05 снежня, субота

Вы тут

Што падказвае цела? Якія хваробы можа выклікаць наш псіхалагічны стан, і як іх распазнаць


Наш арганізм — гэта адзіная структура. І прычыны цялесных недамаганняў вельмі часта тлумачацца нашым псіхалагічным станам. Просты прыклад саматычнага расстройства — зваліцца ад банальнай прастуды ў той час, калі мы стаміліся ці нас чакаюць складаныя і непрыемныя справы. Так на падсвядомым узроўні мы атрымліваем тое, чаго не хапае. Таму важна шукаць і ліквідаваць прычыну хваробы, а не толькі яе прыкметы. Як наша псіхіка правакуе сабатаж і пра што нам можа «крычаць» наша цела, расказала ўрач-псіхатэрапеўт Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Мінска Наталля Сядач.


З пункту погляду псіхасаматыкі за нашымі хваробамі стаяць схаваныя жаданні, страхі, канфлікты, падаўленыя крыўды, псіхічныя траўмы. Чалавек праз цела можа «прад'яўляць» боль, калі яго псіхалагічныя траўмы не знаходзяць іншага выхаду. У выніку праз нейкі час наша цела пачынае адлюстроўваць тое, што адбываецца ў нашай душы.

— Яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя адзін з заснавальнікаў псіхасаматыкі Франц Александэр вылучыў групу з сямі класічных псіхасаматычных захворванняў, так званую «святую сямёрку». У яе ўваходзілі эсэнцыяльная (пярвічная) гіпертанія, язвавая хвароба страўніка, рэўматоідны артрыт, гіпертырэёз, бранхіяльная астма, каліт і нейрадэрміт. Цяпер спіс псіхасаматычных расстройстваў значна пашырыўся, — расказвае Наталля Сядач.

Асноўныя прычыны той жа бранхіяльнай астмы цалкам не высветлены. Самымі значнымі фактарамі, якія правакуюць яе развіццё, лічацца генетычная схільнасць у спалучэнні з трапляннем у дыхальныя шляхі тых ці іншых алергенаў, інфекцыя, эмацыянальныя фактары. Таксама спрыяць развіццю захворвання могуць халоднае паветра, крайняе эмацыянальнае ўзбуджэнне (такое, як гнеў ці страх), фізічныя нагрузкі. Астму могуць справакаваць і некаторыя лекавыя прэпараты, такія як аспірын і іншыя нестэроідныя супраць запаленчыя лекі, а таксама бэта-блакатары (выкарыстоўваюцца для лячэння гіпертаніі, хвароб сэрца і мігрэні).

— Калі казаць пра псіхалагічныя прычыны ўзнікнення гэтай хваробы, то імі прынята лічыць немагчымасць чалавека «дыхаць на поўныя грудзі». Часта астма прыходзіць тады, калі наша жыццёвая сітуацыя складваецца такім чынам, што мы шукаем і не знаходзім «аддушыны», жывём у «цяжкай прыгнятальнай атмасферы», не атрымліваючы «глытка свежага паветра», — тлумачыць урач.

Спускавым механізмам развіцця гэтага захворвання можа паслужыць і неспрыяльная абстаноўка на рабоце, дзе, як нам здаецца, нам «перакрываюць кісларод». Ці, напрыклад, сітуацыя, калі дакучлівыя дальнія сваякі, якія пераехалі быццам бы на кароткі час, трывала асталёўваюцца ў нашай кватэры — так, што «не прадыхнуць». Праблемы з дыханнем узнікаюць і ў людзей, блізкія якіх літаральна «душаць» іх сваім клопатам, асабліва ў дзяцей, чые бацькі занадта моцна «сціскаюць іх у сваіх абдымках». Псіхааналітыкі лічаць, што ў такіх людзей ёсць праблема з адстойваннем сваіх меж і забаронай на выражэнне злосці і агрэсіі.

Наталля Сядач удакладняе, што, паводле даных назіранняў за пацыентамі, псіхатэрапеўты прыйшлі да высновы: большасці астматыкаў складана плакаць. Як правіла, у жыцці яны зусім не плачуць. Як казаў вядомы псіхатэрапеўт Валерый Сінельнікаў, астма — гэта падаўлены ўсхліп, спроба выразіць тое, што іншым шляхам паказаць немагчыма.

— Лічыцца, што многія хворыя на астму выраслі ў сем'ях, дзе высока цаніліся дасягненні, прад'яўляліся занадта высокія патрабаванні. «Збярыся!», «Пастарайся!», «Вазьмі сябе ў рукі!», «Глядзі, не падвядзі!» — гэтыя і падобныя заклікі часта чулі такія дзеці. Разам з тым праявы незадаволенасці, агрэсіі і іншых негатыўных эмоцый малымі падаўляліся. Ім немагчыма было ўступіць у адкрыты канфлікт з бацькамі, іх пачуцці заглушаліся. І такі чалавек маўчыць, нават калі вырастае, а яго цела размаўляе на мове сімптомаў бранхіяльнай астмы, так яно просіць аб дапамозе, — расказвае суразмоўніца.

Гэтак жа большасць навукоўцаў сыходзіцца ў думках, што, акрамя медыцынскіх прычын, у развіцці язвы страўніка адыгрывае ролю доўгі стрэс і асаблівасці характару, якія характэрныя для многіх язвавых пацыентаў.

Псіхолагі схільныя думаць, што часта язва страўніка ўзнікае ў людзей трывожных, ранімых, няўпэўненых у сабе, якія ў той жа час прад'яўляюць да сябе непамерна высокія патрабаванні і вылучаюцца гіперадказнасцю. Яны заўсёды незадаволеныя сабой, схільныя да самабічавання і «самаедства». Гэта ім прысвечаны афарызм: «Прычына язвы не ў тым, што вы ясцё, а ў тым, што мучае вас». Нярэдка на язвавую хваробу пакутуюць тыя, хто «ўвязнуў» у той ці іншай сітуацыі, няздольны прыняць новыя абставіны свайго жыцця. «Мне патрэбны час, каб гэта пераварыць», — тлумачыць такі чалавек, а яго страўнік тым часам пераварвае сам сябе.

— Канешне ж, пры любым захворванні найперш варта звярнуцца да ўрача адпаведнага профілю і старанна абследавацца. Але калі хвароба дрэнна паддаецца лячэнню, самаадчуванне пагаршаецца на фоне канфлікту ці стрэсу, то варта задумацца, ці не з'яўляюцца вашы праблемы са здароўем следствам нявыражаных эмоцый, падаўленых крыўдаў, перажыванняў і страхаў. Ці не прымушаюць нашы нявыплаканыя слёзы плакаць наша цела? Разабрацца ў гэтым дапаможа псіхатэрапеўт.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi

Патрыяршы экзарх падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.

Спорт

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская:  На корце сяброў няма

16-гадовая тэнiсiстка Дар'я Хамуцянская: На корце сяброў няма

У яе планах — стаць лепшай за Арыну Сабаленку.

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.