Вы тут

Творчасць змяняе карціну сусвету


Можна спытацца ў розных творцаў, каму, па іх меркаванні, належыць напісанае імі, і пачуць шмат рамантычных або рацыянальных адказаў. Але ў нашым звышрацыянальным свеце, дзе вынікам творчасці так ці інакш з’яўляецца прадукт, і творчасць сама становіцца аб’ектам заканадаўчага рэгулявання.


Фота Кастуся Дробава

Аўтарскае права і інтэлектуальная ўласнасць — адна з наймаладзейшых сфер заканадаўства і адна з найбольш складаных, бо вымушана сутыкаць супрацьлеглае — фармальнасць і ўнармаванасць з творчасцю.

Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права, зацверджаны ЮНЕСКА, адзначаецца 23 красавіка, а 26 красавіка — Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці.

Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права быў зацверджаны ў 1995 годзе з мэтай асветы і развіцця культурных традыцый і каб падкрэсліць, што кніга з’яўляецца адным з найважнейшых сродкаў захавання і распаўсюджвання ведаў. Дата была выбрана з улікам вопыту правядзення некаторых нацыянальных дзён кнігі. 23 красавіка лічыцца днём смерці Мігеля Сервантэса, Інкі Гарсіласа дэ ла Вега і Уільяма Шэкспіра. Штогод да дня кнігі і аўтарскага права ЮНЕСКА прызначае кніжную сталіцу. Сёлета ў  гэтай якасці выступае малазійскі горад Куала-Лумпур, бо ў Малайзіі вялікая ўвага надаецца інклюзіўнай адукацыі, развіццю грамадства, заснаванага на ведах, і чытанню, даступнаму ўсім слаям насельніцтва.

Звычайна Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права з’яўляецца добрай нагодай для правядзення шматлікіх кніжных мерапрыемстваў і кірмашоў, аднак у гэтым годзе праз эпідэміялагічную сітуацыю ў свеце ЮНЕСКА зрабіла акцэнт на тым, што чытанне кніг — адзін з найлепшых заняткаў падчас ізаляцыі, які спрыяе не толькі пашырэнню ведаў, але і ўмацаванню сувязей паміж людзьмі, у прыватнасці паміж бацькамі і дзецьмі. У якасці святкавання Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права ЮНЕСКА заклікае ўсіх абменьвацца творамі і чытацкім вопытам у сацыяльных сетках, выкарыстоўваючы хэштэгі #StayAtHome і #WorldBookDay.

Даведка «ЛіМа»

Актуальнасць аўтарскага права і інтэлектуальнай уласнасці пацвярджаецца наяўнасцю судовых спраў у гэтай галіне. Усе судовыя справы, звязаныя з аўтарскім правам і сумежнымі правамі ў Беларусі, разглядаюцца ў Вярхоўным Судзе спецыяльнай судовай калегіяй па справах інтэлектуальнай уласнасці.

Паводле даных НЦІУ, за першыя тры месяцы бягучага года ў судаводстве знаходзілася 86 спраў, з якіх 60 тычыліся аўтарскага права, 26 — у галіне права прамысловай уласнасці, з іх 6 — скаргі на рашэнні Апеляцыйнага савета пры патэнтным органе, 2 — скаргі на рашэнні Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь. У  параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года колькасць судовых спрэчак павялічылася на 56,4 %.

Калегіяй было разгледжана 44 справы, сярод якіх 31 — спрэчкі ў галіне аўтарскага права і 13 — у галіне прамысловай уласнасці. Рашэнні вынесены па 31 справе, з іх па 14 патрабаванні задаволены поўнасцю, па 12  — часткова, па 5 — у задавальненні патрабаванняў адмоўлена.

Свята, якое адзначаецца 26 красавіка, — Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці — мае больш спецыялізаваны характар. Але іх аб’ядноўвае адзіны фундаментальны дакумент — дамова Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці аб аўтарскім праве. Гэта спецыяльнае пагадненне, заключанае ў межах Бернскай канвенцыі, якая тычыцца аховы твораў і правоў іх аўтараў у лічбавым асяроддзі.

Дату 26 красавіка выбралі таму, што менавіта ў гэты дзень у 1967 годзе была прынята Канвенцыя, якая зацвердзіла стварэнне Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, хаця фактычна пачатак арганізацыі быў закладзены ўжо ў 1893 годзе пасля дыпламатычнай канферэнцыі. З 1974 года Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці з’яўляецца спецыялізаванай установай ААН. Сёння ў яе ўваходзяць 193 краіны свету.

Малюнак Алега Карповіча «Кнігаград»

Беларусь стала членам Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці 26 красавіка 1970 года. Сістэма аховы інтэлектуальнай уласнасці ў нашай краіне пачала фарміравацца ў 1992 годзе. У 1993-м з’явіліся першыя законы аб ахове аб’ектаў прамысловай уласнасці — вынаходак, прамысловых узораў, таварных знакаў. 16 мая 1996 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». У Беларусі ахову правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці з 2004 года забяспечвае Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Акрамя кантролю за выкананнем заканадаўства ў сферы аўтарскага права і смежных правоў, цэнтр прымае заяўкі на выдачу патэнтаў і пасведчанняў, рэгіструе ліцэнзійныя дамовы і іншыя дакументы ў гэтай сферы, арганізуе навучанне і перападрыхтоўку спецыялістаў у сферы аўтарскага права, кансультуе іншыя арганізацыі і грамадзян, арганізуе правядзенне навукова-даследчых прац у сваёй галіне, выконвае шмат іншых функцый.

Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці, як і многія міжнародныя святы ААН, штогод мае адмысловую тэму. Першае свята ў 2001 годзе праходзіла з агульнай тэматыкай «Сёння ствараецца будучыня». Апошнія гады тэмы становяцца ўсё больш канкрэтнымі і закранаюць актуальныя для ўсёй сусветнай супольнасці пытанні. Так, 2018 год быў адзначаны тэмай «Рухальная моц змен: жанчыны ў сферы інавацый і  творчасці», 2019-ы — «У  барацьбе за золата: інтэлектуальная ўласнасць і спорт». Для 2020 года была прынята тэма «Інавацыі для “зялёнай” будучыні».

Увага міжнароднай супольнасці засяроджана на моцных зменах клімату за апошнія дзесяцігоддзі і ўплыве чалавечай дзейнасці на гэтыя змены. Правы на інтэлектуальную ўласнасць дапамагаюць аўтарам атрымліваць прыбытак ад выкарыстання іх твораў або вынаходак і такім чынам даюць прастору для навукова-даследчых прац і распрацовак больш экалагічных тавараў і паслуг. «Інтэлектуальная ўласнасць з’яўляецца адным з ключавых інструментаў у рэалізацыі ідэй “зялёнай будучыні”. Менавіта вынаходкі, прамысловыя ўзоры, таварныя знакі, творы навукі, літаратуры і мастацтва і іншыя аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, у якіх увасабляюцца ідэі чалавечага генія, спрыяюць прасоўванню інавацыйных рашэнняў, новых высокатэхналагічных і якасных тавараў, развіццю музычнай індустрыі, мастацкай творчасці і тым самым вызначаюць аблічча навакольнага свету, робяць наша жыццё сучасным і разнастайным», — адзначае беларускі Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці.

Фота з афіцыйнага сайта ЮНЕСКА

Галоўнае аб аўтарскім праве

Па-першае, аўтарскае права ўзнікае аўтаматычна па факце стварэння аб’екта, які з’яўляецца вынікам творчай дзейнасці і існуе ў пэўнай аб’ектыўнай форме. Іншымі словамі, запісаны або публічна выкананы твор аўтаматычна надае свайму стваральніку аўтарскія правы, незалежна ад яго мастацкіх якасцей, вартасці і спосабу выяўлення.

Пад аховай закона аб аўтарскім праве знаходзіцца любы твор навукі, літаратуры і мастацтва, за выключэннем афіцыйных дакументаў, дзяржаўных сімвалаў і фальклорных твораў, якія не маюць устаноўленага аўтарства. Таксама аб’ектамі аўтарскага права з’яўляюцца вытворныя і састаўныя творы. Да першых адносяцца, напрыклад, пераклады, аранжыроўкі, сцэнічныя пастаноўкі і г. д. Да другіх — энцыклапедыі, анталогіі і таму падобнае, калі ўкладанне такога твора таксама з’яўляецца вынікам творчай дзейнасці.

Стваральнік, па-першае, мае права прызнавацца аўтарам твора (права на аўтарства) і выкарыстоўваць яго пад сваім іменем (права на імя). Без дазволу аўтара не дапускаецца ўнясенне правак у яго твор (права на недатыкальнасць твора), толькі аўтар мае права апублікаваць або дазволіць апублікаваць яго твор (права на абнародаванне), а таксама адмяніць прынятае раней рашэнне аб публікацыі (права адклікання). Гэтыя правы называюцца асабістымі немаёмаснымі, замацоўваюцца за аўтарам назаўсёды і не могуць быць перададзены камусьці.

Маёмасныя правы — непасрэдна звязаныя з выкарыстаннем выніку творчасці — прадстаўлены выключным правам на твор. Іх сутнасць у тым, што аўтар або іншы праваўласнік могуць выкарыстоўваць твор любым чынам, дазваляць або забараняць іншым выкарыстоўваць яго і атрымліваць узнагароджанне за кожнае выкарыстанне. Па агульных правілах, выключнае права на твор існуе на працягу жыцця аўтара і пяцідзесяці гадоў пасля яго смерці.

люстрацыя з сайта bookishelf.com

Асаблівымі выпадкамі ў аўтарскім праве з’яўляюцца суаўтарства і службовы твор. У першым выпадку аўтарскае права і права на выкарыстанне належыць усім суаўтарам, але калі твор складаецца з самастойных частак, кожны аўтар можа выкарыстоўваць сваю частку твора асобна. Другі выпадак рэгулюе аўтарскія правы на твор, які атрымаў жыццё па заданні працадаўцы. У такім выпадку ўсе выключныя правы на выкарыстанне належаць працадаўцу, а за аўтарам захоўваюцца немаёмасныя правы і выплачваецца ганарар.

Па матэрыялах ncip.by

Падрыхтавала Ганна ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.