Вы тут

«Ледзяшы» ў спадчыну


У гэтую велікодную раніцу на вуліцу з Цёмікам пайшлі бабуля з дзядулем. Я тым часам гатавала святочны абед, паралельна адказваючы на тэлефонныя званкі-віншаванні. Праз якую гадзіну вярнуліся мае «прагульшчыкі». Цёмка — заплаканы і сярдзіты, бацькі — чымсьці незадаволеныя. «Што здарылася?» — пытаюся. Аказалася, не далі прыцягнуць дадому чужую цацку, якую малы бесцырымонна забіраў з суседскай пясочніцы. «Такі ўпарты!» — толькі і сказала раззлаваная бабуля. «Відаць, «цяжкое» ў Цёмкі дзяцінства, у драўляныя цацкі гуляе...» — з іроніяй дадаў мой брат.


Нас з ім асабліва не песцілі. Цацак было няшмат. Затое як бераглі! Мама дагэтуль згадвае, як плакаў мой брат, калі бацька падчас сямейнага скандалу раздушыў нагой яго любімую машынку, якую малы, супакоіўшыся, склейваў потым па дэталях. А мне нават у галаву не прыходзіла выкідваць паламаныя лялькі, а калі іхняе адзенне патрабавала рамонту, нітку і іголку ў рукі — і новае ўбранне было гатова. З некаторымі маімі цацкамі можна гуляць і цяпер.

Толькі Цёміка гумавыя малпы, пластыкавыя коні, а тым больш лялькі Барбі не цікавяць. У яго ў кожным пакоі вясковай кватэры, дзе мы пакуль жывём, то транспартныя сродкі, на якіх ён па чарзе катаецца, то паркінг з самымі рознымі машынамі, то скрыня з цацачнымі жывёламі, развівальнымі кубікамі ды іншай драбязой, то паліцы з вёдрамі, пірамідамі, дзіцячымі кнігамі, дзіцячымі піяніна, канструктарам... Не менш цацак і ў іншай бабулі, дзе мы рэгулярна бываем. Але ж малому, відаць, недастаткова, што цягне іх яшчэ і з вуліцы!

На днях купілі яму красоўкі. Дзве пары. Але памераць не далі рады — не буду і ўсё! Толькі праз некалькі дзён адну пару ўсё ж неяк насунулі. Калі ж Цёмік убачыў, што падэшва ў іх свеціцца рознымі агеньчыкамі, то здымаць абутак ужо не хацеў. «Абнавіў» падчас першай жа прагулкі на вуліцы, калі барабаніў нагамі па кантэйнерах са смеццем...

Я ў свой час новы абутак мела зрэдку: як самая малодшая ва ўсёй радні даношвала за старэйшымі братамі і сёстрамі. І колькі радасці было, калі стрыечная сястра перадавала мне торбы з не патрэбнымі ўжо ёй джынсамі, кофтамі і сукенкамі! А было і такое, што атрымлівала ў спадчыну світар, які гадоў з дзесяць таму насіў мой дзядзька, а пасля яго — малодшыя дзеці (мае стрыечныя браты і сёстры). Не ў адных абноўках ходзіць і мой Арцёмка: выручаюць рэчы браціка Вадзіка, пляменніка мужа.

Да чаго ж быў здзіўлены мой брат, калі ўбачыў, як Цёмка п'е гарбату з жалезнай, можна сказаць, рарытэтнай конаўкі, з якой гадоў 25—35 таму пілі і мы з Валерам. Дзед жартуе — маўляў, лепшай не знайшлі, — а мне падабаецца: па-першае, не паб'е, па-другое, захоўваецца нейкая пераемнасць. Такое ж адчуванне і тады, калі малы плюскаецца ў ванначцы з рыбкамі з майго дзяцінства альбо ходзіць у крыху смешных штоніках, якія насіў яшчэ яго бацька.

Я не асуджаю бацькоў, якія імкнуцца, каб у іх дзяцей было выключна ўсё новае, нікім дагэтуль не выкарыстанае. Многія тлумачаць гэта тым, што ў іх нашчадкаў павінна быць лепшае дзяцінства. Я на сваё дзяцінства не грашу. Не ў багатай сям'і нарадзілася, у вёсцы жыла, прысмакі розныя былі толькі на святы і ў дні, калі бацькі атрымлівалі палучку. Затое берагла кожную абноўку, ежай не кідалася, радавалася новай ляльцы ці альбому для малявання.

...Днямі Цёміку споўнілася два гадкі. Гасцей у яго было няшмат, але і тыя напрыносілі падарункаў — на цэлы дзіцячы садок хапіла б. І што вы думаеце, новыя машынкі ўжо валяюцца па кутах, дом з канструктара ў вольныя ад працы гадзіны будуе бабуля, маляванкі з алоўкамі ўжо пахованы да лепшых часоў, каб малы іх не пашкодзіў. Праўда, на самакаце ганяе, але цярпення хапае ненадоўга. Сапраўднае задавальненне Арцёмку прыносяць, бадай, толькі паветраныя шарыкі, якімі на дзень нараджэння была ўпрыгожана кватэра. Яны ўжо некалькі дзён па чарзе шпурляюцца малым шкоднікам у люстру, ад якой толькі сыплюцца «ледзяшы»... І каб не гэтая старая люстра, якая, можна сказаць, таксама засталася Цёміку ў спадчыну, ці было б у нашым доме столькі радасці і смеху!? І слёз таксама...

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.