Вы тут

Свой бізнес да 18, або Ці возьмецеся вы выпякаць булачкі з сырам?


Канферэнцыя «Guru Будучыні», якая ўжо становіцца традыцыйнай, чарговы раз аб'яднала крэатыўных юнакоў і дзяўчат, а таксама маладых спікераў-наватараў, заснавальнікаў уласных бізнесаў. Дзякуючы ёй захапіліся вопытам і заматывавалі сябе на стварэнне цікавых праектаў многія падлеткі і студэнты.


Ці чулі вы пра такеноміку ці смарт-кантракт? Для пятнаццацігадовага блокчэйн- і вэб-распрацоўшчыка, заснавальніка праектаў Beat-Buy і FutureDay, выпускніка TeenGuru Busіness Academy і Іmaguru Blockchaіn School Мікалая КАРНІЛАВА гэтыя паняцці гучаць цалкам звыкла.

Мікалай Карнілаў.

— У аснове тэхналогіі блокчэйну — размеркаванне інфармацыі, якая захоўваецца на камп'ютарах усіх карыстальнікаў сеткі, — уводзіць у курс справы Мікалай. — Яе кадзіруюць асаблівым чынам — адмысловым шыфрам. Кожны наступны запіс аб'ядноўваецца з папярэднім, атрымліваецца паслядоўнасць блокаў, звязаных віртуальным «ланцугом». Такім чынам, каб знайсці нешта, тым жа «хакерам» трэба разблытаць усю паслядоўнасць. Даволі цяжка для іх і надзейна для сістэмы. Смарт-кантракт — камп'ютарны алгарытм, прызначаны для кантролю і выдачы пэўных звестак. Усе ахвотныя могуць перадаваць паміж сабой віртуальныя аналагі грошай. Як прыклад — жэтон у метро. З яго дапамогай мы можам трапіць у поезд, але ж гэта не манета ў звычайным разуменні. А крыптавалюты — толькі адзін са спосабаў выкарыстання блокчэйна.

Некалькі гадоў таму Мікалай наведваў хакатоны ў ПВТ. Спадабаўся «айцішны» дух, захацелася паўдзельнічаць у іншых конкурсах, паспрабаваць свае сілы на стартап-пляцоўках. Прайшоў курс у TeenGuru, падчас заняткаў у хлопца сталі з'яўляцца ідэі праектаў. Так нарадзіўся першы — Beat-Buy: сайт і мабільная праграма для продажу і куплі за ўнутраную крыптавалюту музычных бітаў... Сваім аднагодкам малады суразмоўнік заўсёды дае параду: трэба многа і ўпарта займацца самаадукацыяй. «Замест камп'ютарных гульняў паспрабуйце асвоіць якую-небудзь мову праграмавання або прыдумайце нейкую гульню самастойна».

— Праз 10–15 гадоў такеноміка стане асновай эканомікі розных краін, — лічыць юнак. — Яна ўжо выкарыстоўваецца ў шматлікіх галінах, напрыклад, у сферы кіравання персаналам або там, дзе патрабуецца надзейна захаваць шмат інфармацыі. Просты прыклад са школьнага жыцця — электронны дзённік. Былі выпадкі, калі падлеткі іх узломвалі. Але калі б такая рэч функцыянавала з выкарыстаннем блокчэйну, зрабіць гэта было б немагчыма. Дарэчы, такеноміка — гэта яшчэ і аўтаматызацыя працы: самую складаную за нас ужо выконваюць робаты.

Упартасць заўсёды дапамагае тым, хто хоча зарабіць добрыя грошы. Так лічыць, абапіраючыся на ўласны досвед, стваральніца агенцтва Popcorn Medіa, практыкуючы SMM-спецыяліст і капірайтар Каміла ЖЫБУЛЯ. Гэтая дзяўчына прайшла праз дзясяткі кампаній, каб атрымаць першую работу. Яна ўпэўнена, што для таго, каб набыць прафесійны вопыт, у падлеткаў павінна быць разуменне: трэба шукаць карысныя кантакты, знаёміцца з вялікай колькасцю людзей. А яшчэ хадзіць на разнастайныя бясплатныя канферэнцыі, семінары, майстар-класы, курсы, якія каштуюць мала або ўвогуле нічога не каштуюць. Бо яны даюць матывацыю на тое, каб у будучыні стварыць нешта сваё.

Каміла Жыбуля.

— У жыцці вельмі важна паставіць сабе мэту і прытрымлівацца яе, нягледзячы на перашкоды. Многія з нас часта сумняваюцца ў сабе, але разам з тым унутры павінна быць дакладнае перакананне, што вы зможаце ўсё. Напрыклад, любая бізнес-ідэя можа працаваць, нават калі яе пратэсціраваць на некалькіх людзях. Галоўнае — спрабаваць, — падзялілася Каміла.

Маладых удзельнікаў бізнес-сустрэчы спікер запэўніла: каб уладкавацца на вакансію адміністратара анлайн-школы, вэб-дызайнера, вэб-аналітыка, фатографа, менеджара блогера або сторыз-мейкера, профільная адукацыя не патрабуецца.

Як адкрыць бізнес без стартавага капіталу, а пасля вырасці ў міжнародны праект, які ахапіў 255 гарадоў? Адказ ведае заснавальнік «Мазгабойні» Аляксандр ХАНІН. Яго інтэлектуальная гульня ў першую чаргу забаўляльная, аднак ужо сем гадоў гэта таксама і буйны бізнес.

Аляксандр Ханін.

— Страхі бясследна марнуюць наш час, абмяжоўваючы развіццё. Самы галоўны з іх у людзей, якія не сутыкаліся з адкрыццём сваёй справы, — міф аб тым, што для яе рэалізацыі трэба шмат грошай і сувязяў. Аднак гэта не так. У 2013 годзе мы не мелі вялікага стартавага капіталу, нават не ведалі, што такое франшыза, а першымі кліентамі былі знаёмыя і сябры. Развіваліся праз «сарафаннае радыё». Цяпер у нашу паб-квіз віктарыну гуляюць амаль усе гарады краіны, а гадавы абарот кампаніі складае каля 100 мільёнаў рублёў. Не трэба баяцца дзяліцца сваёй ідэяй з тымі, хто вас акружае. Заўсёды знойдзецца нехта, хто вам дапаможа, адшукае патрэбныя кантакты або праспансіруе праект. Часцей за ўсё любая ідэя, якая прыйшла ў вашу галаву, ужо была кімсьці рэалізаваная. Але гэта не павінна спыняць. Не трэба баяцца канкурэнтаў, іх трэба любіць. Яны — ваш матыватар, — упэўнены Аляксандр Ханін.

Ідэя нічога не каштуе, калі яе не рэалізаваць. Так лічыць удзельнік праграмы паскарэння ў Starta Accelerator і пераможца Startup Competіtіon на Venture Day Mіnsk, стваральнік сэрвісу штучнага інтэлекту BotScape Павел ЛІТВІНКА. Хлопец ведае, як школьнікам і студэнтам знаходзіць нішы для стартап-праектаў.

Павел Літвінка.

— Будзьце на хвалі актуальных падзей і плыняў, сачыце за буйнымі кампаніямі. Грошы прыносіць той прадукт, які ў пэўны момант вельмі запатрабаваны. Напрыклад, трэндавы від размалёвак — піксель-арт. Пачаткам масавай цікавасці да яго стаў выпуск мабільнай праграмы распрацоўшчыкамі з Пензы. Іх праект хутка стаў папулярны, і цяпер яны зарабляюць на сваёй распрацоўцы два мільёны долараў у месяц. Ёсць катэгорыя тавараў, якія заўсёды павінны існаваць. На іх таксама варта звярнуць увагу. Напрыклад, булачкі з сырам — іх продаж не спыніцца яшчэ шмат дзясяткаў гадоў, пытанне толькі ў тым, возьмецеся за іх вы або хтосьці іншы, — расказвае Павел Літвінка.

Дарэчы, кампанія спікера ў свой час занялася распрацоўкай, здавалася б, чарговага анлайн-перакладчыка. Але цяпер яны маюць з яго 30 мільёнаў загрузак і зарабляюць мільён долараў. Як так атрымалася? Павел лічыць, што не трэба саромецца рэалізоўваць штосьці падобнае на прадукт, які ўжо існуе на рынку, аднак рабіць гэта трэба ў разы лепш, чым канкурэнты.

Як стварыць мерапрыемствы для падлеткаў, калі табе 16? Іван УЛАСАЎ, член каманды TeenStart, якая арганізоўвае розныя івэнты для юнакоў і дзяўчат, расказаў пра гэта на прыкладзе свайго вопыту.

Іван Уласаў.

— Актыўную дзейнасць у рэалізацыі праектаў я пачаў больш за год таму. Быў частым госцем на розных канферэнцыях для дарослых, і гэта матывавала зрабіць нешта падобнае для падлеткаў, каб яны развіваліся разам са мною. Знайшоў добрую каманду, але спачатку не пакідалі думкі, што нас не будуць успрымаць усур'ёз. Хваляваліся аб тым, як будзем пісаць дырэктарам, кіраўнікам кампаній. Але прыемна здзівіліся, калі ніхто з патэнцыйных партнёраў не спытаў пра ўзрост, бо яны бачылі, што мы ставімся да сваёй работы вельмі адказна. Памятаю, што за тыдзень да першага мерапрыемства ў нас было прададзена 60 білетаў пры заяўленых 150... Нельга было сказаць: гэта аказалася занадта цяжка, я, напэўна, спынюся. Зразумела, што некаму іншым часам прасцей купіць каву за чатыры рублі, чым укласці іх у самаразвіццё. Таму перад сустрэчай мы тэлефанавалі ўсім тым, хто падаваў заяўку на сайце, — быў важны кожны, хто прыйдзе да нас, — дзеліцца Іван.

Хлопец заклікае падлеткаў шукаць свае так званыя моцныя бакі.

— Калі я пачаў займацца праектамі, разумеў, што мне не хапае ведаў у сферы SMM, вэб-дызайне. Але любіў нэтворкінг, падабалася размаўляць з вялікай колькасцю людзей, вырашаць іх праблемы і адказваць на пытанні. Аднойчы для бізнес-сустрэчы знялі памяшканне не ў цэнтры горада. Зразумела, што многім было нязручна туды дабірацца, але мы зрабілі акцэнт на вядомых спецыялістах-спікерах — запрасілі самых лепшых, на наш погляд, і ўбачылі поўную залу наведвальнікаў.

Але так бывае не заўсёды, кажа Ваня, таму трэба ўмець аналізаваць няўдачы:

— У нас былі мерапрыемствы, якія сабралі пяць чалавек, а былі і тыя, што 25. Спачатку не было зразумела, чаму так адбываецца: адны і тыя ж партнёры, адзін і той жа бюджэт на рэалізацыю праекта, але спікеры — розныя. Вынік: людзі ідуць за людзьмі. Калі правільна падабраць цікавых вашай аўдыторыі аўтарытэтных персон, з большай імавернасцю чакайце прыемных водгукаў. Але не варта забываць пра тэму выступлення — яна можа быць не блізкая для той узроставай катэгорыі, якую вы запрасілі. Калі спікеры не ўмеюць удала выказваць свае думкі, гэта можа стаць праблемай падчас мерапрыемства.

Суразмоўнік даў параду падлеткам: «Запомніце: ніхто нічога нікому не павінен. Любая тэхнічная праблема — ваша адказнасць, штосьці не выйшла — ваш правал. Але не варта яго палохацца. Дональд Трамп шэсць разоў станавіўся банкрутам. Калі ён можа дазволіць сабе няўдачы, дык чаму мы павінны іх абыходзіць? Яны — наш вопыт, асабліва на раннім этапе рэалізацыі сябе ў нейкай сферы. Бо іншым часам поспех дае «карону на галаве», якая цісне на мозг і ён перастае па-сапраўднаму працаваць».

Дарэчы, тым, у каго ёсць іPhone, Іван Уласаў раіць час ад часу глядзець на функцыю «экранны час». Тады будзе зразумела, на што вы губляеце свае хвіліны і гадзіны, седзячы ў тэлефоне.

— Прадпрымальніцтва робіць чалавека дарослым, — упэўнены малады спікер. — У ім ёсць адказнасць: не выканаў умоў, і з табой перастануць весці справы. Да таго ж тут разумееш, што для дасягнення поспеху вельмі важная каманда. Сёння не праблема знайсці захопленых пэўнай справай падлеткаў, іншая справа, што ў свае 15-16 гадоў яны могуць быць ужо кімсьці занятыя, і ваша задача — паспець іх перахапіць да таго моманту, пакуль яны не стануць часткай іншай кампаніі.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.

Грамадства

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

Дарогамі Славы. Кулямётчык і мінамётчык

З сапраўднымі легендамі мінулай вайны Паўлам Рубісам і Віктарам Вятошкіным мне пашчасціла сустрэцца ў майскія дні восемдзесят дзявятага года.