Вы тут

Уладзімір Мархель. Я кожны дзень, як пілігрым, хачу наблізіць далягляд…


Гэтыя словы належаць паэту Уладзіміру Мархелю. Яго ведаюць як выдатнага даследчыка літаратуры, перакладчыка, уважлівага педагога, які ўмеў сваім прадметам — гісторыя беларускай літаратуры — зацікавіць, запаліць аўдыторыю. Ён мог распавесці малавядомыя факты з біяграфіі пісьменнікаў, працытаваць нядаўна знойдзеныя ў архівах творы. Таксама сцвярджаў, што ў Адама Міцкевіча ёсць беларускамоўныя вершы (у 90-х гадах мінулага стагоддзя гэта здавалася ледзь не сенсацыяй). Уладзімір Мархель агучыў у друку сваё перакананне, якое паклала канец спекулятыўным спрэчкам: «Чый Міцкевіч: польскі, беларускі або літоўскі?» Уладзімір Мархель пісаў: «... няма патрэбы затрачваць намаганні дзеля высвятлення суадносін “або  — або”, “ці — ці”, а ёсць яснае ўсведамленне высокага “і — і”, узвышанага над катэгорыяй прыналежнасці». Ад таго, што Міцкевіч «і ваш, і наш…», — каштоўнасць і значнасць яго творчасці толькі павялічваецца.


Сёлета ў красавіку адзначаецца 80-гадовы юбілей Уладзіміра Мархеля (1940—2013). Будучы навуковец, педагог, паэт нарадзіўся ў вёсцы Жыгалкі Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў сярэднюю школу імя Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне (малая радзіма народнага песняра Беларусі). Пасля школы Уладзімір Мархель, які быў фізічна дужы, пайшоў працаваць малатабойцам у калгас, а потым адправіўся па навуку жыцця за межы Беларусі  — уладкаваўся рабочым ачышчальнага забою на шахце ў Новашахцінску Растоўскай вобласці. Але паэзія і таямніца беларускага слова вабілі маладога шахцёра. Яшчэ ў чатырнаццацігадовым узросце школьнік Уладзімір Мархель апублікаваў вершы ў стаўбцоўскай раённай газеце «Голас селяніна». З таго часу яго паэтычныя творы пачалі з’яўляцца ў  газетах «Чырвоная змена», «Знамя шахтёра», часопісе «Маладосць», зборніку «Дзень паэзіі», газеце «Культура» і  інш. Таму выбар жыццёвага шляху быў відавочны. Уладзімір Мархель паступае на філалагічны факультэт БДУ (беларускае аддзяленне), а па заканчэнні (1964 г.) настаўнічае ў вясковых школах Беларусі, у Валожыне, у Мінску. З 1971 г. працуе ў Акадэміі навук Беларусі. У 1982  г. абараняе кандыдацкую дысертацыю «Уладзіслаў Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні (сярэдзіна XIX — пачатак XX ст.)». Доўгі час узначальвае аддзел узаемасувязей літаратур Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, а разам з тым выкладае беларускую літаратуру ў Акадэміі музыкі і сваёй альма-матар — БДУ.

Навуковая зацікаўленасць Уладзіміра Іосіфавіча палягала ў тым, каб зразумець, як крышталізоўвалася новая беларуская літаратура, працэс, што адбываўся ў ХІХ стагоддзі. У той унікальны перыяд, калі ў пераважна польскамоўных пісьменнікаў з’яўляліся беларускамоўныя творы. Але вывучаць адно толькі беларускія творы, як гэта рабілі літаратуразнаўцы ў першай палове ХХ стагоддзя, было недастаткова — гэта прыводзіла да выяўлення «пункцірнай» лініі развіцця нацыянальнага літаратурнага працэсу, лічыў даследчык. Неабходна найперш вывучаць беларускамоўныя творы пачынальнікаў беларускай літаратуры ў кантэксце іх польскіх твораў, і польскамоўныя творы — у кантэкце беларускамоўных. Тады паўстае даволі поўная карціна прыгожага пісьменства і літаратурнага жыцця Беларусі. Уладзімір Мархель, разглядаючы тэрміны «польска-беларускія» ці «беларуска-польскія пісьменнікі», якія, на яго думку маюць «часовы характар», уводзіць паняцце «білінгвальныя аўтары». А з’яву інтэртэкстуальнага ўзаемадзеяння польскамоўных твораў з беларускамоўнымі, з беларускімі архетыпамі і беларускай ментальнасцю вызначае як «кантамінацыйная білінгвальнасць». «Мастацкае асваенне ў масіве польскай мовы матэрыялу, успрынятага ў беларускамоўнай стыхіі, — піша Уладзімір Мархель, — стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх ментальнасцяў, дзвюх традыцый і двух кодаў, на аснове чаго ўзнікалі, па сутнасці, двухсістэмныя тэксты, кожны з якіх дзеля нагляднасці мог бы быць уяўлены нераўнамерна затопленым мацерыком, дзе ёсць глыбіні і мелкаводдзе, празрыстая і цёмная вада, глеістае і пясчанае дно, а таксама выспы, астравы». Такі падыход паспрыяў запаўненню лакун, перарываў у «пункцірнай» лініі беларускага літаратурнага працэсу, чаму служыў пераклад мастацкіх твораў пісьменнікаў ХІХ  — пачатку ХХ стагоддзя — ураджэнцаў беларускіх зямель. Уладзімір Мархель сам перакладаў і пабуджаў іншых беларускіх літаратараў на пераклад.

Даследчык вывучаў і пераасэнсоўваў творчасць Яна Баршчэўскага, філарэтаў і філаматаў, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Ігната Легатовіча, Тадэвуша Лады-Заблоцкага, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэся Каратынскага, Янкі Лучыны і інш. Безумоўна, вялікую ўвагу надаваў Уладзімір Мархель творчасці рамантыка Адама Міцкевіча. Дзве кнігі: «Ты як здароўе...» і  «Шлях да Беларусі…» (другая — перапрацаваны і дапоўнены варыянт першай) прысвечаны даследаванню і  аналізу творчасці і літаратурнай дзейнасці песняра Літвы.

Уладзімір Мархель перакладаў вершы Адама Міцкевіча, а таксама ўсе класічныя санеты (акрамя нерэгулярнага санета «Да Самоты», напісанага Міцкевічам у эміграцыі). На жаль, усе яны разам яшчэ не былі апублікаваны. Адэскія санеты і санеты розных часоў пабачылі свет у кнізе «Санеты» (1998 г.). Пераклад «Крымскіх санетаў» доўгі час знаходзіўся ў адным з выдавецтваў, аднак кніга так і не была выдадзена. Пабачылі свет толькі пераклады дзевяці з  васямнаццаці «Крымскіх санетаў» у часопісе «Наша Вера» і газеце «Наша Ніва». Уладзімір Мархель рыхтаваў доктарскую дысертацыю пра пераклад твораў Адама Міцкевіча на беларускую мову. Ён скрупулёзна збіраў усе пераклады, якія з’яўляліся ў друку, захоўваліся ў архівах. Класіфікаваў, вывучаў іх. На жаль, літаратуразнаўца не паспеў напісаць даследаванне, што, несумненна, узабагаціла б беларускае перакладазнаўства і міцкевічазнаўства.

А яшчэ Уладзімір Мархель — адметны паэт-лірык. Яго паэтычны зборнік «але…» складаецца з дзвюх частак, якія называюцца «Лірыка І», «Лірыка ІІ». Тут ёсць узоры філасофскай лірыкі, напрыклад, верлібр «Камень»:

Камень ляжыць на дарозе —

Яго можна папхнуць

І адкінуць мажліва,

А то й раздрабіць на патрэбу.

Калі ж на яго не зважаюць,

На ім спатыкаюцца часам…

Ну, а камень на сэрцы?

Яго не спіхнуць, не адсунуць.

Не адкінуць убок

І драбіць небяспечна.

Але большую частку вершаў складае інтымная лірыка — развагі лірычнага героя пра адносіны паміж мужчынам і каханай жанчынай, паэтычнае натаванне пачуццяў, як, напрыклад, у трошкі мадэрнізаваным трыялеце:

Твае недамоўкі, мае недаверы

Расплавіць спагадна ратунак вачэй,

І выплача рэўнасць няспаных вачэй

Твае недамоўкі, мае недаверы.

Рассеюцца здані, прывіды, хімеры,

І поўні пагляду стане лягчэй,

Калі недамоўкі, калі недаверы

Расплавіць спагадна ратунак вачэй.

Лірыка ў антычнасці — песня пад акампанемент ліры, таму ў паэтычных творах гэтага роду традыцыйна прысутнічае пачуццёвасць і музычнасць. Уладзімір Мархель бездакорна валодае меладычнай тэхнікай, а для падкрэслівання эмоцый ужывае алітэрацыю:

ГУКАЮ

Я цябе даўно гукаю-каю-каю,

каюся ў старых грахах сваіх;

стрэну, ў вочы пазіраю-раю-раю,

раюся — і слухаюся іх;

ля сябе цябе трымаю-маю-маю,

маюся тады ўжо лепш за ўсіх;

зноў і зноў цябе гукаю-каю-каю,

каюся, малюся на дваіх…

на цябе не наракаю,

аднаго сябе караю,

застаюся з краю…

Уладзімір Мархель вольна пачуваецца ў  слоўнай гульні, стварае вершы на сутыку жанраў, напрыклад, санетбрахікалон:

АХ, ЗНОЎ

Ах,

зноў

слоў

крах

Ах,

зноў

сноў

страх.

Стой,

Час:

мрой

нас

не

ў сне.

Ёсць у кнізе раздзел «Максімы». Як вядома, максімы — гэта лаканічныя афарызмы. Уладзімір Мархель стварае адмысловую форму гэтых крылатых фраз, якія падае збольшага двухрадкоўямі, звязанымі каламбурнай ці аманімічнай рыфмай. Кожная максіма пазначана парадкавым нумарам. Прывядзём некаторыя з іх, нібыта пасланне паэта будучым пакаленням:

XII

Зло ўсё роўна застанецца злом,

Колькі ні кідаць яго на злом.

XIV

Шчасліва выйшаўшы з варот,

Запомні шлях свой на зварот.

ХХ

Каб не псаваць ні людзям, ні сабе крыві,

Душой ні перад кім ніколі не крыві.

ХХХІІІ

Сам сабе самому рай,

Як пазнаць дарогу ў рай.

А вось такая максіма — гумарыстычная, відавочна, будзе надзённая ва ўсе часы:

XXVI

Найлепшыя ашчадныя працэнты —

Не думаць пра даляры і пра цэнты.

І павучальная, мудрая, у якой ёсць дабрыня і досціп:

XXIX

Не канфліктуй з усімі і з усім,

Бо пра сябе забудзешся зусім.

Уладзімір Мархель бачыў і адчуваў шматграннасць слова і ў сваіх паэтычных творах прымушаў яго блішчэць адметнымі, рознакаляровымі гранямі. Шматзначная назва і яго зборніка «але…» (пішацца менавіта так, малой літары і са шматкроп’ем). У Post scriptum да кнігі Уладзімір Мархель піша: «Беларускае “але” неадназначнае, яно выяўляе проціпастаўленне і  альтэрнатыву, пацвярджэнне і дадатковасць, а ў граматыцы — гэта і злучнік, і часціца, але з рознымі адценнямі сэнсу: ад згоды і захаплення да іроніі і абурэння. У “але” вельмі шырокі семантычны спектр. Таму тытульнаму ці назыўному “але” быў намер надаць найперш ролю абагуленага выказвання накшталт “але і  я  не прамаўчу”, тым больш што з  “але” пачынаецца алегорыя; але гэта адначасна і маё далучэнне да нашага сумоўя, маё паразуменне з чытачом і маё разуменне рэчаў, бачанне з’яў...»

Навуковая і паэтычная спадчына, якую пакінуў нашчадкам Уладзімір Мархель, кладзецца ў  падмурак нашага самаўсведамлення і  самаадчування, спрыяе асэнсаванню нацыянальнай літаратуры і яе гісторыі, утрымлівае моцны патэнцыял, каб рухацца далей да самапазнання і развіцця. Яе вызначае вялікая любоў да беларускага слова і гонар за творцаў, якія нярэдка насуперак неспрыяльнаму лёсу і абставінам аддавалі гэтай любові свой талент і сілы. Думкі, якія выказаў у сваіх кнігах Уладзімір Іосіфавіч Мархель, не страчваюць актуальнасці, падказваюць напрамак для новых даследаванняў і даюць пажытак для душы і розуму.

Серж МІНСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.