Вы тут

Анёлы-ахоўнікі роднай зямлі


Чым больш аддаляюцца па часе постаці легендарных дзеячаў, якія стаялі ля вытокаў фарміравання нашай дзяржаўнасці і праславілі сваё імя справамі на карысць Айчыны, тым большай прыцягальнасцю яны валодаюць. Кожнае пакаленне гісторыкаў, літаратараў, мастакоў, музыкантаў штораз наноў пераасэнсоўвае іх асобы, адкрываючы для сябе веліч, значнасць, уплыў, які меў месца падчас іх жыцця і ў наступныя гістарычныя эпохі. Усяслаў Чарадзей, Давыд Гарадзенскі, Настасся Слуцкая... Больш за жыццё яны любілі Бацькаўшчыну і ўсе сілы паклалі на алтар служэння ёй. Каб застацца тут навечна: у царкоўным звоне, на стромых берагах рэк, на ўзвышшах замчышчаў. На зямлі, шчодра палітай крывёй яе мужных вояў-абаронцаў. І, галоўнае, у душах нашчадкаў.

У навукова-папулярнай серыі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» «Гісторыя для школьнікаў» пабачылі свет выданні «Усяслаў Брачыславіч, князь полацкі», «Давыд Гарадзенскі» і «Настасся Слуцкая», створаныя Міколам Багадзяжам і Ірынай Масляніцынай у суаўтарстве.


Крыжакі пад Наваградкам. Ілюстрацыя з кнігі «Давыд Гарадзенскі»

«Пазванілі да ютрані рана Святой Сафіі званы...»

Князь полацкі Усяслаў, за рашучасць, розум і энергію празваны Чарадзеем (каля 1029—14.4.1101), быў загадкай яшчэ пры жыцці, застаўся загадкай і сёння, праз дзесяць стагоддзяў. Вобраз яго трапіў у народны эпас, хаця гэта не казачны персанаж, не міфічны герой. Многія летапісы і хронікі распавядалі пра яго дзеі, засяроджваючыся нават на дробязях. Толькі славутая асоба магла стаць аб’ектам такой пільнай увагі сучаснікаў.

Мэта выдання — паспрабаваць узнавіць рэальную біяграфію выбітнага ўладара, фантастычнага военачальніка і проста справядлівага грамадзяніна. Аўтары працавалі метадам рэканструкцыі: карыстаючыся ўсімі даступнымі пісьмовымі, выяўленчымі і археалагічнымі крыніцамі, супастаўлялі звесткі і на аснове аналізу прапанавалі найбольш верагодныя версіі развіцця падзей. Так, з «Аповесці мінулых гадоў» ды некаторых іншых крыніц пра Усяслава вядома: калі яго княства захапіў кіеўскі князь Ізяслаў, полацкі выгнаннік жыў у землях фінаўгорскіх плямён, самымі знакамітымі з якіх былі чудзь і водзь. Гэтыя плямёны неаднаразова дапамагалі Усяславу воінамі для яго паходаў. Паўстае лагічнае пытанне: а чым ім плаціў полацкі князь, калі, напрыклад, пасля бітвы на Нямізе сам застаўся без нічога? Найбольш верагоднае — гэта наяўнасць сваяцкіх сувязей. «Другая жонка Усяслава полацкага была вадзінка, магчыма, дачка аднаго з  правадыроў водскіх плямёнаў. Яна стала пяшчотнай сяброўкай суроваму князю пасля смерці першай жонкі, добрай мачахай княжычу Раману і маці яшчэ пяцярым сынам полацкага князя. Ці варта здзіўляцца, што вадзіны і чудзіны лічылі Усяслава сваім? Яны ахвотна падтрымалі яго, аддаўшы сваіх сыноў у яго новую дружыну», — упэўнены аўтары.

Адметна тое, што ў кнізе амаль адсутнічае пафас, які робіць аб’ект расповеду забранзавела-недасяжным, далёкім ад простага чытача. Аўтары распавядаюць пра асобу полацкага князя як пра таго, каго добра ведаюць, як пра звычайнага чалавека, які любіў сваіх блізкіх, пакутаваў ад страт і войнаў. Не абыходзяць яны і праблемныя моманты, занатаваныя ў хроніках. Так, пасля вызвалення Усяслава з сынамі з порубу, калі кіяўляне выгналі свайго князя і пасадзілі на княскі прастол Чарадзея, ён... праз сем месяцаў уцякае! Гэтая падзея для Кіева была трагедыяй: многія з гараджан жыццём заплацілі за свавольства! Мноства было закатавана, аслеплена, пакарана смерцю.

На жаль, няма дакладных звестак, чаму Усяслаў так абышоўся з тымі, хто яму давяраў. Але маленькая «зачэпка» ўсё ж знайшлася, пераконваюць аўтары! У «Слове пра паход Ігаравы» ёсць радкі: «Для яго (Усяслава) у Полацку пазванілі да ютрані рана Святой Сафіі званы, а ён у Кіеве той звон пачуў... Скочыў ад іх лютым зверам у поўнач з Белграда, ахінуты сіняй імглой...» На аснове гэтых скупых даных М. Багадзяж і І. Масляніцына зрабілі выснову, што, магчыма, у Полацку юнаму сыну Усяслава, Раману, пагражала смяротная небяспека: полацкія язычнікі планавалі захапіць уладу ў горадзе, забіўшы і  Рамана, і  суайчыннікаў-хрысціян, спаліць аплот хрысціянства Сафію! Ці можна судзіць князя за тое, што паміж Полацкам і Кіевам ён абраў Полацк?.. Анёлы-ахоўнікі роднай зямлі

Меч зямлі Гарадзенскай

Калі вымяраць веліч военачальніка па магутнасці пераможаных ім ворагаў, то постаць выбітнага беларускага палкаводца Давыда Гарадзенскага (каля 1283—1326) заслугоўвае самай высокай адзнакі. Ён — з тых, пра каго гавораць «чалавек-легенда». Гісторыю Вялікага Княства Літоўскага нельга распавядаць, не згадаўшы меч Давыда, якім ён гнаў з айчынных прастораў захопнікаў-крыжаносцаў, магутны аўтарытэт гарадзенскага князя, які ўздымаў на барацьбу з крыжацкай навалаччу землякоў і адзінаверцаў, гарады, якія мацавала асоба князя, натхняла верыць у моц свайго абаронцы і не скарацца ворагу.

Асаблівасцю кнігі, прысвечанай слаўнаму Давыду Даўмонтавічу, з’яўляецца тое, што яна створана на аснове самых разнастайных крыніц і адрывачных звестак. Аўтары параўноўвалі тое, што тычыцца не толькі асобы легендарнага князя ХIV стагоддзя, але і яго ворагаў еўрапейскага маштабу: вялікіх магістраў Тэўтонскага ордэна і ордэнскіх палкаводцаў. На старонках кнігі адноўлены батальныя сцэны многіх бітваў з крыжакамі: яны выклікаюць захапленне розумам, ваеннай абачлівасцю і хітрасцю князя, а таксама гонар за яго мужнасць. Так, калі ў 1314 годзе неўтаймоўны Генрых фон Плоцке асадзіў Наваградак, у Давыда, які атрымаў страшную вестку, амаль не было часу на зборы: ён пасадзіў на коней сваіх найлепшых дружыннікаў і вояў з  ліку гарадскога апалчэння і выправіўся на дапамогу. Прыбыў, як распавядаюць аўтары, якраз тады, калі тэўтонцы пад градам дзід і стрэл караскаліся па схілах да сцен замка. Давыд захапіў лагер крыжакоў і знішчыў іх здабычу, пазбавіў правіянту, а потым знішчыў і  прыхаваныя імі па дарозе да Наваградка склады. Аўтары прыводзяць вытрымку з «Лівонскай хронікі», дзе распавядаецца, што толькі лічаныя ўдзельнікі таго паходу здолелі трапіць дадому.

«Давыд Гарадзенскі» — выданне, дзе ўпершыню пад адной вокладкай сабрана столькі звестак пра дзейнасць слаўнага князя, яго прыватнае жыццё.

Прыклад вернасці, узор мужнасці

Не менш захапляльны і цікавы расповед Міколы Багадзяжа і  Ірыны Масляніцынай пра ўнікальную княгіню Настассю Слуцкую (канец XV — першая палова XVI стагоддзя), абаронцу горада ад крымскіх татар, жонку слуцкага князя Сямёна Алелькавіча. Паглыбляючыся ў гісторыю, аўтары распавядаюць пра перыпетыі эпахальных падзей, многіх іншых тагачасных дзеячаў. «Ажывае» пад вокладкай выдання і неадназначная постаць Міхала Глінскага, з аднаго боку героя Клецкай бітвы 1506 года, а з іншага, здрадніка, які сам двойчы спрабаваў узяць Слуцк, каб дабіцца рукі Настассі (пасля смерці яе мужа Сямёна), ды ўцёк да маскоўскага князя Васіля ІІІ. Не абмінула аўтарская ўвага і каханне Настассі і Сямёна Алелькавічаў, паказаўшы княгіню як узор вернасці сужэнцу, адданасці яго памяці.

У тэксце прыводзяцца вытрымкі з вершаў Мацея Стрыйкоўскага, батальнага эпасу, работы Мікалая Карамзіна, летапісаў.

Выданні серыі багата ілюстраваны мініяцюрамі з летапісаў, работамі мастакоў, выявамі са старадаўніх гравюр, здымкамі помнікаў, партрэтамі, картамі. Серыя адрасавана школьнікам сярэдняга і старэйшага ўзросту, але кнігі будуць цікавымі шырокаму колу аматараў гісторыі, культуры, ваеннай справы. І хоць навукова-папулярныя кнігі не могуць у поўнай меры замяніць падручнікі па гісторыі, іх можна рэкамендаваць у дапамогу настаўнікам школ і выкладчыкам каледжаў і ВНУ.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.