда» працягвае праект «Дарогамі Славы», які запусціла сумесна з Музеем гісторыі Узброеных Сіл. У межах праекта мы апавядаем пра ваенны шлях поўных кавалераў ордэна Славы, якія нарадзіліся ў Беларусі або звязалі з ёй свой далейшы лёс.

Заклікаем вас, паважаныя чытачы: калі сярод вашых родных і блізкіх хтосьці або быў поўным кавалерам ордэна Славы, або асабіста іх ведаў і захаваў успаміны ці фотаздымкі, то дзяліцеся вашымі гісторыямі з намі! Наш адрас — вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, Мінск, 220013. Адрас электроннай пошты — іnfo@zvіazda.by. Ніводны ліст не застанецца без увагі!

А пакуль згадваем жыццёвы і ваенны шлях трох вайскоўцаў. На жаль, яны не дажылі да сучаснай эпохі. Адзін з іх памёр ад баявых ран узімку 1945-га і стаў поўным кавалерам пасмяротна. Два іншыя завяршылі свой жыццёвы шлях у 80-я.


Ілья Купрыенка

Для нашага наступнага героя ўдзел у вайне складаўся з двух этапаў. У 1941-м яму ўдалося паваяваць нядоўга — падраздзяленне, у якім служыў, было акружана падчас баёў на тэрыторыі Літвы. Пераадолеўшы некалькі соцень кіламетраў, ён здолеў вярнуцца на родную Клімавіччыну, якую пакінуў у 1937-м, калі яму быў 21 год. Прычына была простая — прызыў у войска, а пасля Ілья Кірэевіч застаўся на звыштэрміновую службу.

Мінула два гады. Увосень 1943-га Клімавіцкі раён быў вызвалены ад нямецкіх захопнікаў. Мясцовы ваенкамат літаральна праз некалькі дзён мабілізаваў Ілью Купрыенку і тут жа накіраваў у дзеючую армію. Спачатку яго адправілі на Бранскі фронт, але літаральна праз некалькі тыдняў 50-я армія, у якой служыў Ілья Кірэевіч, была пераведзена на 2-гі Беларускі фронт. Удзельнічаў у вызваленні роднай Магілёўшчыны — браў удзел у абарончых баях на рацэ Проня каля Слаўгарада. Быў паранены.

Ордэн Славы ІІІ ступені Ілья Купрыенка здабыў падчас Магілёўскай аперацыі ў чэрвені 1944-га. Камандзір батальёна паставіў яго аддзяленню задачу разведаць адну з вышынь паблізу Магілёва. Ілья Кірэевіч зрабіў у варожым мінным полі праход, дзякуючы чаму разведчыкі здабылі неабходныя звесткі пра колькасць і агнявыя пункты праціўніка. І не толькі — яны ўварваліся ў варожую траншэю і выбілі з яе немцаў.

...У студзені 1945-га савецкія войскі распачалі Млаўска-Эльбінгскую наступальную аперацыю. Мэта яе палягала ў тым, каб адсекчы самую магутную групу армій «Цэнтр» ад астатняй часткі вермахта. Баі ішлі на паўночным усходзе сучаснай Польшчы, недалёка ад граніцы з Усходняй Прусіяй. Немцы стварылі магутныя лініі абароны ледзь не каля кожнага горада. Выключэннем не стаў і Бішофсбург (цяперашні Біскупец). Але Ілья Купрыенка ўсё ж разведаў падыходы да горада і разам з пяхотай уступіў у вулічны бой, дзе прыцэльным агнём скасіў некалькі гітлераўцаў. За гэты ўчынак 13-га сакавіка загадам па 49-й арміі яфрэйтар Купрыенка быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ ступені.

Але тым часам ужо рыхтаваліся дакументы на прадстаўленне 28-гадовага хлопца да ордэна І ступені. Ужо актыўна ішла
Усходне-Памеранская аперацыя — трэба было ачысціць ад нямецкіх войскаў узбярэжжа Балтыйскага мора ад Віслы да Одэра. Вёску за вёскай праходзілі савецкія салдаты, сустракаючы на сваім шляху вельмі жорсткае супраціўленне. 8 сакавіка групе разведчыкаў на чале з яфрэйтарам Купрыенкам была пастаўлена задача разведаць абстаноўку на шашы. Падабраўшыся туды, байцы заўважылі вельмі актыўны рух аўтатранспарту, перыядычна рухаліся групы пяхоты. З адной з іх разведчыкі і распачалі бой. Ілья Купрыенка асабіста знішчыў пяць гітлераўцаў. Яшчэ шэсць палічылі за лепшае здацца ў палон. Але вярнуліся нашы разведчыкі дадому не толькі з «языкамі»: прыемным трафеем стала машына з харчаваннем.

А вось пасля вайны Ілья Купрыенка звязаў свой лёс з Казахстанам. Працаваў забойшчыкам на шахце ў Карагандзінскай вобласці. Праўда, калі выйшаў на пенсію, то вырашыў вярнуцца назад у Беларусь. Жыў ён у вёсцы Несцерава на Мсціслаўшчыне. Памёр у сакавіку 1988 года.

Пётр Касянчук

Герой наступнага аповеду стаў поўным кавалерам ордэна Славы пасмяротна. Ён не дажыў да канца Вялікай Айчыннай вайны тры з паловай месяцы. Бой, за подзвіг падчас якога Пётр Якаўлевіч быў адзначаны высокай узнагародай І ступені, стаў для яго апошнім. Зрэшты, пра ўсё па парадку.

Пётр Касянчук нарадзіўся ва Украіне. А дакладней кажучы, на самай яе поўначы — у вёсцы Буда-Ваўчкоўская, якая цяпер месціцца на тэрыторыі Палескага раёна Кіеўскай вобласці. Паходзіў ён з сям'і этнічных беларусаў-сялян. Калі яму споўніўся 21 год, быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у Чавусах, што ў Магілёўскай вобласці, там і застаўся пасля звальнення ў запас. Пакрысе рос па кар'ернай лесвіцы — з пасады загадчыка гаспадаркі Чавускага райвыканкама дайшоў да кіраўніка нафтабазы машынна-трактарнай станцыі. Там яго і заспела 22 чэрвеня 1941 года. Калі вораг падышоў да Чавус, Пётр Якаўлевіч эвакуіраваўся на Урал. Там жа і быў прызваны ў дзеючую армію. Ваяваў сапёрам на Заходнім і 2-м Беларускім франтах. Асабліва вызначыўся падчас вызвалення Беларусі і Польшчы.

...Як вядома, сапёр права на памылку не мае. Яго работа становіцца яшчэ больш складанай, калі адбываецца пад інтэнсіўным абстрэлам праціўніка — смерць знаходзіцца і зверху, і знізу. Але радавы сапёрнага ўзвода 718-га стралковага палка 139-й стралковай дывізіі 50-й арміі Пётр Касянчук гэтага не збаяўся. У складзе групы разведчыкаў ён зрабіў праход у мінным полі і дротавым загараджэнні праціўніка паблізу Магілёва. За паспяхова выкананую задачу ён быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

Наступную ўзнагароду камандзір аддзялення малодшы сяржант Пётр Касянчук атрымаў праз чатыры месяцы, і... зноў пад Магілёвам, калі пачалася імклівая аперацыя па вызваленні горада. Гэтым разам ён зрабіў тры праходы ў мінных палях і дротавых загараджэннях.

...19 студзеня 1945 года баі ішлі каля горада Ортэльсбург. Цяпер ён носіць назву Шчытна і знаходзіцца на тэрыторыі паўночна-ўсходняй Польшчы. Перад сяржантам Пятром Касенчуком была пастаўлена задача: разам з падначаленым падраздзяленнем забяспечыць пераправу для 718-га стралковага палка. Мост быў наведзены, але... наш герой атрымаў вельмі цяжкае раненне, ад якога і памёр праз два дні. Апошні спачын Пётр Касянчук знайшоў у брацкай магіле каля вёскі Равы, паблізу якой і разгортваўся больш за 75 гадоў таму бой. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні выйшаў праз два з паловай месяцы, 10 красавіка 1945-га...

Пётр Касцюковіч

Даваенны жыццёвы шлях Пятра Касцюковіча нічым не адрозніваўся ад шляхоў соцень тысяч яго аднагодкаў. Нарадзіўся ў жніўні 1923 года ў вёсцы Казекі Аршанскага раёна ў звычайнай сям'і. Скончыўшы сем класаў, пайшоў працаваць у мясцовы калгас. Там яго і заспела Вялікая Айчынная.

Калі немцы падышлі да родных мясцін, хлопцу яшчэ не споўнілася васямнаццаць гадоў. Таму ён эвакуіраваўся з сям'ёй у Навасібірскую вобласць. Увесну 1942-га прыйшла павестка і яму...

Пётр Іванавіч ваяваў на некалькіх франтах — Калінінскім, Бранскім, 1-м і 2-м Беларускім. Але адлік ордэнаў Славы для яго пачаўся менавіта на беларускай зямлі. У гэты час сяржант Касцюковіч камандаваў мінамётным разлікам 843-га стралковага палка ў складзе 238-й стралковай дывізіі. Разам з падначаленымі байцамі ў баі за Магілёў 28 чэрвеня 1944-га ён ліквідаваў пяць агнявых пунктаў праціўніка. Праз некалькі дзён, 6 ліпеня, у баі каля адной з вёсак асабіста знішчыў дзевяць гітлераўцаў. Крыху больш чым праз месяц, 10 жніўня, выйшаў загад па дывізіі, згодна з якім сяржант Касцюковіч атрымаў ордэн Славы ІІІ ступені.

І ўжо літаральна праз чатыры дні — новы бой. Гэтым разам — за польскі горад Асавец. Пётр Касцюковіч падтрымліваў мінамётным агнём наступ савецкай пяхоты. Упэўнены агонь знішчыў каля ўзвода пяхоты, падавіў чатыры агнявыя пункты, тры артылерыйскія батарэі і ўзарваў два аўтамабілі. Такі вынік не застаўся без увагі камандавання арміі і быў ацэнены ордэнам Славы ІІ ступені.

...Фронт каціўся на захад, і ў сакавіку 1945 года баі ішлі ўжо на подступах да Гданьска (тагачаснага Данцыга). Сяржант Касцюковіч па-ранейшаму камандаваў мінамётным разлікам. Падчас адной з контратак немцаў яго разлік знішчыў тры кулямёты і каля дваццаці фашыстаў.

Праз тыдзень пасля Перамогі, 16 мая 1945 года, камандуючы 2-га Беларускага фронту маршал Канстанцін Ракасоўскі падпісаў прадстаўленне да ўзнагароджання Пятра Касцюковіча ордэнам Славы І ступені.

Пасля дэмабілізацыі Пётр Касцюковіч вярнуўся на радзіму, у Оршу. Шмат гадоў ён адпрацаваў на мясцовым ільнокамбінаце. Памёр у лютым 1982 года.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Анатоль КЛЯШЧУК (фота)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Як шматдзетная сям’я будуе жыллё з дапамогай дзяржаўнай субсідыі

Святлана, шматдзетная мама з вёскі Чарнаўчыцы, што пад Брэстам, падзялілася гісторыяй іх сям'і і дома.

Грамадства

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Камень Узнясення, «Стопачка» і «Руская свечка». Што паглядзець у Іерусаліме?

Аўтобусы з паломнікамі і турыстамі ніколі не праязджаюць міма гэтых знакавых, і не толькі для хрысціян, святынь. 

Грамадства

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Справа для народных мсцiўцаў. Пра партызанскiя аперацыi — з першых вуснаў

Цяпер, калi пасля вайны мiнула столькi гадоў, каштоўнасць аповеду яе жывых сведак толькi павышаецца.