Вы тут

След алоўка ад мезазою да нашых дзён. Чаму малюнкі дыназаўраў ілюстратара-аматара апублікавалі ў Natіonal Geographіc (Расія)


Дзмітрый ТАКАЛЬЧЫК — навуковы супрацоўнік лабараторыі нейрафізіялогіі Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, займаецца вывучэннем работы мозга. А яшчэ ў маладога навукоўца ёсць цікавае хобі: дваццацівасьмігадовы хлопец малюе... дыназаўраў, арыентуючыся на сучасныя навуковыя даныя. І робіць гэта вельмі ўдала, адно з пацвярджэнняў таму — публікацыя яго работы «38 адкрытых у 2018 годзе відаў дыназаўраў» у Natіonal Geographіc (Расія).


Палеанталогіяй Дзмітрый захапіўся ў дзяцінстве. У тыя часы выходзілі такія папулярныя фільмы і серыялы, як «Прагулкі з дыназаўрамі», «Парк юрскага перыяду», «Зямля да пачатку часоў», што сталі штуршком для развіцця яго творчасці.

— Здольнасці да малявання дасталіся мне ад бацькі. Як вывучаў патрэбную інфармацыю аб дыназаўрах? Часта хадзіў па кніжных крамах роднага Наваполацка, доўга разглядваў прыгожыя малюнкі ў розных выданнях і чытаў цікавыя артыкулы, — прыгадвае суразмоўнік.

Любоў да прыроды і ўсяго жывога вызначыла яго выбар хіміка-біялагічнага профілю, калі Дзмітрый вучыўся ў старшых класах. Ездзіў на розныя алімпіяды, на адной з іх — на рэспубліканскім узроўні па біялогіі — атрымаў дыплом трэцяй ступені, што дало магчымасць паступіць на біялагічны факультэт БДУ без экзаменаў.

Навыкі малявання спатрэбіліся і падчас навучання ва ўніверсітэце. Так, на першых курсах па некаторых дысцыплінах студэнтам трэба было весці альбомы: замалёўваць усё, што яны бачылі, — ад раслінных клетак да канечнасцяў насякомых.

— У той час я завёў сяброў па перапісцы з іншых краін, ды і ўвогуле з'явілася шмат новай карыснай інфармацыі, якая дапамагла сістэматызаваць атрыманыя раней веды пра дыназаўраў. Чым больш даведваўся, тым больш захапляўся тэмай, — кажа навуковец.

Цяпер свае ілюстрацыі Дзмітрый стварае як на паперы, так і на камп'ютары. Суразмоўнік расказвае, што для таго, каб намаляваць адну невялікую карцінку, неабходны дзве-тры гадзіны, а вялікая можа запатрабаваць старання на некалькі тыдняў.

Дзмітрый прызнаецца, што найцяжэй яму даводзіцца з малюнкамі тыраназаўраў.

— Пра гэты від шмат што вядома, таму адлюстраванне патрабуе максімальнай дакладнасці. Але ёсць некалькі спрэчных момантаў, якія нават прафесійных палеантолагаў ставяць у тупік. Пашча тыраназаўра была як у яшчара або як у кракадзіла? У які момант знікла апярэнне? Справа ў тым, што ў продкаў тыраназаўра яно дакладна было. Таму калі малюю гэты від зусім без пер'я, у некаторых іншых ілюстратараў часам узнікае незадавальненне. Калі ж я далучаю рэшткі апярэння, таксама паўстаюць пытанні, навошта.

Навуковец дастае свае малюнкі і з захапленнем паказвае найцікавейшыя адкрыцці ў свеце вымерлых жывёл на паперы...

Сярод ілюстратараў і мастакоў штогод з'яўляецца новая зацікаўленасць пэўнымі відамі дыназаўраў. Напрыклад, з выхадам вядомага серыяла «Парк юрскага перыяду» гэтых жывёл пачалі ўяўляць актыўнымі і дастаткова разумнымі. Таксама інтарэс да некаторых відаў з'явіўся пасля адкрыцця ў іх апярэння.

— Раней, напрыклад, раптараў малявалі калматымі, месцамі з луской, месцамі з пер'ем. Цяпер выявы дыназаўраў сталі больш «гладкія», рэалістычныя. Яны ўжо не нагадваюць старажытных монстраў.

Летась адну з работ Дзмітрыя пад назвай «38 адкрытых у 2018 годзе відаў дыназаўраў» апублікаваў Natіonal Geographіc (Расія), што вельмі крута для ілюстратара-аматара. Як гэта было?

— Некалькі гадоў таму я браў удзел у чэленджы Dіnovember, у рамках якога розныя мастакі і ілюстратары штодзень павінны былі маляваць і публікаваць па адной выяве дыназаўра. Я праходзіў яго другі раз. Каб зрабіць сваю работу больш канцэптуальнай, вырашыў адлюстраваць дыназаўраў, адкрытых у свеце на працягу 2018 года. Такім чынам стаў першапраходцам у гэтым. Ілюстрацыі набылі пэўную папулярнасць, менавіта дзякуючы ёй на мяне выйшаў Андрэй Жураўлёў, навуковы рэдактар Natіonal Geographіc (Расія), — расказвае навуковец.

Дарэчы, цяпер мастак працуе над другім цыклам работы, які прысвечаны дыназаўрам, адкрытым ужо ў 2019 годзе:

— Працэс іх малявання адрозніваецца. Летась дыназаўраў было адкрыта нашмат больш, чым у 2018-м — 48 супраць 38 відаў, таму вырашыў падзяліць спіс на дзве катэгорыі і частку зрабіць у алоўкавай тэхніцы, а частку — тушшу. Пакуль работа выканана напалову, спадзяюся завяршыць яе да канца гэтага года.

— На што арыентуецеся, калі недастаткова навуковай інфармацыі для стварэння рэалістычнага малюнка?

— Калі працую над ілюстрацыяй малавывучанага дыназаўра, ад якога застаўся толькі фрагментарны матэрыял, звяртаю ўвагу на яго найбліжэйшых сваякоў — паказчыкі будуць падобныя для аднаго сямейства або падсямейства. А ўвогуле трэба прытрымлівацца ведаў з вобласці анатоміі і філагеніі (навука аб роднасных сувязях). Да таго ж заўсёды ёсць месца для невялікіх творчых вольнасцяў: можна выбраць, у якім парадку і ў якой колькасці зрабіць зморшчыны на целе жывёлы, або самому вызначыць напрамак яе апярэння. Каб удасканальваць свае веды і навыкі, сачу за навуковымі навінамі на рускай і англійскай мовах, з'яўляюся прыхільнікам работ многіх прафесійных замежных і айчынных палеаілюстратараў. Сярод апошніх вельмі падабаецца Андрэй Атучын, з яго работамі выходзяць серыі кніг, у тым ліку і на рускай мове, іх я таксама калекцыяную.

Дзмітрый прызнаўся, што хацеў бы пабываць на раскопках, дзе знаходзяць парэшткі дыназаўраў. Але, як правіла, яны адбываюцца ўдалечыні ад цывілізацыі, туды адпраўляюцца рэдкія экспедыцыі з перыядычнасцю часам у некалькі дзясяткаў гадоў. Таму суразмоўніку застаецца толькі спадзявацца на ўдачу.

— А ці ёсць у вас малюнкі дыназаўраў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі?

— На жаль, гэтыя вымерлыя жывёлы ў нашай краіне пакуль не вельмі добра вывучаюцца, бо дагэтуль яны тут не былі знойдзены. Раней, падчас мезазою, большую частку тэрыторыі ў нас займала мора, але вядомая і нашмат ранейшая фаўна. Напрыклад, у салігорскай шахце ў 1976 годзе ўпершыню было знойдзена некалькі шкілетаў ракаскарпіёнаў палеазойскай эры і вызначаны іх новы від — салігорскаптэрус, названы ў гонар гэтага горада. Пазней падобныя парэшткі тут былі знойдзены яшчэ шэсць разоў, — расказвае суразмоўнік.

Галоўная мэта Дзмітрыя на найбліжэйшы час — удасканальваць свае навыкі малявання і не страчваць «запалу» творчасці ў душы. «Хобі, якое ператвараецца ў асноўную дзейнасць, можа пагражаць выгараннем. Таму на сёння я канцэнтрую сваю ўвагу на некалькіх маштабных праектах. Лічу, што маю яшчэ шмат нераскрытага патэнцыялу і ў будучыні абавязкова яго рэалізую».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.