Вы тут

Як Янка Купала і Якуб Колас сталі народнымі паэтамі Беларусі


Відаць, у кожнага з нас з гадамі назапашваюцца самыя розныя матэрыялы, якія маюць рознай ступені цікавасць і каштоўнасць. Але ж калі на іх пазіраць расплюшчанымі вачыма, то можна зрабіць часам і нечаканыя высновы. Вось захацелася і мне зірнуць на тое, што час і абставіны пакінулі ў маім асабістым архіве. Мо гэта будзе цікава і некаму яшчэ.


Народны паэта

Існуе «Пастанова Савету Народных Комісараў Беларускае Савецкае Соцыялістычнае Рэспублікі» ад 10 чэрвеня 1925 года. Яна паведамляе: «28-го мая бягучага 1925 г. мінула дваццаць год, як Ян Дамінікаў Луцэвіч (Янка КУПАЛА) распачаў сваю літаратурную дзейнасць сваім вершам «Мужык».

За гэтыя дваццаць год КУПАЛА разьвінуўся ў выдатнага нацыянальнага поэту, волата беларускага прыгожага пісьменства, які праз увесь час свае літэратурнае працы будзіў сялянскія душы ад цяжкага ўціску і заклікаў да соцыяльнага і нацыянальнага вызваленьня.

 Савет Народных Комісараў уважае за патрэбнае адзначыць гэты юбілей, пастанаўляе:

1. Надаць Яну Дамінікаву ЛУЦЭВІЧУ (Янку КУПАЛЕ) імя БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ПОЭТЫ.

2. Прызначыць яму на ўсё жыцьцё пэрсанальную пэнсію ў 180 руб. на месяц.

СТАРШЫНЯ САВЕТУ НАРОДНЫХ КОМІСАРАЎ БЕЛАРУСКАЕ СОЦЫЯЛІСТЫЧНАЕ САВЕЦКАЕ РЭСПУБЛІКІ (Язэп Адамовіч)

КІРАЎНІК СПРАЎ СНК БССР (М. Мароз)

10 чэрвеня 1925 г. м. Менск»

Гэты дакумент захоўваўся ў ЦГАОР БССР, ф.№7 (СНК БССР), оп.1, д. 153, л. 67.

А Пастанове СНК БССР папярэднічаў «Протокол №6 Заседания Совета Народных Комиссаров БССР

 10 июня 1925 г. г. Минск.

ПРЕДСЕДАТЕЛЬСТВОВАЛ тов. АДАМОВИЧ

ПРИСУТСТВОВАЛИ:

С решающим голосом т. т. Гельтман, Калнин, Сегаль, Грузель, Калинин, Хацкевич, Балицкий, Зеликсон, Василевич, Русецкий, Умрихин, Герман.

С совещательн. голосом т. т. : Карпешин, Чернушевич, Консон, Шкубер, Алесин, Яцкевич, Мороз, Поречин.

Секретарь тов. ?Ф?рендель

Слушали : 89. О присвоении Янке КУПАЛЕ звания Народного поэты и установлении пожизненнй пенсии (Вн. Н. Прос)

Постановили: 89. Принять предложенный Н.  Просом проект постановления с изменением п. 2-го проекта в том смысле, что в целях предоставления Янке КУПАЛЕ возможности плодотворно работать на развитие белорусской культуры, освободить Янку КУПАЛУ от всех занимаемых им работ и обеспечив его по смете Н.Проса высшей ставкой ответственного работника по 17-ти разрядной тарифной сетке». (Н.Прос — Народный комиссариат просвещения. — А. Б.)

Гэты дакумент захоўваўся ў ЦГАОР БССР, ф.№7 (СНК БССР), оп.1, д. 153, л.л. 9, 10.

Давайце звернем увагу на некаторыя асаблівасці, якія мо і не маюць надзвычайнага значэння, аднак сведчаць пра тагачасную атмасферу і асаблівасці прыняцця дакументаў. Перш за ўсё, напісанне імя і імя па бацьку Янкі Купалы. Па-беларуску не Янка, як звыкла гаворым мы, а Ян. А вось па-руску — Янка. І зноў жа па-беларуску — не Дамінікавіч, а Дамінікаў, гэта значыць, Дамінікаў сын.

І яшчэ адно філалагічнае назіранне. Купалу не называлі «народны паэт», а надавалі яму імя «беларускага народнага паэты». Праўда, па-руску гэта ўсё ж было «звание». А што, хіба было і іншае, не беларускае найменне? Хіба быў творца, які мог атрымаць імя не «беларускага», а нейкага іншага «поэты». Гісторыя падобнага выпадку не засведчыла. А паколькі Янка Купала быў першым народным паэтам, то нават журналісты не ведалі, як пісаць гэтае найменне. Таму ў газетным паведамленні сказана, што Купалу прысвоена «назва» беларускага народнага паэты.

Надзвычайную цікавасць уяўляе другі пункт пастановы. Персанальная пенсія Янку Купалу прызначалася пажыццёва. А каб гэта адбылося, яго вызвалялі ад усіх і ўсякіх пасад, даючы магчымасць не клапаціцца аб працы і яе аплаце, а заняцца выключна творчасцю. Памер пенсіі, здаецца, быў самы высокі ў тагачаснай іерархіі высокіх савецкіх чыноўнікаў, што і пазначана ў пратаколе — «высшей ставкой ответственного работника».

Ну і зірнём на самы апошні радок: «м. Менск». Места Менск. Так пісалася тады назва нашай сталіцы. А калі параўнаць два тэксты — беларускі і рускі, выходзіць, што места, а не горад, і Менск пісаліся толькі па-беларуску. Бо ў рускім варыянце стаіць г. Мінск.

Паведамленне пра гэтае рашэнне было надрукавана на другой старонцы газеты «Савецкая Беларусь» (выходзіла на беларускай мове) у №130 (1429) за 13 чэрвеня 1925 года:

«Янка Купала — Беларускі Народны Паэта.

Савет Народных Камісараў БССР пастанавіў прысвоіць Янку Купалу назву БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ПАЭТЫ.

Адначасна Савет Народных Камісараў пастанавіў вызваліць Янку Купалу ад займаемых пасадаў і вызначыць яму забясьпеку па каштарысу Народнага Камісарыяту Асьветы па вышэйшай стаўцы».


А як у Якуба Коласа?

А якія дакументы сведчаць аб прысваенні звання народнага паэта Якубу Коласу? У мяне ёсць копіі гэтых рашэнняў. У 1926 годзе адзначалася 20-годдзе пачатку літаратурнай дзейнасці паэта. З нагоды гэтай даты была прынята «Пастанова Савету Народных Камісараў БССР

АБ УРАЧЫСТЫМ АДЗНАЧЭНЬНІ 20 ГОДЗЬДЗЯ ЛІТАРАТУРНАЙ ТВОРЧАСЬЦІ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕННІКА ЯКУБА КОЛАСА.

Савет Народных Камісараў ПАСТАНАЎЛЯЕ: 1. Прыняць да ведама пастанову Народнага Камісарыяту Асьветы аб адзначэньні 20 гадовай літаратурнай творчасьці беларускага пісьменніка Якуба КОЛАСА урачыстым сьвяткаваннем яго юбілею ў культурна-асьветных установах.

2. Надаць Якубу КОЛАСУ званьне Народнага Паэты і прызначыць яму пажыцьцёвую пэнсію з разьліку стаўкі адказных працаўнікоў БССР

СТАРШЫНЯ САВЕТУ НАРОДНЫХ КАМІСАРАЎ БССР (Яз. АДАМОВІЧ)

КІРАЎНІК СПРАЎ САВЕТУ НАРОДНЫХ КАМІСАРАЎ БССР (М. МАРОЗ)

18 кастрычніка 1926 г.»

Гэты дакумент захоўваўся ў ЦГАОР БССР, ф. №7, оп. 1, д. 299, т. 3, л. 426.

Маецца таксама «Пастанова Савету Народных Камісараў Беларускае ССР

АБ УРАЧЫСТЫМ АДЗНАЧЭНЬНІ 20 ГОДЗЬДЗЯ ЛІТАРАТУРНАЕ ТВОРЧАСЬЦІ ПОЭТЫ І ПІСЬМЕННІКА ЯКУБА КОЛАСА.

Прызнаючы вялікую важнасьць для працоўных Беларусі і для беларускай культуры літаратурна-мастацкай дзейнасьці Якуба Коласа, Савет Народных Камісараў ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Надаць Якубу КОЛАСУ годнасьць народнага паэты.

2. Прызначыць Якубу КОЛАСУ пажыцьцёвую пэнсію ў разьмеры стаўкі адказных політычных працаўнікоў БССР.

3. Прыняць да ведама пастанову Народнага Камісарыяту Асьветы аб адзначэньні 20 гадовай літаратурнай творчасьці Якуба КОЛАСА урачыстым сьвяткаваннем яго юбілею ў культурна-асьветных установах.

СТАРШЫНЯ САВЕТУ НАРОДНЫХ КАМІСАРАЎ БССР (Яз. АДАМОВІЧ)

КІРАЎНІК СПРАЎ САВЕТУ НАРОДНЫХ КАМІСАРАЎ БССР (М. МАРОЗ)

18 кастрычніка 1926 г. г. Менск» Гэты дакумент захоўваўся ў ЦГАОР БССР, ф. №7, оп. 1, д. 299, т. 3, л. 429.

Цікава, што ў гэтым дакуменце ёсць некаторыя адрозненні ад першай пастановы адносна Янкі Купалы. Напрыклад, пажыццёвая пенсія Коласу прызначаецца як і адказным, што ў першым дакуменце, але ўжо палітычным працаўнікам. Значыць, для іх гэтая пенсія была большая, бо, напэўна, былі і тыя, хто не адносіўся да гэтай катэгорыі і, адпаведна, меў меншую пенсію.

Адрозніваецца Коласава пастанова і тым, што у ёй няма ўказання, як у пастанове, якая датычыць Янкі Купалы, аб тым, што паэт вызваляўся ад займаемых пасад. «Забясьпека» Янку Купалу таксама вызначалася «па каштарысу Народнага Камісарыяту Асьветы па вышэйшай стаўцы». Мо і дробязі, але праўдзівыя і цікавыя.

Каб Якуб Колас не быў пакрыўджаны адносна своечасовай і поўнай выплаты прызначанай пенсіі, Кіраўнік спраў Савета Народных Камісараў БССР М. Мароз напісаў свой ліст:

«У Народны Камісарыят Соцыяльнае Забясьпекі.

На падставе пастановы Савету Народных Камісараў БССР Кіраўніцтва Спраў СНК БССР просіць выдаваць з 18 кастрычніка 1925 г. Якубу КОЛАСУ (Кастусю Міцкевічу) з сродкаў, якія адпускаюцца НКСЗ для выдачы пэрсональных пэнсій, пажыцьцёвую пэнсію ў разьмеры 183 р. у месяц.

 Пры гэтым асабліва просім, каб выдача гэтая была зроблена без затрыманьня і па магчымасьці лішніх клопатаў для народнага поэта Якуба КОЛАСА».

Гэты дакумент захоўваўся ў ЦГАОР БССР, ф. №7, оп. 1, д. 299, т. 3, л. 431.

Як бачым, тут гучыць клопат пра дабрабыт Коласа і пазбаўленне яго ад непатрэбных мітрэнг, што можа сведчыць аб вялікай бюракратычнай валакіце нават у вышэйшых органах тагачаснай улады.

А вось дата выдачы пенсіі выклікае пэўнае недаўменне. У самой пастанове дата прысваення звання народнага паэта пазначана як 18 кастрычніка 1926 года. А ў запісцы М. Мароза гучыць просьба аб выдачы пенсіі з 18 кастрычніка 1925 года. У чым справа? Апіска? Ды і Мінск памяняў ужо свой статус: не места, як у Янкі Купалы, а горад.

Анатоль БУТЭВІЧ

Працяг будзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».