Вы тут

Міжнародная акцыя «Ноч музеяў — 2020» пройдзе рэальнай дзеяй і анлайн


Рашэнне кожны ўдзельнік міжнароднай культурнай акцыі — а ў Беларусі летась да яе далучылася звыш 90 музейных устаноў, кінатэатраў, выставачных пляцовак і забаўляльных цэнтраў — прымае самастойна. На цяперашні момант вызначыліся са сваімі праграмамі ўжо некалькі ўдзельнікаў «Ночы музеяў — 2020».


Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы адным з першых паведаміў праграму сваёй «Ночы». Установа запрашае правесці імпрэзу ў скансене жыўцом. Гасцей тут чакаюць у суботу, 16 мая, з 19 гадзін на тэматычны агляд, экскурсію «ў прыцемках» пры ліхтарах з наведваннем асобных музейных помнікаў ды сустрэчай з некаторымі міфічнымі персанажамі і музычную праграму ў святле начнога вогнішча.

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі правядзе сваю імпрэзу анлайн. Сумесна з відэасэрвісам VOKA музей 16 мая прадставіць у прамым эфіры музычны спектакль — фолк-рок-оперу «Чарадзей», якую кампазітар, сцэнарыст і прадзюсар Раман Арлоў напісаў паводле летапісных крыніц пра легендарнага полацкага князя Усяслава Чарадзея. Прэм'ера гэтай пастаноўкі адбылася ў 2016 годзе ў Белдзяржфілармоніі, потым спектакль быў паказаны яшчэ з дзясятак разоў на розных пляцоўках і ў розных версіях. Для анлайн-трансляцыі творчая каманда фолк-рок-оперы падрыхтавала асобныя нумары пастаноўкі, што прагучаць у акустычным выкананні. Так, разам з багіняй Марай (салістка гурта «У нескладовае» Кацярына Поцюс) гледачы адправяцца на пошукі Усяслава Чарадзея (саліст ансамбля «Купалінка» Уладзімір Сцепанкоў), сустрэнуцца з яго ўнучкай Ефрасінняй Полацкай, князем Мікалаем Радзівілам Чорным і іншымі знакавымі асобамі айчыннай гісторыі. Бясплатная трансляцыя пачнецца а 21 гадзіне і будзе дасяжнай для ўсіх ахвотных у любым месцы свету. Як абяцаюць арганізатары, пасля спектакля працягласцю каля дзвюх гадзін гледачы «трапяць» у дворык гістарычнага музея, дзе пройдзе начны канцэрт, і дзякуючы шматкамерным мастацкім здымкам змогуць у падрабязнасцях і з розных ракурсаў разгледзець, што адбываецца на пляцоўцы.

Анлайн-фармат абраў таксама Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, які 18 мая зладзіць інтэлектуальную бліц-гульню «Пазл музейных прадметаў» — віктарыну з варыянтамі адказаў. На сайце ўстановы glubmusej.by, а таксама на старонках у сацыяльных сетках «УКантакце» і «Аднакласнікі» прадставяць рэтраспектыву ранейшых акцый «Ноч музеяў» у Глыбокім, а таксама пад заклікам «Далей ад віруса, бліжэй да музея» прапануюць віртуальную экскурсію па пастаянных экспазіцыях і тэматычнай выстаўцы «Адна на ўсіх Перамога».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

Што сiмвалiзуе ўнiкальны габелен з выявай Мацi-Беларусi, i хто ўвасоблены ў вобразе франтавой медсястры

У Гродне падчас святкавання Дня Незалежнасцi прадстаўлены габелен, якi выткалi спецыяльна да 75-годдзя Вялiкай Перамогi. 

Грамадства

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Запусцілі найноўшы спецыялiзаваны комплекс для падрыхтоўкi судовых экспертаў

Дзяржаўнаму камiтэту судовых экспертыз споўнiлася сем гадоў.