Вы тут

Як грошы працуюць на вас


Уклад з'яўляецца адным з варыянтаў, які дапаможа зберагчы і разам з тым пусціць у абарачэнне і прымножыць свае грашовыя сродкі. Аднак, каб не прагадаць з такой інвестыцыяй, варта спярша разабрацца, на што звярнуць увагу, каб у выніку не застацца ў мінусе...


Схаваная выгада

— Калі казаць пра банкаўскія прадукты, якія сёння існуюць у Беларусі для прымнажэння грошай, то тут ёсць тры варыянты: дэпазіты (уклады), аблігацыі і давернае ўпраўленне (калі кліент перадае свае грошы банку ва ўпраўленне, а той, укладваючы іх у інструменты інвеставання, забяспечвае свайму кліенту пэўную прыбытковасць). Што датычыцца зразумеласці і даступнасці вышэйназваных інструментаў, то ўклады — самы распаўсюджаны і просты для большасці людзей варыянт. Яго цяпер часцей выкарыстоўваюць менавіта з мэтай зберажэння грашовых сродкаў. Прыбытковасць па іх, безумоўна, вымагае жадаць лепшага, затое няма рызыкі, якая прысутнічае, калі разглядаць, напрыклад, аблігацыі. Бо там адсутнічае гарантыя вяртання грошай, то-бок, вы можаце ўкласціся і застацца як у плюсе, так і ні з чым, — зазначае фінансавы кансультант Святлана Мурашка.

У наш час можна ў інтэрнэце знайсці водгукі кліентаў таго альбо іншага банка і на падставе іх ужо зразумець, хто і як выконвае свае абавязацельствы перад кліентамі-ўкладчыкамі.

Магчымасць скарыстацца тым ці іншым варыянтам ёсць у кожнага, проста важна разумець нюансы і мець пэўныя веды. Вернемся да дэпазітаў. У любым банку ёсць свае прапановы ў гэтым кірунку і, трэба сказаць, яны самыя разнастайныя. Усе ўклады падзяляюцца на тэрміновыя (вяртанне дэпазіту магчымае ў тэрмін, абазначаны ў дагаворы, працэнтная стаўка, як правіла, залежыць ад тэрміну ўкладу: чым даўжэйшы перыяд, тым вышэйшы працэнт); умоўныя (уклад вяртаецца пры наступленні пэўных умоў); да запатрабавання (зняць грошы можна ў любы час без змены ўмоў).

Сёння, па ацэнках фінансавага кансультанта, з пункту гледжання прыбытковасці складана сказаць, які дэпазіт з'яўляецца больш выгадным. А вось маючы мэту проста захаваць свабодныя грошы, варта звяртаць увагу на тыя прапановы банкаў, дзе вышэйшы працэнт. Як правіла, вышэйшы ён у безадзыўных укладаў (банк захоўвае вашы грошы пэўны перыяд і раней, чым ён скончыцца, вы не будзеце мець доступу да сваіх сродкаў).

Уклады — самы распаўсюджаны і просты для большасці людзей варыянт... Прыбытковасць па іх, безумоўна, вымагае жадаць лепшага, затое няма рызыкі, якая прысутнічае, калі разглядаць, напрыклад, аблігацыі.

Выбірай і правярай

Цяпер давайце разбірацца, на што варта звяртаць увагу пры жаданні аформіць для сябе ўклад. Самае першае — гэта выбар банка, у якім будзеце адкрываць дэпазіт. У наш час можна ў інтэрнэце знайсці водгукі кліентаў таго альбо іншага банка і на падставе іх ужо зразумець, хто і як выконвае свае абавязацельствы перад кліентамі-ўкладчыкамі. Тым больш што ў нас няма вялікай колькасці банкаў, таму сарыентавацца і вывучыць інфармацыю лягчэй, чым у суседніх краінах.

Па-другое, выбар тэрміну дэпазіту — будзе ён адзыўны (забраць можна ў патрэбны для вас час, праўда, тут магчыма прымяненне да вас штрафных санкцый) ці безадзыўны (доступ да грошай у вас з'явіцца толькі пасля заканчэння тэрміну ўкладу: паўгода, 3 альбо 10 гадоў і г. д.). Па-трэцяе, працэнт па дэпазіце. Ёсць фіксаваныя і плаваючыя стаўкі. Фіксаваная працэнтная стаўка застаецца нязменнай на працягу ўсяго перыяду размяшчэння ўкладу, таму яна гарантуе даходнасць. А вось плаваючая працэнтная стаўка — гэта перспектыва, якую прадбачыць складана, бо яна залежыць ад стаўкі рэфінансавання ці можа быць зменена па рашэнні самога банка. Тут можна як выйграць, так і застацца з меншым прыбыткам. Паколькі мы хочам, каб нашы грошы працавалі і прыносілі даход (які як мінімум пакрые інфляцыю), то выбар варта рабіць узважана. Як ужо гаварылася, вышэйшую стаўку прапаноўваюць па тых укладах, якія вы размяшчаеце ў банку на доўгі тэрмін і не плануеце забіраць загадзя. Тут ёсць яшчэ такі момант, як налічэнне працэнтаў на працэнты — капіталізацыя (калі на налічаныя за месяц працэнты па ўкладзе і суму дэпазіту зверху налічваецца яшчэ працэнт). Па-чатвёртае, звяртайце ўвагу, ці зможаце вы пры жаданні папаўняць дэпазіт. У выпадку афармлення безадзыўнага ўкладу даведайцеся, пры якіх умовах вы зможаце папрасіць банк вярнуць вам грошы часткова альбо цалкам, напрыклад, у выпадку нейкіх форс-мажорных абставін.

Тэма, якая часам непакоіць нас і сее сумненні яшчэ на этапе ідэі адкрыцця дэпазіту: ці не застануся я падмануты і без грошай, калі банк, напрыклад, абанкруціцца? Тут можна адназначна супакоіцца, бо ў нас сфера банкаўскіх укладаў абараняецца і рэгулюецца законам. Дзяржава гарантуе захаванасць грашовых сродкаў укладчыкаў як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце. У мэтах гарантаванага вяртання дэпазітаў насельніцтву ў Беларусі створана Агенцтва па гарантаваным кампенсаванні банкаўскіх укладаў. А значыць, вашы грошы пад надзейнай аховай.

Арыентавацца на сябе

Не менш актуальнае ў згаданай тэме і тое, як дзейнічаць укладчыку ва ўмовах фінансавага крызісу. Спецыяліст прытрымліваецца меркавання, што варта глядзець выключна на ўласныя абставіны.

Маючы мэту проста захаваць свабодныя грошы, варта звяртаць увагу на тыя прапановы банкаў, дзе вышэйшы працэнт. Як правіла, вышэйшы ён у безадзыўных укладаў.

— Адносна тых дэпазітаў, якія ёсць на сёння, на мой погляд, не варта рабіць рэзкіх рухаў. Але ж мы разумеем, што ўсё індывідуальна. Трэба ўлічваць, якая сума ляжыць у банку і якое цяпер ваша фінансавае становішча. Маглі ўзнікнуць, напрыклад, праблемы з бізнесам ці чалавек застаўся без работы. Але, калі грошы не асабліва патрэбны, а проста пытанне ў тым: забіраць уклад ці пакінуць, то я б раіла апошняе. Таму што зберагаць свае грошы ў банку больш надзейна, чым трымаць іх дома, — кажа Святлана Мурашка. — Ці варта адкрываць ва ўмовах крызісу новы ўклад — таксама пытанне без універсальнага адказу. Калі маеце свабодныя грашовыя сродкі і не ведаеце,
як іх выкарыстаць, тады лепш за ўсё аднесці іх у банк.

Што да выбару валюты ўкладу, то нашы банкі прапаноўваюць некалькі варыянтаў — беларускія рублі, долары, еўра, расійскія рублі. У кожнай валюты свае перавагі. Уклад у беларускіх рублях — гэта шырокая даступнасць і прастата ў афармленні плюс больш высокая працэнтная стаўка, чым па валютных дэпазітах. Аднак, калі вы збіраеце на замежную вандроўку ці на набыццё жылля, то лепш, верагодна, арыентавацца на валютныя варыянты.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».