25 верасня, пятніца

Вы тут

Як на Гомельшчыне падтрымліваюць састарэлых у перыяд распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі


У Гомельскім, Веткаўскім і Добрушскім раёнах шмат зроблена і робіцца цяпер для падтрымкі састарэлых у перыяд распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Да гэтай дзейнасці далучыліся ўсе галіны ўлады, установы аховы здароўя, сацыяльныя службы, арганізацыі, аб'екты гандлю, праваахоўныя органы і грамадскія арганізацыі.


Член Савета Рэспублікі Таццяна Абель сумесна са старшынямі раённых Саветаў дэпутатаў Гомельскага, Добрушскага і Веткаўскага раёнаў Вікторыяй Ладуцька, Уладзімірам Емяльянавым і Віктарам Масейкавым штодзённа маніторыць сітуацыю і аналізуе, дзе патрэбна дапамога ў першую чаргу.

Так, пярвічная арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» пры Бальшавіцкім сельвыканкаме Гомельскага раёна падтрымала марафон, арганізаваны грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз жанчын». Актывісткі сваімі рукамі пашылі сродкі індывідуальнай засцярогі — марлевыя павязкі шматразовага выкарыстання. Больш за 150 вырабленых масак было перададзена работнікам бальніцы сястрынскага догляду ў пасёлку Бальшавік. Частку з іх сшылі на базе касцюмернага цэха заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь цырка імя Валерыя Абеля.

— Мы падрыхтавалі павязкі для медыцынскіх работнікаў, — адзначыла Таццяна Абель, — каб людзі адчувалі сябе ў большай бяспецы. Гэта дапаможа і супрацоўнікам, і пацыентам, якія знаходзяцца тут, адчуваць сябе больш абароненымі ад інфекцый.

Між тым у Веткаўскім раёне праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку захворвання на рэспіраторныя інфекцыі сярод насельніцтва. На асаблівым кантролі — дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў «Шубіна». У гэтай установе штодня праводзіцца кантроль стану здароўя супрацоўнікаў. Задача — не дапусціць людзей з сімптомамі рэспіраторных захворванняў да работы.

У Добрушы лекі і прадукты харчавання адзінокім пажылым людзям гатовыя даставіць праваахоўнікі і сацработнікі. Супрацоўнікі міліцыі прайшлі інструктаж і пры штодзённай адпрацоўцы адміністрацыйных участкаў абавязкова наведваюць адзінокіх састарэлых, цікавяцца іх здароўем, даведваюцца пра пажаданні. Папрасіць аб дапамозе пажылыя людзі могуць і наўпрост па тэлефонах участковых інспектараў або па адзіным нумары 102. З мэтай прадухілення распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVІD-19, адзінокія пажылыя грамадзяне, інваліды І і ІІ групы штодня могуць звярнуцца па дапамогу, па дастаўку прадуктаў харчавання, медыкаментаў, тавараў першай неабходнасці ў службу сацыяльнай падтрымкі Добруша.

Між тым усе цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гомельскай вобласці працягваюць працаваць у пашыраным рэжыме: падоўжаны час работы, працуюць дадатковыя тэлефоны гарачых ліній. На дапамогу сацслужбам прыйшлі грамадскія арганізацыі. Дастаўку ўсяго неабходнага пажылым людзям ажыццяўляюць валанцёры Чырвонага Крыжа, БРСМ, прафсаюзных і царкоўных арганізацый. Не засталіся ўбаку і работнікі паштовых аддзяленняў.

У межах акцыі «Добрае сэрца» адміністрацыя, супрацоўнікі і навучэнцы Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа набылі і даставілі бутлі з пітной вадой у Гомельскую гарадскую клінічную бальніцу № 1.

Валанцёры пярвічнай арганізацыі БРСМ каледжа пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Ірыны Сіманчук арганізавалі распаўсюджванне інфармацыі пра метады і сродкі прафілактыкі вірусных інфекцый. Актывісты размяшчалі ўлёткі на дошках аб'яў на прыпынках грамадскага транспарту і каля ўваходаў у пад'езды жылых дамоў. Пазначаны там таксама тэлефоны гарачай лініі, на якія адзінокія пенсіянеры могуць звярнуцца па дапамогу ў дастаўцы лекаў і прадуктаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота дадзена Гомельскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа

Загаловак у газеце: Ніхто не адчуе сябе пакінутым!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».