Вы тут

Фронтмен Thе Rоаd Dоgs Bеlаrus Сяргей Скляраў страціў вагу для драйву і самаадчування «на 20»


Не ставіць на сабе ні крыж, ні шматкроп'е і ўспрымаць гады як выклік сабе. Такімі думкамі кіруецца па жыцці Сяргей Скляраў, музыкант, фронтмен гурта Thе Rоаd Dоgs Bеlаrus, прэс-сакратар Белгазпрамбанка, які зразумеў, што мае лішнюю вагу, дзякуючы... празмернай актыўнасці. Прывесці сябе ў форму ён вырашыў з дапамогай штодзённых васьмікіламетровых прагулак з палкамі, жадання адчуваць сябе, як у 20, і самастойна складзенага спіса страў.


Без цукру і бульбы

Сяргей Скляраў скінуў, здаецца, не так шмат — усяго восем кілаграмаў, але менавіта яны былі тым самым лішкам, які не даваў жыць напоўніцу.

— Наш гурт выступае досыць часта, па некалькі разоў на тыдзень. Прычым мы заўжды іграем ужывую і ў клубах. А выконваць блюз-рок немагчыма, калі не варушыцца. Я стаў заўважаць, што ў другім аддзяленні мне пачало не хапаць энергіі і драйву. Усё, здаецца, цудоўна, але стамляюся. Вырашыў, што трэба нешта мяняць, а калі некалькі разоў падышоў да вагаў, мне не зусім спадабалася тое, што я там убачыў. Я ніколі не быў фанатам спорту. Абсалютна раўнадушны да футбола, не захапляўся хакеем. Люблю гладзець аўтагонкі — гэта мой любімы від спорту, які прыносіць задавальненне.

— Што вы рабілі, каб зменшыць вагу?

— Пачытаў шмат інфармацыі ў інтэрнэце. Адразу вырашыў, што прыём нейкіх прэпаратаў, — гэта не для мяне. Па звестках, што знайшоў у сеціве, падабраў сабе дыету. Выключыў з рацыёну цукар, мучное, тлустае — усе тыя празмернасці, якія так падабаюцца людзям і чакаюць нас каля тэлевізара, на рабоце і ў крамах на самых прыметных месцах. Ад усяго гэтага шчасця прыйшлося адмовіцца, як і ад любімай стравы беларусаў — бульбы. Перайшоў на рыбу і морапрадукты.

— Падбіралі харчаванне самастойна, без парад дыетолагаў?

— Вядома, я ж мужчына. Акрамя таго, мая маці медык, я і раней пачытваў літаратуру, звязаную з дыетамі, здаровым ладам жыцця. А паколькі да свайго пахудзення паставіўся сур'ёзна, то прачытаў шмат і пра дыеты, і пра ўздзеянне фізічных нагрузак, і якімі яны павінны быць у маім узросце, бо мне ўсё ж не 20, хоць хочацца адчуваць сябе, як у 20. І гэта была яшчэ адна з матывацый, каб прывесці сябе ў форму. Аднак перш чым пачынаць худзець, усё ж лепш параіцца з урачом. Дактары ў нас кампетэнтныя, і яны параяць, ці можаце вы гэта рабіць, ці нейкія хранічныя захворванні перашкодзяць неадкладнаму старту абгрэйду вашага цела.

Калі пачаў — не адмаўляйся

Акрамя змены рацыёну, Сяргей Скляраў дадаў у праграму па змене сябе штодзённы васьмікіламетровы шпацыр з палкамі. Прычым гэта было тады, калі ў Беларусі яшчэ мала хто ведаў і тым больш практыкаваў скандынаўскую хаду.

— Кажуць, што калі палкі няправільна выкарыстоўваць, то гэта прыносіць больш шкоды, чым карысці. Вас нехта вучыў з імі ўпраўляцца?

— Памятаеце, раней у нас зімой быў снег, і ва ўсіх школах вучні займаліся лыжамі? Мяне яшчэ бацька навучыў хадзіць на лыжах, і ў скандынаўскай хадзе падобная тэхніка. Мне ўвогуле складана ўявіць, як можна нашкодзіць сабе з дапамогай скандынаўскай хады, пэўна, толькі калі ты няправільна апрануты і абуты. Знаёмы, які прадаў мне першую пару палак, паказаў, як імі карыстацца, і я пачаў займацца. Галоўнае, нешта ўпершыню пачаўшы, не адмаўляцца ад гэтага, тады яно спрацуе. Тым больш што свае прагулкі я пачынаў увосень гадоў пяць таму, пасля прыйшла зіма, было снежна і холадна. Трэба было не даваць сабе слабіну і ў любое надвор'е выходзіць на заняткі: навушнікі з любімай музыкай — і ўперад, на дыстанцыю.

— Восем кіламетраў — немаленькая адлегласць. Чаму вы пачалі адразу з такой дыстанцыі?

— Я жыву ў цэнтры Мінска недалёка ад Камсамольскага возера. І мне проста было зручна хадзіць ад моста, што ў Траецкім прадмесці, да моста па вуліцы Арлоўскай. Гэта якраз каля васьмі кіламетраў. Аднак падкрэслю, што дыстанцыю гэтую трэба праходзіць у досыць добрым тэмпе. Усё гэта працуе, толькі калі разам з фізічнай нагрузкай вы адначасова вытрымліваеце нізкакаларыйную дыету. Формула для пахудзення вельмі простая. Трэба ствараць дэфіцыт калорый: каб аб'ём калорый, якія вы траціце падчас трэніровак, перавышаў тую колькасць, якую вы прымаеце за суткі з ежай. Калі ж аб'ёмы і від харчавання застаюцца ранейшыя, то выніку будзеце чакаць доўга, бо арганізм вельмі неахвотна расстаецца з назапашанымі кілаграмамі.

Мэта — выклік сабе і паўмарафон

Музыкант кажа, што не ставіў на мэце хуткае пахудзенне і страчваў лішак кілаграмаў на працягу года. Затое дасягнуў вагі, у якой адчувае сябе камфортна. А са змяненнем сябе нарадзіліся і новыя мэты ў жыцці.

— Страчаныя мной восем кілаграмаў — гэта, зразумела, не супер-рэкорд, але ж у мяне і да гэтага была досыць нармальная вага і не было крытычных медыцынскіх паказчыкаў, каб тэрмінова худзець. Хутчэй, гэта мая ўласная ініцыятыва. Аднак і такія вынікі стварылі дадатковыя складанасці — прыйшлося мяняць гардэроб. Джынсы змяніў з 32 памеру на 30-ы.

— Як навакольныя паставіліся да вашага жадання пахудзець? Вось і мама-медык, пэўна, нейкія карысныя парады давала?

— Мая мама ўжо на пенсіі. Яна чалавек савецкай загартоўкі, таму здзівілася майму памкненню. У яе разуменні ў пэўным узросце ўжо трэба ўспрымаць сябе адпаведна і не намагацца змагацца з, як яна лічыць, натуральным працэсам. Але ж у нас цяпер інтэнсіўнасць і эфектыўнасць жыцця павялічваюцца. Жонка ўспрыняла маё жаданне на «ўра», бо яна і сама ўся ў фітнесе, так што цалкам падтрымала. Тым больш што і гатаваць стала прасцей, бо я стаў есці тое, што яна ўжывала і раней.

— Што прынесла змяншэнне вагі? Большую рухавасць, прывабнасць, задаволенасць сабой?

— Я застаўся такі ж рухавы, як і быў, мне проста стала лягчэй. Для чаго пачаў худзець увогуле? Каб потым пачаць бегаць, трымаць сябе ў тонусе. Гэта быў пэўны выклік сабе — даказаць, што ты можаш. За год падрыхтоўкі я пазбавіўся ад лішняй вагі, умацаваў корпус: спіну, тулава, прэс, ногі. Пасля гэтага перайшоў непасрэдна да бегу. Мой першы паўмарафон прайшоў у Варшаве, і я на яго трапіў праз год пасля таго, як пахудзеў. Спачатку была мэта проста прабегчы яго і дабегчы да фінішу без траўмаў, і я з гэтым справіўся. Пасля бегаў дыстанцыі і ў Беларусі. Я стараўся заўсёды раз ці два на год удзельнічаць у паўмарафонах. Да таго ж, цяпер існуе мноства бегавых клубаў, а дасягаць сваіх мэт значна прасцей, калі побач аднадумцы. Калектыў — гэта страшная сіла.

Вырвацца з пасткі хранічных хвароб

Сяргей прызнаецца, што яго вага і цяпер крыху «хістаецца», аднак цяпер ён больш пільна сочыць за сваім ладам жыцця і актыўнасцю. І нават рыхтавацца да забегаў стала значна прасцей, чым раней, бо з'явілася база.

— Што вы параілі б мужчынам, якія, як паказвае практыка, найчасцей падабаюцца сабе ў любым выглядзе?

— Мне складана падабраць нейкія правільныя словы, бо я не гуру здаровага ладу жыцця. Аднак калі вы хочаце адчуваць сябе не на свой узрост у пашпарце, а на тыя гады, калі вам было камфортна і добра, то трымайце сябе ў тонусе, а лічбы ў пашпарце расцэньвайце як выклік. Дарэчы, дасягнуўшы мэт, якія вы ставілі перад сабой, нават калі яны яшчэ і не канчатковыя, абавязкова ізноў схадзіце да ўрача. Вашы аналізы пакажуць, што стан вашага цела значна больш малады, чым вы самі. Увогуле, ва ўсіх людзей, якія жывуць у горадзе і сядзяць у офісах, ёсць праблема дэфіцыту рухальнай актыўнасці. А праз яго наша цела рыхтуе нам пасткі ў выглядзе хранічных хвароб. Бег, вядома, паказаны, не ўсім, але ж можна проста хадзіць, рухацца, варушыцца.

Мяне больш за ўсё засмучае, калі нашы мужчыны (дарэчы, такое я заўважаю менавіта ў Беларусі — на Захадзе па-іншаму) ставяць на сабе калі не крыж, то шматкроп'е пасля пэўнага моманту і думаюць, што ўсё скончылася ды можна спакойна плыць па цячэнні. З іншага боку, я бачу людзей, значна старэйшых за мяне, якія вядуць актыўнае жыццё. Калі ў нас такіх мужчын будзе большасць, то і краіна стане іншай.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Пакіньце ўзрост пашпарту

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.