Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


Яны таксама кавалі Перамогу

...Гляджу на здымак мамы, зроблены 9 мая 1945-га, і думаю, што калі б не Перамога (і сапраўды вялікая!), то не было б на свеце ні мяне, ні малодшага брата, ні мільёнаў пасляваенных дзяцей.

Калі пачалася вайна, маёй маме Таццяне Архіпаўне Пятровай (на здымку яна другая справа) было толькі 13. Сям'я (бабуля і пяцёра дзяцей) жыла ў вёсцы Вілейка нашага Чавускага раёна ў зямлянцы, якую выкапала на сваім жа агародзе, бо з хаты выгналі акупанты.

Яны ж у 1943-м разам з іншымі такімі падлеткамі вывезлі маму ў Віцебскую вобласць капаць акопы.

Ад гэтай цяжкай прымусовай работы моладзь вызвалілі байцы Чырвонай Арміі, якая наступала. Хворых і слабейшых дзяўчат тады адправілі дамоў, а мацнейшых пакінулі — некага пры медсанбатах і шпіталях, некага, як маю матулю, — пры гаспадарчых падраздзяленнях вайсковай часці. А ўжо там даводзілася рабіць многае: мыць адзенне, працаваць на кухні, пасвіць коней... Зрэшты, мама не любіла гаварыць пра вайну, лічыла, што зусім няшмат зрабіла для Перамогі.

А сустрэла яна яе ў горадзе Штэцін. Тады ж атрымала сваю адзіную ўзнагароду — медаль «За перамогу над Германіяй...»

Ветэранаў, якія кавалі яе, застаецца, на жаль, усё менш і менш. Тым большая, на мой погляд, адказнасць на нас, іх нашчадках. Я, напрыклад, размножыў гэтае фота і падарыў сваім унукам, каб памяталі і ганарыліся, каб захоўвалі памяць.

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Задача — дапамагчы...

Моладзь гэтага, можа, і не заўважае, а вось людзі старэйшыя са мной пагодзяцца: вельмі хутка пралятае жыццё. Толькі ўчора, здаецца, я была студэнткай і маладой настаўніцай, а між тым за плячыма ўжо 42 гады працы, урачыстыя провады на заслужаны адпачынак. А вось што далей?

Спачатку — помню — настрой у мяне быў добры: не трэба спяшацца на работу, можна адпачываць, але ж гэта нейкі
тыдзень-другі...

З Алай Рыгораўнай Бакуновіч я сустрэлася выпадкова і прыняла яе запрашэнне зайсці ў наш Ленінскі раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі, які яна ўзначальвае, у савет ветэранаў. Там мне даручылі свайго роду шэфства над снайперам-зенітчыцай Таццянай Антонаўнай Кузняцовай. Каля 10 гадоў мы сустракаліся з гэтай цудоўнай жанчынай... А паралельна я з цікавасцю збірала звесткі для альбома пра заслужаных настаўнікаў нашага раёна.

Асноўная задача савета ветэранаў — валанцёрскі рух, дапамога людзям у складаных жыццёвых сітуацыях, правядзенне святочных мерапрыемстваў, ушанаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Успамінаюцца таксама цікавыя экскурсіі ў Віцебск, Полацк, Нясвіж...

У поспехах работы арганізацыі вялікая заслуга Алы Рыгораўны Бакуновіч, начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Наталлі Генадзеўны Кучынскай, многіх актывістаў.

Дзякуючы агульным намаганням, мы можам смела сказаць, што «ніхто ў нас не забыты».

Э. І. Васілевіч, г. Мінск


Першая цацка

У маім пакоі на канапе сядзіць чорны кот — з пазалочаным хвастом і вушкамі, з зялёнымі вочкамі... Як напамінак пра маё «шчаслівае» маленства.

Цацка ў ім была адна — жоўты бліскучы ваўчок — галоўка ад нейкага снарада. Мы з сяброўкай, прытрымліваючы цвіком, накручвалі на яго шнурок і рэзка адпускалі — ваўчок круціўся на падлозе...

І лялька ў мяне была адна, нават не цэлая: толькі галоўка з фарфору, а тулава, рукі і ногі трэба было пашыць самім. Мы справіліся: нешта згарусцілі, абкруцілі латкамі, што заставаліся ад мамінага шыцця, але гуляць з гэтай лялькай я саромелася. Ды і мама да таго неяк не заахвочвала, бо сама вырасла ў шматдзетнай сям'і, змалку працавала і нас да таго ж прывучала. Мы скублі пер'е, сукалі цэўкі да кроснаў, палолі грады, пасвілі гусей...

Дык вось гэты чорны кот, што цяпер сядзіць на канапе, — мая першая сапраўдная цацка. І дарагая-дарагая, бо яе мне падарыла сястра Вера — на мой юбілей, на 80-годдзе.

Леанарда Аляшэвіч, г. Смаргонь


Напісанае і сапраўды застанецца

Для пачатку і для знаёмства — некалькі лічбаў. Мне — 78, маім дзецям (а іх у мяне пяцёра) — за 50, унукам — каля 30. Усе, як бачыце, людзі дарослыя. І ўсе ў дзяцінстве з цікавасцю чыталі часопіс «Вясёлка».

Я ведала, што рэдагуе яго (а цяпер яшчэ «Бусю» для маёй праўнучкі Сонечкі) пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Аднак уявіць, што нашы жыццёвыя сцежкі могуць недзе сысціся ці хоць бы перасекчыся, — дык нават у думках не было.

Сама я змалку любіла чытаць, любіла вышываць... Як сябру Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, мне пашчасціла паездзіць з маімі работамі па Беларусі, пабываць у Маскве, у Літве.

А неяк мяне запрасілі ў Слонім на рэспубліканскі фестываль «Жывіце ў радасці». Паколькі ён быў прысвечаны менавіта сямейнай творчасці, разам са мной паехалі тры дачушкі і дзве ўнучкі. Там працавала мая, на жаль, яшчэ невялікая выстаўка, было шмат народу, які прыходзіў на ўсё паглядзець.

Завітаў тады і пісьменнік Уладзімір Ліпскі (ён быў у складзе журы). Сказаў, што вельмі шмат чуў пра мяне, чытаў у газетах, захапляўся маім талентам і працаздольнасцю (а я, між іншым, яго...). Мы трошкі паразмаўлялі пра жыццё, пра сям'ю, пра творчасць. Усіх тады вельмі ўразілі мае вышываныя «палотны» — дываны. Мы з журы нават сфатаграфаваліся на іх фоне.

Гэтага аднаго ўжо было б дастаткова, каб помніць і сустрэчу, і фестываль, але ж потым, на яго завяршэнні, пачалося
ўзнагароджанне, і Уладзімір Сцяпанавіч, уручаючы мне дыплом лаўрэата і каштоўны падарунак, перад усёй паўнюткай залай расказаў пра тое, як я з пяццю дзеткамі (малодшая ў школу не хадзіла) у 39 гадоў засталася ўдавой, як у 5 гадзін раніцы бегла на ферму, як працавала там без выхадных, без дэкрэтных і проста адпачынкаў, як у мяне адной, без мужа, цягам 14 гадоў былі студэнты (часам нават па трое), і як кожнаму я хацела дапамагчы...

Тады ж Уладзімір Сцяпанавіч уручыў мне аўдыякасету сваёй кнігі «Мама. Малітва сына».

Дзячыць за ўсё гэта мне давялося са слязамі на вачах.

...Другі раз мы сустрэліся з Уладзімірам Ліпскім на свяце пісьменства ў Барысаве. Я з радасцю падарыла яму сваю вышы-
ванку, а ён мне — кнігу «Аўцюкоўскія шуры-муры». Потым была яшчэ адна сустрэча — ужо ў Глыбокім...

А паміж імі — цэлых 13 гадоў знаёмства, калі мы, хай не так часта, але ж абменьваліся тэлефоннымі размовамі, падарункамі, лістамі, віншаваннямі.

Я радуюся, калі ў пісьменніка выходзіць чарговая кніга, і прашу Бога, каб усё, напісанае ім, людзі чыталі, каб набіраліся розуму і дабрыні, бо як для мяне, дык кожны твор Ліпскага — сапраўдны падарунак. Нельга без хвалявання, без слёз чытаць яго «Уліпкі», дзе кожны дзянёк 2015-га асветлены падзеямі і разважаннямі, яго лісты да бацькоў...

Днямі Уладзімір Сцяпанавіч адзначыў сваё 80-годдзе. Пра яго з гэтай нагоды гаварылі па радыё і тэлебачанні, пісалі ў газетах. Расказвалі, колькі напісана кніг, колькі нумароў яго «Вясёлак» і «Бусь» прыйшло да дзяцей, як шмат у гэтага пісьменніка ўзнагарод і званняў, як даўно ён узначальвае праўленне Беларускага дзіцячага фонду...

Усё гэта я паўтараць не буду. Проста хачу паспадзявацца, што Бог (яшчэ і маімі малітвамі!) на многія-многія гады пашле гэтаму рупліўцу-працаголіку здароўя і натхнення на новыя творы.

Л. Р. Зарэцкая, аг. Навасёлкі, Пастаўскі раён


Вярнуць бы серыю!..

У свой час рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Літаратура і мастацтва» выдавала кніжную серыю мастацкіх твораў пра жыццё і творчасць вядомых беларускіх пісьменнікаў. У ёй, гэтай серыі, выйшлі кнігі «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы»; «Сяргей Грахоўскі: вядомы і невядомы», «Іван Шамякін: вядомы і невядомы», «Васіль Быкаў: вядомы і невядомы»...

Упрыгожаннем серыі стала кніга пра вядомага і невядомага Уладзіміра Караткевіча (укладальнікі — Анатоль Верабей, Мікола Мінзер і Сяргей Панізнік). У першую частку яе ўвайшло эсэ Алега Лойкі «Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі». У другую — «Белая песня ў лугах залацістых...» — паэтычныя творы У. Караткевіча, якія былі напісаны ў перыяд яго натхнення маскоўскай музай Нінай Молевай, альбо творы, па часе і характары блізкія да гэтага перыяду; лісты, дарчыя надпісы, успаміны самой Ніны Молевай.

Трэцяя частка — творы, прысвечаныя У. Караткевічу, дзе сярод аўтараў, акрамя беларускіх пісьменнікаў, латыш Андрыс Веянс, украінец Раман Лубкіўскі, армянін Арташэс Пагасян, рускі паэт і перакладчык Якаў Хелемскі, в'етнамскі літаратар Ле Чонг Шам. Кніга, выдадзеная немалым па сённяшнім часе накладам — 1500 экзэмпляраў, разышлася даволі хутка. Цяпер яе не знайсці ні ў кнігарнях, ні ў самім выдавецтве (правапераемнікам РВУ «Літаратура і мастацтва» стаў Выдавецкі дом «Звязда»).

З кнігі «Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы» класік беларускай літаратуры прадстаў досыць рэльефна і найперш — дзякуючы эсэ Алега Лойкі «Уладзімір Караткевіч, або Паэма Гарсія Лойкі» (не блытайце «Гарсія Лойку» з іспанскім паэтам, драматургам, мастаком Гарсія Лоркам!). Ва ўступным слове «Подзвіг творцы» адзін з укладальнікаў — Анатоль Верабей — заўважыў: «Алег Лойка па-свойму глянуў на постаць Уладзіміра Караткевіча, паказаў яго як рэальнага, зямнога чалавека і як генія. Уласныя згадкі і развагі пра творчую спадчыну Уладзіміра Караткевіча ўдала падмацаваў вытрымкамі з яго лістоў да Якуба Коласа, Максіма Танка, Янкі Брыля, яго дзённікавымі запісамі, успамінамі пра яго Уладзіміра Калесніка, Фларыяна Няўважнага і іншых асоб. Плённа выкарыстаў і набыткі караткевічазнаўства, напрыклад, кнігі Адама Мальдзіса «Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека» (1990).

Апраўдана і тое, што Алег Лойка падаў у творы свае рэцэнзіі на першыя паэтычныя зборнікі Караткевіча «Матчына душа» і «Вячэрнія ветразі». Ён слушна сказаў пра своеасаблівае спалучэнне ў яго паэзіі лірычных і эпічных элементаў. Падкрэсліў, што «адметнай і вельмі прыемнай адзнакай творчай індывідуальнасці Караткевіча з'яўляецца яго шырокая эрудыцыя». І сёння заслугоўвае ўхвалы тое, што Алег Лойка зычліва і эмацыянальна, улічваючы спецыфіку рамантычнага таленту паэта і яго светаўспрыманне, на высокім прафесійным узроўні ахарактарызаваў яго першыя паэтычныя зборнікі. Выключную каштоўнасць маюць і асабістыя згадкі Алега Лойкі пра тагачасны літаратурны працэс, пра адносіны паміж сабой літаратараў, пра перыпетыі шляху Караткевіча ў літаратуру.

Алег Лойка напісаў не хроніку жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча, а стварыў свой, шматгранны і непаўторны яго вобраз як чалавека і творцы...»

Дзевяностагадовы юбілей Уладзіміра Караткевіча (1930—1984), які ў Беларусі, ды і за яе межамі будзе адзначацца ў лістападзе 2020 года, — ці не самая добрая нагода: па-першае, перавыдаць зборнік «Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы», а па-другое, увогуле вярнуць да жыцця кніжную серыю, якая магла б заняць пэўную вартасную нішу ў беларускім кнігавыданні.

Мікола Раўнапольскі, г. Мінск

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?