Вы тут

«І нікне поўнач ценем…»


Самыя балючыя і шчырыя словы пра вайну напісалі тыя, хто ваяваў. У  «Мастацкай літаратуры» ў «Залатой калекцыі беларускай літаратуры» выйшаў 19 том серыі — «Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны». Гэта ўнікальнае выданне: упершыню пад адной вокладкай сабраны творы і  хрэстаматыйныя, і малавядомыя, і вернутыя да чытача зусім нядаўна, — найлепшае з  напісанага пра вайну і на вайне. Сярод аўтараў зборніка — нацыянальныя класікі і пісьменнікі, якія загінулі на фронце.


Творчасць ваеннага часу аб’ядноўвае трагічнае ўспрыманне падзей, палымяны патрыятызм, услаўленне мужнасці і бясстрашнасці ў барацьбе з  ворагам, непрыманне вайны як найвялікшага зла. У 1941 годзе стала зразумела, што, паводле Кузьмы Чорнага, «прыйшла пара самага важнага, сапраўды адзінага, ад чаго залежыць усё іншае». Многія з пісьменнікаў выправіліся на фронт (паводле падлікаў, каля 250 беларускіх творцаў — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны). Яны ваявалі са зброяй у руках ці працавалі ў армейскіх газетах, змагаліся ў партызанскіх атрадах і падполлі. Мастацкае слова стала ў баявыя шэрагі, каб наблізіць перамогу, прайшоўшы шляхамі змагання. Яно клікала да барацьбы і было зброяй… Адно з хрэстаматыйных дасягненняў той пары ў галіне паэтычнага эпасу — паэма Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады». Яна стваралася ўвосень 1942 года, у  час, калі ішлі жорсткія баі, Чырвоная Армія несла велізарныя страты, а  добра ўзброены вораг рваўся ўглыб краіны. Твор высока ацаніў А. Твардоўскі… Увогуле, паэзіяй Куляшова ваеннай пары захапляліся ва ўсім былым Савецкім Саюзе. Да 1942 года адносіцца і яго глыбока пачуццёвы (і ў той жа час высокапафасны) верш «Ліст з палону», да 1943 года — суцэльна сімвалічная балада «Маці»  — творы, якія адразу  ж сталі шэдэўрамі ваеннай лірыкі… Гэтыя ды іншыя ўзоры трапілі на старонкі выдання.

Ёсць сярод аўтараў 19 тома і  тыя, чыя творчасць стала шырока вядомай толькі напрыканцы ХХ стагоддзя. Так, Сяржук Новік-Пяюн падчас вайны застаўся ў гітлераўскай акупацыі (ратаваў экспанаты Слонімскага краязнаўчага музея). На пачатку 1944 года стаў вязнем гітлераўскага астрога ў Слоніме, потым — лагера смерці ў Калдычыве). Падчас расстрэлу групы зняволеных з 600 чалавек, сярод якіх ён і  апынуўся, быў толькі паранены і прыкінуўся мёртвым. Такім чынам здолеў уратавацца. Але напрыканцы года быў арыштаваны зноў — ужо органамі дзяржбяспекі — за «здраду радзіме», за тое, што быў у фашысцкім палоне… З  калымскага лагера вызвалены і  рэабілітаваны толькі ў  канцы 1958 года. І падчас акупацыі, і ў гітлераўскіх засценках С. Новік-Пяюн не развітваўся з паэтычнай музай. Словы кахання, шчымлівыя згадкі маці і роднага дома, тужлівыя настроі, любоў да радзімы — усё гэта стала асноўнымі матывамі творчасці С. Новіка-Пеюна згаданага перыяду. Адметна, што ў змрочную часіну — у чаканні расстрэлу ў камеры-адзіночцы ў маі 1944 года — паэт згадваў каханую (верш «Цябе ўбачыў я ўва сне» найкранальнейшы ўзор інтымнай лірыкі, прысвечаны Лялі Стр-й):

…Што думалі — ні ты, ні я

Сказаць сабе, аднак, не смелі,

Ды што я твой, а ты мая,

Без слоў мы добра зразумелі.

Цяпер я ведаю адно,

Што сон мой спраўдзіцца, напэўна,

З табой сустрэнуся я зноў,

Маіх ты мрояў каралеўна!

Захаваліся звесткі, што ў  1944 годзе фашысты расстралялі каханую паэта…

Дзякуючы ўкладальніку Алесю Бельскаму творчасць Сержука Новіка-Пеюна гэтага перыяду прадстаўлена досыць шырока.

Сярод аўтараў, якіх доўгі час не згадвалі, ёсць у зборніку і рэпрэсіраваны ў 1936 годзе Змітрок Астапенка, блізкі сябар па творчасці Аркадзя Куляшова і Юлія Таўбіна. У адрозненне ад закатаванага і расстралянага ў засценках Мінска ў 1937 годзе Юлія, Змітраку пашчасціла ўцячы з  лагера на фронт, што адбылося ў 1942 годзе. Паводле афіцыйных даных, ён прапаў без вестак у 1944 годзе ў Карпатах, па іншых — загінуў у баі на адным з перавалаў Татраў. Але паспеў паваяваць: у складзе групы разведчыкаў быў закінуты ў Чэхаславакію, у тыл ворага… У вершы 1943 года «Паклянёмся любіць наш край!..» палымяна, пафасна гучыць перажыванне лірычнага героя, і разам з тым пранікліва-глыбока гучыць яго пачуццё:

Той, хто вырас на гэтай зямлі,

Хто ўсмактаў яе цяжкія сокі,

Ведай: час і пара надышлі

На геройства,

На подзвіг высокі.

Змітрок Астапенка багата прадстаўлены ў зборніку не толькі вершамі — ёсць у кнізе і  яго паэма «Эдэм», якая лічыцца адной з найлепшых у айчыннай паэзіі часоў вайны.

Творчасць некаторых іншых аўтараў зборніка мала вядомая шырокай чытацкай аўдыторыі і цяпер. Так, нават у бібліяграфічных пісьменніцкіх даведніках адсутнічаюць звесткі пра беларускага паэта яўрэйскага паходжання Захара Барсука, які загінуў падчас вайны, пра Пятра Калбыку, пра Лявона Случаніна, асуджанага савецкім правасуддзем за тое, што падчас вайны працаваў у акупіраваным раёне дырэктарам Лучнікоўскай школы. Творы загінулых Алеся Жаўрука, Аляксея Коршака, Сяргея Крыўца, Генадзя Шведзіка, Алеся Мілюця гучаць не проста данінай іх памяці, але і сведчаннем моцы чалавека ў  экстрэмальных ваенных умовах. Што надавала салдату сілы пад варожым прыцэлам? Тое, што лучыла з родным:

Толькі раптам лютаўская сцюжа

Адступіла быццам, адлягла.

Чую і не веру сам я — «Ружа»:

«Ой, расцвіла ружа, расцвіла…»

Азірнуўся: ціха ў задуменні

Сам сабе спявае зампаліт.

Слухаем. І нікне поўнач ценем,

Іншыя ўстаюць хлапцам палі.

(«Ружа», Алесь Жаўрук)

Як зазначае аўтар прадмовы зборніка Алесь Бельскі, калі падвялі вынікі Другой сусветнай вайны і вызначылі дзесяць фактараў, якія абумовілі перамогу над фашызмам, адным з галоўных, вызначальных была названа літаратура. З дапамогай слова ў свядомасць асобы закладаюцца ідэі, духоўна-ментальныя сэнсы. Таму гэтае выданне вельмі важнае цяпер, калі амаль адышло пакаленне тых, хто ваяваў. Нашчадкі павінны праўдзіва ўяўляць, што такое вайна, каб ніколі не дапусціць яе паўтарэння.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?