Вы тут

Сенатар: Нават сказаў бы, што мы на крок апярэджваем інфекцыю


У сённяшней эпідэміялагічнай сітуацыі сенатары працягваюць работу са зваротамі грамадзян ва ўсіх даступных фарматах. Кожны раз форма стасункаў будзе выбірацца ў залежнасці ад абставін. Фармат анлайн-канферэнцыі ў прамым эфіры з жыхарамі Камянецкага раёна з трансляцыяй на YouTube-канал выбраў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр КАРПІЦКІ.


Добраўпарадкаванне, гандаль

Аляксандр Карпіцкі падчас анлайн-канферэнцыі.

На мінулым тыдні сенатар цэлы дзень працаваў у сваёй акрузе. Спачатку прайшла прамая тэлефонная лінія для жыхароў Камянецкага раёна Брэстчыны. Шэраг зваротаў, як і мінулы раз, датычыўся добраўпарадкавання асобных вуліц і двароў раённага цэнтра. Напрыклад, жыхары дома нумар 68 па вуліцы Брэсцкай паскардзіліся на арганізацыю, якая праводзіла добраўпарадкаванне пасля здачы ў эксплуатацыю дома. На месцы газона з травой пасля нават невялікага дажджу ўтвараецца вялізная лужына — што ўжо казаць пра лівень! Дзеці сядзяць на беразе «возера» і кідаюць каменьчыкі. У спёку ж, наадварот, узнікаюць пясчаныя буры. Словам, добраўпарадкаванне не давялі да канца. Гэты зварот пераадрасавалі ЖКГ. Праблема, як і некаторыя іншыя ўзнятыя пытанні, пастаўлена на кантроль.

Некалькі званкоў датычылася работы сельскіх магазінаў. Людзі па-ранейшаму аддаюць перавагу стацыянарным гандлёвым пунктам, хоць абслугоўванне аўтакрамамі арганізавана на належным узроўні. А вось тэлефонны абанент з вёскі Дзмітровічы палічыў недастатковым асартымент свайго прамтаварнага магазіна. Па сваёй звычайнай завядзёнцы Аляксандр Карпіцкі наведаў адрасы асноўных зваротаў. У названай краме аказаліся ў наяўнасці ўсе асноўныя рэчы, якія патрэбны ў побыце. Прадавец паведаміла, што буйнагабарытныя тавары звычайна прывозяцца пад заказ, такая практыка існуе даўно.

Варта сказаць, што некалькі званкоў выражалі падзякі за нялёгкую працу медыкаў у цяперашні складаны перыяд. Апроч таго, асобныя абаненты дзякавалі за станоўчае вырашэнне пытанняў, агучаных падчас мінулых прыёмаў і прамых ліній.

Пра работу бальніцы

Анлайн-канферэнцыя з членам Савета Рэспублікі адбылася пры садзейнічанні раённай газеты «Навіны Камянеччыны» ў яе рэдакцыі. Абсалютная большасць пытанняў, якія задавалі жыхары раёна, датычылася цяперашняй сітуацыі з захваральнасцю на каранавірус. Сенатар, галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы, адказаў кожнаму, хто пытаў.

Найперш, вядома, спыталі, якая зараз сітуацыя з каранавірусам у Брэсцкай вобласці: колькі чалавек хварэе, колькі паправілася?

— На сённяшні дзень (29 красавіка. — Аўт.) на каранавірусную інфекцыю хварэе 681 чалавек, — паведаміў Аляксандр Карпіцкі. — Прыкладна палова з іх праходзіць лячэнне ў стацыянарах, астатнія — амбулаторна. 142 чалавекі выпісаныя з бальніц. Амаль у 80 працэнтах выпадкаў захворванне працякае ў лёгкай форме. 20—25 працэнтаў — пацыенты, якім патрабуецца стацыянарнае лячэнне. Прыкладна ў пяці працэнтаў цяжкая форма.

— Ці праходзяць лячэнне ў інфекцыйным аддзяленні абласной бальніцы пацыенты з COVІD-19 з нашага раёна? Калі так, які іх стан?

— Тры чалавекі з Камянецкага раёна лечацца ў абласной бальніцы. Іх стан — ад здавальняючага да цяжкага, але мы спадзяёмся, што ўсе яны паправяцца. Яшчэ чатырох жыхароў раёна выпісалі на амбулаторнае лячэнне, яны практычна здаровыя.

— Якія першыя ўрокі пандэміі, на што ў далейшым трэба будзе звярнуць увагу ў арганізацыі работы абласной бальніцы?

— Варта адзначыць, што мы рыхтаваліся сустрэць гэтую інфекцыю. Па-першае, загадзя, не падазраючы, што да нас прыйдзе пандэмія, узялі ўдзел у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча—Беларусь—Украіна». Разам з калегамі з Бяла-Падляскі рэалізуем мерапрыемствы па паляпшэнні эпідэміялагічнай сітуацыі на польска-беларускім памежжы. У рамках праграмы ўдалося аснасціць абласную бальніцу абсталяваннем, якое дапамагае ў тым ліку кантраляваць стан хворых на каранавірус. Мы набылі шматразовыя касцюмы, якія абараняюць ад біялагічнай інфекцыі, транспартную камеру для пацыентаў, заражаных асабліва небяспечнай інфекцыяй, апошнюю выкарыстоўваем цяпер. З польскімі медыкамі правялі шэраг трэнінгаў і вучэбных заняткаў. Я нават сказаў бы, што мы на крок апярэджваем інфекцыю. І, вядома, не варта забываць, што Беларусь не першая краіна, якая сутыкнулася з COVІD-19. Мы назіраем і выкарыстоўваем вопыт калег з іншых краін у барацьбе з гэтай навалай.

— У Віцебску можна здаць тэст на каранавірус як хворым, так і людзям без яўных сімптомаў. Тэст робяць бясплатна. Ці з'явіцца такая магчымасць у Брэсце хоць бы на платнай аснове?

— У нашым абласным цэнтры працуюць дзве лабараторыі, якія займаюцца дыягностыкай каранавіруснай інфекцыі: адна ў цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, другая — у скурна-венералагічным дыспансеры. Абедзве яны моцна загружаныя, працуюць у тры змены, і грамадзянам па іх жаданні не робяць тэсты ні платна, ні бясплатна. Аналізы бяруцца па паказаннях. Тая колькасць тэстаў, якая праводзіцца сёння, цалкам дастатковая для выяўлення пацыентаў, што патрабуюць лячэння. Таму пытанне аб арганізацыі лабараторыі, якая рабіла б тэсты для ўсіх ахвотных, пакуль не паўстае.

— Сёння медыкам у першую чаргу патрабуецца максімальная абарона ад інфекцыі. А якія меры перасцярогі прымае сам сенатар?

— Як і ўсе ў гэтай сітуацыі. Па-першае, я лічу, што панікаваць не варта. Чалавек заўсёды павінен думаць, што ўсё будзе добра, і гэта датычыцца любога захворвання. Арганізм дакладна рэагуе як на пазітыў, так і на негатыў, якія праграмуе мозг. Цяпер жа я рэкамендую ўсім насіць маскі, па максімуме адмовіцца ад наведванняў грамадскіх месцаў, не групавацца. Трэба думаць не толькі пра ўласную абарону, але і пра тое, што кожны можа стаць крыніцай віруса для навакольных. Вось такіх правіл і прытрымліваюся.

Эпідэміялагічная насцярожанасць захоўваецца

— А дзе вы правялі вялікія выхадныя?

— Фактычна на рабоце. У нас не было выхадных. У суботу прымалі міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка. Ён прыязджаў для маніторынгу і ацэнкі гатоўнасці Брэстчыны на выпадак масавага паступлення хворых з інфекцыяй. Паводле ацэнкі міністэрства, пакуль у нас сітуацыя спрыяльная. Спадзяёмся, што тэндэнцыя захаваецца, але гатовыя да любога развіцця падзей.

— Акрамя індывідуальнай абароны, якія меры прафілактыкі вы лічыце дзейснымі? Ці варта прыслухоўвацца да парад народнай медыцыны?

— Ажыятажны попыт на лімон, імбір, часнок, на жаль, нічым не абумоўлены. Вядома, названыя прадукты карысныя, як і ўсе іншыя, што ўтрымліваюць вітаміны, мікраэлементы. Трэба есці таксама буракі і моркву. Варта памятаць, што свежыя агародніна і фрукты актывізуюць абарончыя сілы арганізма, але ад каранавіруса, на жаль, не абароняць.

— Ці можна гаварыць пра ўсплёск хваробы пасля праваслаўных святаў?

— Гэта будзе вядома, калі паявяцца статыстычныя звесткі. Магу сказаць, што святары з каранавірусам пасля свят у бальніцу паступалі. Гэта канстатую як факт.

— Як сёння працуе абласная бальніца?

— У рэжыме інфекцыйнага шпіталя мы пачалі працаваць з 28 лютага. У той дзень да нас паступілі першыя пацыенты, якія былі кантактамі першага ўзроўню. Хворых яшчэ не было. З той пары зроблена многае. Праведзена поўная рэструктурызацыя ложкавага фонду. Выдзелена пяць аддзяленняў для лячэння хворых з каранавіруснай інфекцыяй. Планавая дапамога значна скарочаная. У поўным аб'ёме аказваецца экстранная дапамога і дапамога пры неадкладных праблемах, калі ёсць пагроза жыццю пацыента. Сітуацыя эпідэміялагічнай насцярожанасці захоўваецца ва ўсіх аддзяленнях. Бессімптомныя носьбіты інфекцыі, якія паступаюць з усіх рэгіёнаў вобласці, могуць павялічыць колькасць інфіцыраваных супрацоўнікаў. Такія выпадкі ёсць і ў іншых краінах, і ў Беларусі. Мы стараемся прымаць усе меры па абароне нашага персаналу.

— Калі ў найбліжэйшы час не будзе вынайдзена вакцына, ці абавязкова мы ўсе перахварэем?

— Не ўсе, але многія. Для набыцця папуляцыйнага імунітэту ў розных формах павінна перахварэць ад 60 да 80 працэнтаў насельніцтва. На шчасце, большасць беларусаў хварэе альбо ў лёгкай форме, альбо ў сцёртай, альбо ў форме носьбіцтва.

Як расказаў карэспандэнту «МС» Аляксандр Карпіцкі па выніках анлайн-канферэнцыі, ён задаволены такой формай стасункаў са сваімі выбаршчыкамі. Кожны чалавек мог задаць пытанне і адразу атрымаць адказ. Асабліва парадавалі тыя ўдзельнікі дыялогу, што праз галоўнага ўрача выказалі падзяку і падтрымку ўсім супрацоўнікам абласной бальніцы, якія сёння на пярэднім краі барацьбы з каварнай інфекцыяй.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: фармат адкрытага дыялогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Андрэй Худык: Неабходная мабілізацыя ўсіх узроўняў улады, грамадства і бізнесу для сумесных дзеянняў па ахове прыроды

Ад таго, наколькі беражліва людзі ставяцца да прыроды, залежыць якасць іх жыцця, здароўе і нават дабрабыт. 

Грамадства

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

У зоне павышанай небяспекі. Як працуе выбуховатэхнічны цэнтр унутраных войскаў МУС

Пра асаблівасці работы мы пагутарылі з намеснікам начальніка ўстановы Максімам Кулем.

Грамадства

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Стаўленне «выкарыстаў — выкiнуў» трэба мяняць на «адсарцiраваў — перапрацаваў»

Пахаванне адходаў — самы просты i танны спосаб пазбавiцца ад iх, аднак ён шкодзiць наваколлю i здароўю чалавека.

Грамадства

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

Новы кантэнт для лета. Чым заняць дзяцей на 92 днi

У перыяд летніх канікулаў для школьнiкаў i студэнтаў падрыхтаваны розныя цiкавыя мерапрыемствы, у тым лiку шмат з iх — анлайн.