Вы тут

Незабыўная «Данута», аўтар якой Аляксей Карпюк мог бы атрымаць «Героя»


З лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, заслужаным работнікам культуры Беларусі, пісьменнікам Аляксеем Карпюком я пазнаёміўся бліжэй 15 мая 1987 года ў  Слоніме. Ён узначальваў тады Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў і  з  групай літаратараў прыехаў у горад над Шчарай віншаваць з 75-годдзем старэйшага заходнебеларускага паэта Анатоля Іверса. Вечарына адбылася ў  раённым Доме культуры. Я вёў вечарыну і  трохі хваляваўся. Учарашні студэнт — і такая адказная місія! Перад пачаткам вечарыны Аляксей Нічыпаравіч падышоў да мяне:


Паштоўка, прысвечаная Аляксею Карпюку. Выйшла ў Слоніме.

— Не хвалюйся, Сяргей, вядзі сябе спакойна і проста. Няма тут перад кім хвалявацца...

І ўсё ж хвалявацца было перад кім: прыехалі пісьменнікі з Мінска, Гродна, іншых гарадоў і мястэчак. Аляксей Карпюк сеў побач са мною і часам адпускаў вясёлыя рэплікі. Відаць, каб мяне падтрымаць. Пасля слова даў яму. Ён выступаў цікава, проста і з гумарам, амаль так, як заўсёды гэта рабіў яго сябра Янка Брыль (яны нават у нечым былі падобнымі). Аляксей Карпюк падарыў Анатолю Іверсу прыгожы і дарагі партфель і пажадаў напісаць і выдаць столькі кніг, колькі ўлезла б у гэты партфель.

Ішоў час, іншым разам званіў, пісаў яму. Ён абяцаў дапамагчы выдаць асобным зборнікам вершы слонімскіх літаратараў. На вялікі жаль, наша задумка засталася нерэалізаваная. Праз пяць гадоў пасля першай нашай сустрэчы Аляксея Карпюка не стала. Гэта здарылася 14 ліпеня 1992 года. І нешта адразу страцілася, згубілася на літаратурнай ніве Гродзеншчыны. Аляксея Карпюка не хапае і сёння: мужнага, смелага, разважлівага і таленавітага чалавека.

Нарадзіўся Аляксей Карпюк у сялянскай сям’і 14 красавіка 1920 года на Беласточчыне ў вёсцы Страшава. Скончыўшы ў 1934 годзе мясцовую сямігодку, вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні. У 1939 годзе паступіў у Навагрудскае педвучылішча. «Было нас пяць хлопцаў з Наднямоння, з-пад Налібоцкай пушчы і адзін Карпюк з-пад Беластока, — успамінае ва ўступным слове да двухтомніка Аляксея Карпюка (Мінск, 1991) Уладзімір Калеснік. — Мы прывозілі “сідары” ледзь не кожны тыдзень, а Карпюк разы два на год, пасля зімовых і летніх канікулаў, затое валок гару смакаты: цэлага кумпяка, паляндвіцу, каўбасы, пару апольцаў сала таўшчынёю на ўсе пяць пальцаў...»

У гады вайны Аляксей Карпюк пайшоў у партызаны, а ў час дыверсіі на чыгунцы каля Ваўкавыска трапіў у палон. Спачатку яго трымалі ў Беластоцкай турме, а пасля ў лагеры Штутгоф (Прусія). З першага дня арышту займала толькі адна думка — як адтуль уцячы. Была магчымасць выскачыць з вагона, калі палонных везлі з Беластока ў лагер. Тым больш што цягнік ахоўвалі беларусы з Гарадка, пераапранутыя ў нямецкія мундзіры. Некаторых канваіраў Карпюк ведаў, з імі вучыўся ў «паўшэхнай» школе. Але чакаў больш удалага выпадку. Таму не рызыкнуў, і яго прывезлі ў Штутгофскі лагер.

Аднойчы гітлераўцы адбіралі добраахвотнікаў на станцыю нешта залатаць. Трапілі туды і Аляксей Карпюк з братам. Ад’ехалі каля дваццаці кіламетраў на станцыю Тызенгоф. Сталі там грузіць дошкі ў вагоны. Дваім братам рызыкаваць на ўцёкі было небяспечна. Вырашылі, што паспрабуе ўцячы адзін Аляксей. І ён паспрабаваў. Стаў на буфер між вагонамі і нырнуў пад вагон, а потым выскачыў у цёмнае месца і знік. Усю ноч ішоў па палях, а раніцай залез да аднаго баўэра ў гумно і да вечара праспаў. Потым з рознымі прыгодамі зноў пайшоў далей. Сеў на цягнік і  даехаў да Беластока, дабраўся да роднай вёскі. А там бацька «перадаў» яго партызанам. Пачалася лясная эпапея.

У 1944 годзе Аляксей Карпюк стаў камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага на Гродзеншчыне. А  ў 1944—1945 гадах служыў у арміі шаранговым наводчыкам 756 стралковага палка 150 Берлінскай дывізіі 79 стралковага корпуса. Быў наводчыкам 76-міліметровай гарматы. Асабліва вызначыўся падчас Вісла-Одэрскай аперацыі, калі агнём гарматы знішчыў дзясяткі фашыстаў і некалькі самаходных гармат. Двойчы быў паранены.

У баях за Берлін адзначыўся так, што камбат Іван Кучэрын прадставіў яго на званне Героя Савецкага Саюза. І нават паведаміў пра гэта бацькам Аляксея на Беласточчыну. Але «Героя» Карпюку не далі, паколькі ён быў «заходнікам» і палонным у  канцлагеры Штутгоф. Вось як пра гэта згадвае сам Карпюк у «Дзённіку» (Аляксей Карпюк. Развітанне з ілюзіямі». Гародня-Wroclaw. 2008. С. 3890): «Выклікае камбат. Мяне прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза (і на яго пакінула ўражанне сцэнка, як я клаў снарады ў гушчу немцаў, калі перасякалі паляны!). А мне не верыцца, каб з прадстаўлення гэтага нешта выйшла. “Заходнік”, Штутгоф. Апавядаю камбату пра выпадак з начальнікам разведкі дывізіі — капітанам Бойчанкам. Кучэрын супакойвае. У душы з ім усё не згаджаюся. Ды і мала маю яшчэ заслуг. У батарэі я, напрыклад, у параўнанні з  сяржантам Марозавым — навабранец, без году тыдзень».

«Героя» Аляксей Карпюк сапраўды не атрымаў. Але быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пазней Аляксея Нічыпаравіча ўзнагародзяць і ордэнам Айчыннай вайны І ступені, і ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі. А палякі ўганаруюць яго залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары».

30 красавіка 1945 года, падчас ўзяцця Рэйхстага, Аляксей Карпюк атрымаў вельмі цяжкае асколачнае раненне. Асколак трапіў у лёгкае, і да канца лета беларус знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Познані. Ён страціў частку лёгкага, а некалькі асколкаў дактары дасталі толькі ў канцы 1940-х гадоў, калі па рэкамендацыі былога старшыні Гродзенскага абкама партыі Сяргея Прытыцкага Аляксея Карпюка паклалі ў шпіталь імя Скліфасоўскага, што ў Маскве, і правялі там аперацыю.

Пасля вайны Аляксей Карпюк паступае на факультэт замежных моў Гродзенскага педінстытута. Студэнтам пачынае пісаць прозу. У часопісе «Полымя» ў 1953 годзе студэнт Карпюк дэбютуе аповесцю «У адным інстытуце». А праз пяць гадоў выдае першую кнігу апавяданняў і аповесцей «Дзве сасны».

 Працоўная дзейнасць пісьменніка выдалася разнастайная і няпростая. Быў загадчыкам райана ў м. Сапоцкіна, дырэктарам школы на Ваўкавышчыне, працаваў у Гродзенскім педінстытуце, у рэдакцыях газет, загадчыкам агенцтва «Інтурыст» у Гродне, дырэктарам музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне, а з 1978 года ўзначальваў Гродзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Але, дзе б ні працаваў Аляксей Карпюк, ён заўсёды пісаў. «Пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як найбольш быць карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!» — згадваў у аўтабіяграфіі «Мая Джамалунгма». Дарэчы, пра гэты выдатны твор пісала нават газета «Бацькаўшчына», якая выдавалася ў Мюнхене.

Жылося Аляксею Нічыпаравічу нялёгка. Ён быў адкрытым і смелым. На V З’ездзе пісьменнікаў Беларусі ў Мінску, які адбыўся 13 мая 1966 года, Аляксей Карпюк адкрыта выступіў па тых праблемах, якія набалелі, якія хвалявалі многіх творцаў. У сваім выступленні ён абараніў і гонар беларускіх літаратараў, а таксама паэта са Слоніма Анатоля Іверса і празаіка з Гродна Васіля Быкава за нападкі з боку мясцовых чыноўнікаў і КДБ.

 Самым знаным і папулярным творам Аляксея Карпюка застаецца аповесць «Данута», якая перакладзена на многія мовы свету. Калі мне сумна — перачытваю, адключаюся ад сённяшніх праблем, вяртаюся ў Вільню, дзе жыла прыгожая і шчырая Данута. Найвыдатнейшы твор! Адзін з найлепшых пра каханне. Гродзенская пісьменніца Ала Петрушкевіч лічыць, што «Дануту» Аляксея Карпюка можна паставіць поруч з «Альпійскай баладай» Васіля Быкава, «І той дзень надышоў» Масея Сяднёва, «Чазеніяй» і  «Нельга забыць» Уладзіміра Караткевіча, «У палескай глушы» Якуба Коласа. У творы няма трафарэтных рашэнняў сацыяльных і псіхалагічных праблем. Канфлікты сацыяльныя заснаваны не проста на барацьбе бедных супраць багатых ці добрых супраць дрэнных. Распавядаючы гісторыю першага кахання вясковага хлопца, беларуса, да дачкі польскага генерала, Аляксей Карпюк раскрыў глыбокі драматызм душэўнай барацьбы герояў і правёў іх праз самыя розныя жорсткія выпрабаванні часу. «Данута» Аляксея Карпюка — твор, прасякнуты глыбокім лірызмам, пра юнацтва і рамантычнае каханне. Праўдзіва, натуральна перададзены ў аповесці даваенны час беларускай Вільні.

Пакінуў пасля сябе Аляксей Карпюк і раман «Карані». Пісьменніца Данута Бічэль назвала гэты твор самай вялікай удачай аўтара, бо атрымаўся раман глыбоканародны і шматпланавы, сацыяльны і вострасюжэтны, псіхалагічны і багаты на філасофскія разважанні. А Уладзімір Калеснік высока адзначаў у «Каранях» мову твора, паставіўшы на адзін узровень з мовай Івана Мележа і Янкі Брыля.

З-пад пяра Аляксея Карпюка выйшлі дзясяткі іншых цікавых і разнастайных твораў. Гэта аповесці, казкі, нарысы, прысвечаныя роднай Гродзеншчыне і яе людзям.

На вялікі жаль, беларусы яшчэ не зусім асэнсавалі ўсю цэласнасць, скарб творчай спадчыны пісьменніка. Але землякі шчыра памятаюць пра Аляксея Карпюка. Адна з вуліц Гродна носіць яго імя. А год таму на будынку №  49 па вуліцы Элізы Ажэшкі ў Гродне ў гонар пісьменніка была ўсталявана мемарыяльная дошка.

 Сяргей ЧЫГРЫН

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.