Вы тут

Яшчэ раз


Яшчэ раз

Калі Джон Осбарн быў маленькім, ён яшчэ не быў Озі. Ён быў адным з чатырох дзяцей у беднай сям’і. Звычайным школьнікам, які не мог ці не хацеў пачынаць канфлікты і бойкі, таму часцей прыкідваўся блазнам. Лепш няхай смяюцца, чым б’юць. Мабыць, тады гэты дзіўны футляр і сфарміраваўся вакол яго, закрыў, як панцыр чарапаху, прывучыў хавацца за эпатажам, вар’яцтвам, дзікасцю.

Аднойчы я быў на размеркаванні. Дзіўным, амаль смешным. Насамрэч гэта было постразмеркаванне. Маладыя людзі прыехалі ў Лоеў, каб пасядзець ды паслухаць важных дзядзькоў і цётак, а пасля пачуць, у якую школу раёна іх накіруюць, пабачыць твар дырэктара, у моцныя рукі якога яны патрапяць. Я быў сярод іх. Малады-малады настаўнік. Амаль настаўнік. Без пяці хвілін настаўнік. Прыйшоў я ў гэты страшны афіцыйна бел ы дом з сябрам Віталікам, той застаўся чакаць ля ўваходу і зрабіўся ўдзельнікам далейшай гісторыі, сведкам рэакцыі на мяне (на маю вельмі на той час падлеткавую сціплую знешнасць) майго будучага кіраўніка. Той ішоў з Суткоўскім, калегам, і скардзіўся, што зноў сунуць нейкае дзіця, зноў ні сэнсу, ні карысці. Віталік бессаромна (ён такі заўсёды) улез у размову: «Вы памыляецеся. Вы будзеце вельмі рады, што ён патрапіў да вас». Магчыма, я недакладна прыводжу словы, але сэнс той. Тым больш, сам я гэтага не бачыў і не чуў, а выпадак гэты расказаў мне пасля сам дырэктар, Сяргей Сцяпанавіч Койнаў. Можа, і не аднойчы расказваў пра тое, што памыліўся, пра тое, што рады.

Пяройдзем да сутнасці нашай размовы. Паспрабую коратка і зразумела абмаляваць і данесці тое, што крыху мяне грызе. А калі мяне што грызе, то лепшы спосаб пазбавіцца згрызоты — гэта разабраць яе ў гэтай калонцы. Пачаць з музыкі, працягнуць успамінамі і выйсці на штосьці метафарычнае ці гістарычнае, напрыклад, на Робіна Гуда. Вы ж ведаеце, якім крутым быў Робін Гуд? Ці не? Ён забіраў грошы ў багатых і раздаваў бедным. Проста неверагодны чалавек. Уявіце, што па дарозе ад банкамата ў вас адабралі ўвесь заробак і аддалі каму-небудзь. Як добра. Як цудоўна. Як цёпла адразу робіцца. Ці не? Давайце падумаем. Можа, у кароткім «забіраў грошы ў багатых і раздаваў бедным» мала інфармацыі, а тую, што ёсць, можна ацэньваць па-рознаму, але чым больш думаеш, тым больш негатыўна. Робін Гуд — гэта ідэальны прыклад дваістых стандартаў. Ведаеце жарт: усе хочуць, каб не было карупцыі і пралезці куды па блаце. Вось і з шэрвудскім разбойнікам так. Ці не?

Калі Джон Осбарн яшчэ быў Джонам, ён патрапіў у турму, і бацька яго не вельмі здзівіўся, а толькі патлумачыў сыну, што той павінен аддаць усяго сябе, каб вылезці наверх, інакш так і згніе ў турме. Озі пачуў. Менавіта за кратамі ён канчаткова зрабіўся Озі. Школьная мянушка стала часткай яго цела і яго жыццём. Я, напрыклад, толькі пазаўчора даведаўся, што ён — Джон. Бо гэта не мае значэння. Маюць значэнне яго творчасць, яго персанаж, яго міфы. Мае значэнне першы позірк, кінуты на незнаёмага чалавека, з якім ты будзеш працаваць. Мае значэнне той выпадак, калі Озі падчас выступлення адкусіў галаву кажану. Ніхто не слухаў яго тлумачэнні (навошта?), нікому не цікава. Памылка ў такой сітуацыі — гэта звычайна. Для таго, каб ствараць сабе персанаж, не патрэбна звычайнасць. Нікому не патрэбны Джон. Нікому не патрэбны забітыя і абрабаваныя героем з лесу. Паглядзелі адзін раз. Запомнілі. Ведаем.

Я не знаёмы з сучасным рэпам. Мне сорамна. Чэсна. Бо справа не ў самім жанры, а ў маім/яго мінулым. Рэп прыйшоў да мяне, як і да шмат каго ў Беларусі і Расіі, у асобе Эмінема. Мабыць, пра яго мы яшчэ паразмаўляем. Гэта быў пачатак нулявых, і тэлебачанне разам са сваімі культурнымі дадаткамі старанна лавіла ўсё, што на Захадзе, і спрабавала неяк перапрацаваць, канверсаваць нам. Зразумела, што не маглі нашы (і не зусім нашы) маладыя людзі не падхапіць хвалю рэпа. Але ўсё, што робіцца як у іншых, атрымліваецца не асабліва. Каб рабіць музыку — трэба рабіць музыку, каб пісаць тэксты — трэба пісаць тэксты. Згодна са сваімі акалічнасцямі, сваімі рукамі, сваімі вачыма, інакш атрымаецца тое, чым тады быў рускамоўны рэп. Больш за пятнаццаць гадоў прайшло, а той фэйл застаецца ў галовах аматараў музыкі. Рускамоўны рэп для многіх ператварыўся ў чорны-чорны пакой, дзе кроў ліецца з вушэй, нават калі не слухаць тэкст. Калі Робін Гуд дае грошы бедным, то ён добры. Але жыццё — гэта працэс, і складаны працэс. Маленькі хлопчык з беднай сям’і можа ператварыцца ў жывую легенду, культавую асобу. Маленькі хлопчык не можа заўсёды заставацца маленькім. Толькі калі ў глыбіні сябе. Час ідзе. Я зноў і зноў паўтараю гэтую фразу і не разумею, пра што кажу. Натыкаюся на тэст: «Ці зможаце вы адрозніць Бродскага ад Оxxxymiron’а?» Аказалася — не магу... Оxxxymiron — гэта рэпер, прадстаўнік новага пакалення, адзін з сучасных музыкаў. Яны пішуць выдатныя тэксты, робяць выдатнае шоу з добрай музыкай. Я ведаю гэта. Так кажуць людзі, якім я веру. Пра гэта сведчаць кавалкі, фрагменты, якія я чуў, глядзеў, чытаў. Толькі я не магу ўзяць і пачаць слухаць, пазнаёміцца бліжэй, знайсці цэлы альбом і ганяць яго ў плэеры. Бо гэта ж рэп. Гэта ж Робін Гуд. Гэта ж Озі Осбарн! Цяпер ён пачне есці кажаноў. Уцякайма!!!

Адна з прычын Другой сусветнай вайны — жаданне Германіі атрымаць рэванш. Не ў апошнюю чаргу — над Францыяй. Вярнуць сабе адабраныя землі Эльзас-Латарынгіі, гісторыя якіх і прывяла да ўзнікнення паняцця «рэваншызм». Не ведаю, як у вас, а ў нас яшчэ ў школе на гэтых усіх падзеях, на гэтай цікавай пінбольнай лініі акцэнтавалі ўвагу. Настаўніца, быццам славуты Радзінскі, выдавала нам факты, інтанацыяй голасу, вачыма, дадатковымі словамі робячы гэтыя звесткі цікавымі настолькі, што нават і цяпер яны ў галаве. Той самы Камп’енскі вагон, дзе зноў і зноў зубаскалілі адны і смуткавалі іншыя, каб у наступны раз было ўсё наадварот. Зноў і зноў то адны, то другія крычалі пра тое, што яны павінны адпомсціць і вярнуць сабе страчаныя землі і годнасць. Адабраць у багатых і даць бедным. А калі бедныя зробяцца багатымі, а багатыя — беднымі… Адабраць у багатых і даць бедным. Робін Гуд — герой усіх часоў і народаў. Чалавек-рэванш. Вобраз, міф, легенда. Матывы, прычыны, вынікі? Хопіць таго, што ён выглядае маладым і наіўным. Зноў ніякага сэнсу, зноў ніякай карысці.

Озі пакутаваў на алкагольную і наркатычную залежнасць. Аднойчы ў тым самым ЗША самазабіўся хлопчык, які слухаў Озі. Бацькі хлопчыка падалі на музыканта ў суд, бо ў яго альбоме была песня са словамі: «Самагубства — адзінае выйсце». Навошта слухаць песню, калі ў нас ёсць менш чым радок? Навошта думаць, што наш рэванш — гэта рэванш на рэванш? Ён першы пачаў!!! Навошта чакаць, калі можна скласці меркаванне і кожны мае права на сваё? Песня Озі Осбарна была і ёсць пра алкагалізм, пра немагчымасць пазбавіцца ад яго, пра тое, як гэтая звычка забірае ўсё жыццё, пра тое, як шукаеш выйсце і не знаходзіш, пра тое, што гэта самазнішчэнне, гэта самазабойства. Песня Озі была пра пакуты Озі. Суд апраўдаў яго. Мабыць, у пэўных выпадках людзі глядзяць двойчы, чытаюць двойчы і чуюць слова «ўкраў» нават, калі справа пра Робіна Гуда.

Сёння паспрабую паслухаць Оxxxymiron’а. Калі не зойдзе, паспрабую яшчэ раз. А вы яшчэ раз перачытайце гэты тэкст і чакайце наступны. Я буду чакаць.

Дзмітрый ШУЛЮК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.