Вы тут

Крок да «Еўразіі.DOC». Што чакаць ад конкурсных работ пятага фестывалю дакументальнага кіно?


Час, не ўспрыняты сэрцам, прападае, казаў Міхаэль Эндэ. Думаецца, сэрцам часу можа стаць дакументалістыка… Цвяроза, скрупулёзна фіксуе факты, збіраючы дэталі. З-пад яе прыцэлу не выслізне ніводзін важны момант. І хроніка паўстае ў аналізе, узважаным пункце погляду майстра, які ведае цану часу. У фокусе дакументалістыкі — рэальныя падзеі, першасная задача — агаляць праўду. Творцы-дакументалісты — апантаныя шукальнікі ісціны. Гэта дэманструе фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC». Нават у наш складаны час энтузіясты фестывалю не забываюць пра свае ідэі і шукаюць магчымасці падзяліцца імі. Відэаканферэнцыя — фармат новы толькі на першы погляд — па сутнасці, з’ява ўжо звыклая: калі сёння многія адзначаюць віртуальна дні нараджэння, то што казаць пра дзелавыя кантакты… Стасункі праз Zoom — звычайная справа.


Дваццаць чалавек у падключэнні (чуваць добра, мінуючы шумы), і вось набірае хаду размова аднадумцаў і іх ужо не стрымаць. У віртуальным эфіры Нацыянальнага прэс-цэнтра пачынае валадарыць адмысловая атмасфера фестывалю «Еўразія.DOC», анансуючы старт прыёму работ.

Правядзенне пятага фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія. DOC» прызначана на 28 верасня — 2 кастрычніка 2020 года ў Мінску і Смаленску. Галоўны партнёр — Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва краін — удзельніц СНД (МФГС). Заснавальнікі — Міжнародны медыяклуб «Фармат А-3» і прадзюсарскі цэнтр «Студыя Трэці Рым».

— Пяць гадоў таму мы адкрывалі фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC» і вось дайшлі да такога важнага рубяжа, — адзначыў падчас відэаканферэнцыі Валерый Шахаўцоў, арт-дырэктар фестывалю «Еўразія.DOC», дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Студыя Трэці Рым». — Наша прэс-канферэнцыя прысвечана пачатку прыёму работ на фестываль — ужо можна дасылаць заяўкі. У гэты складаны час галоўнае — што мы выбудавалі кола зносін. Сярод партнёраў  — МІА «Россия сегодня», «Аргументы и   факты», Белтэлерадыёкампанія, SPUTNIK Беларусь, «Комсомольская правда». Нас вельмі падтрымлівае тэлеканал «Мир», тэлеканал «БелРос». Адной з мэт было — сабраць людзей, каб яны атрымалі пляцоўку для зносін, для сумесных праектаў. І гэта атрымалася, нягледзячы на дыстанцыйнасць.

Фестываль «Еўразія.DOC» аб’ядноўвае ўдзельнікаў не толькі краін СНД і постсавецкай прасторы. Міжнародны падмурак мацаваўся з самага пачатку: прымаліся работы з розных краін — ЗША, Італіі, Германіі і інш. Высокі статус арганізатары плануюць падтрымліваць.

Што рабіць, калі ёсць задума зняць стужку, але не хапае сродкаў? Скарыстацца магчымасцю атрымаць грант! Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС) — найбуйнейшае аб’яднанне вытворцаў тэлевізійнага кантэнту ў Еўропе — прадастаўляе грантавыя ўмовы падтрымкі для тых, хто хоча зняць адмысловы дакументальны метр. Галоўная ўмова — заяўкі на грант прымаюцца праз членаў ЕВС (у Беларусі гэта Белтэлерадыёкампанія). Калі, напрыклад, у кагосьці ёсць ідэя, сцэнарый, можна праз Белтэлерадыёкампанію адправіць заяўку і паспець атрымаць грант (зараз ЕВС прымае заяўкі). Такім чынам, ход дзеянняў такі: падаць заяўку на грант — выйграць яго — зняць дакументальны метр  — трапіць у лік фіналістаў фестывалю «Еўразія. DOC» і атрымаць магчымасць ад Еўрапейскага вяшчальнага саюза паказаць сваю стужку праз рэсурсы ЕВС на агромністай прасторы Еўропы і Еўразіі. Таму не згубіце шансу!

Старшыня журы Віталь Траццякоў, дэкан Вышэйшай школы тэлебачання Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, параіў узяць пад увагу, што энная колькасць фестываляў аналагічнага фармату, перанесеных з вясны на восень, складзе дадатковую канкурэнцыю. Фестывальнай актыўнасці восенню будзе нашмат больш, чым звычайна, таму трэба трымаць планку: «Фестываль буйнее, разрастаецца, становіцца больш цікавым. Але ў журы ўсё тая ж задача — з аднаго боку, максімальна аб’ектыўна, непрадузята ацаніць работы, прадстаўленыя на фестываль па розных намінацыях; з іншага боку, у пазафестывальным спаборніцтве старацца выйграваць, падымацца ў рэйтынгу фестываляў аналагічнага фармату.

У гэтым годзе Віталь Траццякоў плануе прывезці два прызы — прыз Вышэйшай школы тэлебачання і прыз старшыні журы. Такім чынам, прызавы фонд павялічыцца. Кожны фестываль думае пра будучыню, таму, перакананы Траццякоў, важна прыцягваць моладзь. Вось чаму пільная ўвага да работ маладых, у прыватнасці ў 4-хвіліннай намінацыі.

— Маладзёжны конкурс «Еўразія.DOC. 4 хвіліны» на адзін год маладзейшы за асноўны фестываль, — заўважыў Андрэй Крывашэеў, старшыня Беларускага саюза журналістаў, выканаўчы дырэктар фестывалю «Еўразія.DOC». — Але ў яго не менш яркая гісторыя. Хтосьці толькі прыходзіць у прафесію, і мы даём шанс адкрыць сябе ў дакументалістыцы. Гэтымі днямі праходзіць конкурс «Залатое пяро», дзе мы ў тым ліку глядзім і дакументальныя блогерскія работы маладых аўтараў. Выберам найлепшыя і дадзім ім пуцёўку на вялікі фестываль дакументальнага кіно.

Мінулым разам маладых дакументалістаў згадзіўся падтрымаць Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Дзмітрый Мезенцаў. Гэтая падтрымка, хочацца спадзявацца, будзе рэалізавана ў форме спецыяльных прызоў. Падключаюцца і іншыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы: Пасольства Турэцкай Рэспублікі ў Беларусі таксама выказала намер і гатоўнасць падтрымаць маладых дакументалістаў.

— Чалавек мае патрэбу ў нейкім эмацыянальным падагульненні, — мяркуе Генадзь Давыдзька, Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных зносінах і СМІ, пастаянны партнёр фестывалю. — Рэжысёрдакументаліст бярэ факты, аналітыку, прапускае праз сябе і выдае лагічны твор у згустку, напрыклад, у 4 хвіліны. А ведаеце, фільм на 10 хвілін зрабіць прасцей, чым на 4. Сёння дакументальнае кіно нашмат цікавейшае, чым мастацкае, бо трымаецца на дакументах. А час — вялікі драматург — такі сюжэт піша!.. Мы з’яўляемся сведкамі такіх глабальных падзей, пра якія будуць гаварыць шмат тысячагоддзяў існавання чалавецтва. І таму асэнсаванне мастацкае на дакументальнай аснове — надзвычай важна і цікава.

— Фестываль будзе пятым па ліку, і трэці раз пачэснае права правесці яго дадзена Міжнароднаму медыяклубу «Фармат А-3», — адзначыла кіраўнік медыяклуба «Фармат А-3», уладальнік прэміі «Залатое пяро Расіі» (2017) Галіна Сапожнікава. — У Рэспубліцы Беларусь мы ўжо некалькі гадоў праводзім штомесячныя цікавыя лекцыі і школу журналістыкі «Майстэрня BY-RU», якая ўжо рыхтуецца да трэцяга выпуску. Рада, што права правесці кінафестываль было даручана медыяфонду, які складаюць прафесіяналы журналістыкі, а не якому-небудзь івент-агенцтву. Нам удалося злучыць кінематаграфічны дух з духам сапраўднага рэпарцёрства. Летась на прэс-канферэнцыі мы гаварылі пра тое, што ў нас будзе новага: кожны фільм, прадстаўлены на конкурс, займее свайго «важатага» — прафесійнага журналіста, які прадставіць фільм і арганізуе дыскусію. У гэтым годзе мы таксама шмат чаго прыдумалі цікавага. Напрыклад, адным з мадэратараў пагадзіўся быць доктар Сасноўскі.

— Пяць гадоў фестывалю паказалі, як стаўленне да дакументалістыкі (дакументальнай рэчаіснасці) мянялася за гэты час, — выказаўся Уладзімір Мамантаў, генеральны дырэктар радыёстанцыі «Говорит Москва», член журы, адзін з лідараў руху «Еўразія.DOC». — І дакументальны фільм у класічным разуменні перастаў мець месца, бо змянілася жыццё, а разам — і інтэрнэт, тэлебачанне. І на фестывалі адзначаліся тыя фільмы, якія і па змесце, і па форме гналіся за часам, схоплівалі саму сутнасць часу. У адных — прафесійны, выбудаваны відэарад, у  іншых — скачкападобныя кадры з чалавекам, які бяжыць па полі бою і не выпускае з рук камеры… Пагоня за часам — вельмі добрая рыса фестывалю.

З кожным новым фестывалем дадаецца кантактаў і на Фэйсбуку, і ў рэальным жыцці, што надзвычай важна, заўважыў Уладзімір Мамантаў: «Але як ні выйграюць нашы зумы, скайпы, усё ж чалавечыя зносіны, дэфіцыт якіх сёння мы адчуваем, не адменіш. Кантакты, разуменне таго, хто твой суразмоўца, які стварыў фільм, каторы табе спадабаўся, што ў яго ў галаве, як ён рэагуе на падзеі жыцця, — гэта надзвычай важна».

— Толькі чалавек, які змог дыхаць без апарата штучнага дыхання, штучнай вентыляцыі лёгкіх, толькі чалавек, які нядаўна зрабіў першыя крокі пасля цяжкай хваробы, ведае цану першаму кроку, першаму ўздыху, — так і наша супольнасць, толькі сабраўшыся на фестывалі ўжывую, зможа абняцца — цяпер гэта становіцца найвышэйшай каштоўнасцю,  — лічыць Генадзь Давыдзька. — Гэта магчымасць зразумець, што такое звычайныя чалавечыя зносіны, а калі яшчэ паміж аднадумцамі, творцамі... Паўсюль клічнікі трэба ставіць: «Сабраліся!!!», «Фестываль!!!», «Свята!!!». Асабліва ў гэты экзістэнцыяльны крызіс, які агаляе нашы сапраўдныя жаданні, цягу да адказу на пытанне: «А ці так жывём?» Цяперашні агульнасусветны фон надае вялізнае значэнне кожнай прадстаўленай карціне, кожнай думцы, якая прагучыць у дакументальным кіно «Еўразія.DOC».

Год ад году фестываль пашырае свае межы: і мастацкія, і прасторавыя. Таму сёлета з нецярпеннем чакаюць цікавыя работы маладых, асэнсавання праблем. Член журы Асія Байгожына, дэкан факультэта кіно і ТБ Казахскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў імя Жургенава, прадстаўляе азіяцкую частку фестывалю. На Усходзе ёсць свой цэнтральнаазіяцкі форум ігравога кіно. У рамках яго хацелі зрабіць асобную праграму, прысвечаную «Еўразіі. DOC», адзначае Асія Байгожына, але сітуацыя з каранавірусам унесла карэктывы: «На каранціне, у ізаляцыі асабліва востра разумеем, як важна камунікацыя. Фестываль набывае моц, бо фіксуе час, вобраз часу, прастору з мастацкай выразнасцю. У  нас ёсць тры ВНУ, дзе рыхтуюць дакументалістаў. У многіх з іх ужо гатовы работы для конкурсу 4 хвілін. Хочацца бачыць фільмы дыскусійнага характару. Фестываль добры тым, што сцірае граніцы, мацуе сувязь пакаленняў. Спадзяюся на новыя фарматы, якія надзвычай неабходны сёння, калі мы ўсе герметычныя, знаходзімся ў замкнёнай прасторы. А “Еўразія.DOC” размыкае, аб’ядноўвае».

Дакументалістаў не так шмат, затое якая вялікая карысць — фіксаваць паток часу. Дакументальное кіно сёння вельмі падобна на СМІ (карыстаецца дакументам, фактам), лічыць Генадзь Давыдзька: «Але важна эмацыянальнае гучанне, пункт погляду рэжысёра, эмацыянальнае “апыленне” факта, падзеі. Зыходзячы з рэалій сучаснасці, мне здаецца, што якасць работ узрасце, яны стануць больш удумлівымі. Цяпер творца ставіць іншыя планкі, ацэнкі, бо мы сутыкнуліся з канчатковасцю ў свеце бясконцасці». Яшчэ Іван Бунін казаў, што жыццё чалавека выяўляецца ў адносінах канчатковага да бясконцага.

— Еўразія — шырокае поле, якое ахоплівае розныя краіны, — канстатаваў Вадзім Гігін, гісторык, журналіст, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. — Мы глядзім на фестываль не толькі як на пляцоўку, дзе можна пабачыць новыя фільмы (дэманструюцца ў кінатэатры «Беларусь»), але і як на магчымасць вучобы (для журналістаў). Гэта зручны момант пазнаёміцца з мэтрамі сваёй справы, якія прыязджаюць не толькі з Расіі, але і ЗША, Германіі, Францыі… Пазнаёміцца з актуальнай кінапубліцыстыкай. Сёлетні фестываль «Еўразія.DOC» будзе сведчыць пераход ад зносін анлайн да зносін ужывую.

Галоўнай тэмай пятага фестывалю «Еўразія.DOC» будзе 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёння ёсць спробы пераацэнкі каштоўнасцей, скажэння гістарычнага значэння тых падзей.

 — Трэба залатымі цвікамі нашай памяці прыбіваць канкрэтныя падзеі і ўвекавечваць іх у тым выглядзе, у якім яны ёсць. Ёсць факты! — перакананы Генадзь Давыдзька. — Можна нават на заканадаўчым узроўні прымаць дастаткова жорсткія меры для тых, хто намагаецца сказіць такія кананізаваныя ісціны, як перамога над фашызмам. Слова «перамога» набывае глабальнае значэнне. І зноў нам неабходны мужнасць, спагада, і таму месца мастакоў — на нашым фестывалі.

Такім чынам, фестываль «Еўразія.DOC» пачынае адбор работ і чакае новых адкрыццяў. Заяўкі прымаюцца ў Дырэкцыю фестывалю да 31 ліпеня 2020 года. Заяўка павінна ўключаць: аўтарскую анатацыю фільма, звесткі пра стваральнікаў, фота, кадры з фільма, фільм у фармаце mp4.

Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?