Вы тут

Загінуў на Мцэнскім плацдарме. Як бабуля знайшла свайго бацьку


Дзяцінства маёй бабулі пачалося ў Сталінградзе — яшчэ да вайны яе бацькі Лідзія і Мікалай Рамановічы працавалі там на трактарным заводзе, хоць і былі родам з Уздзенскага раёна. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям'я жыла ўжо ў Арлоўскай вобласці — маёй бабулі толькі споўнілася чатыры гады, яе сястры Тамары было дзевяць, а брату Віталю — два.


Мікалай РАМАНОВІЧ. Загінуў у 1943 годзе ў Мцэнскім раёне Арлоўскай вобласці.

У 1941 годзе прадзед працаваў галоўным механікам на машынна-трактарнай станцыі (МТС). З-за хуткага наступу немцаў усю тэхніку пачалі адпраўляць у эвакуацыю. Таму прадзед атрымаў бронь і разам са сваёй сям'ёй і трактарамі адправіўся на ўсход. Дайшлі яны толькі да станцыі Дворык Валоўскага раёна, што ў Тульскай вобласці. Там ім далі прытулак мясцовыя жыхары. Але прадзед Мікалай пакінуў трактары на мясцовай МТС і вярнуўся ў раённы ваенкамат ў Валова, нягледзячы на тое што ў яго была бронь.

Дарэчы, гэта было ўсё, што ведала мая бабуля пра свайго бацьку, — яны не атрымалі ні аднаго ліста з фронту, і толькі ў 80-я гады яе сястра Тамара, якая так і засталася жыць у Тульскай вобласці, знайшла яго магілу. Як высветлілася, ён загінуў 13 лютага 1943 года, а пахавалі яго ў брацкай магіле каля вёскі Калінеева Мцэнскага раёна Арлоўскай вобласці.

На гэтым гісторыя магла і скончыцца, але некалькі гадоў таму я наткнулася на абагульнены банк даных «Мемарыял», дзе збіраюць інфармацыю пра абаронцаў Айчыны, якія загінулі ці прапалі без вестак у час вайны і пасляваенны перыяд. Менавіта адтуль мы даведаліся, што мой прадзед Мікалай служыў у 858-м стралковым палку. Астатнюю ж інфармацыю мы знайшлі ў электронных архівах, СМІ Мцэнскага раёна і кнігах «Памяць».

Павел ВАЎЧЭЦКІ. Прапаў без вестак у сакавіку 1944 года.

Як высветлілася, 858-ы стралковы полк уваходзіў у склад 283-й стралковай Гомельскай чырванасцяжнай ордэна Суворава ІІ ступені дывізіі, якую фарміравалі ў Арлоўскай ваеннай акруге каля горада Шчыгры Курскай вобласці. У верасні 1941 года склад дывізіі прыбыў на станцыю Клюкоўнікі Наўлінскага раёна Бранскай вобласці, дзе тая ўлілася ў дзеючую армію ў складзе Бранскага фронту. У верасні, калі ішлі баі з немцамі за Грамячку, гэтая дывізія страціла шмат людзей. А ў час Арлоўска-Бранскай аперацыі (з 30 верасня да 23 кастрычніка) трапіла ў акружэнне, але яго ўдалося прарваць і разграміць штаб нямецкай механізаванай дывізіі. Наогул гэтая аперацыя дазволіла савецкім войскам спыніць буйныя сілы праціўніка і сарваць іх планы абходу войскаў Заходняга фронту і Масквы з поўдня.

Пасля Арлоўска-Бранскай аперацыі да канца кастрычніка 283-я дывізія прыкрывала курскі напрамак, а потым яе перакінулі ў раён горада Яфрэмаў Тульскай вобласці, дзе дывізія ўвайшла ўжо ў склад 3-й арміі Бранскага фронту. У лістападзе там былі асабліва бязлітасныя баі — палкі дывізіі адцягнулі на сябе частку сіл праціўніка з тульскага напрамку, што дазволіла сарваць планы немцаў па захопе Тулы.

З мая 1942 года і да 7 лютага 1943 года дывізія абараняла важную чыгуначную магістраль і шашу Арол—Масква на Мцэнскім плацдарме. Пры гэтым яна перыядычна вяла наступальныя дзеянні, не даючы праціўніку з боку Арла прарвацца на Тулу і Маскву. Наогул нямецкае вярхоўнае камандаванне надавала Мцэнскаму плацдарму на тульскім напрамку асабліва важнае значэнне, бо разглядала магчымасць пачаць адтуль наступ на Маскву.

Ліст ад Паўла ВАЎЧЭЦКАГА з фронту. 11 сакавіка 1944 года.

З 13 лютага пачаліся ўжо новыя баявыя дзеянні, і ў першы ж іх дзень каля вёскі Верхняе Ушчарава Мцэнскага раёна і загінуў мой прадзед Мікалай. Ужо ў ліпені гэтага ж года дывізія прадзеда брала ўдзел у Арлоўскай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Кутузаў», якая з'яўлялася складнікам Курскай бітвы, і была ўведзена ў бітву на Арлоўскім выступе. Дарэчы, да канца ліпеня 1943 года 283-я, 342-я, 380-я, 269-я і 308-я стралковыя дывізіі цалкам вызвалілі Мцэнскі раён Арлоўскай вобласці ад немцаў. Адразу пасля гэтага на тэрыторыі раёна пачаліся размініраванне і пахаванне загінулых. Чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баях 1942—1943 гадоў, хавалі мясцовыя жыхары. Вось і мой прадзед Мікалай быў пахаваны ў адной з самых буйных брацкіх магіл Арлоўскай вобласці, дзе цяпер спачывае 1080 воінаў. Мемарыял на тым месцы з'явіўся ў 1968 годзе, але да 70-годдзя Перамогі была праведзена яго рэканструкцыя.


Акрамя бацькі, на вайну пайшлі і дзядзькі маёй бабулі. Адзін з братоў прабабулі Ліды Пётр Ваўчэцкі вярнуўся з вайны без нагі, а другі, Павел, прапаў без вестак у сакавіку 1944 года. Аднак яшчэ 11 сакавіка яна атрымала ад яго ліст, які і сёння захоўвае мая бабуля разам з фотаздымкамі. Двое ж братоў прадзеда Мікалая вярнуліся з вайны інвалідамі, а яго брат Іван, якога прызвалі ў 1944 годзе ва Уздзе, памёр ад ран у лютым 1945 года і быў пахаваны на тэрыторыі сучаснай Польшчы.

Прабабуля Лідзія, якая адна выхавала траіх дзяцей, у 1946 годзе атрымала медаль «За доблесную працу ў час Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг.», а на радзіму ва Узду вярнулася толькі ў 1956 годзе.

Валерыя КІСЛАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.