Вы тут

Чаму ў год жалобы не спраўляюць вяселле?


«Патлумачце, чаму нельга выходзіць замуж у той год, калі памёр нехта з блізкіх», — пытаецца Ганна В. з Брэста.


Шматузроўневая сістэма абмежаванняў-рэгламентацый на правядзенне вяселляў (дзень тыдня, фаза Месяца, святы народнага календара, высакосны год, час пастоў і інш.), якая існавала сярод усходніх славян, будзе няпоўнай, калі не ўлічыць яшчэ адзін важны фактар, які выклікае мноства самых супярэчлівых тлумачэнняў, — смерць кагосьці з бацькоў маладых або іх блізкіх сваякоў. Даволі часта можна пачуць такое меркаванне: «У гэтым выпадку вяселле неабходна адкласці на 40 дзён». Напэўна, яно грунтуецца на той падставе, што ў праваслаўнай традыцыі саракавы дзень лічыцца днём, калі душа памерлага паўстае перад Богам для вызначэння яе далейшага лёсу (так званы Судны дзень), пасля чаго мы ўжо не ў стане нашкодзіць душы сваімі нерэгламентаванымі паводзінамі. Аднак гэта не зусім так.

У адпаведнасці з асноўнымі прынцыпамі народнай культуры смерць роднага чалавека выключала сям'ю памерлага з цыклу святочных абрадаў роўна на год. Да ліку родных адносяцца прадстаўнікі 1-й і 2-й ступені сваяцтва як па вертыкальнай шкале адносін (бабуля — дзядуля, бацька — маці, іх дзеці і ўнукі), так і па гарызантальнай — родныя і стрыечныя браты і сёстры.

Пахавальнаму абраду быў нададзены самы высокі культурны статус у сферы жыццядзейнасці традыцыйнага грамадства. Яго значнасць настолькі вялікая, што, мабыць, дасягае абсалюту ў культуралагічным разуменні гэтага слова. Толькі гэты абрад (а дакладней, падзея, якую ён суправаджае) у стане адмяніць або выцесніць на другі план любы з рытуальна-абрадавых комплексаў як народнай, так і хрысціянскай накіраванасці (што не ў стане зрабіць абрады, звязаныя з нараджэннем чалавека і яго вяселлем). Гэта абмежаванне датычыцца перш за усё такіх сацыяльных інстытутаў, як сям'я і Род.

У традыцыйным светапоглядзе беларусаў, рускіх і ўкраінцаў пахавальны абрад быццам прыпыняў звычайную хаду часу (першае рытуальнае дзеянне, пасля таго як наступіла смерць, — спыняюць гадзіннік) і запускаў механізм дзеяння зусім іншага прынцыпу яго вылічэння. У выпадку смерці роднага чалавека сям'я памерлага тут жа «выпадае» (выключаецца) з традыцыйнага святочнага календара, у якім адзначаліся Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Купалле і ўсе іншыя святы гадавога кола. Такая сям'я пераходзіць у прастору дзеяння пахавальна-памінальнага цыклу абрадаў, працягласцю адзін год. У сям'і наступіў час, які патрабуе не процілеглых святочным, а зусім іншых нормаў паводзін, для якіх характэрна стрыманасць, нешматслоўнасць, іншая сімволіка ў адзежы (дамінуе цёмны колер); за гэтым стаялі значныя змены і ў сістэме грамадскіх адносін (нельга браць удзел у святочных імпрэзах, спяваць, танцаваць і г. д.) і цэлы шэраг абмежаванняў у сферы гаспадарчай дзейнасці (забарона на любыя рамонтна-будаўнічыя работы).

Яшчэ раз уважліва паглядзім на разгорнуты ў прасторы «вектар» паслясмяротнага часу даўжынёй у год. На ім вызначаюцца 5 абрадавых сітуацый, чатыры з якіх (маюцца на ўвазе ўсе жалобныя сталы) тыпалагічна падобныя: 0 — момант смерці (спыняецца гадзіннік); 3 дзень — дзень пахавання, «Траціны» — 1-ы сямейна-родавы памінальны стол; 9 дзень — «Дзевяціны» — 2-і сямейны (!) памінальны стол; 40-ы дзень — «Саракавіны» — 3-і сямейна-родавы памінальны стол; роўна праз год (12 месяцаў) — «Угодкі» — 4-ы сямейна-родавы, заключны памінальны стол. Усе іншыя падзеі (напрыклад, святы як народнага, так і хрысціянскага календара) на гэтым «вектары» адсутнічаюць, што абумоўлена ўяўленнямі нашых продкаў, у тым ліку і хрысціянскімі, пра стан душы пасля смерці і пераадоленні выпрабаванняў на яе шляху праз церніі да зорак. Кожны з памінальных рытуалаў быў падпарадкаваны «падзеям», звязаным з паступальным пераходам душы памерлага ў іншы свет: 0 — душа пакідае цела, 3 дзень — душа пакідае хату; 9 дзень — душа пакідае зямлю; 40 дзень — душа прадстае перад Богам, Судны дзень; праз 1 год пасля смерці душа знаходзіць вечны спакой.

Прыведзеная схема-разважанне пераканаўча паказвае, што з моманту смерці чалавека і да саракавога дня мы, узгадваючы яго імя, павінны прамаўляць сакральную формулу «Зямля яму пухам» (якая ўтрымлівае ў сабе два планы рэалізацыі: перасцярога-экран — для жывых і пажаданне — для памерлага). Пасля саракавога дня і да года павінна гучаць зусім іншая формула-пажаданне: «Царства яму нябеснае». Пасля года актуалізуецца трэцяя формула: «Вечны спакой».

Такім чынам, смерць кагосьці з блізкіх сваякоў стварае тую выключную сітуацыю, калі Род у цэлым жыве па звычайным календары, а вось самая блізкая радзіна (уключаючы першую і другую ступень сваяцтва), гэта значыць сям'я памерлага, аказваюцца ў жыццёвым «залюстроўі», у зоне «трыдзявятага царства», падпарадкоўваючыся дзеянню ўніверсальнага
рытму паслясмяротных памінанняў.

«Побытавы» час, вядома ж, цячэ: людзі па-ранейшаму выконваюць усе неабходныя работы, займаюцца хатняй гаспадаркай, не пакідаюць без увагі шырокі комплекс земляробчых заняткаў. Але не больш за тое: любая святочная падзея — не для іх.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый ды абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: 112.ua

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.