Вы тут

Жыццё без прыхарошвання на палотнах Мая Данцыга


Творчасць Мая Данцыга — яскравая з’ява ў гісторыі нацыянальнай культуры. Мастак гучна заявіў пра сябе яшчэ ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў, калі ў беларускае выяўленчае мастацтва прыйшло новае пакаленне, прадстаўнікам якога было ўласціва пачуццё асабістай рамантычнай датычнасці да ўсяго навакольнага свету. Гэта адбілася на цікавасці да паэзіі штодзённасці, выяўлення нацыянальных асаблівасцей сваёй культуры. Сёлета Маю Данцыгу споўнілася б 90 гадоў.


Фота з сайта kulturologia.ru.

Творчы выбар

Будучы народны мастак Беларусі нарадзіўся ў Мінску ў 1930 годзе. Яго бацька, выкладчык фізкультуры, сам трохі маляваў і калісьці наведваў мастацкую студыю вядомага беларускага жывапісца і педагога Янкеля Кругера (1869—1940). Бацька хацеў, каб сын выбраў творчую прафесію. Мала каму вядома, што Май Данцыг тры гады вучыўся ў мінскай музычнай школе і выступаў на вучнёўскіх канцэртах, выконваючы на «біс» творы для скрыпкі. Паваротным пунктам у жыцці Данцыга стала Вялікая Айчынная вайна. Бацьку ўдалося вывезці сям’ю з Мінска літаральна напярэдадні акупацыі горада немцамі. Па ўспамінах Мая Вольфавіча, гэта адбылося 27 чэрвеня 1941 года. Іх сям’я прыйшла на чыгуначную станцыю Мінск-Таварны, што знаходзіцца недалёка ад цяперашняга Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Цягнікоў не было. Раптам удалечыні паказаўся састаў. Каб яго затрымаць, людзі сталі класціся на рэйкі. Паравоз спыніўся, але вагоны былі перапоўнены параненымі салдатамі і эвакуіраванымі чыгуначнікамі. Нікога ў іх не пускалі. Тут пачуўся крык: «Данцыг!» Бацьку Мая Вольфавіча пазнаў яго вучань, які і дапамог сям’і ўціснуцца ў вагон, пасля чаго дзверы адразу ж зачынілі. Ехалі начамі, днём цягнік з-за налётаў фашысцкай авіяцыі прастойваў у лясах. Сям’я пасялілася ў Ульянаўску: маці працавала на швейнай фабрыцы, бацька служыў у міліцыі. Елі мала. На рынку будучы мастак браў у гандляроў жменьку семак — «на пробу», тым часцяком і харчаваўся. Данцыг добра памятаў свой першы заробак. Дырэктар ларка, дзе прадаваўся хлеб па картках, папрасіла хлопчыка зрабіць шыльду «Ларок №  3». Праца спадабалася, і жанчына дала цэлы бохан хлеба. Гэта, лічыў мастак, і быў яго першы ганарар. Потым маленькі Май зрабіў насценгазету, за якую пашылі сукенку для яго сястры. За працу над транспарантамі са святочнымі лозунгамі Данцыг атрымаў гарнітур. Калі вярнуўся ў Мінск, Май Вольфавіч вырашыў, што будзе мастаком: да скрыпкі вяртацца было позна: ён не браў яе ў рукі чатыры гады.

У 1947 годзе Мая Данцыга залічылі ў першы набор Мінскага мастацкага вучылішча. Скончыўшы яго, паступіў у Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. Тут перспектыўны студэнт атрымаў выдатную прафесійную падрыхтоўку ў дасведчаных педагогаў Ф. Рашэтнікава, М. Курылкі, П. Пакаржэўскага, В. Цыплакова. Дыпломная работа Мая Данцыга «Насустрач жыццю» атрымала адзнаку «выдатна» і мноства станоўчых водгукаў. У далейшым яна перайшла ў фонды Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Варта заўважыць, што прыкладна ў тыя ж гады ў Сурыкаўскім інстытуце вучыліся беларускія мастакі І. Стасевіч і М. Савіцкі, якія сталі, як і Май Данцыг, гонарам нашай нацыянальнай школы жывапісу.

Сваім беларускім настаўнікам Май Вольфавіч у першую чаргу лічыў народнага мастака Беларусі Віталя Цвірку, з якім яго звязвала шматгадовае сяброўства яшчэ з часоў мастацкага вучылішча. Ёсць нешта агульнае і ў творчай манеры гэтых майстроў: тая ж дынаміка дакладных мазкоў і тая ж пастознасць (няроўнае нанясенне на грунт густой пасты-фарбы, якое надае паверхні палатна рэльефнасць). Менавіта Цвірка пасля вяртання Данцыга з Масквы запрасіў яго на выкладчыцкую працу ў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут, рэктарам якога быў.

Навучанню студэнтаў выяўленчаму мастацтву Май Вольфавіч аддаў 53 гады. З 1958 па 1980 гады — старшы выкладчык, дацэнт, з 1980-га — прафесар. У 2001— 2011 загадваў кафедрай станковага жывапісу. Сваімі вучнямі Данцыг лічыў вядомых беларускіх мастакоў В. Сумарава, М.  Казакевіча, І. Грынберг, В. Ткачова, А. Вырву і многіх іншых.

Лёс мастака

Май Вольфавіч — мастак шырокага творчага дыяпазону. Працаваў практычна ва ўсіх жанрах. Станковы і  манументальны жывапіс, сюжэтна-тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт былі падуладныя таленавітаму жывапісцу. А тэматыка работ майстра, якая адлюстроўвае найважнейшыя падзеі гісторыі краіны, была па-маладому экспрэсіўная, эмацыянальная і жыццесцвярджальная. У жанравых і партрэтных работах майстра пераважаюць тэмы паўсядзённага жыцця, мірнага будаўніцтва, выявы рабочых, будаўнікоў, дзеячаў культуры і мастацтва.

Работам мастака ўласцівы маштабнасць пошуку, яснасць сюжэта, значнасць, непаўторны подых часу, высакароднасць. Яго творчасць адрознівае яркая індывідуальная манера, асноўнымі рысамі якой з’яўляюцца эпічныя, манументальна-абагульненыя трактоўкі форм, колеравых рашэнняў, глыбіня псіхалагічных характарыстык.

Палотны на ваенную тэматыку — арыгінальныя і нетрадыцыйныя, а яго чырвона-чорную палітру потым сталі называць данцыгаўскай.

— Мой «суровы стыль» быў апазіцыяй афіцыйнаму сацрэалізму, — расказваў Май Вольфавіч. — Я пазбягаў пісаць правадыроў, прапагандысцкія і палітычныя карціны і імкнуўся адлюстроўваць жыццё такім, якое яно ёсць, без прыхарошвання, лакіравання і так званага гламуру. Стараўся пісаць, кажучы словамі Маякоўскага, «важка, груба, бачна».

Май Вольфавіч адзначаў, што пры разглядзе яго мастацкай спадчыны зручней выбудоўваць сістэматызацыю не па этапах творчага шляху, а па тэматыцы твораў. Як лічыў мастак, з надыходам творчай сталасці яго мастацкая манера змянялася нязначна, і ўсё жыццё ён распрацоўваў упадабаныя тэмы: праца, партызанская барацьба, гарадскі пейзаж, партрэт сучасніка, побыт і прырода.

Увогуле, пачатак творчай біяграфіі Мая Вольфавіча звязаны з паездкай у 1960 годзе на Старобіншчыну (цяпер Салігорскі раён), дзе ў той час пачыналася распрацоўка аднаго з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калійнай і каменнай соляў, ішло будаўніцтва шахцёрскага горада Салігорска і калійнага камбіната. У  1961  годзе мастак ажыццявіў аналагічную творчую паездку ў шахцёрскі горад Рудны ў Казахстане. Паездкі былі цяжкімі, але затое з’яўляліся творы мастацтва, заснаваныя на непасрэдным назіранні і жывых зносінах з людзьмі.

Легендарныя творы

«І памятае выраватаны свет», 1985 г.

Вынікам паездкі Мая Вольфавіча на Старобіншчыну стала добра вядомая работа «Гудзіць зямля Салігорская!» (1960). Мастак убачыў прыгажосць у індустрыяльным пейзажы. Карціна мае строга вывераную архітэктоніку. Больш за палову палатна знізу займае напісаная энергічнымі мазкамі сырая дарога, па якой праехаў грузавік. Сэнсавы цэнтр палатна — тры шахцёры, якія па-гаспадарску ўпэўнена крочаць у бок гледача. На другім плане ўзвышаюцца тры копры, якія адлюстроўваюць маштабы будаўніцтва. Паказана салігорская зямля, якая мільёны гадоў захоўвала свае багацці, а цяпер адкрывае іх людзям. У 1960 годзе здабыча калійных соляў, якая мае велізарнае значэнне для эканомікі, толькітолькі разгортвалася. Мастак здолеў адлюстраваць той час у высокамастацкім творы.

У 1960-я гады Май Данцыг стварыў шэраг твораў на тэмы працы і побыту: «У завадской сталовай», «Сталявар», «Доменная печ», «Аператар», трыпціх «На варце міру» і інш. Усе гэтыя работы — пераканаўчыя і праўдзівыя апавяданні пра эпоху і яе людзей. У іх адбілася шчырасць аўтара, увага да чалавечых лёсаў, а таксама характэрная для таго часу накіраванасць у будучыню.

У 1962 годзе Май Вольфавіч напісаў карціну «Навасёлы», у якой распаўсюджаная жанравая тэма адлюстравана незвычайна. У новай, яшчэ пустой кватэры, наўпрост на падлозе сядзіць маладая пара, якая, здаецца, паглыбілася ў разважанні аб будучыні. У гэтай карціне роля прасторы пакоя такая ж выразная, як і  прысутнасць галоўных герояў. Нічым не застаўленае памяшканне выклікае асацыяцыі з марай, якая ўжо пачала ажыццяўляцца. Карціна з такім сюжэтам невыпадкова з’явілася падчас паскоранай урбанізацыі і, адпаведна, росту жыллёвага будаўніцтва ў краіне.

Карціну «Беларусь — маці партызанская» заўважылі адразу. Яна і прынесла Маю Данцыгу ўсесаюзную вядомасць: увайшла ў падручнікі па гісторыі савецкага мастацтва як класічны твор жывапісу пра Вялікую Айчынную вайну. На вялікай карціне памерам 5 на 3 метры адлюстравана трагедыя, якая спасцігла краіну, і адначасова партызанскія будні. Аўтарам дакладна знойдзены вобраз беларускага народа. На пярэднім плане — рэшткі вясковай печы — усё, што засталося ад спаленага карнікамі сялянскага дома. Побач стаяць у глыбокім смутку жыхары вёскі — старыя, жанчыны з немаўлятамі на руках, дзеці, падлеткі. У наступнае імгненне яны разам з маладымі партызанамі рушаць у лясны лагер. Глядач бачыць прыкрыты покрывам, як вялікая каштоўнасць, кулямёт, якім будзе папоўнены арсенал партызанскай зброі.

Ідэя «Партызанскай балады», па словах Данцыга, нарадзілася пад уплывам карціны Рубенса «Бацькалюбства рымлянкі», якая захоўваецца ў Эрмітажы. У аснове гэтага твора — класічны сюжэт, выкладзены ў  сачыненні рымскага пісьменніка Валерыя Максіма «Аб павазе да бацькоў».

— Гэта ж родная зямля бароніць сваіх сыноў-партызан і ў цяжкую хвіліну корміць іх матчыным малаком, — тлумачыў мастак алегорыю ў сваёй карціне. — Я доўгі час трымаў «Баладу» ў майстэрні. Карціну ўпершыню паказалі ў Маскве, у Цэнтральным доме мастака, на маёй персанальнай выстаўцы. І толькі пасля трыумфу ва ўсесаюзнай сталіцы карціну ўбачылі і мінскія гледачы... Гэта было свята.

Нацюрморт

Новае гучанне набыў у Мая Данцыга і такі традыцыйны жанр жывапісу, як нацюрморт. Майстар не імкнуўся адлюстроўваць неадушаўлёныя прадметы дзеля іх эстэтычнай прыгажосці ці адметнасці. Мастак абраў такое рашэнне нацюрморта, пры якім рэчы служаць выяўленню сімвалічнага сэнсу і свет неадушаўлёных прадметаў характарызуе змест і лад жыцця іх уладальніка. Герой нацюрмортаў Данцыга — чалавек, неадрыўны ад сваёй гісторыі. Менавіта ў гэтым ключы была створана адна з самых знакамітых яго работ — «Нацюрморт пра Вялікую Айчынную». Усе дэталі карціны: пішучая машынка з чыстым аркушам паперы, ручны гадзіннік, гільза ад снарада з засохлай галінкай чырвонай рабіны, поўная недакуркаў попельніца, змятыя аркушы паперы, акно з відам на зімовы гарадскі пейзаж і іншае — кажуць пра перажыванні чалавека, яго абавязак распавесці сучаснікам пра мінулае, адказнасць перад нашчадкамі.

Мінск

Найважнейшае месца ў творчасці М. Данцыга займаў гарадскі пейзаж, натурай для якога служылі найбольш цікавыя, значныя і маляўнічыя месцы беларускай сталіцы. Таму заканамерна, што яго называлі партрэтыстам Мінска. Усё сваё жыццё мастак пісаў гарадскія пейзажы.

— Я нарадзіўся ў Мінску, — расказваў Май Вольфавіч,  — і з дзяцінства люблю яго непаўторнае і бурлівае жыццё. Тут пачынаўся мой шлях у мастацтва. Штодзённае жыццё майго роднага дома прыцягвае сваёй незвычайнай прыгажосцю. Тут з асаблівай вастрынёй адчуваеш кіпенне жыцця краіны.

Мастак знаходзіў прыгажосць, здавалася б, у самым простым і звыклым — звычайных новабудоўлях, сучасных вуліцах, балконах... Усё гэта паўстае на карцінах Данцыга ў вывераных, часам вострых і строгіх формах. Свет, намаляваны майстрам, бачыцца нам разумным і  трывалым. У аснове гарадскіх пейзажаў Данцыга, як і ў іншых яго карцінах, — мужны і аптымістычны светапогляд. Менавіта ў гэтым ключы створана і самая, мабыць, вядомая карціна мастака «Мой Мінск» (1967).

Мая Вольфавіча больш няма з намі, але ж засталася яго спадчына і яго вучні, якія да сённяшняга дня карыстаюцца ўсімі легендарнымі мастацкімі адкрыццямі знакамітага майстра «суровага стылю».

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?