Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, як працуе ва ўмовах каранавіруса сацыяльная служба


Менавіта тыя, каго апякуе гэтая служба, трапілі сёння ў разрад найбольш уразлівых катэгорый насельніцтва. У мэтах уласнай бяспекі ім трэба дыстанцыявацца і як мага менш кантактаваць з людзьмі. Але гэта якраз і непакоіць больш за ўсё: ім і так вельмі часта даводзіцца заставацца ў адзіноце. Вымушаны каранцін такія людзі ўспрынялі вельмі балюча. Але сацыяльныя работнікі знаходзяць выйсце нават у гэты няпросты перыяд. Напрыклад, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Магілёва не толькі стварыў для сваіх падапечных умовы для стасункаў, але яшчэ і даў ім магчымасць прыносіць карысць іншым.


Маскі для «Дамачая».

Маскі на заказ

Загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Наталля Шэйко расказала, што на базе іх швейнай майстэрні наладжаны выраб гігіенічных масак. Іх шыюць менавіта людзі з абмежаванымі магчымасцямі. На абслугоўванні Цэнтра больш чым 700 чалавек пенсійнага ўзросту, і наведваць іх без сродкаў абароны строга забараняецца. Расце таксама колькасць заказаў ад адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, якія хоць і не кліенты Цэнтра, але з прычыны дрэннага самаадчування і эпідэміялагічнай сітуацыі абмяжоўваюць кантакты са знешнім светам.

Сацработнікі выконваюць іх просьбы па дастаўцы прадуктаў і лекавых сродкаў з захаваннем усіх санітарных нормаў. А нядаўна паступіў заказ на маскі ад булачна-кандытарскай кампаніі «Дамачай». Прадпрыемства адобрыла першую партыю вырабаў індывідуальнай засцярогі і заказала яшчэ тысячу.

— Людзям прыемна, што іх праца ацэнена і што яны зрабілі свой унёсак у справу мінімізацыі наступстваў распаўсюджвання каранавіруса, — кажа Наталля Шэйко. — А заробленыя грошы ідуць на падтрыманне функцыянавання гурткоў. Іх у нас восем — па маляванні, лепцы, вязанні, вышыванні і іншыя.

Сувенірная прадукцыя рэалізуецца на розных гарадскіх святах, а нядаўна для папулярызацыі такіх вырабаў калегі з Мінска дапамаглі зрабіць інтэрнэт-вітрыну. Існуе таксама дамоўленасць з храмам у гонар Казанскай Божай маці, на тэрыторыі якога падчас велікодных свят прадаецца адпаведная прадукцыя. Сёлета, на жаль, праз каранавірус такой магчымасці не было. Затое атрымалася крыху зарабіць на масках.

— Мы ведаем, як важна для нашых выхаванцаў быць запатрабаванымі і забяспечваць сябе, — адзначае Наталля Шэйко.

Урокі на адлегласці

Толькі ў гуртках аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў задзейнічаны 52 чалавекі. Эпідэмія прымусіла абмежаваць дзейнасць гэтых груп, але не паралізавала.

— Вядома, што нашы выхаванцы вельмі цяжка перажываюць ізаляцыю, тэлефануюць і паведамляюць пра гэта, — кажа Наталля Шэйко. — Таму мы пастаянна шукаем новыя формы стасункаў, найбольш бяспечныя для іх. Напрыклад, запрасілі да сябе іх бацькоў і азнаёмілі з навыкамі асобных тэхнік дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дома яны перадаюць гэты вопыт сваім дзецям.

Выйсце знайшлося і для некаторых іншых гурткоў — напрыклад, для «Гаспадынькі», дзе займаюцца сацыяльна-бытавой рэабілітацыяй. Аматары «смачных спраў» атрымалі завочны курс навучання. Ім прапануюць цікавыя рэцэпты і просяць падзяліцца фотаздымкамі гатовай смакаты. Ідэя мела вялікі поспех.

— Для нас з дачкой вельмі важныя стасункі з цэнтрам, — кажа жыхарка Магілёва Галіна Арцёменка. — Мая Наталля вельмі балюча перажывае гэты дыстанцыйна-абмежавальны перыяд. Цяпер кантактуем у асноўным у «Вайберы». І вельмі нам падабаюцца кулінарныя ўрокі. Мы навучыліся рабіць смачныя рулеты, якія вельмі даспадобы і мне, і дачцэ. За аснову бяром лаваш з крамы, разразаем яго на дзве часткі, прамазваем соусам, які робім з таматнай пасты і маянэзу, кладзём слаі смажанай морквы, адварной курыцы, зеляніны, смажаных грыбоў, адварнога яйка, верх пасыпаем сырам і скручваем усё гэта ў рулет. На 10 хвілін адпраўляем у духоўку і атрымліваем вельмі смачную страву. Усім рэкамендую.

Дыстанцыйная фізкультура

Каб эмацыянальна падтрымаць састарэлых людзей, спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту, куды ўваходзяць тыя, каму 60+, арганізавалі бясплатныя анлайн-заняткі. Дзякуючы відэасувязі аматары актыўнага спосабу жыцця займаюцца, не выходзячы з хаты, фізкультурай, бяруць урокі рукадзелля, нават развучваюць танцавальныя па.

Галіна Аўчыннікава жыве танцамі, і вымушаная, як яна кажа, «блакада» крыху псуе ёй настрой. Аднак яна на сувязі са сваім трэнерам і сябрамі па танцавальным гуртку.

— Зараз вось будзем вучыць кадрылю ў стылі батла, — кажа яна. — Гэта вельмі цікавая задумка нашага кіраўніка. Да гэтага мы развучвалі парныя танцы, але карысна паспрабаваць і нешта прынцыпова новае.

А вось Ганна Жукава стараецца не прапускаць анлайн-урокі фізкультуры. Толькі аднойчы адсутнічала, калі не ўтрымалася і з'ездзіла на дачу, а там вельмі дрэнна працаваў інтэрнэт.

— Болей я так не рызыкую, — кажа яна. — Для нас, каму крыху за 70, вельмі важна падтрымліваць здаровы дух. Трэнер Павел Алегавіч пільна адсочвае ўсе нашы рухі. Калі нешта не так, робіць заўвагі. І мы яму ўдзячныя за тое, што ў нас у норме мышачная маса, няма праблем з дыханнем. Мы адчуваем сябе маладзейшымі і не здаём пазіцыі. Урокі дапамагаюць нам жыць у гэтай няпростай сітуацыі і адчуваць сваю запатрабаванасць.

На сувязі з аддзяленнем дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту — болей за 170 чалавек. Да каранавіруса яны з задавальненнем наведвалі спецыяльныя гурткі, вучыліся працаваць з камп'ютарам. І гэтыя веды, дарэчы, дапамагаюць ім заставацца на сувязі.

— Неспрыяльная эпідсітуацыя прымусіла нашых наведвальнікаў сысці ў самаізаляцыю і зачыніцца ў межах сваіх кватэр. Новы рэжым жыцця, інфармацыйны ціск і закрытыя граніцы не вельмі станоўча адбіваюцца на іх. Людзі імкнуцца знайсці так званыя пункты апоры, каб адчуць сябе крыху камфортней. Нашы анлайн-заняткі дапамагаюць ім выказаць свае пачуцці, даць выхад энергіі ў пазітыўнае рэчышча, абудзіць фантазію і творчыя здольнасці, — рэзюмуе загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Кацярына Жарыкава.

Ірына Сойкіна, Кацярына Жарыкава і Павел Сацукевіч арганізуюць анлайн-трансляцыю ўрока фізкультуры.

Час дарэмна не губляем

Дырэктар Цэнтра Андрэй Руцкі запэўнівае, што робіцца ўсё для таго, каб урон ад каранавіруса быў для наведвальнікаў мінімальны. Анлайн-сустрэчы і заняткі па «Скайпе» — гэта не адзінае, што робіцца сёння. Пакуль у аддзяленні дзённага знаходжання часовае зацішша, тут заняліся рамонтам. Зусім хутка тут з'явіцца сэнсарны пакой, дзе можна будзе атрымліваць эмацыянальную разгрузку. Андрэй Руцкі лічыць, што гэта вельмі важна для пацыентаў з псіхафізічнымі захворваннямі:

— Ёсць статыстыка, што наведванне такіх вось пакояў зніжае імавернасць прыступаў эпілепсіі ў хворых людзей. Іх стрэсаўстойлівасць нашмат ніжэйшая, чым у звычайнага чалавека.

Абсталяванне для памяшкання, дзе будуць праводзіцца сеансы рэлаксацыі, дапамаглі набыць спонсары. Дарэчы, нядаўна за кошт дабрачынных памочнікаў атрымалася зрабіць рамонт гэтага аддзялення. Раней, кажа дырэктар, яно знаходзілася ў вельмі кепскім стане:

— Працякаў дах, прадзімалі вокны, абсыпаліся сцены. Умовы былі — не пазайздросціш. Але цяпер усё кардынальна перамянілася. У нас вельмі сучасныя памяшканні. Цяпер рыхтуем праектна-каштарысную дакументацыю для новай швейнай майстэрні. Там іх будзе нават дзве: адна — для рамонту адзення, а другая — для вырабу сувеніраў. Ніводнай капейкі з бюджэту на рэканструкцыю не пайшло, усё за кошт спонсараў. Дапамагалі грашыма, матэрыяламі, рукамі. Напрыклад, навучэнцы ліцэя № 9 адрамантавалі падчас практыкі пакой. Нам вельмі дапамаглі Пётр Салаўёў, які на той момант быў дэпутатам 6-га склікання Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, а цяпер узначальвае адміністрацыю Кастрычніцкага раёна Магілёва, шмат намаганняў прыклаў протаіерэй Анатоль, настаяцель храма Казанскай Божай Маці. Ён паведамляў пра наша становішча прыхаджанам, а сярод іх ёсць і бізнесмены — яны хутка ўключыліся ў справу і дапамаглі. Свет не без добрых людзей, і гэта не дае адчуваць сябе ў ізаляцыі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Магілёва.

Загаловак у газеце: Стасункі ў рэжыме анлайн

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?