24 верасня, чацвер

Вы тут

Лукашэнка: Святкаванне 75-годдзя Перамогі стане выдатнай старонкай у гісторыі Беларусі


Мерапрыемства прайшло ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх святых у рамках акцыі «У славу агульнай Перамогі».


Сем капсул з зямлёй з месцаў воінскай славы абласных цэнтраў Беларусі, Мінскай вобласці і Мінска прыбылі на борце верталёта МІ-2 з сімволікай акцыі. Пілот верталёта — лётчык-выпрабавальнік Мікалай Мачанскі, пасажыры — два актывісты БРСМ.

Капсулы знаходзяцца ў стылізаванай пад скрыні для боепрыпасаў ваенных гадоў драўлянай скрыні.

У крыпце (ніжняй алтарнай частцы храма) знаходзіцца зямля з палёў усіх вялікіх гістарычных бітваў у абарону Айчыны. У 2010 годзе ў нішах бакавой сцяны крыпты захаваны астанкі трох невядомых салдат (вайны 1812 года, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў), знойдзеных спецпадраздзяленнем Міністэрства абароны Беларусі падчас пошукавых экспедыцый. У памяць аб усіх загінулых запалена негасімая лампада.

Фота БЕЛТА.

Да цэнтральнай нішы ўскладзены кошык кветак ад кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт у суправаджэнні настаяцеля прыходу храма протаіерэя Фёдара Поўнага зацепліў свечку памяці аб загінулых воінах.

Мерапрыемства з'яўляецца кульмінацыяй патрыятычнага праекта «У славу агульнай Перамогі!», пачатак якога Прэзідэнт абвясціў 9 мая 2019 года на плошчы Перамогі ў Мінску. На працягу года ва ўсіх рэгіёнах Беларусі праводзіліся акцыі па закладцы ў капсулы зямлі з месцаў вайсковай славы. Яны праходзілі ва ўрачыстай абстаноўцы і з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, святароў, навучэнцаў, вайскоўцаў. Да правядзення акцыі далучыліся і замежныя дзяржавы. У нішы крыпты храма ўстаноўлены капсулы з зямлёй з гарадоў-герояў Валгаграда, Керчы, Кіева, Масквы, Адэсы, Севастопаля, Смаленска, а таксама з дзяржаў, якія змагаліся з фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пасля цырымоніі Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з удзельнікамі акцыі «У славу агульнай Перамогі!».


«Мы зробім усё, каб жылі ветэраны»

«Велізарны дзякуй усім вам за тое падзвіжніцтва, якое вы здзейснілі напярэдадні гэтага вялікага свята. Жадаю моцнага здароўя, мужнасці, не падайце духам — у нас абавязкова ўсё будзе добра», — звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў ідэю Фёдара Поўнага, які прапанаваў гэтую акцыю. Настаяцель у сваю чаргу падзякаваў за падтрымку акцыі «У славу агульнай Перамогі!»

«Прайшоў роўна год. Зямля з усіх воінскіх пахаванняў і месцаў баявой славы беларусаў сабрана ў 126 капсулах. Яшчэ адзінаццаць гарадоў-герояў і больш за дзесяць замежных краін далучыліся да гэтага праекта. І ён зараз не мае тых межаў, якія існуюць на карце», — сказаў протаіерэй.

Сённяшнюю ўрачыстасць Прэзідэнт назваў сямейнай, бо «ля сцен храма, які беларусы пабудавалі самастойна, ніякая пампезнасць недарэчная».

«Будзем рыхтавацца да заўтрашняга нашага цэнтральнага мерапрыемства (часы, бачыце, як мяняюцца), якое неадназначна ўспрымаецца наўкол. Мы сапраўды вымушаны стаяць, як Брэсцкая крэпасць. Яшчэ раз падкрэсліваю — вялікае бачыцца на адлегласці. Пройдзе час, людзі і, перш за ўсё, вы, моладзь, ацэніце гэтыя дні. Я сёння ўпэўнены абсалютна, што гэта будзе цудоўная старонка ў гісторыі нашай краіны. Цудоўная таму, што вы з вамі выстаялі — як яны (ветэраны — „Зв.“) калісьці».

Салдаты Перамогі ахвяравалі свае жыцці ў імя таго, каб мы сёння жылі і хоць бы аднойчы за год з годнасцю і гонарам згадвалі герояў, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

«Мы зробім усё, каб вы жылі. Абавязкова жылі, таму што пакуль жывяце вы, жыве гэта памяць. Вы — рэальныя сведкі таго часу, і вы сёння прадстаўляеце нашых салдатаў, афіцэраў, генералаў, якія пасля вайны ў найцяжэйшых умовах здолелі адстаяць мір і абараніць, аднавіць нашу рэспубліку. Велізарны вам дзякуй», — звярнуўся да ветэранаў вайны і Узброеных сіл Прэзідэнт.


Прэзідэнт аб каранавірусе: Мы выбралі свой шлях. І я перакананы сёння, што мы зрабілі правільна

Кіраўнік дзяржавы адказаў на публікацыі ў інтэрнэце, што на парад нібыта збіраюцца запрасіць тых, хто перахварэў на каранавірус. «Я сваё меркаванне ўжо выказаў: мы ніколі на такія мерапрыемствы не цягнулі людзей. Гэта, калі хочаце, маё крэда, маё патрабаванне», — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што «людзі на парад прыйдуць, і не трэба нікога прымушаць». «Але, калі шчыра, я з задавальненнем убачыў бы на гэтым парадзе тых, хто перамог гэтымі днямі. Не хваробу. Слухайце, хвароба — гэта самае простае, што можна зараз перамагчы. Тое, што ў галаву ўбілі нядобрасумленныя палітыкі і іншыя. Сапраўдны псіхоз. Людзі проста сталі баяцца. І нам дорага каштавала супакоіць людзей. І я пахваліў іх зусім нядаўна — і нашых старых, і моладзь — увесь наш народ. Мы распавялі сумленна і адкрыта людзям, як трэба сябе паводзіць, а ўсё астатняе — у руках людзей», — заявіў Лукашэнка.

Напярэдадні Прэзідэнту далажылі, што ўрачы і медыцынскі персанал, якія паправіліся пасля каранавіруса, просяцца на парад. "Месца на трыбуне для іх заўсёды знойдзецца«,— паабяцаў Прэзідэнт. Бачыць і запрашаць такіх пераможцаў — годна ўлады, мяркуе ён.

Ён нагадаў, што напачатку ўздыму захваральнасці людзям шчыра і адкрыта расказалі, як трэба сябе паводзіць. «Мы выбралі свой шлях. І я перакананы сёння, што мы зрабілі правільна. Мы не ўвялі надзвычайнае становішча», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. І такі падыход (без увядзення надзвычайнага становішча, каранціна, без спынення эканомікі) ужо дае плён, упэўнены ён.

У прыватнасці, ранкам Прэзідэнту далажылі, што Віцебская вобласць ужо «зачышчае бальніцы, якія былі зарэзерваваныя для хворых». Вобласць «прыходзіць да нармальнага жыцця», праінфармаваў Лукашэнка.

Акрамя таго, Прэзідэнт ўпэўнены ў правільнасці выбранага шляху і для пераадолення другой хвалі захваральнасці ўвосень, аб якой ужо непакояцца многія краіны.

«Усё больш і больш людзей, нягледзячы на гэты вірус, вяртаюцца да нармальнага жыцця. Толькі што я размаўляў з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Шарыфавічам Рахмонам, з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірамонавічам Мірзіёевым. Яны ўсе перадавалі нашаму народу самыя цёплыя пажаданні, віншаванні. Мне прыемна было пачуць, што яны выкарыстоўваюць менавіта наш досвед, таму што пазней увайшлі ў гэту заразу за нас», — падзяліўся беларускі лідар.


Сістэму аховы здароўя чакаюць удасканаленні

Прэзідэнт падкрэсліў: поспехі айчыннай медыцыны — гэта вынік таго, што ў Беларусі заўсёды глядзелі за аховай здароўя, не аддалі сістэму «ў прыватныя рукі». І хоць, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, небагатай Беларусі гэта дорага абыходзілася, выдаткі вернуцца ў сто разоў.

«Канешне, ёсць вельмі шмат пытанняў, шмат недахопаў. Мы фіксуем гэтыя ўсе пытанні-недахопы, і пасля заканчэння гэтай эпапеі, істэрыі, віруснай гэтай хваробы мы прымем адпаведныя рашэнні, якія значна ўзмацняць нашу ахову здароўя. Мы бачым, што яшчэ трэба зрабіць. Але пакуль, дзякуй богу, мы трымаемся», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён станоўча адзначыў, што ўпершыню па расійскім тэлебачанні ад мэра Масквы Сяргея Сабяніна пачуў «цвярозую заяву» аб папроках за шматлікія выяўленні выпадкаў віруса.

«Кажа: а за што вы нас папракаеце, масквічоў, што ў нас шмат выяўляецца гэтага віруса. Дык правільна, за гэта трэба ўхваляць расіян, масквічоў і іншыя краіны, якія шмат праводзяць тэстаў. Чым больш тэстаў — тым больш выяўляецца каранавірус. Але не гэта сёння галоўнае. Галоўнае, на што я арыентую ўсю краіну і ўрачоў, — смяротнасць. Мы мусім выратаваць усіх. Слухайце, праз месяц усе забудуцца, колькі мы выяўлялі. Усе будуць памятаць, колькі загінула людзей», — абазначыў прыярытэты Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі адзначаецца самая нізкая смяротнасць пры такім узроўні тэсціравання. Але Прэзідэнта здзіўляе, што Беларусь і Расію крытыкуюць за тое, што шмат выяўляецца выпадкаў заражэння, а Украіну за тое, што мала.

Яшчэ адзін важны паказчык — цяжкахворыя і пацыенты, якім патрабуецца штучная вентыляцыя лёгкіх. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з 2,5 тысячы апаратаў ШВЛ занятыя толькі дзесяць працэнтаў. Гэтак жа важна, колькі пацыентаў паступіла, а колькі выпісалася з бальніцы.

«Зноў прывяду прыклад мэра Масквы Сяргея Сабяніна, ён учора канстатаваў, упершыню ў Маскве выпісаных было больш, чым паступіла. Гэта добры сігнал, галоўнае — гэты ўзровень утрымаць. Тады і на ВДНГ, і на спартыўных аб’ектах, дзе ствараюць рэзервовыя месцы, яны не спатрэбяцца. Калі мы і далей будзем ісці гэтым (выбраным у Беларусі. — „Зв.“) шляхам, мы абавязкова праз месяц забудзем пра каранавірус. Таму беражыце сябе, сваіх родных, блізкіх. Сцеражонага Бог сцеражэ», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.


Ваеннаслужачыя жадаюць быць гледачамі на Парадзе

Афіцэры павіншавалі Аляксандра Лукашэнку са святам і нагадалі, што ў галоўным мерапрыемстве — Парадзе Перамогі — ваеннаслужачыя заўсёды ўдзельнічаюць, але ніколі не бываюць гледачамі.

«Гэта вельмі цікавая думка, што ваеннаслужачыя заўсёды былі галоўнымі дзеючымі асобамі, і мы неяк забываліся, што там тысячы людзей застаюцца па-за парадам, ля тэлевізара. Радавых, сержантаў, малодшых афіцэраў ніколі не было на трыбунах. Мы пастараемся выправіць гэтую сітуацыю», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы.


Ветэраны ўдзячныя за шанаванне памяці аб героях

Ад імя ветэранаў да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага са словамі ўдзячнасці звярнуўся Віктар Костка.

— Я пражыў тры гады на акупаванай тэрыторыі на Магілёўшчыне і бачыў усё, усе жахі, усе страхі, якія наводзілі фашысты супраць мірнага насельніцтва...

— Было страшней, чым зараз? — запытаўся Аляксандр Лукашэнка.

— Безумоўна...

Ветэран падзякаваў Прэзідэнту за захаванне памяці аб подзвігах беларускага народа, пажадаў моцнага здароўя.

«Дзякуй, бацька», — адказаў кіраўнік дзяржавы.

Пасол Расіі Дзмітрый Мезенцаў па даручэнні ўдзельнікаў праекту уручыў Прэзідэнту Беларусі першы экземпляр кнігі «Рарытэты ваенна-гістарычных музеяў Беларусі і Расіі». У кнізе сабраныя фатаграфіі і тэксты аб рарытэтах шасці музеяў, пяцьдзясят старонак прысвечаныя Беларусі, пяцьдзясят — Расіі. Па словах пасла, памяць аднолькава шануецца ў абедзвюх краінах.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.