Вы тут

Замаскіраваная рэчаіснасць. Няважна, чым вы прыкрываеце рот, важна — як


Марля, бавоўна, будаўнічыя рэспіратары і бялізнавы трыкатаж, чорныя, белыя і з дызайнерскімі малюнкамі — з маскамі, якімі мы зараз спрабуем абараніцца ад каранавіруса, хутка можна будзе ладзіць тыдні моды. Але ў пагоні за арыгінальнасцю і трэндам мы забываемся пра галоўнае: мала проста «прыбраць» твар — трэба зрабіць гэта правільна.


Наяўнасць нават рэспіратара з узроўнем абароны FFP3 не гарантуе правільных паводзін. Зусім нядаўна бачыў, як упэўнены ў сабе 40-гадовы мужчына рашуча дыхаў у зменны фільтр і адначасова цёр рукамі ў пальчатках вочы. Ну і які атрымліваецца сэнс у яго цуда-масцы?

Я як дэпутат у сацыяльных сетках перыядычна звяртаюся да людзей, каб нагадаць: усё трэба рабіць з розумам. Маскі мы носім, каб абараніць навакольных ад сябе. Рэспіратары 2-га і 3-га класаў абароны павінны ў першую чаргу насіць урачы, што кантактуюць з хворымі. Біяфізік і прафесар Чыкагскага ўніверсітэта Маргарэт Гардэль, дарэчы, таксама нядаўна заклікала аддаваць у побыце перавагу варыянтам з тканіны — гэта дапаможа і знізіць перадачу віруса, і не павялічыць дэфіцыт аднаразовых ахоўных сродкаў, неабходных медыкам.

Любая прамоклая маска павінна неадкладна здымацца, аднаразовая — насіцца адзін раз. Прычым, калі ў рэспіратарных масак няма здымных клапанаў, то іх таксама смела можна лічыць аднаразовымі і здымаць праз дзве гадзіны. Адцягваем маску за «вушкі», прычым, пажадана, рукі прадэзынфікаваць. Твар не чапаем і ў вочы не лезем. Пашылі сабе модны аксесуар з цікавым прынтам? Проста зрабіць сэлфі недастаткова. Маску трэба насіць і не забываць яе мыць. Прычым вымочваць у спірце або грэць у мікрахвалеўцы не трэба — дастаткова закінуць у машынку ці прапаласкаць у гарачай мыльнай вадзе.

Вы спытаеце, навошта гаварыць тысячны раз аб відавочных рэчах? А затым, што памятаем мы пра іх роўна пяць хвілін. А потым зноў Наталля Пятроўна ўпэўнена кашляе ў далоньку і ёю ж адкрывае дзверы ў краму, яе сусед сцягвае маску на падбародак, таму што «дыхаць перашкаджае, а насіць неяк трэба — вірусы ж гуляюць», а над прылаўкам да вас упэўнена прыціскаецца баба Аня, у якой няма 30 секунд, каб дачакацца заканчэння вашага разліку, ёй трэба глянуць на супавы набор зараз жа. Калі яе шчыльна прылеглая да твару маска коўзаецца па вашым плячы, прайграюць усе. Ёсць хвілінка — скапіруйце тэкст у сваю сацыяльную сетку або перакажыце суседцы, каб на наступныя пяць хвілін яшчэ некалькі чалавек успомніла пра бяспеку.

Нядаўна я як член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы выказваў СМІ сваё меркаванне: уводзіць жорсткі каранцін няма неабходнасці, але нельга забываць аб асабістай адказнасці кожнага з нас. Неабходна выконваць меры асабістай гігіены, пазбягаць месцаў збору людзей, абмежаваць перамяшчэнні і кантакты, аказваць разнастайную дапамогу бацькам, пажылым сваякам, растлумачваць і пераконваць, што яны павінны заставацца дома ў гэты складаны час. І не насіць сваю арыгінальную маску па трое сутак, бо, акрамя эстэтыкі, ніякай карысці з яе не будзе.

Ігар ЗАВАЛЕЙ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў

Прэв'ю: pravda.com.ua

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».