Вы тут

Чаму жывое балота лепшае за торф?


Нам выгадна захоўваць экасістэмы ў натуральным стане

Нездарма Беларусь называюць «лёгкімі Еўропы». Балоты, якія захаваліся ў натуральным стане, штогод выводзяць з атмасферы каля 900 тысяч тон дыяксіду вугляроду і выдзяляюць 630 тысяч тон кіслароду. У рамках Парыжскага пагаднення Рэспубліка Беларусь узяла на сябе добраахвотныя абавязацельствы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў не менш чым на 35 працэнтаў да 2030 года. І нашы беларускія балоты адыгрываюць у дасягненні гэтага паказальніка вялікую ролю. Наогул, калі пералічыць усе перавагі, то балоты захоўваюць больш за 700 мільярдаў кубаметраў прэснай вады, забяспечваюць устойлівае воднае сілкаванне рэк і азёр, з'яўляюцца крыніцамі такіх біялагічных рэсурсаў, як журавіны, дзікарослыя травы, паляўнічыя віды жывёл і птушак, могуць выкарыстоўвацца ў экатурызме. Атрымліваецца, што нам выгадна захоўваць гэтыя прыродныя экасістэмы ў натуральным стане.


Экапрыбытак

Існуюць методыкі, якія дазваляюць падлічыць каштоўнасць балотных ці лясных экасістэм у грашовым эквіваленце. Яны выкарыстоўваюцца, калі вырашаецца пытанне аб наданні статусу асабліва ахоўных тэрыторый або іх пераўтварэнні. Улічваюцца ўсе плюсы і мінусы, якія могуць быць, — як для экалогіі, так і для эканомікі. Ацэнка экасістэмных паслуг паказала, што ў натуральным стане яны шматкроць перавышаюць той эканамічны даход, які б можна было атрымліваць, калі б тэрыторыі не ахоўваліся, а выкарыстоўваліся ў гаспадарчых мэтах. Так, «жывое» балота можа доўга служыць людзям і нават прынясе больш прыбытку, чым здабыты на ім торф. Да таго ж нельга забывацца, што торф трэба разглядаць як энергетычны стратэгічны рэсурс — не толькі для сённяшняга часу, але і для будучых пакаленняў.

Калі вырашаўся лёс заказніка «Азёры» ў Гродзенскай вобласці (Мінпрыроды выступала за захаванне і пашырэнне яго плошчы, у той час як іншыя структуры выказваліся, што памер трэба змяншаць і адвесці ўчастак для здабычы торфу), праводзілася шмат нарад, грамадскія абмеркаванні. Але вучоныя падлічылі каштоўнасць экасістэмных паслуг, што дазволіла захаваць тэрыторыі ў непарушаным стане.

Паводле ацэнак навукоўцаў, у лясным фондзе рэспублікі назапашана 3,5 мільярда тон вугляроду, у балотах — 0,5 мільярда тон. Таму гэтым сістэмам удзяляецца самая сур'ёзная ўвага. У снежні 2019 года прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў». Цяпер рэалізуецца план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў да гэтага закона.

Мінпрыроды падрыхтаваны праект пастановы Саўміна аб парадку падрыхтоўкі планаў кіравання балотамі. Такія планы будуць распрацоўвацца для тых балот, якія трапяць у спецыяльны спіс, вызначаны міністэрствам на падставе прапаноў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Таксама Мінпрыроды сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук рыхтуе пастанову, якая будзе рэгуляваць парадак вядзення рэестра тарфянікаў, куды будзе ўключацца інфармацыя пра ўсе тарфянікі нашай краіны — іх межы, плошчу, тыпы балот, рэжымы аховы, запасы прыродных рэсурсаў, кірункі выкарыстання.

Пад ахову!

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Кузьміч, колькасць асабліва ахоўных тэрыторый у нашай краіне працягвае расці. На 1 студзеня 2020 года яны займалі 1,87 мільёна гектараў. Гэта 9 % ад плошчы краіны.

Аб'яўленне і пераўтварэнне асабліва ахоўных тэрыторый ажыццяўляецца ў адпаведнасці з рэспубліканскай і мясцовымі схемамі рацыянальнага размяшчэння. Так, у снежні 2019 і першым квартале 2020 года пастановамі Урада пераўтвораныя рэспубліканскія заказнікі «Бабінавіцкі», «Казьянскі», «Фаліцкі Мох», «Выдрыца», «Стрэльскі». Рыхтуецца праект пастановы па пераўтварэнні заказніка «Альманскія балоты».

Аб'яўлены заказнік мясцовага значэння «Хаваншчына» ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім раёнах, перададзена пад ахову 14 тыповых біятопаў у Бялыніцкім раёне.

Спыніце палы!

Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў Таццяна Кананчук, дзякуючы праектам міжнароднай тэхнічнай дапамогі мерапрыемствы па паўторным забалочванні асушаных тарфянікаў і аднаўленні парушанага гідралагічнага рэжыму балот праведзены на тэрыторыі звыш 60 тысяч гектараў. Дарэчы, менавіта такія работы — адна з эфектыўных мер па прадухіленні тарфяных пажараў. На жаль, з прычыны сур'ёзных кліматычных змен сёлета гэта стала сур'ёзнай праблемай: колькасць пажараў ужо вымяраецца тысячамі, у тым ліку лясных і тарфяных — сотнямі.

Андрэй Кузьміч звярнуўся да жыхароў краіны з просьбай выконваць правілы пажарнай бяспекі, не падпальваць сухую траву наўмысна: «Карысць для глебы ад выпальвання сухой травы вельмі сумнеўная, таму што калі пры натуральным адміранні частак раслін арганічныя рэчывы трапляюць у глебу і там паступова раскладаюцца з утварэннем перагною, то пры згаранні яны ператвараюцца ў вуглякіслы газ і попел, мінеральныя рэчывы якога хутка выветрываюцца і вымываюцца з глебы. Пры гэтым у агні гіне фаўна, згараюць гнёзды птушак, збядняецца відавы склад расліннасці».

Прадугледжаная заканадаўствам адказнасць за выпальванне сухой травы — штраф да 1080 рублёў, а пры нанясенні шкоды ў асабліва буйным памеры надыходзіць крымінальная адказнасць.

Палы травы вядуць да значна больш сур'ёзных лясных і тарфяных пажараў, узгарання пабудоў — і сёлета ўжо ёсць таму сумныя прыклады. Людская бесклапотнасць можа прывесці да сур'ёзных экалагічных катастроф. Гэтай вясной мы ўважліва сачылі за тым, што адбываецца ва Украіне. Нам варта задумацца пра тое, як у будучым прадухіліць пажары на землях, што пацярпелі ад аварыі на чарнобыльскай тэрыторыі, калі туды пачнуць вяртацца людзі.

Умяшанне чалавека ў экасістэмы таксама можа дадаваць праблем. Калі гідралагічны рэжым балота Ельня ў Мёрскім раёне быў парушаны, пажары 1998 і 2002 гадоў ахапілі больш за палову яго тэрыторыі. Пасля ж правядзення работ па аднаўленні гідралагічнага рэжыму, падняцця ўзроўню грунтовых вод праблема звялася да мінімуму.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота ru.belarus.travel

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».