Вы тут

Мнагалетнікі будуць складаць амаль палову мінскіх кветнікаў


З вясной прыходзіць не толькі цяпло, але і час традыцыйнага добраўпарадкавання вуліц, жылых двароў, сквераў і паркаў. Мы ж даведаліся, што сёлета плануюць зрабіць у сталіцы.


Летнія кветкі на вуліцах Мінска пачалі з'яўляцца зусім нядаўна (нізкая тэмпература ноччу не дазваляла пасадзіць іх раней).

— Кожны год нашы супрацоўнікі высаджваюць больш за два мільёны летніх кветак. Сёлета мы працягнем павялічваць колькасць мнагалетнікаў у афармленні клумбаў, — кажа кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і захаванні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзелянбуд» Анжаліка ПУЗАНКОВА. — У гэтыя кампазіцыі дададзім хваёвыя кусты. Новыя ўпрыгожванні з'явяцца і ў Сендайскім скверы ў выглядзе мнагалетнікаў — яны парадуюць нават зімой. А да 75-годдзя Перамогі ў кожным раёне горада з'явяцца тэматычныя кветнікі.

Напрыклад, у Маскоўскім раёне яны знаходзяцца каля мемарыяла «Памяць» на праспекце Дзяржынскага і каля раённай адміністрацыі, а ў Цэнтральным — на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава, на праспекце Пераможцаў каля «Атланта» і на праспекце Незалежнасці каля Палаца прафсаюзаў. Наогул, да Дня Перамогі спецыялісты «Мінскзелянбуда» пачалі рыхтавацца яшчэ восенню: у горадзе было высаджана 300 тысяч цыбульных кветак, якія ўжо зараз упрыгожваюць сталічныя вуліцы, паркі і скверы.

Што ж датычыцца мнагалетнікаў, то яны будуць складаць амаль палову мінскіх кветнікаў. На праспекце Незалежнасці каля Белдзяржцырка з'явіцца абсалютна новая кампазіцыя з ружовых ружаў, шалфею і кустоў лімоннага колеру. Спецыяліст адзначае, што ў азеляненні Мінска таксама будуць працягваць выкарыстоўваць і збожжавыя культуры — міскантус кітайскі, малініі і аўсяніцы. Іх будуць аб'ядноўваць у кампазіцыі з эхінацэяй і пажарніцай.

Што ж датычыцца жылых двароў, то ў 2020 годзе ў Мінску на іх тэрыторыі з'явіцца 6 тысяч 810 новых дрэў і 25 тысяч 960 кустоў. Дарэчы, за вясновы месячнік ужо было высаджана 6551 дрэва і 16 603 кусты. Акрамя гэтага, у горадзе адрамантуюць 28 тысяч адзінак новага абсталявання для дзіцячых пляцовак і малых архітэктурных форм (гэта могуць быць лаўкі, урны).

— Мы плануем зрабіць бягучы рамонт 580 прыдамавых тэрыторый і 12 пляцовак для выгулу сабак, плануем капітальна адрамантаваць 12 жылых двароў, — тлумачыць намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду і рабоце з насельніцтвам Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Анастасія ВАРАБ'ЁВА. — Як правіла, падчас капітальнага рамонту прыводзяць у парадак пешаходныя сувязі, мяняюць абсталяванне дзіцячых пляцовак, малыя архітэктурныя формы і ствараюць для грамадзян безбар'ернае асяроддзе.

Валерыя КІСЛАЯ, фота дадзена УП «Мінскзелянбуд»

Загаловак у газеце: Сталічныя кветкі

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.